ГалоўнаяНавіныНавіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Музейныя заняткі “Вандроўка з Францішкам”
Творчыя заняткі “Маленькая кніжачка”

Музею кнігі – 15 гадоў. Частка 3

Музею кнігі – 15 гадоў. Частка 3
Іншыя навіны

Сёлета музею кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі спаўняецца 15 гадоў. Гісторыя музея – важная частка гісторыі бібліятэкі. Працягваем серыю публікацый-успамінаў ад яго стваральнікаў і калег-экспертаў.

У стварэнні і развіцці кніжнай скарбніцы прымалі ўдзел многія спецыялісты. Першымі падзяліліся ўспамінамі Таццяна Рошчына і Таццяна Сапега, у другой частцы – Наталля Марцынкевіч і Марыя Шопіна. Сёння ж прапануем вашай увазе працяг – успаміны ад Таццяны Захаравай і Галіны Лыскавец.

Успамін № 5

Аўтар: Таццяна Захарава,
з 2006 г. працуе ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, у 2006–2007 галоўным бібліятэкарам аддзела музейнай і экскурсійнай дзейнасці, у 2007–2013 гг. галоўным бібліятэкарам, а з 2013 г. загадчыцай сектара музейнай дзейнасці навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства.

Zacharava-1.JPG
Таццяна Захарава ў музеі кнігі. Фота зроблена ў 2016 г.

Прапанову перайсці на музейную працу ў бібліятэку я атрымала ў пачатку 2006 г., калі новы гмах будынка ў мікрараёне Усход ужо быў узведзены і даводзіліся да ладу ўнутраныя памяшканні. Паглядзець прастору будучага музея і пазнаёміцца з магчымым месцам працы мяне запрасіла Наталля Марцынкевіч, якая ўзначаліла новаствораны аддзел музейнай і экскурсійнай дзейнасці. Безумоўна, я была ўражана новым будынкам бібліятэкі і зацікаўлена перспектывамі далучыцца да стварэння экспазіцыі музея кнігі. З сакавіка мы актыўна ўдзельнічалі ва ўпарадкаванні памяшканняў, распрацоўцы экскурсійных маршрутаў і чакалі дастаўкі экспазіцыйнага абсталявання з Германіі. Прывоз, устаноўка і мантаж абсталявання нагадвалі шматэтапную складаную інжынерную аперацыю.

Zacharava-2.jpg
Пасля дастаўкі першай партыі вітрын у музей кнігі. Фота зроблена 29 красавіка2006 г.

Калі першая партыя вітрын была без асаблівых цяжкасцей дастаўлена ў памяшканне будучага музея кнігі, то другую партыю складалі вітрыны нестандартнай канфігурацыі, вертыкальныя, вельмі высокія і аб’ёмныя (трапецыі ў цэнтры залы, дзе цяпер дэманструецца спадчына Скарыны і мініяцюрная кніга). Яны па сваіх габарытах не змяшчаліся ні ў адзін ліфт. Самым зручным шляхам дастаўкі вітрын абралі перанос пад’ёмным кранам на балкон музея. Чакалі некалькі дзён, перш чым супалі фактары надвор’я. Аперацыя дастаўкі прайшла паспяхова, гэта была ўражлівая падзея, якую мне ўдалося зафіксаваць у падрабязнасцях. Засталіся цікавыя гістарычныя фотаздымкі.

Zacharava-3.jpg
Дастаўка вітрын у музей кнігі. Фота зроблена ў 2006 г.

Але гэта быў толькі пачатак абсталявання музея. Далей брыгада з чатырох чалавек пад наглядам кансультанта ад вытворцаў вітрын тыдзень займалася ўсталяваннем, працуючы з нівелірам і рухаючы ўвесь масіў на запланаваныя месцы адмысловымі прыстасаваннямі. Прастора паступова пераўтваралася ў экспазіцыйную залу.

Zacharava-4.jpg
Таццяна Захарава і Марыя Шопіна падчас устаноўкі вітрын у музей кнігі. Фота зроблена ў 2006 г.

Першая экспазіцыя музея кнігі атрымала назву “Рарытэты з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі”. Яна была цалкам прысвечана гісторыі кнігі і стала першай найбольш поўнай дэманстрацыяй калекцыі рукапісаў, старадрукаў і рэдкіх выданняў бібліятэкі. Гэта была сумесная праца з кнігазнаўцамі бібліятэкі, якія ажыццявілі канцэптуальны падбор і раскладку будучых экспанатаў, зладзілі адмысловыя лекцыі па калекцыях на прыкладзе падабраных асобнікаў. Таццяна Рошчына, Галіна Кірэева, Людміла Станкевіч, Наталля Саверчанка, Ірына Вашкевіч, Наталля Раманава сталі для нас сапраўднымі выкладчыкамі, якія шчодра дзяліліся ведамі. Вельмі ўдзячна ім за атрыманы досвед і экстэрн-курс у свет кнігазнаўства.

