ГалоўнаяЧытачуПравiлы карыстання i парадак запiсу ў бiблiятэку Правілы карыстання дзіцячым пакоем

Правілы карыстання дзіцячым пакоем

ГЛАВА 1.
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

1. Правілы карыстання дзіцячым пакоем Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (далей – Правілы) рэгламентуюць парадак прыёму дзяцей у дзіцячы пакой, арганізацыю работы з дзецьмі, адказнасць, правы і абавязкі бацькоў

2. Правілы распрацаваны ў адпаведнасці з існуючым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, Статутам дзяржаўнай установы "Нацыянальная бібліятэка Беларусі", Правіламі карыстання Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, санiтарнымi нормамі і правiламi, іншымі нарматыўнымі прававымі актамі, якія рэгламентуюць арганізацыю аховы жыцця і здароўя дзяцей у дзіцячых дашкольных установах.

3. Дзіцячы пакой створаны і функцыянуе ў сувязі з неабходнасцю забеспячэння догляду дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту ў час наведвання іх бацькамі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (далей – Бібліятэка).

4. Арганізацыю работы дзіцячага пакоя ажыццяўляюць супрацоўнікі Бібліятэкі на падставе сучасных адукацыйна-выхаваўчых і псіхолага-педагагічных метадаў.

5. Дзіцячы пакой уяўляе сабой спецыяльна абсталяванае памяшканне, у якім знаходзяцца цацкі, развіваючыя гульні, спартыўны інвентар, аўдыя- і відэадакументы, кампакт-дыскі і іншыя выданні для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту.

6. Доступ у дзіцячы пакой ажыццяўляецца для бацькоў і іх дзяцей на платнай аснове згодна з Прэйскурантам платных паслуг.

ГЛАВА 2.
ПАРАДАК ПРЫЁМУ ДЗЯЦЕЙ

7. Для прыёму дзяцей у дзіцячы пакой бацькам неабходна прад’явіць дакумент, які сведчыць асобу: пашпарт, від на жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь або пасведчанне бежанца.

8. У дзіцячы пакой прымаюцца дзеці ва ўзросце ад 3 да 10 гадоў, без знешніх прымет захворванняў і псіхічных расстройстваў, якія згодны застацца пад наглядам супрацоўнікаў дзіцячага пакоя.

9. Перыяд знаходжання дзіцяці ў дзіцячым пакоі не павінен перавышаць тры гадзіны. Знаходжанне ў дзіцячым пакоі можна прадоўжыць пры ўмове жадання дзіцяці і яго бацькоў.

10. Адначасова знаходзіцца ў дзіцячым пакоі можа не больш за дзесяць дзяцей.

11. Бацькі павінны азнаёміцца з Правіламі і засведчыць свае абавязацельствы па іх выкананні подпісам.

ГЛАВА 3.
АРГАНІЗАЦЫЯ РАБОТЫ З ДЗЕЦЬМІ

12. Супрацоўнікі дзіцячага пакоя арганізуюць догляд дзяцей шляхам прымянення розных форм і метадаў работы:

  • развіваючых гульняў;
  • творчых заняткаў;
  • святочных мерапрыемстваў;
  • майстар-класаў;
  • рухавых гульняў і фізкультурных размінак;
  • прагляду дзіцячага відэа;
  • праслухоўвання музычных твораў;
  • чытання дзіцячай літаратуры і інш.
  • прагляду мультымедыя і інш.
13. Дзіцячы пакой працуе ў наступным рэжыме: 

аўторак – субота: 10.00–18.00;
панядзелак, нядзеля – выхадныя дні.

14. Дзіцячы пакой не працуе ў дні дзяржаўных свят, свят Вялікадня (праваслаўнага, каталіцкага) і санітарныя дні (апошні панядзелак месяца).

15. За 30 хвілін да закрыцця дзіцячага пакоя прыём дзяцей спыняецца.

ГЛАВА 4.
ПРАВЫ БАЦЬКОЎ

16. Бацькі маюць права:
16.1. атрымліваць неабходную інфармацыю аб формах і метадах работы ў дзіцячым пакоі;
16.2. пакідаць дзяцей у час наведвання Бібліятэкі на ўстаноўлены тэрмін;
16.3. прыносіць з сабой і пакідаць дзецям зменную вопратку і абутак;
16.4. уносіць прапановы па арганізацыі вольнага часу сваіх дзяцей;
16.5. звяртацца да кіраўніцтва Бібліятэкі па пытаннях, звязаных з арганізацыяй работы дзіцячага пакоя.

ГЛАВА 5.
АБАВЯЗКІ БАЦЬКОЎ

17. Бацькі абавязаны:
17.1. выконваць Правілы карыстання Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і гэтыя Правілы;
17.2. папярэджваць супрацоўнікаў дзіцячага пакоя пра стан здароўя дзіцяці на дадзены момант, псіхафізіялагічныя асаблівасці, а таксама пра магчымасць узнікнення алергічных рэакцый;
17.3. інфармаваць супрацоўнікаў дзіцячага пакоя пра запланаванае месцазнаходжанне ў Бібліятэцы, а таксама пра яго змены;
17.4. дапамагчы дзіцяці зняць верхнюю вопратку і абутак;
17.5. неадкладна вярнуцца ў дзіцячы пакой пры ўзнікненні сітуацыі, якая патрабуе неабходнай іх прысутнасці;
17.6. забраць дзіця па заканчэнні часу, узгодненага загадзя з супрацоўнікамі дзіцячага пакоя;
17.7. ветліва адносіцца да супрацоўнікаў і наведвальнікаў дзіцячага пакоя.
17.8. у надзвычайных сітуацыях (тэхнічны збой, пажар, аварыя, пагроза тэрарыстычнага акту і інш.) выконваць патрабаванні супрацоўнікаў дзіцячага пакоя, органаў унутраных спраў, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях.

18. Бацькам забараняецца:
18.1. прыводзіць дзяцей у стане, які не адпавядае правілам санітарнай і асабістай гігіены;
18.2. прыводзіць дзяцей з інфекцыйнымі і іншымі захворваннямі, якія могуць нанесці шкоду здароўю іншых дзяцей;
18.3. прыводзіць дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і паводзін, якія могуць стаць прычынай канфліктных або небяспечных сітуацый;
18.4. пакідаць дзецям прадукты харчавання, медыцынскія прэпараты, каштоўныя рэчы, прадметы, што могуць нанесці шкоду здароўю (вострыя, рэжучыя, выбухованебяспечныя і інш.);
18.5. карміць дзяцей у дзіцячым пакоі;
18.6. прычыняць шкоду абсталяванню дзіцячага пакоя;
18.7. самавольна размяшчаць у памяшканнях дзіцячага пакоя аб’явы, афішы і іншыя матэрыялы, займацца камерцыйнай дзейнасцю;
18.8. парушаць грамадскі парадак.

ГЛАВА 6.
АДКАЗНАСЦЬ БАЦЬКОЎ

19. У выпадку нанясення шкоды маёмасці дзіцячага пакоя (цацак, мэблі і інш.) бацькі пакрываюць страту згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

20. За парушэнне гэтых Правілаў бацькам можа быць часова абмежаваны доступ да дзіцячага пакоя.

ГЛАВА 7.
ПРАВЫ БІБЛІЯТЭКІ

21. Бібліятэка мае права:
21.1. уносіць дапаўненні і змяненні ў Правілы;
21.2. у выпадку непрадбачаных абставін (з’яўлення прымет фізічнага захворвання, псіхічнага расстройства, неадэкватных паводзін дзіцяці) запатрабаваць ад бацькоў забраць дзіця датэрмінова;
21.3. вызначаць тэрмін абмежавання права карыстання дзіцячым пакоем для бацькоў, якія парушылі гэтыя Правілы.
21.4. адмовіць бацькам у доступе да дзіцячага пакоя у наступных выпадках:

  • пры адсутнасці вольнага месца ў дзіцячым пакоі;
  • пры наяўнасці відавочных прымет ці сімптомаў захворвання ў дзіцяці;
  • пры агрэсіўных паводзінах дзіцяці ў адносінах да іншых дзяцей, супрацоўнікаў, што могуць выклікаць прычыненне шкоды здароўю ці маёмасці;
  • пры парушэнні патрабаванняў гэтых Правілаў.

22. Бібліятэка не нясе адказнасці за захаванасць каштоўных рэчаў дзяцей.

ГЛАВА 8.
АБАВЯЗКІ БІБЛІЯТЭКІ

23. Бібліятэка абавязана:
23.1. ствараць спрыяльныя ўмовы для дзяцей у дзіцячым пакоі;
23.2. забяспечваць захаванасць жыцця і здароўя дзяцей;
23.3. забяспечваць высокую культуру абслугоўвання;
23.4. забяспечваць захаванасць і рацыянальнае выкарыстанне абсталявання дзіцячага пакоя;
23.5. выконваць правілы і нормы аховы працы, тэхнікі бяспекі і пажарнай бяспекі, санітарныя правілы і нормы, гігіенічныя нарматывы;
23.6. інфармаваць бацькоў:

  • аб дапаўненнях і змяненнях, якія ўносяцца ў гэтыя Правілы;
  • аб змяненнях у рэжыме работы дзіцячага пакоя;
  • аб формах і метадах функцыянавання дзіцячага пакоя;

23.7. захоўваць канфідэнцыяльнасць звестак пра бацькоў і іх дзяцей.

Бібліятэкарам