ГалоўнаяІнфармацыйныя рэсурсыЭлектронныя інфармацыйныя рэсурсыРэсурсы Нацыянальнай бібліятэкі БеларусіВіртуальныя праекты, выстаўкі і калекцыіВіртуальныя праекты бібліятэкіКласікі сусветнай літаратуры Янка Купала і Якуб КоласКупала і Колас у прасторы Інтэрнэту
Купала і Колас у прасторы Інтэрнэту

Купала і Колас у прасторы Інтэрнэту

Мастацкая літаратура з’яўляецца часткай культуры нацыі, і ад таго, наколькі поўна і ўсебакова яна прадстаўлена ў кіберпрасторы, залежаць папулярызацыя і распаўсюджанне беларускай культуры, мовы, магчымасць доступу да яе сусветнай супольнасці, а як вынік – пашырэнне міжкультурнай камунікацыі і ўзаемаразумення паміж народамі.

Інтэрнэт – глабальная камп’ютарная сетка, якая на сённяшні час з’яўляецца па сутнасці сусветнай віртуальнай бібліятэкай. Тут можна знайсці інфармацыю па любой тэме, праблеме і прычым за кароткі тэрмін (вядома, калі валодаць методыкай пошуку). Зразумела, нельга абсалютызаваць вартасці Інтэрнэту і ігнараваць шкоднасць і інфармацыйную небяспечнасць некаторых вэб-рэсурсаў, але ўсё ж такі трэба ўсведамляць, што на дадзены момант Інтэрнэт – гэта гіганцкая інфармацыйная сістэма, якой карыстаецца больш за мільярд чалавек у свеце, што складае адну сёмую частку насельніцтва планеты. Для еўрапейскіх краін гэтыя лічбы больш значныя. Звыш паловы насельніцтва Еўропы, у якой пражывае каля 500 мільёнаў чалавек, з’яўляюцца актыўнымі карыстальнікамі Інтэрнэту.

Згодна прагнозу вядомай даследчай кампаніі Forrester Research, да 2013 г. колькасць карыстальнікаў ва ўсім свеце ўзрасце на 45 %, да 2,2 мільярда чалавек, прычым лідзіруючыя пазіцыі зоймуць краіны Азіі, дзе будуць пражываць 45 % карыстальнікаў планеты, а тэмпы росту ў ЗША, Заходняй Еўропе і іншых развітых замежных краінах знізяцца на 1–3 %.

На змену манаполіі развітых краін на доступ да сусветнай камп’ютарнай сеткі прыходзіць больш раўнамернае размеркаванне карыстальнікаў па краінах і рэгіёнах свету, што можа стаць адным з фактараў, які дапаможа краінам, што развіваюцца, і краінам з пераходнай эканомікай, з аднаго боку, пашырыць межы міжкультурнай камунікацыі, паспрыяе ўзаемаабмену і ўзаемаабагачэнню культур, дазволіць усім этнасам паказаць здабыткі сваёй культуры і прыняць удзел у фарміраванні культурнага патэнцыялу цывілізацыі, а з другога – забяспечыць захаванне, развіццё і папулярызацыю нацыянальных культур і моў у свеце.

Асаблівае значэнне ў гэтых умовах набывае забеспячэнне шырокага інтэрнэт-доступу да рэсурсаў нацыянальнай мастацкай літаратуры, паколькі, з’яўляючыся сферай агульнацікавага, лепшыя яе творы спрыяюць фарміраванню станоўчага вобраза той ці іншай нацыі, адкрываюць сусветнай супольнасці яе культурныя здабыткі.