Ramanava-5.jpg
Наталля Раманава ажыццяўляе канцэптуальны падбор і раскладку будучых экспанатаў у музеі кнігі. Фота зроблена ў 2006 г.

1 верасня ў Дзень ведаў адбылося афіцыйнае адкрыццё экспазіцыі музея кнігі для шырокага кола грамадскасці. Цікавасць да экскурсій па бібліятэцы і музеі была неверагоднай. Вельмі шмат было vip-груп і дэлегацый з іншых краін. У музеі кнігі знаходзілася кніга ганаровых гасцей, у якой рабілі запісы ў фінале экскурсій. Масавая цікавасць паглынала ўсе кадравыя рэсурсы невялікага аддзела. Нас хапала толькі на экскурсійную дзейнасць, а трэба было рухаць фондавую і экспазіцыйную работу музея. Ставіліся новыя задачы: стварыць юбілейную экспазіцыю да 85-годдзя бібліятэкі. У гэты час было прынята няпростае, але, як паказаў час, правільнае рашэнне: раз’яднаць аддзел экскурсійнай і музейнай дзейнасці. Музейная дзейнасць стала галоўнай функцыяй навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства, у структуры якога ў красавіку 2007 г. быў створаны сектар музейнай дзейнасці. Фактычна гэтым спраўдзілася гістарычная справядлівасць, бо ідэя аб музеі кнігі была ўзгадаваная і напрацаваная менавіта ў гэтым аддзеле. Падчас падрыхтоўкі юбілейнай выставы “Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Вехі гісторыі” (2007), для якой падбіралася шмат архіўных крыніц, мы даведаліся, наколькі даўно існавала ідэя. Сярод дакументаў быў і праект будынка бібліятэкі па вул. Чырвонаармейскай архітэктара Г.Л. Лаўрова. На плане 1929 г. на 3-м паверсе два памяшканні былі пазначаны як “Музей кнігі” (дарэчы, у сённяшнім будынку музей кнігі знаходзіцца таксама на 3-м паверсе).

Zacharava-6.jpg
Фрагмент дакумента “Проект Белорусской Государственной Библиотеки в Минске. 3-й этаж” ад 12.04.1929 г.

Юбілейная выстава “Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Вехі гісторыі” стала першай гісторыка-дакументальнай экспазіцыяй, прысвечанай гісторыі бібліятэкі і бібліятэкарам – прафесіяналам сваёй справы. Далей ў гэтым тэматычным кірунку будзе створаны шэраг цікавых выстаў: “Легенда беларускай бібліяграфіі” (2008, да 100-годдзя з дня нараджэння бібліёграфа Н.Б. Ватацы), “Першы дырэктар: вядомыя і невядомыя старонкі біяграфіі” (2012, да 120-годдзя з дня нараджэння І.Б. Сіманоўскага), “Руплівец бібліятэчнай справы” (2019, да 135-годдзя з дня нараджэння Я.І. Хлябцэвіча), “Захавальнікі рарытэтаў” (2019, да 40-годдзя НДА кнігазнаўства). У ходзе падрыхтоўкі экспазіцый адбываліся запамінальныя сустрэчы і з’яўляліся цікавыя здабыткі. Адзін з наведвальнікаў-экскурсантаў перадаў для выставы дакументы маці: даведку і “Личную книжку участника восстановления г. Минска”, дзе значылася, што на работах па ўзнаўленні сталіцы яна працавала ў будынку Беларускай дзяржаўнай бібліятэкі (1946). Адметнымі былі сустрэчы з сынамі першага дырэктара І.Б. Сіманоўскага Аляксандрам і Генрыхам. Яны шмат цікавага расказалі пра бацьку і неаднаразова перадавалі для выстаў цікавыя артэфакты.

Zacharava-7.JPG
Супрацоўнікі бібліятэкі з Генрыхам Іосіфавічам Сіманоўскім (у цэнтры). Фота зроблена ў 2012 г.

