ГалоўнаяНавіныНавіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Чаму Скарына не наважыўся выдаць Біблію народнай мовай
Пісьменнік, эсперантыст, медыум і "геніяльны дзед" Янка Маўр

Музею кнігі – 15 гадоў

Музею кнігі – 15 гадоў
Іншыя навіны

Сёлета музею кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі спаўняецца 15 гадоў. Урачыстае адкрыццё музея адбылося 1 верасня 2006 г. Гісторыя музея – важная частка гісторыі бібліятэкі. Пачынаем серыю публікацый-успамінаў пра музей ад яго стваральнікаў і калег-экспертаў.

Успамін № 1

Аўтар: Таццяна Рошчына,
заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, у 1970–2016 гг. працавала ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, з якіх дваццаць гадоў (1983–2003) узначальвала аддзел рукапісаў, рэдкай кнігі і старадрукаў.

Таццяна Рошчына.jpg
Таццяна Рошчына на XV Міжнародных кнігазнаўчых чытаннях. Фота зроблена ў 2019 г.

У пачатку 80-х гг. XX ст. у грамадстве актыўна выказваліся ідэі аб неабходнасці стварэння новых музеяў, якія б ярка і цікава адлюстроўвалі беларускую гісторыю і культуру. Ігар Валянцінавіч Жолудзеў, які ў той час працаваў загадчыкам аддзела рэдкай кнігі Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У.І. Леніна (цяпер Нацыянальная бібліятэка Беларусі), ставіў пытанне аб стварэнні музея кнігі на базе аддзела. Па яго ініцыятыве ў невялікай зале былі арганізаваны выставы “Мікалай Гусоўскі і яго час”, пазней – “Гартаючы вечныя старонкі”, якія сталі своеасаблівым правобразам будучага музея.

Рошчына-Станкевіч-Кірэева-Саверчанка.jpg
Таццяна Рошчына, Людміла Станкевіч, Галіна Кірэева, Наталля Саверчанка на фоне выставы “Гартаючы вечныя старонкі”. Фота зроблена ў 1980-я гг.

Але ў сувязі з павелічэннем колькасці наведванняў і кнігавыдачы ў 1987 г. выстава была закрыта, а памяшканне пераабсталявана ў чытальную залу. Тым не менш аддзел працягваў актыўную працу па раскрыцці сваіх фондаў праз выставачныя праекты. Толькі некалькі прыкладаў: у 1990 г. да 500-гадовага юбілею Францыска Скарыны ў Дзяржаўным мастацкім музеі (цяпер Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь) была арганізавана сумесная выстава “Мастацтва Рэнесансу ў Беларусі”, у бібліятэцы – выстава “Scoriniana”, а на сусветнай выставе “ЭКСПО-2000” у Гановеры (Германія) была прадстаўлена кніга Ф. Скарыны з фонду бібліятэкі.

У 1989 г. усе аддзелы, у тым ліку і аддзел рэдкай кнігі, распрацоўвалі канцэпцыі будучага развіцця. У адпаведнасці з ёй у 90-я гг. была распрацавана канцэпцыя музея кнігі ў гістарычным будынку ў Верхнім горадзе. У гэтым будынку з 1904 г. размяшчалася Пушкінская бібліятэка (цяпер вул. Інтэрнацыянальная). Па суседстве з будынкам, дзе была бібліятэка, знаходзіцца музей “Дом Ваньковічаў”.

Музей кнігі.jpg
Рэстаўрацыйныя работы будынка па вул. Інтэрнацыянальнай, дзе планавалася стварыць музей кнігі. Фота зроблена ў 2005 г.

У сувязі з узвядзеннем новага будынка Нацыянальнай бібліятэкі музей кнігі быў адчынены ў ім у 2006 г. Сёння музей кнігі ўражвае гарманічным спалучэннем сучаснага інтэр’ера з ўнікальнымі помнікамі беларускай і сусветнай кніжнай культуры пачынаючы з XIV ст., прыкладамі цудоўнага мастацкага афармлення, дае магчымасць пазнаёміцца з гісторыяй жыцця кнігі ў розныя эпохі і ў розных краінах.

Суша-Шчавінская-Рошчына-Лабынцаў.jpg
Алесь Суша, Ларыса Шчавінская, Таццяна Рошчына, Юрый Лабынцаў у музеі кнігі. Фота зроблена ў 2019 г.

Успамін № 2

Аўтар: Таццяна Сапега,
з 1999 г. працуе ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, у тым ліку ў 2007–2013 гг. узначальвала сектар музейнай дзейнасці, з 2013 г. і па сёння – загадчык сектара навукова-праектнай работы навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства.

Таццяна Сапега-2012.jpg
Таццяна Сапега. Фота зроблена ў 2012 г.