Сярод беларускіх пошукавых сістэм і каталогаў, па якіх можна найбольш поўна і прадуктыўна ажыццяўляць пошук беларускай літаратуры, можна адзначыць catalog.tut.by – каталог беларускіх інтэрнэт-рэсурсаў TUT.by; poisk.com – каталог сайтаў; пошукавая сістэма: Байнэт + Рунэт; akavita.by – каталог-рэйтынг беларускіх сайтаў; br.by – каталог рэсурсаў Байнэта, беларускі рэйтынг; zubr.com – рэгістр беларускіх вэб-рэсурсаў. Сярод іх найбольш карысным з’яўляецца каталог беларускіх інтэрнэт-рэсурсаў TUT.by, дзе ў раздзеле “Літаратура” даюцца спасылкі на 177 сайтаў. Астатнія айчынныя сістэмы па сваіх пошукавых магчымасцях значна саступаюць замежным Яndex, Rambler, Апорт!, Google, Yahoo!, Altavista. Пры гэтым найбольш эфектыўнымі з’яўляюцца сістэмы Яndex і Google, якія ўтрымліваюць максімум інфармацыі адэкватна адпаведнай тэме запыту.

Астатнія пошукавыя сістэмы дубліруюць інфармацыю, прычым менш сістэмна і рэлевантна. Аналіз беларускіх і замежных пошукавых сістэм прыводзіць да высновы, што сайты, на якіх сканцэнтравана інфармацыя па тэме ”Беларуская літаратура”, можна аб’яднаць у групы:

  1. уласна літаратурныя, дзе змяшчаюцца навіны сучаснага беларускага літаратурнага жыцця, рэцэнзіі, крытыка, тэарэтычныя матэрыялы, каталогі выдавецтваў, біяграфіі пісьменнікаў і тэксты твораў ці толькі тэксты твораў: “Беларуская палічка”, “Літара.net”, “Камунікат”, “Кнігарня. Творы і біяграфіі беларускіх пісьменнікаў і паэтаў”, “Бібліятэка беларускай літаратуры”, нацыянальны паэтычны партал “Вершы беларускіх паэтаў”;
  2. старонкі асобных аўтараў і перакладчыкаў: Леаніда Дайнекі, Янкі Золака, Уладзіміра Караткевіча, Рыгора Крушыны, Паўла і Пятра Сушко, Васіля Сёмухі і інш.;
  3. сайты часопісаў і газет: “Дзеяслоў”, “Калоссе”, “Тэксты”, ARCHE, Nihil, “Правінцыя”, u8220 “Аксамітны Жах”, “Наша Ніва”;
  4. літаратурныя праекты, напрыклад “Швэдзка-беларускі культурны праект. 4+4+4”, “Старонка пачынаючых аўтараў”, Zviarok, Litteratura Albаruthenica;
  5. сайты навін, дзе змяшчаюцца інтэрв’ю, выступленні пісьменнікаў;
  6. сайты ўстаноў і арганізацый, напрыклад НАН Беларусі;
  7. сайты, якія прадстаўляюць даведачныя выданні, напрыклад slounik.org, дзе змешчаны даведнік “Беларускія пісьменнікі”, у якім даюцца кароткія біяграфіі і названы асноўныя творы 719 беларускіх аўтараў, Wikipedia;
  8. сайты выдавецтваў, напрыклад “Мастацкая літаратура”, “Беларускі кнігазбор”, “Белорусский Дом печати”;
  9. сайты бібліятэк, напрыклад Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, абласных бібліятэк;
  10. адукацыйныя сайты, да якіх адносяцца рэсурсы для настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, дзе змяшчаюцца метадычныя матэрыялы і невялікая колькасць тэкстаў беларускіх твораў (http://biblioteka.by/copyright.htm, http://belkabinet.ucoz.ru), і сайты, дзе прадстаўлены сачыненні, рэфераты, дыпломы, курсавыя работы па літаратуры;
  11. сайты кніжных інтэрнэт-магазінаў (Oz.by і інш.);
  12. сайты навучальных устаноў;
  13. сайт, дзе сабраны біяграфіі беларускіх пісьменнікаў і тэксты некаторых твораў;
  14. сайты – віртуальныя музеі, напрыклад І. Мележа, А. Макаёнка, М. Багдановіча і інш.;
  15. блогі беларускіх літаратараў (напрыклад блог Вікі Трэнас).

Такім чынам, інфармацыя прадстаўлена шматпланава, але, на жаль, не заўсёды сістэматызавана, да таго ж не ўсе рэсурсы якасныя. Уласна электронных бібліятэк мастацкай літаратуры, якія прадстаўляюць толькі тэксты твораў, амаль што няма. У асноўным гэта сімбіёз літаратуразнаўства і мастацкай літаратуры. Найбольшая колькасць твораў беларускіх аўтараў пераважна змешчана на сайтах “Беларуская палічка”, “Беларуская электронная бібліятэка” і “Вершы беларускіх паэтаў”.

