ГалоўнаяЧытачуПравiлы карыстання i парадак запiсу ў бiблiятэку Правілы карыстання агляднай пляцоўкай

Правілы карыстання агляднай пляцоўкай

ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

1. Правілы карыстання агляднай пляцоўкай (далей – Правілы) распрацаваны ў адпаведнасці з існуючым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, Статутам дзяржаўнай установы “Нацыянальная бібліятэка Беларусі” (далей – Бібліятэка) і рэгламентуюць парадак абслугоўвання наведвальнікаў агляднай пляцоўкі (далей – АП).

2. У склад АП Бібліятэкі ўваходзяць адкрытая і закрытая часткі.

3. Правы карыстання АП Бібліятэкі прадастаўляюцца кожнаму грамадзяніну.

4. Наведванне ажыццяўляецца на платнай аснове (па наяўным і безнаяўным разліку), у адпаведнасці з прэйскурантам платных паслуг, зацверджаным кіраўніком Бібліятэкі.

5. Наведванне на бясплатнай аснове ажыццяўляецца для: дзяцей да 7 гадоў, ветэранаў вайны, экскурсаводаў-суправаджальнікаў груп (адзін суправаджальнік на групу з 15 чалавек), суправаджальніка асобы з парушэннем функцый апорна-рухальнага апарата ў калясцы (адзін суправаджальнік на адну асобу), а таксама грамадзяне Рэспублікі Беларусь: дзеці-сіроты і інваліды 1-й і 2-й груп пры прад'яўленні пацвярджальных дакументаў.

6. Дакументамі, якія даюць права карыстацца паслугамі АП на бясплатнай аснове з'яўляюцца:

  • дакумент, які пацвярджае ўзрост дзіцяці;
  • пасведчанне аб інваліднасці;
  • дакумент, які пацвярджае статут дзіцяці-сіраты;
  • пасведчанне ветэрана вайны.

На платнай аснове дакументамі для карыстання паслугамі АП з'яўляюцца:

  • касавы чэк, або дакументы, якія пацвярджаюць аплату па безнаяўным разліку;

са зніжкай:

  • касавы чэк і дакумент, які дае права на зніжку;
  • білет навучэнца, студэнцкі білет і іншыя дакументы, якія пацвярджаюць, што грамадзянін з’яўляецца студэнтам установы адукацыі Рэспублікі Беларусь;
  • дысконтная карта (гасцявая карта) кафэ-бара “Граф Кафэ”;
  • карта госця Рэспублікі Беларусь (узоры карт прыкладаюцца).

ГЛАВА 2
АРГАНIЗАЦЫЯ ДЗЕЙНАСЦІ

7. У склад паслуг, якія выконваюцца падчас наведвання АП, уваходзяць:

  • аднакратны пад`ём і спуск на панарамным ліфце;
  • наведванне адкрытай часткі АП;
  • карыстанне аптычнай сістэмай “Бінокль панарамнага віду”;
  • наведванне закрытай часткі АП і галерэі “Панарама”.

8. АП працуе ў наступным рэжыме:

панядзелак – нядзеля: 12.00–23.00;
апошні пад’ём – 22.30;
апошні панядзелак месяца – санітарны дзень.

Каса працуе з 12.00 да 22.30,
тэхнічныя перапынкі: 14.00–14.15; 16.00–16.15; 18.00–18.15; 20.00–20.15.

9. Наведванне АП арганізуецца як ў аператыўным парадку па наяўным разліку, так і па папярэднім запісе па безнаяўным разліку з афармленнем неабходных дакументаў. Пры наведванні АП па наяўным разліку касавы чэк пагашаецца адміністратарам шляхам надрыву і звяртаецца наведвальніку.

10. Наведванне АП ажыццяўляецца як групамі да 15 чалавек у суправаджэнні экскурсавода, так і ў індывідуальным парадку. Наведванне АП дзецям да 14 гадоў дазваляецца толькі ў суправаджэнні дарослых.

11. Пад'ём на АП ажыццяўляецца на панарамным ліфце.

