ГалоўнаяІнфармацыйныя рэсурсыЭлектронныя інфармацыйныя рэсурсыРэсурсы Нацыянальнай бібліятэкі БеларусіВіртуальныя праекты, выстаўкі і калекцыіВіртуальныя праекты бібліятэкіКласікі сусветнай літаратуры Янка Купала і Якуб КоласАпісанне віртуальнага праекта
Апісанне віртуальнага праекта

Апісанне віртуальнага праекта

Віртуальны праект “Класікі сусветнай літаратуры Янка Купала і Якуб Колас: да 130-годдзя з дня нараджэння” з’яўляецца спецыяльнай юбілейнай рубрыкай інтэрнэт-партала Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (НББ), прысвечанай славутым пісьменнікам, заснавальнікам новай беларускай літаратуры і сучаснай беларускай літаратурнай мовы.

Праект дае магчымасць дэталёва пазнаёміцца з біяграфіямі народных пісьменнікаў, іх творчай спадчынай, супаставіўшы па гадах падзеі ў іх жыцці і творчасці (раздзелы “Янка Купала і Якуб Колас: сучаснікі, паплечнікі, аднагодкі” і “Янка Купала і Якуб Колас: летапіс жыцця і творчасці”).

Рэалізавана магчымасць забяспечыць аддалены доступ карыстальнікаў да твораў, апублікаваных у перыядычных выданнях, а таксама першых прыжыццёвых выданняў класікаў (зборнікаў вершаў і апавяданняў, паэм, аповесцей, п’ес, твораў для дзяцей, кніг з перакладамі, першых збораў твораў, асобных твораў і г.д.), якія захоўваюцца ў фондах НББ.

Для праекта алічбавана звыш 100 выданняў твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа, што складае каля 30 тыс. старонак тэкставага матэрыялу, прадстаўленага ў электроннай бібліятэцы і на інтэрнэт-партале НББ (раздзел “Чытаем Купалу і Коласа разам”).

Выяўлены, алічбаваны і размешчаны 4 гуказапісы з выступленнямі Янкі Купалы і Якуба Коласа, 8 гуказапісаў іх твораў у выкананні вядомых артыстаў у раздзеле “Слухаем Купалу і Коласа”. Пададзены 22 гуказапісы музычных кампазіцый на вершы беларускіх майстроў слова, розныя па жанрах, змесце, тэматыцы, выканальніцкай манеры (раздзел “Спяваем песні і рамансы на словы класікаў”).

Зборы твораў пісьменнікаў неаднаразова перавыдаваліся, і беларускія кніжныя графікі лічылі за гонар стварыць арыгінальнае мастацкае аздабленне для кожнага выдання. З мэтай дэманстрацыі багацця кніжнага афармлення літаратурнай спадчыны класікаў выяўлены, алічбаваны і прадстаўлены ілюстрацыі да іх твораў звыш 50 выдатных беларускіх мастакоў (раздзел “Галерэя: мастакі-ілюстратары твораў Купалы і Коласа”).

У раздзеле “Выслоўі, выказванні, афарызмы беларускіх песняроў” у 21 тэматычнай рубрыцы сабраны і размешчаны 127 цытат Янкі Купалы і Якуба Коласа, якія адлюстроўваюць выразнасць, вобразнасць і багацце мовы народных пісьменнікаў, усебаковасць іх інтарэсаў, захапленне роднай прыродай, патрыятызм.

Раздзел “Купала і Колас у прасторы Інтэрнэту” змяшчае артыкул пра інфармацыйныя рэсурсы беларускай мастацкай літаратуры ў глабальнай сетцы, а таксама спасылкі на аўтарытэтныя інтэрнэт-рэсурсы з інфармацыяй пра жыццё і творчасць Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Матэрыялы праекта прадстаўлены на трох мовах: беларускай, рускай і англійскай.

Віртуальны праект з’яўляецца вынікам плённай працы супрацоўнікаў інфармацыйна-аналітычнага аддзела, аддзела суправаджэння інтэрнэт-партала і аддзела фарміравання электроннай бібліятэкі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

111