Праблеме функцыянавання музеяў кнігі было прысвечана маё дысертацыйнае даследаванне ў аспірантуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, якое, хоць і не было абаронена, але, безумоўна, паспрыяла практычнай рэалізацыі даследаванняў. Я зацікавілася вывучэннем гісторыі музеяў кнігі ў Еўропе і спецыфікай экспанавання кніжных помнікаў. У 2001 г. былі надрукаваны мае першыя артыкулы “Кніга ў музеі як аб’ект успрыняцця” ў навуковым зборніку “Здабыткі” і “Крыстаф Плантэн і яго выданні: ад Антверпена да Мінска” ў часопісе “Бібліятэчны свет”. У апошнім з пералічаных артыкулаў было напісана: “Нацыянальная бібліятэка Беларусі рыхтуецца да стварэння музея кнігі, што будзе функцыянаваць на базе аддзела рукапісаў, рэдкай кнігі і старадрукаў у будынку ХІХ стагоддзя ў Верхнім горадзе ў Мінску”. Сапраўды, у будынку па вуліцы Інтэрнацыянальнай планавалася размясціць музейныя і чытальныя залы, арганізаваць літаратурна-музычную гасцёўню, пасяджэнні клуба бібліяфілаў. Рэстаўрацыйныя работы ў будынку зацягнуліся на дзесяцігоддзе. Загадчык аддзела рукапісаў, рэдкай кнігі і старадрукаў Таццяна Рошчына нястомна прыходзіла на “будоўлю”, кантралявала працэс і прадумвала, як будзе функцыянаваць новая структура. У 2002 г. планы змяніліся. Трэба азначыць, што менавіта ў будынку па вуліцы Інтэрнацыянальнай, дзе планавалася стварыць музей, у 2016–2020 гг. існавала кавярня “Грай”. Невыпадкова менавіта ў гэтай кавярні неаднаразова кнігазнаўцы нефармальна святкавалі кнігазнаўчыя юбілеі.

Таццяна Рошчына ў кавярні Грай.jpg
Таццяна Рошчына ў кавярні “Грай” па вуліцы Інтэрнацыянальнай. Фота зроблена ў 2017 г.

У сувязі з прыняццем рашэння ў 2002 г. аб узвядзенні новага будынка Нацыянальнай бібліятэкі вялася актыўная работа па праектаванні музея кнігі. Першыя канцэптуальныя распрацоўкі па стварэнні музея былі прадстаўлены ў 2002 г. на міжнародных канферэнцыях у Вільнюскім універсітэце (даклад “Национальная книга Беларуси в контексте мировой книжной культуры: к созданию музея книги в Минске”) і ў Полацку (даклад “Да вызначэння паняцця музей кнігі”),  а таксама ў навуковым зборніку “Здабыткі” ў артыкуле “Захаванне і даступнасць кніжных помнікаў у музеі кнігі і ў бібліятэцы”; у 2003 г. – на міжнародным семінары ў Мінску ў дакладзе “Показ книги в ее историческом развитии в экспозиции музея книги Национальной библиотеки Беларуси” і інш. У 2005 г. займаліся праектаваннем музейнай прасторы і закупкай вітрыннага абсталявання. З канца 2007 г. я амаль пяць гадоў працавала загадчыкам сектара музейнай дзейнасці. За гэты час сектарам было арганізавана шмат цікавых выстаў.

Супрацоўнікі сектара музейнай дзейнасці.jpg
Супрацоўнікі сектара музейнай дзейнасці: Таццяна Шубіна, Таццяна Сапега, Кацярына Паланейчык, Галіна Лыскавец. Фота зроблена ў 2010 г.

У 2013 г. я стала ініцыятарам стварэння новага сектара навукова-праектнай работы і пры гэтым працягвала актыўна ўдзельнічаць у жыцці музея. Навуковыя і навукова-папулярныя мерапрыемствы сталі неад’емнай часткай музейных праектаў. З 2016  г. важным праектам для мяне, які значна змяніў музей і паспрыяў прыцягненню дзяцей да актыўнага вывучэння кніжнай спадчыны, стаў культурна-асветніцкі праект “У госці да кніг”.

Музейныя заняткі.jpg
Музейныя заняткі ў межах культурна-асветніцкага праекта “У госці да кніг”. Фота зроблена ў 2019 г.

Сёння музей з’яўляецца гонарам бібліятэкі, дэманструе яе багатую калекцыю кніжных помнікаў, распавядае пра беларускую кніжную культуру ў сусветным кантэксце. Гэта не толькі сучасная экспазіцыйная пляцоўка, а таксама навуковы і адукацыйны цэнтр. Упэўнена, што музей кнігі яшчэ чакаюць вялікія перспектывы і ператварэнні.

Сёлета святкаванне 15-годдзя музея кнігі распачалося з арганізацыі конкурсу “Малады беларускі экслібрыс”. 1 чэрвеня 2021  г. былі ўзнагароджаны пераможцы конкурсу. Запрашаем паглядзець конкурсныя работы, якія экспануюцца ў музеі кнігі (пам. 347).

Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам кнігазнаўства.

Чытайце таксама:
Навіны

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Сустрэча з адвакатам аб здачы і арэндзе кватэры

24 Кра 2024

19 красавіка ў рамках акцыі “Бібліяноч-2024” Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі сумесна з Беларускай рэспубліканскай калегіяй адвакатаў была арганізавана і праведзена бясплатная тэматычная сустрэча з адвакатам “Здаём кватэру ўнаём без парушэння закона: асаблівасці заключэння дагавора найму”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Гімназістам і школьнікам аб маленькіх і дарослых салдатах Вялікай Айчыннай вайны

18 Кра 2024

15 красавіка для навучэнцаў 5–6-х і 9-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 153 і гімназіі № 11 г. Мінска прайшлі бібліяграфічныя ўрокі “Брэсцкая крэпасць-герой” (5–6 кл.), “Даведачная літаратура пра Герояў Вялікай Айчыннай вайны” (9 кл.) з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам