ГалоўнаяЧытачуПравiлы карыстання i парадак запiсу ў бiблiятэку Парадак абслугоўвання ў чытальных залахПарадак абслугоўвання ў сектары арганізацыі цэнтральнага падсобнага фонду

Парадак абслугоўвання ў цэнтральным падсобным фондзе

Глава 1. АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

1. Дадзены Парадак распрацаваны ў адпаведнасці з Правіламі карыстання Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, Правіламі капіравання інфармацыі і вызначае ўмовы абслугоўвання карыстальнікаў у сектары арганізацыі цэнтральнага падсобнага фонду (ЦПФ) (далей – сектар).
2. У сектары абслугоўваюцца ўсе карыстальнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (далей – Бібліятэка).
3. Абслугоўванне карыстальнікаў ажыццяўляецца шляхам кансультавання, забеспячэння доступу да дакументаў цэнтральнага падсобнага фонду (далей – ЦПФ) і электронных рэсурсаў Бібліятэкі, а таксама шляхам выканання дадатковых (платных) паслуг.
4. Рэжым работы сектара адпавядае рэжыму работы Бібліятэкі.

Глава 2. КАНСУЛЬТАВАННЕ

5. Інфармацыя пра рэсурсы і паслугі Бібліятэкі, сістэму чытальных залаў, Правілы і Парадкі абслугоўвання, алгарытмы работы з лакальнымі электроннымі рэсурсамі Бібліятэкі прадастаўляецца па запыце карыстальніка дзяжурным бібліятэкарам на кафедры выдачы дакументаў ЦПФ (далей – кафедра выдачы).

Глава 3. ЗАБЕСПЯЧЭННЕ ДОСТУПУ ДА ДАКУМЕНТАЎ ЦПФ

6. ЦПФ падраздзяляецца на дзве часткі: адкрытую і закрытую.
7. Дакументамі адкрытай часткі ЦПФ дазваляецца карыстацца самастойна, не парушаючы сістэму расстаноўкі.
8. Дакументы закрытай часткі ЦПФ выдае дзяжурны бібліятэкар на кафедры выдачы па вусным запыце карыстальніка пры прад’яўленні ім чытацкага білета. Ліміт выдачы дакументаў складае 20 адзінак.
9. Выдача дакументаў спыняецца за 15 хвілін да закрыцця Бібліятэкі.
10. Працаваць з дакументамі ЦПФ дазваляецца ў любой чытальнай зале (акрамя чытальнай залы новых паступленняў) на працягу працоўнага дня Бібліятэкі.
11. Па заканчэнні работы дакументы неабходна вярнуць у ЦПФ. Дакументы закрытай часткі неабходна перадаць дзяжурнаму бібліятэкару на кафедры выдачы, дакументы адкрытай часткі – пакінуць у спецыяльных цялежках побач са стэлажамі.
12. Дакументы ЦПФ браніраванню не падлягаюць.
13. Карыстальнік нясе адказнасць за ўсе дакументы, выбраныя ім для прагляду або атрыманыя ім у карыстанне. Пры атрыманні або адборы дакументы належыць прагледзець і ў выпадку выяўлення дэфектаў паведаміць пра іх дзяжурнаму бібліятэкару.

Глава 4. ЗАБЕСПЯЧЭННЕ ДОСТУПУ ДА ЛАКАЛЬНЫХ ЭЛЕКТРОННЫХ РЭСУРСАЎ БІБЛІЯТЭКІ

14. Лакальныя электронныя рэсурсы Бібліятэкі даступныя з любога аўтаматызаванага рабочага месца карыстальніка (далей – АРМ карыстальніка).
15. Рэсурсы інтэрнэт-доступу прадастаўляюцца выключна ў навуковых і адукацыйных мэтах з АРМаў карыстальніка, вызначаных Бібліятэкай.
16. Права доступу да інтэрнэт-рэсурсаў дае чытацкі білет, які карыстальнік абавязаны перадаць дзяжурнаму бібліятэкару на кафедры выдачы ЦПФ да пачатку работы ў Інтэрнэце.
17. Пры рабоце з электроннымі рэсурсамі недапушчальна выконваць сістэмныя працэдуры ў камп’ютарнай сетцы, пераўстанаўліваць праграмныя сродкі.
18. Для апрацоўкі інфармацыі можна выкарыстаць пакет офісных дадаткаў Microsoft Office.
19. Захаванне электроннай інфармацыі дазваляецца выконваць толькі праз папку Партфель АРМа карыстальніка (далей – папка Партфель). Экспарт захаванай інфармацыі на розныя віды носьбітаў ажыццяўляецца дзяжурным бібліятэкарам па запыце карыстальніка.
20. Для работы з асабістымі электроннымі носьбітамі прадугледжаны абсталяваныя персанальнымі камп’ютарамі індывідуальныя кабіны, якія размешчаны ў агульнай чытальнай зале, навуковай чытальнай зале, зале беларускай літаратуры, зале дысертацый і прадастаўляюцца на платнай аснове.

Глава 5. ВЫКАНАННЕ ДАДАТКОВЫХ ПАСЛУГ

21. Карыстальнікам сектара прадастаўляюцца дадатковыя (платныя) паслугі па выкананні копій фрагментаў дакументаў ЦПФ і экспарце электроннай інфармацыі на розныя віды носьбітаў згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з Прэйскурантам платных паслуг, якія аказвае дзяржаўная ўстанова “Нацыянальная бібліятэка Беларусі” фізічным асобам (далей – Прэйскурант).
22. Ксеракапіраванне і сканіраванне фрагментаў дакументаў ЦПФ ажыццяўляецца ў пунктах капіравання.
23. Для выканання запыту на ксеракапіраванне дакументаў карыстальнік павінен пісьмова вызначыць нумары старонак, якія падлягаюць капіраванню.
24. Электроннае капіраванне створанай або захаванай карыстальнікам у папцы Партфель інфармацыі выконвае дзяжурны на кафедры выдачы ЦПФ бібліятэкар, раздрукоўку гэтай інфармацыі — дзяжурны бібліятэкар агульнай чытальнай залы.
25. Для выканання запыту на капіраванне або раздрукоўку карыстальнік павінен паведаміць бібліятэкару нумар АРМа і імя створанага ім файла.
26. Экспарт электроннай інфармацыі ажыццяўляецца толькі пасля праверкі носьбіта на наяўнасць шкодных праграм (падчас праверкі файлы, якія ўтрымліваюць шкодны код, могуць быць аўтаматычна выдалены сістэмай). На носьбіты, якія немагчыма ачысціць ад шкодных праграм, капіраванне электроннай інфармацыі не выконваецца.
27. Аплата паслуг праводзіцца ў пунктах прыёму аплаты за паслугі згодна з Прэйскурантам.
28. Выкананне платных паслуг спыняецца за 15 хвілін да закрыцця Бібліятэкі.
Пытанні абслугоўвання карыстальнікаў, не ўрэгуляваныя гэтым Парадкам, вырашаюцца індывідуальна шляхам звароту карыстальніка да загадчыка аддзела бібліятэчнага абслугоўвання і першаму намесніку дырэктара па абслугоўванні карыстальнікаў і ідэалогіі.

111