ГалоўнаяНавіныДа 100-годдзя Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Пасяджэнне тэхналагічнага камітэта Сістэмы карпаратыўнай каталагізацыі бібліятэк Беларусі
Урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя Чынгізу Айтматаву

Крыніца ведаў: імёны і падзеі

Крыніца ведаў: імёны і падзеі
Іншыя навіны

Чарговы артыкул па матэрыялах перыядычнага друку базы даных “Нацыянальная бібліятэка Беларусі ў прэсе” за 1960–1962 гады нагадае імёны ўжо вядомых супрацоўнікаў бібліятэкі і раскрые новыя, раскажа пра адкрыццё яе новага корпусу і чытальнай залы для моладзі.

Krynica_viedau-1.jpg
Советская Белоруссия. 1962. 15 верасня. С. 3. Фота К. Якубовіча

З вялікай цікавасцю разам з вядомым журналістам і аўтарам фатаграфій Аляксандрам Дзітлавым мы наведалі Дзяржаўную бібліятэку БССР імя У.І. Леніна пачатку 1960-х гадоў. Аўтар артыкула, надрукаванага ў часопісе “Маладосць”, пазнаёміў чытачоў з некаторымі аддзеламі бібліятэкі, расказаў, якую літаратуру можна было заказаць у іх, пра рэдкія экзэмпляры кніг, а таксама штодзённую працу спецыялістаў. Тут і метадычная дапамога абласным, раённым, гарадскім, сельскім бібліятэкам, і абмен літаратурай з іншымі бібліятэкамі, і работа дамашняга абанемента, і выстаўкі літаратуры.

У аб’ектыў фотаапарата трапілі студэнты, хормайстар Дома культуры швейнай фабрыкі імя Крупскай, удзельнік самадзейнага хору, галоўны бібліятэкар Георгій Галенчанка (у 1960–1962 гадах працаваў у Дзяржаўнай бібліятэцы БССР), супрацоўніца аддзела міжбібліятэчнага абанемента Рыма Зіневіч, супрацоўніца Акадэміі навук БССР і іншыя.

Krynica_viedau-2-3.jpg

Дыпломная праца Георгія Галенчанкі на Усесаюзным конкурсе навуковых студэнцкіх прац за 1959–1960 навучальны год атрымала высокую ацэнку, яе аўтар быў узнагароджаны медалём Міністэрства вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі СССР “За лепшую студэнцкую працу”.

Krynica_viedau-4.jpg
Маладосць. 1960. № 6. С. 124

Загадчык чытальнай залы бібліятэкі Надзея Сцяпанаўна Чарненка ў “Советской Белоруссии” падрабязна расказала пра аддзелы абслугоўвання чытачоў, адзначала, што калектыў работнікаў бібліятэкі прыкладае шмат намаганняў каб стварыць ім лепшыя ўмовы для работы з кнігай. Каштоўныя кніжныя багацці, увага да запытаў карыстальнікаў, дакладная арганізацыя даведачна-бібліяграфічнага апарата спрыялі росту колькасці пастаянных чытачоў: “За последние десять лет число научных работников, посещающих библиотеку, возросло в три раза, инженерно-технических работников – в четыре с лишним раза, а рабочих – более чем в десять раз”.

Krynica_viedau-5.jpg
У адной з чытальных залаў Беларускай дзяржаўнай бібліятэкі імя У.І. Леніна.
Фота Л. Папковіча. Советская Белоруссия. 1960. 7 снежня. С. 3

У 1960 годзе рэдакцыйна-выдавецкі аддзел Кніжнай палаты БССР пры Дзяржаўнай бібліятэцы БССР імя У.І. Леніна пачаў выдаваць штомесячны бібліяграфічны бюлетэнь “Новыя кнігі БССР” (выходзіў з 1960 па 1991 год), у якім змяшчаўся спіс рэкамендацыйнай літаратуры і каляндар знамянальных дат.

