ГалоўнаяНавіныПартрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах
Вечар памяці
Полымя на палітры

Ніна Барысаўна Ватацы – бібліёграф, літаратуразнавец, заслужаны дзеяч культуры Беларусі

Ніна Барысаўна Ватацы – бібліёграф, літаратуразнавец, заслужаны дзеяч культуры Беларусі
Іншыя навіны

Вялікі ўклад у развіццё літаратурнай бібліяграфіі краіны, распрацоўку яе методыкі, даследаванне жыцця і творчасці славутага беларускага паэта М. Багдановіча ўнесла выдатны бібліёграф, літаратуразнаўца, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Ніна Барысаўна Ватацы (14.05.1908 – 03.08.1997).

Нарадзілася яна ў г. Вендэне Ліфляндскай губерні (цяпер г. Цэсіс, Латвія). З 1926 г. жыла ў Мінску. У 1927 г. паступіла на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ, пасля заканчэння якога пачала працаваць у Дзяржаўнай бібліятэцы БССР. У 1936 г. Ніна Барысаўна пераехала ў Архангельск, дзе працавала ў краявой бібліятэцы, потым былі Кіраўск, Ульянаўск. У час вайны загадвала бібліятэкай эвакашпіталя ў г. Мелекесе Ульянаўскай вобласці. У 1945 г. Н.Б. Ватацы вярнулася ў Мінск і пачала працаваць у аддзеле беларускай літаратуры і бібліяграфіі Дзяржаўнай бібліятэкі БССР, якая з гэтага часу і да апошніх дзён жыцця выдатнага бібліёграфа стала яе другім домам. Акрамя работы ў бібліятэцы Ніна Барысаўна займалася прафесійнай падрыхтоўкай бібліятэчных кадраў. У 1946–1956 гг. яна па сумяшчэнні выкладала на бібліятэчным факультэце Мінскага педагагічнага інстытута імя М. Горкага.

8.jpg

“Паслуговы спіс” бібліяграфічнай дзейнасці Н.Б. Ватацы шырокі і шматгранны. Друкавацца пачала ў 1932 г. Тады ў часопісе “Кніга – масам” з’явіўся яе артыкул, прысвечаны пытанням афармлення выданняў. Першы кароткі бібліяграфічны паказальнік Ніны Барысаўны “Якуб Колас” убачыў свет у 1952 г., спачатку ў Мінску, а потым і ў Маскве. У 1953 г. з’явіўся паказальнік “Янка Купала”. Наступныя персанальныя бібліяграфічныя дапаможнікі былі прысвечаны М. Багдановічу, П. Броўку, П. Глебку, Я. Коласу, Я. Купалу, А. Куляшову, К. Крапіве і іншым беларускім пісьменнікам. У 1957 г. у Маскве ў серыі прац Дзяржаўнай бібліятэкі СССР імя У.І. Леніна па прапагандзе літаратуры народаў СССР ўбачыў свет рэкамендацыйны паказальнік Н.Б. Ватацы “Белорусская литература”.

Значнымі вехамі ў беларускай бібліяграфіі сталі складзеныя Нінай Барысаўнай навукова-дапаможныя паказальнікі: “Мастацкая літаратура Савецкай Беларусі” ў двух выпусках (1962, 1971), “Беларуская савецкая драматургія” (1967) і “Беларуская драматургія” (1993), “Беларускае літаратуразнаўства і крытыка” (1964). Такога кшталту выданняў у беларускай літаратурнай бібліяграфіі дасюль не існавала. Яны адлюстроўвалі звесткі пра кнігі пісьменнікаў Беларусі на беларускай і рускай мовах, у тым ліку надрукаваныя за межамі рэспублікі, арыгінальныя выданні анталогій, альманахаў, зборнікаў і іх перакладаў на мовы народаў СССР; драматургічныя творы, у тым ліку і не надрукаваныя, але пастаўленыя тэатрамі; літаратуразнаўчыя і крытычныя выданні і інш. Бібліяграфічныя паказальнікі Н.Б. Ватацы адрозніваліся складанай структурай, многія з іх мелі грунтоўныя прадмовы, якія ўяўлялі сабой своеасаблівыя літаратуразнаўчыя працы, уключалі цэлы комплекс дапаможных паказальнікаў і прызначаліся даследчыкам, аспірантам, студэнтам, бібліятэкарам. У 1988 г. у Маскве выйшаў рэкамендацыйны паказальнік “Белорусская литература”, складзены Н.Б. Ватацы сумесна з М.А. Каваленка і Р.Ф. Сіпаковай. Ніна Барысаўна рэдагавала рэтраспектыўны ўніверсальны паказальнік “Кніга Беларусі: 1517–1917” (1986), ёй належыць і ўступны артыкул да яго другой часткі “Выданні на беларускай мове, XIX – пачатак XX ст.”.

