ГалоўнаяПаслугiСацыякультурныя паслугіМузей кнігіАрхіў выставакВыстаўкі 2018 г.Беларусь і Біблія

Беларусь і Біблія

belarus_i_bibliya_afisha_vert.jpg20 верасня а 16.00 у музеі кнігі адкрываецца ўнікальная міжнародная выстаўка “Беларусь і Біблія”, прысвечаная самай вядомай і ўплывовай кнізе ў гісторыі чалавецтва.

Выстаўка арганізавана Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі сумесна з некамерцыйнай арганізацыяй "Група даследавання рукапісаў" (Manuscript Research Group, ЗША). Частка экспанатаў прадстаўлена з 11 дзяржаўных і прыватных калекцый ЗША, Вялікабрытаніі і Ізраіля.

На экспазіцыі можна будзе ўбачыць выданні Бібліі розных канфесій на розных мовах свету – і ўсё гэта помнікі сусветнага значэння, многія з якіх ніколі раней не экспанаваліся ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Будуць дэманстравацца каля 200 унікальных рукапісных і старадрукаваных помнікаў кніжнай культуры, што адлюстроўваюць гісторыю стварэння, распаўсюджвання і захавання Бібліі.

Упершыню ў Беларусі будуць прадстаўлены арыгіналы і якасныя выставачныя копіі скруткаў Мёртвага мора, біблейскіх рукапісных тэкстаў на папірусе і пергамене (торы), каштоўных манускрыптаў, старадрукаваных выданняў (кнігі Іагана Гутэнберга, Марціна Лютэра, Францыска Скарыны), ілюстраваных асобнікаў Бібліі (сярод якіх кнігі з гравюрамі Альбрэхта Дзюрара, Сальвадора Далі і іншых знакамітых мастакоў).

Дасягненні айчыннай кніжна-пісьмовай культуры будуць паказаны як неад’емная частка агульнасусветнай духоўнай спадчыны. З фонду Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі будуць прадстаўлены рукапісныя Торы, Евангеллі, Апосталы XVІ–XXІ стст., выданні беларускага першадрукара Ф. Скарыны і яго паслядоўнікаў, пераклады біблейскіх тэкстаў на беларускую і еўрапейскія мовы, а таксама прыклады мастацкага афармлення Святога Пісання лепшымі майстрамі XVІ–XXІ стст.

На выстаўцы будуць дзейнічаць інтэрактыўныя пляцоўкі – рукапісная майстэрня і друкарня, а таксама адбывацца тэматычныя лекцыі, экскурсіі, майстар-класы, музейныя заняткі, прэзентацыі і канцэрты.

Толькі адзін месяц, з 20 верасня па 21 кастрычніка, будзе дзейнічаць унікальная выстаўка! Спяшайцеся, бо такое не паўтараецца!


Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы музея кнігі.

Тэлефоны для даведак: (8 017) 293 27 22, 293 28 85.

Чытайце таксама пра адкрыццё міжнароднай выстаўкі “Беларусь і Біблія”.

111