У гэтым жа годзе былі выпушчаны новыя вельмі каштоўныя даведнікі: “Перыядычны друк Беларусі. 1817–1916 гг.” (складальнік – галоўны бібліёграф аддзела беларускай літаратуры і бібліяграфіі Адам Антонавіч Сакольчык, які з вялікай стараннасцю і скрупулёзнасцю апісаў газеты і часопісы, што захаваліся ў Дзяржаўнай бібліятэцы імя У.І. Леніна, ва Урадавай бібліятэцы імя М. Горкага, у Дзяржаўным архіве БССР і Архіве Мінскай вобласці), “Перыядычны друк Беларускай ССР. 1917–1958 гг. Вып. I. Часопісы” і “Перыядычны друк Беларускай ССР. 1917–1959 гг. Вып. II. Газеты”. Пра гэта паведамляў А. Варановіч, аўтар артыкула, надрукаванага ў часопісе “Полымя”, выказваючы істотную заўвагу наконт недастатковага тыражу бібліяграфічных указальнікаў і спадзеючыся, што праца над імі будзе працягвацца. На старонках газеты “Літаратура і мастацтва” за 1961 год адзначалася паўната сабранага матэрыялу:

Krynica_viedau-6.jpg

Безумоўна, гэтыя выданні сталі важнай крыніцай для многіх даследчыкаў у пошуках неабходных звестак.

У 1961 годзе выйшлі бібліяграфічны даведнік “Максім Багдановіч”, прысвечаны 70-годдзю з дня нараджэння беларускага паэта, і бібліяграфічная памятка “Піліп Пестрак”, у 1962-м – даведнік “Мастацкая літаратура Савецкай Беларусі (1917–1960)”, складальніцай іх з'яўлялася Ніна Барысаўна Ватацы.

Krynica_viedau-7.jpg
Н.Б. Ватацы і Ф.І. Мільчына. Советская Белоруссия. 1962. 15 верасня. С. 3.
Фота К. Якубовіча

Летапісы жыцця і творчасці выдатных беларускіх пісьменнікаў спрыялі больш глыбокаму вывучэнню іх літаратурнай спадчыны, прапагандзе беларускай кнігі. У апошнім грунтоўным даведніку прадстаўлены не толькі пералік твораў мастацкай літаратуры беларускіх савецкіх пісьменнікаў, але і змешчаны звесткі пра пераклады твораў, а таксама кнігі, якія выйшлі пад рэдакцыяй пісьменнікаў Беларусі.

Чытачы часопіса “Маладосць” маглі пазнаёміцца з цікавым артыкулам “Кузьма Чорны i маладыя беларускія пісьменнікі” Н.Б. Ватацы. Аўтар расказвала пра любоў Кузьмы Чорнага да роднай літаратуры, чулыя адносіны да маладых літаратараў, пра клопаты пісьменніка аб іх лёсе.

З артыкула “Дворец книги”, надрукаванага ў газеце “Советская Белоруссия” 11 лістапада 1961 г., мы даведаліся пра адкрыццё новага корпуса бібліятэкі па вуліцы Кірава:

Krynica_viedau-8.jpg

Загадчык аддзела беларускай літаратуры Мікалай Сямёнавіч Васілеўскі ўсхвалявана пісаў пра неабходнасць разгортвання работы па выяўленні і збіранні матэрыялаў аб родным краі, аб арганізацыі кнігаабмену з бібліятэкамі іншых рэспублік, прапаноўваў “устанавіць кантакт з букіністычнымі магазінамі Масквы, Вільнюса, Ленінграда, Кіева, Рыгі, Варшавы, куды трапляе шмат беларускай літаратуры ад прыватных асоб” (ЛіМ. 1962. 5 студзеня. С. 4). У артыкуле “Чым мы заклапочаны” ён падрабязна расказваў пра дасягненні аддзела, папаўненне яго фонду, аднак быў вельмі заклапочаны станам некаторых рэдкіх выданняў, якія патрабавалі пераплёту ці рэстаўрацыі, недастатковасцю бібліяграфічнай работы ў складанні даведнікаў на творы класікаў беларускай літаратуры В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, пісьменнікаў 20–30-х гадоў.

Krynica_viedau-9.jpg

Сёння ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі можна карыстацца электроннымі выданнямі “Жыве паміж намі дудар наш…: да 200-годдзя з дня нараджэння В. Дуніна-Марцінкевіча”, “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай…: да 180-годдзя з дня нараджэння Ф. Багушэвіча”, у якіх змешчаны цэнныя матэрыялы пра беларускіх пісьменнікаў, у тым ліку і бібліяграфічныя звесткі.