Віртуальны праект “Класікі сусветнай літаратуры Янка Купала і Якуб Колас: да 130-годдзя з дня нараджэння” з’яўляецца спецыяльнай юбілейнай рубрыкай інтэрнэт-партала Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (НББ), прысвечанай славутым пісьменнікам, заснавальнікам новай беларускай літаратуры і сучаснай беларускай літаратурнай мовы.

Праект дае магчымасць дэталёва пазнаёміцца з біяграфіямі народных пісьменнікаў, іх творчай спадчынай, супаставіўшы па гадах падзеі ў іх жыцці і творчасці (раздзелы “Янка Купала і Якуб Колас: сучаснікі, паплечнікі, аднагодкі” і “Янка Купала і Якуб Колас: летапіс жыцця і творчасці”).

Рэалізавана магчымасць забяспечыць аддалены доступ карыстальнікаў да твораў, апублікаваных у перыядычных выданнях, а таксама першых прыжыццёвых выданняў класікаў (зборнікаў вершаў і апавяданняў, паэм, аповесцей, п’ес, твораў для дзяцей, кніг з перакладамі, першых збораў твораў, асобных твораў і г.д.), якія захоўваюцца ў фондах НББ.

Для праекта алічбавана звыш 100 выданняў твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа, што складае каля 30 тыс. старонак тэкставага матэрыялу, прадстаўленага ў электроннай бібліятэцы і на інтэрнэт-партале НББ (раздзел “Чытаем Купалу і Коласа разам”).

Выяўлены, алічбаваны і размешчаны 4 гуказапісы з выступленнямі Янкі Купалы і Якуба Коласа, 8 гуказапісаў іх твораў у выкананні вядомых артыстаў у раздзеле “Слухаем Купалу і Коласа”. Пададзены 22 гуказапісы музычных кампазіцый на вершы беларускіх майстроў слова, розныя па жанрах, змесце, тэматыцы, выканальніцкай манеры (раздзел “Спяваем песні і рамансы на словы класікаў”).

Зборы твораў пісьменнікаў неаднаразова перавыдаваліся, і беларускія кніжныя графікі лічылі за гонар стварыць арыгінальнае мастацкае аздабленне для кожнага выдання. З мэтай дэманстрацыі багацця кніжнага афармлення літаратурнай спадчыны класікаў выяўлены, алічбаваны і прадстаўлены ілюстрацыі да іх твораў звыш 50 выдатных беларускіх мастакоў (раздзел “Галерэя: мастакі-ілюстратары твораў Купалы і Коласа”).

У раздзеле “Выслоўі, выказванні, афарызмы беларускіх песняроў” у 21 тэматычнай рубрыцы сабраны і размешчаны 127 цытат Янкі Купалы і Якуба Коласа, якія адлюстроўваюць выразнасць, вобразнасць і багацце мовы народных пісьменнікаў, усебаковасць іх інтарэсаў, захапленне роднай прыродай, патрыятызм.

Матэрыялы праекта НББ прадстаўлены на трох мовах: беларускай, рускай і англійскай.

Такія шматпланавыя рэсурсы будуць карыснымі не толькі для азнаямлення сусветнай і нацыянальнай супольнасці са здабыткамі беларускай літаратуры, але для навуковай і вучэбнай дзейнасці.

Сярод інтэрнэт-рэсурсаў, на якіх можна пазнаёміцца са звесткамі пра жыццё і творчую дзейнасць Янкі Купалы і Якуба Коласа, прачытаць іх творы, можна адзначыць наступныя:

Выкарыстаная крыніца:

  1. Раманава, Ж. Л. Інфармацыйныя рэсурсы беларускай мастацкай літаратуры ў прасторы Інтэрнет / Ж. Л. Раманава // Веснік Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў. – 2010. – № 1. – С. 112–120. – Рэзюмэ на бел. і англ. мовах. – Бібліягр.: с. 119–120.
111