Н.Б. Ватацы спалучала працу ў галіне бібліяграфіі з дзейнасцю літаратуразнаўцы. Яшчэ ў 1950-я гады яна пачала сістэматычна даследаваць творчасць выдатнага беларускага паэта М. Багдановіча і прысвяціла гэтай працы некалькі дзесяцігоддзяў. Сустракалася са многімі людзьмі, якія мелі дачыненне да паэта, пісала сотні лістоў у розныя куткі Савецкага Саюза, збірала рукапісныя, друкаваныя дакументы, фотадакументы. Дзякуючы яе дзейнасці ў Літаратурны музей М. Багдановіча трапілі рэдкія і ўнікальныя матэрыялы. Плёнам даследавання Н.Б. Ватацы сталі альбом-выстаўка “Максім Багдановіч. Жыццё і творчасць” (1968, разам з А.А. Лойкам), зборнік успамінаў і біяграфічных матэрыялаў “Шлях паэта” (1975), бібліяграфічны паказальнік твораў паэта, аўтографаў і крытычнай літаратуры аб ім “Максім Багдановіч” (1977), зборнік гісторыка-літаратурных артыкулаў “Шляхі” (1986), а таксама шматлікія выступленні ў перыядычным друку.

10.jpgЛітаратуразнаўчыя інтарэсы Н.Б. Ватацы не абмяжоўваліся зваротам да асобы М. Багдановіча. Разам з літаратуразнаўцам Н.І. Лапідусам яна выдала працы “Лев Толстой и Белоруссия” (1978) і “А.С. Пушкин и Белоруссия” (1979), з Я.І. Садоўскім склала кнігу ўспамінаў пра П. Труса, прымала ўдзел у выданні чатырохтомнага Збору твораў П. Глебкі.

Праца Н.Б. Ватацы ў галіне айчыннай літаратурнай бібліяграфіі і яе літаратуразнаўчая дзейнасць былі высока ацэнены і адзначаны дзяржавай. Адной з першых сярод бібліятэчных работнікаў ёй прысвоена ганаровае званне заслужанага дзеяча культуры БССР (1963). Памяці вядомага бібліёграфа прысвечаны Першыя кнігазнаўчыя чытанні, праведзеныя ў 1998 г. Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі. Работа па вывучэнні творчай спадчыны Н.Б. Ватацы працягваецца і сёння.

Больш падрабязную інфармацыю можна знайсці на партале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў раздзеле “Славутыя імёны”: “Класік беларускай літаратурнай бібліяграфіі Н.Б. Ватацы: да 100-годдзя з дня нараджэння”.

Матэрыял прадастаўлены навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Навіны

Семінар віртуальнай чытальнай залы ў Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце

28 Лют 2020

27 лютага ў Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце прайшоў семінар “Выкарыстанне рэсурсаў віртуальнай чытальнай залы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі пры стварэнні інавацыйнага навукова-адукацыйнага асяроддзя ВНУ”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Семінары віртуальнай чытальнай залы ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

28 Лют 2020

27 лютага серыя семінараў віртуальнай чытальнай залы па прадстаўленні электронных рэсурсаў працягнулася ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Магчымасці выкарыстання віртуальнай чытальнай залы Нацыянальнай бібліятэкі прадстаўлены ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце

27 Лют 2020

26 лютага ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна прайшоў семінар "Сучасныя падыходы да павышэння эфектыўнасці інфармацыйнага забеспячэння навуковай і адукацыйнай дзейнасці".

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Семінар віртуальнай чытальнай залы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце

27 Лют 2020

26 лютага ў Беларускім дзяржаўным універсітэце прайшоў семінар “Публікацыйная стратэгія вучонага”. Мерапрыемства было арганізавана БДУ сумесна з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і кампаніяй Clarivate Analytics.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Лекцыя “Ад «Маладняка» да «Маладосці»”

27 Лют 2020

26 лютага на факультэце сацыякультурных камунікацый Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта пры кафедры тэорыі і практыкі перакладу ў рамках рэспубліканскага праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця” адбылася лекцыя “Ад «Маладняка» да «Маладосці»”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Эпізоды мастацкага жыцця Віцебска на старонках газет

27 Лют 2020

Пры ўсіх неадназначных працэсах, якія адбываліся на тэрыторыі Беларусі ў палітычнай, духоўнай і культурнай сферах у 1917–1922 гг., ішлі станаўленне беларускага нацыянальнага выяўленчага мастацтва і фарміраванне шматнацыянальнай групы мастакоў.

Праект “Сведкі эпохі: Беларусь на старонках газет 100-гадовай даўніны”

111