На партале НББ размешчаны маштабны віртуальны рэсурс “На хвалі часу, у плыні жыцця”, прымеркаваны да 100-годдзя літаратурнага аб’яднання “Маладняк”, дзе сабрана і сістэматызавана творчая спадчына многіх пісьменнікаў 20-х гадоў. Інфармацыя ўключае алічбаваныя кнігі аўтараў, фотагалерэю, бібліяграфічныя спісы па творчасці пісьменнікаў і інш.

М.С. Васілеўскі ставіў канкрэтныя задачы па ўпарадкаванні фонду аддзела, зберажэнні рэдкіх выданняў, спадзяваўся, што лепшыя ўмовы – пераезд аддзела ў новае памяшканне, будуць спрыяць якаснаму абслугоўванню чытачоў.

19 кастрычніка 1962 года ў газеце “Советская Белоруссия” адкрылася рубрыка “Уголок любителя книги”, у якой бібліёграф Дзяржаўнай бібліятэкі Варвара Міронаўна Сіленка знаёміла чытачоў з найбольш цікавымі новымі творамі пра жыццё і дзейнасць савецкіх людзей, навінкамі замежнай літаратуры.

Загадчык навукова-метадычнага аддзела бібліятэкі Ганна Рыгораўна Меламед на старонках рэспубліканскіх газет падымала шэраг пытанняў па паляпшэнні абслугоўвання чытачоў, прапагандзе чытання, у артыкуле “Бліжэй да чытача” расказвала пра новыя формы работы брэсцкіх бібліятэк – дамашнія бібліятэкі: “Пенсіянеры, хатнія гаспадыні па ўласнай ініцыятыве бяруць у бібліятэках па 100–150 кніг і выдаюць іх чытачам свайго дома, квартала, вуліцы”. Яна таксама прапаноўвала зрабіць рэарганізацыю бібліятэк – далучыць дробныя прафсаюзныя бібліятэкі да бібліятэк аблсавпрофа.

Нечаканым было даведацца, што ў 1962 годзе адкрылася новая чытальная зала для моладзі, якая абслугоўвала вучняў тэхнікумаў, тэхнічных вучылішчаў і старэйшых класаў агульнаадукацыйных школ. “За семь месяцев в этом зале молодые люди получили и прочли 28 845 экземпляров книг и журналов по самым различным отраслям знаний”, – пісаў дырэктар бібліятэкі Фёдар Уладзіміравіч Сцепанюк у газеце “Советская Белоруссия”.

15 верасня 1962 года споўнілася 40 гадоў з дня заснавання Дзяржаўнай бібліятэкі імя У.І. Леніна, за гэты час яна вырасла ў найбагацейшае кнігасховішча, якое налічвала 3 мільёны 300 тысяч экзэмпляраў кніг.

Krynica_viedau-10.jpg
Советская Белоруссия. 1962. 14 верасня. С. 4

Ф.У. Сцепанюк паведамляў: “К сороколетию библиотеки сдается в эксплуатацию новое здание с хранилищем на 1 миллион 650 тысяч книг и читальными залами на 240 мест”. Расказваючы пра шматгранную дзейнасць калектыву бібліятэчных работнікаў, адзначаў, што многія з іх прысвяцілі бібліятэчнай справе ўсё сваё свядомае жыццё:

Krynica_viedau-11.jpg
Советская Белоруссия. 1962. 15 верасня. С. 3

Больш падрабязную інфармацыю па тэме можна знайсці ў базе даных “Нацыянальная бібліятэка Беларусі ў прэсе”. Акрамя таго, аформіўшы падпіску на рассылку артыкулаў згаданага рэсурсу, вы будзеце атрымліваць усе навіны пра нашу бібліятэку.

Матэрыял падрыхтаваны Таццянай Папроцкай, загадчыцай сектара інфармацыйна-аналітычнага аддзела.


