ГалоўнаяНавіныНавіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Віртуальная чытальная зала НББ дзеліцца ведамі: новы навучальны год пачнецца з маштабнага анлайн-мерапрыемства
Сугучча гукаў і фарбаў (+відэа)

Музею кнігі – 15 гадоў. Частка 2

Музею кнігі – 15 гадоў. Частка 2
Іншыя навіны

Сёлета музею кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі спаўняецца 15 гадоў. Гісторыя музея – важная частка гісторыі бібліятэкі. Працягваем серыю публікацый-успамінаў ад яго стваральнікаў і калег-экспертаў.

У стварэнні і развіцці кніжнай скарбніцы прымалі ўдзел шматлікія спецыялісты. У мінулы раз першымі падзяліліся ўспамінамі Таццяна Рошчына і Таццяна Сапега. Сёння ж прапануем вашай увазе працяг – успаміны ад Марыі Шопінай і Наталлі Марцынкевіч – адных са стваральніц музейнай прасторы ў Нацыянальнай бібліятэцы.

Успамін № 3

Аўтар: Наталля Марцынкевіч,
у 2005–2007 гг. працавала ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, у тым ліку загадчыкам аддзела музейнай і экскурсійнай дзейнасці.

1_uspaminy.jpg

Стварэнне музея кнігі ў ультрасучасным і ўнікальным будынку Нацыянальнай бібліятэкі патрабавала адпаведных падыходаў. Рукапісныя і друкаваныя кніжныя помнікі, якім належыла паўстаць перад вачыма чытачоў і музейных наведвальнікаў, павінны захоўвацца ў спецыяльных умовах і выстаўляцца на непрацяглы перыяд. А планавалася экспанаваць пастаянна больш за 400 рарытэтных дакументаў з 70-тысячнай калекцыі рукапісаў, старадрукаваных і рэдкіх выданняў. Першапачатковай задачай было набыццё спецыяльных вітрын з унутраным мікракліматам, а таксама абсталявання, якое забяспечыць пастаянную тэмпературу і вільготнасць у памяшканні. Памятаю, з якім хваляваннем мы чакалі гэта новае абсталяванне. А калі даведаліся, што яно ўжо ў Мінску, вельмі ўзрадаваліся.

4_uspaminy.jpg
Наталля Марцынкевіч на балконе каля музея кнігі ў чаканні вітрыннага абсталявання. Фота зроблена ў 2006 г.

Каб даставіць вітрыны, патрабаваўся вялізны пад’ёмны кран. Падняць іх трэба было праз вокны на трэці паверх. Памятаю, у той дзень, калі вітрыны везлі ў бібліятэку, быў вельмі моцны штармавы вецер. І калі кран падымаў чарговую шкляную цяжкую вітрыну – сэрца, здавалася, вырывалася з грудзей.

6_uspaminy.JPG

3_uspaminy.JPG

5_uspaminy.JPG

Дастаўка вітрыннага абсталявання ў музей кнігі. Фота зроблены ў 2006 г.

Дзякуй Богу, усё атрымалася! Вітрыны былі паспяхова дастаўлены, і нас чакала цікавая праца па іх напаўненні і стварэнні экспазіцыі. 1 верасня 2006 г. адбылося афіцыйнае ўрачыстае адкрыццё музея кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Сёння ён адпавядае самым сучасным патрабаванням і, галоўнае, запатрабаваны як дарослымі, так і самымі маленькімі наведвальнікамі!

2_uspaminy.JPG
Наталля Марцынкевіч выступае на ўрачыстым адкрыцці музея кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Фота зроблена 1 верасня 2006 г.

Успамін № 4

Аўтар: Марыя Шопіна,
з 2005 г. працуе ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў кірунку музейнай і выставачнай дзейнасці, у тым ліку ў 2013–2021 гг. – галоўным бібліятэкарам сектара музейнай дзейнасці навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства, з 2021 г. і па сёння – загадчыкам сектара арганізацыі кніжных выставак аддзела галерэйна-выставачнай дзейнасці.

10_uspaminy.JPG
Марыя Шопіна ў музеі кнігі. Фота зроблена ў 2007 г.

З узвядзеннем новага будынка Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі сталі рэальнасцю даўнія задумкі пра стварэнне агульнадаступнага ўнікальнага музея кнігі. Спецыялісты-кнігазнаўцы ўжо мелі праект навуковай канцэпцыі, якая ўлічвала сусветны музейны і бібліятэчны досвед і прадугледжвала далейшае даследаванне і развіццё. Так, у 2006 г. мы апынуліся ў зале, дзе нас чакала нямала неспадзяванак: ад дастаўкі і ўсталявання неабходнага музейнага абсталявання да самага надзённага пытання: «Як аператыўна сабраць якасную музейную экспазіцыю з амаль 8-мільённага кніжнага фонду?». На дапамогу прыйшлі спецыялісты навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства. Яны з веданнем справы падбіралі кніжныя помнікі і цярпліва тлумачылі, чаму выбралі менавіта гэтыя экспанаты. Кірэева Г.У., Рошчына Т.І., Саверчанка Н.С., Станкевіч Л.І., Вашкевіч І.Я., Раманава Н.І. займальна распавядалі пра кнігі.

7_uspaminy.jpg
Людміла Станкевіч і Марыя Шопіна ў музеі кнігі працуюць над стварэннем экспазіцыі. Фота зроблена ў 2006 г.

Мы датыкаліся да жывых старонак, глядзелі, слухалі, прасякаліся непадробнай зацікаўленасцю. Часам здавалася, што немагчыма столькі ведаць, засвоіць і запомніць. Але праз пэўны час наведвальнікі музея ўжо слухалі нашы аповеды і ўражваліся кніжнымі скарбамі бібліятэкі. А яшчэ праз пэўны час мы маглі самі сабраць абноўленую экспазіцыю, маглі выбраць і прадэманстраваць асаблівасць таго ці іншага асобніка, маглі пачаць свой аповед з любой тэмы ў экспазіцыі. А наведвальнікі разам з намі адкрывалі для сябе кніжны свет.

9_uspaminy.jpg
Марыя Шопіна праводзіць экскурсіі ў музеі кнігі падчас “Бібліяночы-2017”. Фота зроблена ў 2017 г.

У 2016 г., напярэдадні юбілею беларускага кнігадрукавання, мы ўжо працавалі ў экспазіцыі, якая не толькі дэманстравала старажытныя помнікі кніжна-пісьмовай культуры, але наглядна паказала праз выставу “Францыск Скарына і наш час”, як вобразы беларускіх кніжнікаў транслююцца ў сучасную культуру. У 2017 г. у нас атрымалася засвоіць новую выставачную прастору, скарыстаць сучасныя тэхналогіі і новыя метады працы, ствараючы маштабны мультыпраект “Францыск Скарына і яго эпоха”, які дазволіў грамадскасці ўпершыню максімальна наглядна ўбачыць і ацаніць значнасць нацыянальнай друкаванай кніжнай спадчыны ў агульнаеўрапейскім маштабе.

8_uspaminy.jpg
Марыя Шопіна з’яўлялася адной з галоўных стваральніц новай выставачнай прасторы ў бібліятэцы, дзе быў арганізаваны экспазіцыйны праект “Францыск Скарына і яго эпоха” да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Фота зроблена ў 2017 г.

У 2018 г. музей стаў пляцоўкай, дзе кожны наведвальнік на выставе “Буквары народаў свету” мог пазнаёміцца з адзінай кнігай, якую прачытаў кожны пісьменны чалавек – з букваром на мовах народаў свету. А ў цэнтры выставачнай прасторы – унікальныя беларускія буквары ад найболей ранняга (1618 г.) да сучаснасці. У 2019 г. на выставе “Беларусь і Біблія” была рэкордная колькасць наведвальнікаў, а мы зноў асвойвалі новыя прыёмы працы, ствараючы мультыпраект пра Біблію – самую запатрабаваную кнігу ў свеце, якую найбольш чытаюць і перакладаюць.

Выставачная дзейнасць адбывалася актыўна і практычна нон-стоп. У рэдкія імгненні дэмантажу экспазіцый, калі музей часова быў зачынены, ля дзвярэй можна было пачуць воклічы наведвальнікаў: «Як жа так?! А мы прыйшлі і вельмі хацелі пазнаёміцца са старадаўнімі кнігамі!». Значыць, усе высілкі калег былі не марнымі і ўсё атрымалася! Упэўнена, што ў перспектыве музей кнігі чакае яшчэ шмат нечаканых, непазнаных і слаўных старонак.

Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам кнігазнаўства.

Навіны

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам