Дата правядзення
Час правядзення
Месца правядзення
20 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы адбудзецца пасяджэнне круглага стала “Адысея Язэпа Пушчы”, прымеркаванае да юбілею беларускага пісьменніка, педагога Язэпа Пушчы (1902–1964).
Сёлета адзначаецца 120-годдзе аднаго з заснавальнікаў і актыўных удзельнікаў літаратурных аб’яднанняў “Маладняк” і “Узвышша” Язэпа Пушчы (сапраўднае імя – Іосіф Паўлавіч Плашчынскі). Лідар авангардысцкага напрамку, аматар паэтычных эксперыментаў і эпатажнасці, ён уварваўся ў беларускую літаратуру 1920-х гадоў нечаканымі метафарамі і арыгінальнымі вобразамі, нязвыклымі вершаванымі рытмамі і асаблівай музычнасцю вершаў, што натхнялі кампазітараў.
Круглы стол “Адысея Язэпа Пушчы” прадугледжвае прэзентацыю вялікай віртуальнай экспазіцыі, створанай Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі сумесна з партнёрамі ў рамках праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”.
У мерапрыемстве прымуць удзел даследчыкі творчасці пісьменніка, спецыялісты архіваў, музеяў, бібліятэк, устаноў адукацыі, прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі. Навуковае пасяджэнне аздобіць творчае выступленне народнага літаратурнага тэатра “Жывое слова”.
Да юбілею пісьменніка ў зале беларускай літаратуры (пам. 205) будзе арганізавана кніжна-ілюстрацыйная выстаўка “Вольны птах беларускіх нябёсаў”, якую можна наведаць з 19 мая па 29 чэрвеня.
Пачатак пасяджэння круглага стала – 20 мая а 10-й гадзіне ў зале адукацыйных тэхналогій (пам. 346).
Запрашаем усіх зацікаўленых!
Матэрыял пададзены інфармацыйна-аналітычным аддзелам.