Бібліяграфія:

  1. Аўгусціновіч, Н. З якога разліку? / Н. Аўгусціновіч // ЛіМ. – 1961. – 24 лістап. – С. 3.
  2. Багдановіч, М. Каштоўны даведнік / М. Багдановіч, І. Саламевіч // Звязда. – 1962. – 1 снеж. – С. 4.
  3. Бакланов, Н. Для вас, юноши и девушки / Н. Бакланов // Советская Белоруссия. – 1962. – 5 янв. – С. 4.
  4. Варановiч, С. Прадоўжыць пачатую працу / С. Варановiч // Полымя. – 1960. – № 10. – С. 184–185.
  5. Васілеўскі, М. С. Краязнаўчая работа ў бібліятэцы / М.С. Васілеўскі // ЛіМ. – 1962. – 5 студз. – С. 4.
  6. Васілеўскі, М. С. Чым мы заклапочаны / М.С. Васілеўскі // ЛіМ. – 1962. – 16 сак. – С. 4.
  7. Ватацы, Н. Кузьма Чорны i маладыя беларускiя пiсьменнiкi / Н. Ватацы, Н. Лапідус // Маладосць. – 1960. – № 4. – С. 59–61.
  8. Дзiтлаў, А. Скарбнiца ведаў / А. Дзітлаў // Маладосць. – 1960. – № 6. – С. 120–124.
  9. Ефимов, С. Дворец книги / С. Ефимов // Советская Белоруссия. – 1961. – 11 нояб. – С. 4.
  10. [Исполнилось 40 лет со времени принятия постановления СНК БССР об открытии Белорусской государственной библиотеки в городе Минске...] // Советская Белоруссия. – 1962. – 14 сент. – С. 4.
  11. Меламед, Х.Г. Бліжэй да чытача / Х.Г. Меламед // ЛіМ. – 1960. – 7 чэрв. – С. 1.
  12. “Новые книги БССР” // Советская Белоруссия. – 1960. – 2 авг. – С. 3.
  13. Степанюк, Ф. Светоч знаний, культуры / Ф. Степанюк // Советская Белоруссия. – 1962. – 15 сент. – С. 3.
  14. Черненко, Н. С. Наша гордость / Н.С. Черненко // Советская Белоруссия. – 1960. – 7 янв. – С. 3.
  15. Юрэвіч, А. Друк Беларусі за сто год /А. Юрэвіч // ЛіМ. – 1961. – 17 лют. – С. 2.

Навіны

У Самаркандзе адбылася міжнародная канферэнцыя бібліятэкараў СНД

15 Май 2024

15 мая генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін узяў удзел у міжнароднай канферэнцыі бібліятэкараў СНД “Бібліятэчная Садружнасць: партнёрства і інавацыі”, якая прайшла ў рамках міждзяржаўнай праграмы “Самарканд – культурная сталіца СНД – 2024”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мудрыя думкі з залы мастацтва

15 Май 2024

Усё ярчэй свеціць вясновае сонца, а зала мастацтва напаўняе сваю прастору святлом мудрасці і прыгажосці, працягваючы рубрыку “Цытата тыдня”. На гэтым тыдні са “шкатулкі” крылатых выразаў знакамітых творцаў бліснуў прамень афарызму, прапанаваны на малюнку.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

13–19 мая 1944 года. 16 тыдняў да Вызвалення

14 Май 2024

Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Штотыдзень са студзеня па жнівень 2024 года на партале Нацыянальнай бібліятэкі публікуюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944 года, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей таго часу.

Праект “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

Вакальна-інструментальныя жанры ў творчасці беларускіх кампазітараў

13 Май 2024

8 мая ў зале нотных і аўдыявізуальных дакументаў адбылася завяршальная лекцыя з цыкла “Творы сучасных беларускіх кампазітараў у кантэксце гісторыі еўрапейскай музыкі”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

ХХХ Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні “Духоўная і свецкая адукацыя: гісторыя і перспектывы ўзаемадзеяння”

10 Май 2024

16–17 мая ў Мінску адбудуцца ХХХ Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні “Духоўная і свецкая адукацыя: гісторыя і перспектывы ўзаемадзеяння (да 20-годдзя Інстытута тэалогіі БДУ)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам