ГалоўнаяЧытачуПравiлы карыстання i парадак запiсу ў бiблiятэку Парадак абслугоўвання ў чытальных залахПарадак абслугоўвання ў зале дакументаў па мастацтве

Парадак абслугоўвання ў зале дакументаў па мастацтве

ГЛАВА 1.
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

1. Дадзены Парадак распрацаваны ў адпаведнасці з Правіламі карыстання Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, Правіламі карыстання інфармацыйнымі рэсурсамі Інтэрнэту ў чытальных залах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Правіламі капіравання інфармацыі, Правіламі карыстання індывідуальнымі кабінамі, абсталяванымі персанальнымі камп’ютарамі, Парадкам абслугоўвання дакументамі на электронных носьбітах і вызначае ўмовы абслугоўвання карыстальнікаў у зале дакументаў па мастацтве (далей – Зала).
2. Зала спецыялізуецца на абслугоўванні студэнтаў, бакалаўраў, магістрантаў, аспірантаў, саіскальнікаў вучонай ступені і іншых спецыялістаў у галіне выяўленчых і відовішчных мастацтваў.
У Зале ажыццяўляецца абслугоўванне ўсіх катэгорый карыстальнікаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (далей – Бібліятэка) выяўленчымі дакументамі, якія захоўваюцца ў фондасховішчы.
3. Абслугоўванне карыстальнікаў ажыццяўляецца шляхам выдачы дакументаў з фондасховішча, забеспячэння доступу да дакументаў падсобнага фонду Залы і электронных рэсурсаў Бібліятэкі.
4. Рэжым работы Залы адпавядае рэжыму работы Бібліятэкі.

ГЛАВА 2.
АБСЛУГОЎВАННЕ ДАКУМЕНТАМІ, ЗАКАЗАНЫМІ З ФОНДАСХОВІШЧА БІБЛІЯТЭКІ

5. Кансультацыі па пошуку бібліяграфічнай інфармацыі і афармленні заказаў на дакументы з фондасховішча карыстальнік атрымлівае ў дзяжурнага бібліятэкара Залы.
6. Заказ дакументаў (акрамя нумароў часопісаў, выданняў з працягам, якія адсутнічаюць у электронным каталогу Бібліятэкі (далей – ЭК), і электронных дадаткаў да друкаваных выданняў) ажыццяўляецца ў аўтаматызаваным рэжыме з любога аўтаматызаванага рабочага месца карыстальніка праз ЭК бібліятэкі.
7. Заказ нумароў часопісаў, выданняў з працягам, якія адсутнічаюць у ЭК, і электронных дадаткаў да друкаваных выданняў ажыццяўляецца па бланку заказу. Карыстальнік самастойна запаўняе бланк заказу і перадае яго дзяжурнаму бібліятэкару на кафедры выдачы Залы.
8. Ліміт заказу ў аўтаматызаваным рэжыме складае 30 кніг і часопісаў, 20 выяўленчых выданняў. Па бланку заказу – 5 бланкаў для заказу часопісаў і выданняў з працягам (нумары якіх адсутнічаюць у ЭК) і 3 бланкі для заказу электронных дадаткаў да друкаваных выданняў.
9. Прыём заказаў на бягучы дзень спыняецца за 1 гадзіну да закрыцця Бібліятэкі. Заказы, прынятыя пазней за азначаны час, выконваюцца ў дзень, выбраны карыстальнікам пры афармленні заказу.
10. Час выканання заказу складае 30 хвілін.
11. Заказаныя дакументы (акрамя электронных дадаткаў да друкаваных выданняў) карыстальнік атрымлівае на кафедры выдачы Залы пры прад’яўленні чытацкага білета. Выдача электронных дадаткаў да друкаваных выданняў ажыццяўляецца ў зале нотных і аўдыявізуальных дакументаў.
12. Пры атрыманні часопісаў і выданняў з працягам, якія былі заказаны па бланку заказу, карыстальнік пакідае чытацкі білет дзяжурнаму бібліятэкару.
13. З дакументаў, забраніраваных за іншымі карыстальнікамі, па запыце чытача можа быць выдадзены 1 экзэмпляр. Тэрмін карыстання – не больш за 1 гадзіну.
14. Лісток заказу, укладзены ў дакумент, належыць захоўваць на працягу ўсяго тэрміну карыстання.
15. Выдача дакументаў спыняецца за 15 хвілін да закрыцця Бібліятэкі.
16. Зварот дакументаў ажыццяўляецца на кафедры выдачы Залы. Карыстальнік павінен паведаміць дзяжурнаму бібліятэкару пра неабходнасць забраніраваць дакументы, падоўжыць тэрмін браніравання, вярнуць дакументы ў фондасховішча.
17. Тэрмін браніравання дакументаў – 30 дзён з дня заказу. У выпадку неабходнасці і пры адсутнасці запытаў ад іншых карыстальнікаў тэрмін браніравання можа быць падоўжаны. Агульны тэрмін браніравання не можа перавышаць 90 дзён.
18. Колькасць дакументаў, забраніраваных за карыстальнікам, не можа перавышаць 80 адзінак (60 адзінак кніг і часопісаў і 20 адзінак выяўленчых выданняў).
19. Карыстальнік нясе адказнасць за ўсе атрыманыя дакументы. Пры рабоце з дакументамі ў выпадку выяўлення дэфектаў карыстальніку неабходна паведаміць пра іх дзяжурнаму бібліятэкару.