Хацелася б узгадаць пра нашы сумесныя выставы з іншымі ўстановамі ці прыватнымі асобамі. Адна з першых такіх выстаў была арганізавана ў 2008 г. сумесна з Мінскай епархіяй. У музеі кнігі дэманстравалі Слуцкае Евангелле – унікальны рукапісны помнік XVI ст., адну з нацыянальных праваслаўных святынь Беларусі. За кнігай ездзілі ў рэзідэнцыю Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта. Ён вельмі паспрыяў таму, каб помнік быў даступны не толькі навукоўцам, але шырокай грамадскасці. У 2008 г. сумесна з мовазнаўцамі НАН Беларусі быў выдадзены дыск, які змяшчае алічбаваны тэкст Слуцкага Евангелля, яго транслітарацыю, кадыкалагічнае і лінгвістычнае апісанне, слоўнік, бібліяграфічны спіс.

Zacharava8.JPG
Таццяна Захарава і Галіна Кірэева са Слуцкім Евангеллем у музеі кнігі. Фота зроблена ў 2008 г.

Заўсёды цікавымі і насычанымі былі стасункі з калегамі кнігазнаўцамі з Цэнтральнай навуковай бібліятэкай імя Я. Коласа НАН Беларусі. Узгадваюцца сумесныя выставы “Надрукавана ў доме Мамонічаў” (2014, да 440-годдзя з пачатку выдавецкай дзейнасці Мамонічаў), выяздны сумесны праект “Кніжная спадчына Радзівілаў” (2013), які ажыццяўляўся на тэрыторыі Нацыянальнага музея-запаведніка “Нясвіж”, дзе ў экспазіцыі ўдалося сабраць максімальна прадстаўнічы комплекс з магнацкага кнігазбору.

Zacharava-9.jpg
На выставе “Кніжная спадчына Радзівілаў” разам з Аляксандрам Сцефановічам, загадчыкам аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкай імя Я. Коласа НАН Беларусі

Невялікія выставачныя праекты паступова перараслі (разам з намі) у маштабныя мультыпраекты, такія як “Францыск Скарына і яго эпоха” (2017), “Беларусь і Біблія” (2018), пра кожны з якіх можна пісаць асобныя ўспаміны. Падчас рэалізацыі праектаў адбываюцца шматлікія знаёмствы з рознымі цікавымі людзьмі. У 2018 г. у час праекта “Беларусь і Біблія” мы вельмі пасябравалі з гісторыкам, археолагам, доктарам філасофіі, кіраўніком “Групы даследавання рукапісаў” Скотам Кэралам. Паказальна, што праз год вядомы даследчык вярнуўся ў бібліятэку, выступіў з лекцыяй і стаў госцем “Клуба кніжных прафесараў”, дзе сустрэўся з яго маленькімі наведвальнікамі і іх бацькамі.

Zacharava-10.jpg
Скот Кэрал, Таццяна Захарава і яе сын Цімафей у музеі кнігі. Фота зроблена ў 2019 г.

Мае дзеткі вельмі любяць музей кнігі, з задавальненнем далучаліся да адукацыйных музейных заняткаў і з’яўляліся частымі наведвальнікамі “Клуба кніжных прафесараў”.

Zacharava-11.jpg
Таццяна Захарава і яе дачка Алёна ў музеі кнігі на занятках “Клуба кніжных прафесараў”. Фота зроблена ў 2018 г.

Я вельмі ўдзячна лёсу і сваім калегам, з якімі мы разам прайшлі цікавае насычанае творчае жыццё.

Успамін № 6

Аўтар: Галіна Лыскавец,
з 2009 г. працуе ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі музейным наглядчыкам.

Lyskaviec-1.jpg
Галіна Лыскавец у музеі кнігі. Фота зроблена ў 2015 г.

Мае ўспаміны адсылаюць мяне да самага пачатку 2009 г. У навагоднюю ноч каля бібліятэкі была арганізавана дыскатэка. Святкуючы, я глядзела на ўнікальны будынак і падумала: “Вось бы мне працаваць у такой прыгожай бібліятэцы!” І праз паўгады маё жаданне само спраўдзілася! Я выпадкова даведалася, што сюды патрабуецца музейны наглядчык і паехала на субяседванне. Мяне добра прынялі, але я ўсё ж сумнявалася, бо разумела вялікую адказнасць. Праца наглядчыка ў музеі патрабуе прыстойнага, сумленнага, разумнага, дысцыплінаванага і спагадлівага супрацоўніка. Мяне мучылі сумненні: “Ці спраўлюся я?”. Але падтрымка сям’і і калег пераканала паспрабаваць, і 10 кастрычніка 2009 г. я стала музейным наглядчыкам.

Lyskaviec-2.jpg
Галіна Лыскавец за сталом музейнага наглядчыка ў музеі кнігі. Фота зроблена ў 2010 г.

За 12 гадоў працы мне ніводнага дня не было сумна, я ўбачыла сотні выстаў і тысячы цікавых людзей. Працаваць наглядчыкам азначае не толькі глядзець за наведвальнікамі, але і быць гасціннай, сачыць за парадкам і чысцінёй, быць добрым апавядальнікам і тонкім псіхолагам. У музей пастаянна прыходзілі людзі: наведвальнікі розных узростаў, супрацоўнікі бібліятэкі са сваімі сем’ямі і сябрамі. Часта прыходзілі госці і знакамітасці, якіх я бачыла толькі па тэлевізары. Для мяне музей стаў магчымасцю для камунікацыі з вельмі цікавымі і рознымі людзьмі. Праца прыносіць мне вялікае задавальненне.

Lyskaviec-3.jpg
Алесь Суша і Галіна Лыскавец у музеі кнігі. Фота зроблена ў 2016 г.

Безумоўна, я палюбіла не толькі наведвальнікаў, але і кнігі. Ніколі да гэтага я не бачыла такіх рэдкіх і прыгожых кніг, кожная з якіх мае сваю цікавую гісторыю і нават асаблівы пах даўніны. Калі супрацоўнікі навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства распавядалі аб экспанатах, я ўважліва слухала і запамінала. А праз некаторы час ужо сама магла аглядна распавесці аб экспазіцыі. Заўсёды адчувала ад людзей вялікую падзяку. Назаўжды запомніла адзін з першых запісаў у кнізе водгукаў: “Вялікі дзякуй і сардэчны паклон Галіне Адольфаўне за найцікавейшую і пазнавальную экскурсію па музеі кнігі. Уражвае прафесіяналізм, добразычлівасць, абаянне і жаданне дзяліцца інфармацыяй. Цудоўны спецыяліст на сваім месцы!” (2012 г.).

Працаваць у музеі кнігі вельмі ганарова і адказна, бо мяне ведае ўся бібліятэка. Я вельмі ўдзячна ўсім маім калегам і асабліва роднаму навукова-даследчаму аддзелу кнігазнаўства за давер і цёплую атмасферу.

Lyskaviec-4.jpg
Галіна Лыскавец, Таццяна Сапега і Кацярына Паланейчык на выставе “Францыск Скарына” і яго эпоха. Фота зроблена ў 2017 г.

У верасні музей кнігі адзначыў сваё 15-годдзе. Я шчыра віншую ўвесь калектыў навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства, якім была зроблена вялікая праца. Зберагаючы лепшыя традыцыі мінулага, сёння музей кнігі з’яўляецца сапраўдным навуковым і сацыякультурным цэнтрам, які займае годнае месца ў садружнасці беларускіх музеяў.

Lyskaviec-5.jpg
Навукова-даследчы аддзел кнігазнаўства перад адкрыццём юбілейнай выставы да 15-годдзя музея кнігі. Фота зроблена 9 верасня 2021 г.

Матэрыял пададзены навукова-даследчым аддзелам кнігазнаўства.

Навіны

ХХХ Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні “Духоўная і свецкая адукацыя: гісторыя і перспектывы ўзаемадзеяння”

10 Май 2024

16–17 мая ў Мінску адбудуцца ХХХ Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні “Духоўная і свецкая адукацыя: гісторыя і перспектывы ўзаемадзеяння (да 20-годдзя Інстытута тэалогіі БДУ)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Падведзены вынікі XXXII Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”

8 Май 2024

7 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы ў анлайн-рэжыме адбылося пасяджэнне журы па падвядзенні вынікаў XXXII Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Памятаем і шануем!

8 Май 2024

Напярэдадні 9 Мая і ў год 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, прадстаўнікі бібліятэкі правялі рэстаўрацыю і ўборку пахаванняў супрацоўнікаў, якія работалі ва ўстанове ў даваенны і пасляваенны перыяды.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

ЮНЕСКА і Беларусь: 70 гадоў паспяховага супрацоўніцтва

8 Май 2024

З 8 мая па 18 чэрвеня ў аддзеле абслугоўвання афіцыйнымі дакументамі (пам. 207) адкрыта тэматычная кніжная выстава “ЮНЕСКА і Беларусь: 70 гадоў паспяховага супрацоўніцтва”, прысвечаная 70-годдзю ўступлення Рэспублікі Беларусь у ЮНЕСКА.

Кніжныя выстаўкі

Бібліятэкарам