12. У сувязі з немагчымасцю эксплуатацыі пад’ёмнай платформы з вертыкальным перамяшчэннем для інвалідаў БК А-110 (па прычыне выхаду яе са строю) уваход на АП асоб з парушэннем функцый апорна-рухальнага апарата і маці з дзецьмі ў калясках ажыццяўляецца праз цэнтральны ўваход у адпаведнасці з рэжымам работы Бібліятэкі (асоб з парушэннем функцый апорна-рухальнага апарата – пры прад'яўленні пацвярджальных дакументаў).

13. Працягласць наведвання агляднай пляцоўкі – 60 хвілін.

14. Працягласць карыстання аптычнай сістэмай – 3 хвіліны.

ГЛАВА 3
ПРАВЫ НАВЕДВАЛЬНIКАЎ

15. Наведвальнікі маюць права:

атрымліваць неабходную інфармацыю аб рабоце АП;
карыстацца паслугамі АП;
звяртацца да кампетэнтных асоб Бібліятэкі па пытаннях, звязаных з арганізацыяй абслугоўвання АП.

ГЛАВА 4
АБАВЯЗКI НАВЕДВАЛЬНIКАЎ

16. Наведвальнікі абавязаны:

пакідаць у камеры захоўвання сумкі, папкі, партфелі, непразрыстыя пакеты, футляры з музычнымі інструментамі, парасоны і іншыя рэчы;
беражліва адносіцца да маёмасці АП;
захоўваць цішыню, парадак, чысціню ў памяшканнях і на тэрыторыі АП;
выконваць Правілы карыстання АП Бібліятэкі;
захоўваць тэхніку бяспекі і пажарную бяспеку.

17. Наведвальнікам забараняецца:

парушаць нормы грамадскіх паводзін;
уваходзіць на АП з жывёламі, на ролікавых каньках, з марожаным, праносіць з сабой ежу і напіткі;
выконваць дзеянні, якія могуць нанесці шкоду абсталяванню АП;
выносіць маёмасць з АП;
самавольна размяшчаць у памяшканнях АП аб'явы, афішы і іншыя матэрыялы рэкламнага характару, займацца камерцыйнай дзейнасцю;
прыносіць з сабой халодную і агнястрэльную зброю, выбуховыя, лёгкія на загаранне рэчывы;
прыходзіць у стане, які не адпавядае правілам санітарнай і асабістай гігіены, а таксама ў стане хваробы, нецвярозым стане або пад уздзеяннем наркатычных і таксічных сродкаў.

ГЛАВА 5
АДКАЗНАСЦЬ НАВЕДВАЛЬНIКАЎ

18. За пашкоджанне маёмасці АП, несанкцыянаваны вынас абсталявання і іншых рэчаў наведвальнікі нясуць матэрыяльную і грамадзянскую адказнасць, якая прадугледжана дзеючым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

19. Наведвальнікі, якія сваімі паводзінамі ствараюць небяспечнасць для жыцця і здароўя іншых наведвальнікаў і персаналу АП, зневажаюць сваімі дзеяннямі іх правы, абавязаны пакінуць тэрыторыю АП па патрабаванні адміністрацыі.

ГЛАВА 6
АБАВЯЗКІ РАБОТНІКАЎ

20. Супрацоўнікі АП абавязаны:

забяспечваць высокі ўзровень абслугоўвання наведвальнікаў АП;
інфармаваць наведвальнікаў аб дапаўненнях і змяненнях, якія ўносяцца ў Правілы.

ГЛАВА 7
ПРАВЫ АДМІНІСТРАЦЫІ

21. Адміністрацыя Бібліятэкі мае права:

уносіць дапаўненні і змяненні ў Правілы;
вызначаць умовы наведвання АП;
вызначаць у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь віды і памеры кампенсацыі шкоды, нанесенай наведвальнікамі.

22. Адміністрацыя Бібліятэкі не нясе адказнасць за захаванасць грашовых сродкаў і іншых матэрыяльных каштоўнасцей наведвальнікаў АП.

111