ГЛАВА 3.
АБСЛУГОЎВАННЕ ДАКУМЕНТАМІ ПАДСОБНАГА ФОНДУ ЗАЛЫ

20. Працаваць з дакументамі падсобнага фонду Залы могуць усе карыстальнікі Бібліятэкі.
21. Дакументамі з адкрытай часткі падсобнага фонду дазваляецца карыстацца самастойна, не парушаючы сістэмы расстаноўкі на паліцы. Пасля прагляду дакументы пажадана вярнуць на месца ці пакінуць іх у спецыяльна прызначаных для гэтага паліцах.
22. Дакументы з закрытай часткі падсобнага фонду выдаюцца дзяжурным бібліятэкарам без папярэдняга заказу па вусным запыце карыстальніка. Адначасова можна атрымаць да 40 адзінак дакументаў.
23. Пры атрыманні дакументаў карыстальнік пакідае чытацкі білет дзяжурнаму бібліятэкару.
24. Дакументы падсобнага фонду браніраванню не падлягаюць.
25. Забараняецца выносіць дакументы падсобнага фонду з Залы.
26. Выдача дакументаў з закрытай часткі падсобнага фонду спыняецца за 15 хвілін да закрыцця Бібліятэкі.
27. Карыстальнік нясе адказнасць за ўсе атрыманыя дакументы. Пры рабоце з дакументамі ў выпадку выяўлення дэфектаў карыстальніку неабходна паведаміць пра іх дзяжурнаму бібліятэкару.

ГЛАВА 4.
ЗАБЕСПЯЧЭННЕ ДОСТУПУ ДА ЭЛЕКТРОННЫХ РЭСУРСАЎ

28. Электронныя рэсурсы Бібліятэкі даступныя з любога аўтаматызаванага рабочага месца карыстальніка.
29. Доступ да інфармацыйных рэсурсаў Інтэрнэту прадастаўляецца выключна ў навуковых і адукацыйных мэтах і ажыццяўляецца з аўтаматызаванага рабочага месца карыстальніка Залы.
30. Перад пачаткам работы з інтэрнэт-рэсурсамі карыстальнік павінен перадаць чытацкі білет дзяжурнаму бібліятэкару.
31. Кансультацыі па рабоце з электроннымі рэсурсамі карыстальнік атрымлівае ў дзяжурнага бібліятэкара Залы. У выпадку складанага інфармацыйнага запыту карыстальнік можа звярнуцца да бібліёграфа-кансультанта даведачна-інфармацыйнага аддзела (пам. 257).
32. Пошук і прагляд інфармацыйных рэсурсаў Інтэрнэту ажыццяўляецца на бясплатнай аснове.
33. Пры рабоце з электроннымі рэсурсамі недапушчальна выконваць сістэмныя працэдуры ў камп’ютарнай сетцы, пераўстанаўліваць праграмныя сродкі.
34. Для апрацоўкі інфармацыі карыстальнік мае магчымасць працаваць з тэкставымі рэдактарамі Wordpad і “Блакнот”. Каб пазбегнуць страты інфармацыі пры рабоце з тэкставым дакументам, рэкамендуецца выконваць прамежкавае захаванне файла.
35. Працаваць з інфармацыяй, якая знаходзіцца на электронным носьбіце карыстальніка, забараняецца. Для работы з асабістымі электроннымі носьбітамі прадугледжаны індывідуальныя кабіны, абсталяваныя персанальнымі камп’ютарамі, якія знаходзяцца ў агульнай чытальнай зале, зале беларускай літаратуры, зале дысертацый.

ГЛАВА 5.
ВЫКАНАННЕ ДАДАТКОВЫХ ПАСЛУГ

36. Карыстальнікам Залы прадастаўляюцца дадатковыя (платныя) паслугі па ксеракапіраванні і сканіраванні (у т.л. каляровым) фрагментаў дакументаў з фондаў Бібліятэкі, экспарце электроннай інфармацыі на розныя віды носьбітаў згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь і ў адпаведнасці з Прэйскурантам платных паслуг, якія аказвае дзяржаўная ўстанова “Нацыянальная бібліятэка Беларусі” фізічным асобам.
37. У Зале ажыццяўляецца ксеракапіраванне (у т.л. каляровае) да 40 старонак з дакументаў Бібліятэкі. Ксеракопія звыш вызначанага аб’ёму выконваецца аператарамі на 1-м паверсе атрыума. Каляровае ксеракапіраванне і сканіраванне з уласных дакументаў карыстальніка ажыццяўляецца ў Інтэрнэт-цэнтры.
38. Для выканання запыту на ксеракапіраванне дакументаў карыстальнік павінен пісьмова вызначыць нумары старонак, якія падлягаюць капіраванню.
39. У Зале выконваецца сканіраванне дакументаў Бібліятэкі (фарматы А3, А4) аб’ёмам да 40 старонак (каляровае сканіраванне – да 20 старонак). Сканіраванне звыш вызначанага аб’ёму і дакументаў іншага фармату ажыццяўляецца па папярэднім заказе, аформіць які можна на кафедры выдачы Залы.
40. Для афармлення заказу на сканіраванне дакументаў карыстальнік павінен запоўніць спецыяльны бланк, аплаціць заказ, прадаставіць чысты электронны носьбіт. Тэрмін выканання заказу – 2 сутак.
41. Захаванне і далейшае капіраванне электроннай інфармацыі на розныя віды носьбітаў выконваюцца толькі праз папку "Партфель" аўтаматызаванага рабочага месца карыстальніка ў адпаведнасці з Інструкцыяй па захаванні электроннай інфармацыі.
42. Для выканання запыту на капіраванне інфармацыі з папкі “Партфель” карыстальнік павінен паведаміць бібліятэкару нумар аўтаматызаванага рабочага месца і імя створанага файла.
43. Для капіравання электроннай інфармацыі рэкамендуецца мець у наяўнасці чысты электронны носьбіт. Экспарт інфармацыі ажыццяўляецца толькі пасля праверкі носьбіта на наяўнасць шкодных праграм (пад час праверкі файлы, якія ўтрымліваюць вірус, могуць быць аўтаматычна выдалены сістэмай). На носьбіты, якія немагчыма ачысціць ад шкодных праграм, капіраванне электроннай інфармацыі не выконваецца.
44. Аплата паслуг праводзіцца карыстальнікам у пунктах прыёму аплаты за паслугі на падставе аформленага бібліятэкарам нарада-заказу згодна з Прэйскурантам платных паслуг, якія аказвае Бібліятэка фізічным асобам.
45. Выкананне платных паслуг спыняецца за 15 хвілін да закрыцця Бібліятэкі.
46. Карыстальнікі Залы маюць магчымасць карыстацца памяшканнем для групавых заняткаў да 2-х гадзін у дзень для правядзення заняткаў агульнаадукацыйнага і культурна-асветніцкага характару па профілі абслугоўвання.
47. За інфармацыяй аб магчымасці скарыстацца памяшканнем для групавых заняткаў неабходна звяртацца да дзяжурнага бібліятэкара на кафедру выдачы ў дзень правядзення заняткаў.
48. Групавыя заняткі, у тым ліку з выкарыстаннем прадастаўленага абсталявання, не павінны перашкаджаць працы іншых карыстальнікаў Залы.

Бібліятэкарам