ГалоўнаяНавіныДа 100-годдзя літаб'яднання "Маладняк"
Прафілактыка траўматызму
Талстоўскі нацюрморт

Да дня ўшанавання памяці Кузьмы Чорнага

Да дня ўшанавання памяці Кузьмы Чорнага
Іншыя навіны

24 лістапада ўдзельнікі праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця” наведалі радзіму Кузьмы Чорнага – аграгарадок Цімкавічы Капыльскага раёна, дзе прынялі ўдзел у мерапрыемстве “Пісьменнік вялікай душы”, прымеркаваным да дня ўшанавання памяці класіка беларускай прозы.

Кузьма Чорны (1900–1944) стаў сапраўдным брэндам Цімкавічаў. Землякі пісьменніка, нашчадкі тых самых жыхароў, некалі апісаных у яго творах, кожны дзень ходзяць тымі жа сцежкамі, бачаць тую самую хатку, куды маці пісьменніка прыбягала пазычыць кавалачак сала, калі сын ехаў паступаць у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. У наш час цімкаўцы беражліва захоўваюць памяць пра свайго вядомага земляка, папулярызуюць яго спадчыну. Так, кожны год у Цімкавічах ладзіцца шэраг разнастайных ініцыятыў у гонар пісьменніка: экскурсіі ў Літаратурным музеі Кузьмы Чорнага, кніжныя выстаўкі і мерапрыемствы ў Цімкавіцкай сельскай бібліятэцы, тэматычныя ўрокі для школьнікаў. Найбольш буйным мерапрыемствам аграгарадка, якое збірае ўдзельнікаў з усёй Беларусі, з’яўляецца літаратурна-музычнае свята “Цімкавіцкія вытокі”, што праходзіць у чэрвені да дня нараджэння пісьменніка.

Традыцыйнымі ў Цімкавічах сталі і мерапрыемствы, прымеркаваныя да дня памяці Кузьмы Чорнага, якія ладзяцца штогод у канцы лістапада. Сёлета сустрэча, арганізаваная Літаратурным музеем Кузьмы Чорнага і Цімкавіцкай сельскай бібліятэкай, прайшла ў Цімкавіцкай сярэдняй школе, якая носіць імя празаіка.

Cimkavichy-1.jpg
Вядучая мерапрыемства, загадчыца Цімкавіцкай сельскай бібліятэкі Вольга Радкевіч

Асноўнай аўдыторыяй імпрэзы “Пісьменнік вялікай душы” былі вучні сярэдніх і старэйшых класаў, настаўнікі, прадстаўнікі Капыльскай раённай газеты “Слава працы”.

Падчас сустрэчы галоўны бібліёграф інфармацыйна-аналітычнага аддзела Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Юлія Амосава, распавяла дзецям пра тое, як памяць аб Кузьме Чорным ушаноўваюць у галоўнай бібліятэцы краіны, колькі захоўваецца тут кніг празаіка і на якіх мовах, пазнаёміла вучняў з найбольш цікавымі старонкамі віртуальнага раздзела пра пісьменніка, створанага ў межах праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”, а таксама нагадала пра 100-годдзе літаб’яднання “Маладняк”, сябрам якога з’яўляўся Кузьма Чорны. Улічваючы ўзрост слухачоў, выступленне было пабудавана ў форме дыялогу, насычана пытаннямі, а за правільныя адказы дзеці атрымалі сувеніры з бібліятэкі.

Cimkavichy-2.jpg

У мерапрыемстве прыняла ўдзел загадчыца аддзела выданняў і тэксталогіі Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі Алена Васілевіч. Сёлета супрацоўнікамі інстытута і выдавецтвам “Беларуская навука” быў падрыхтаваны першы том акадэмічнага збору твораў Кузьмы Чорнага, які плануецца выдаць у 12-ці тамах з каментарыямі. У кнізе, у параўнанні са зборамі твораў, што пабачылі свет у 1950-х і 1990-х гадах, сабрана спадчына, якая раней друкавалася толькі на старонках перыёдыкі і зборнікаў. У новым выданні ўзноўлена мова пісьменніка, унікальныя словы, характэрныя толькі для жыхароў Цімкавічаў. З кнігай можна пазнаёміцца і ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі.

Cimkavichy-3-4.png

Мерапрыемства было аздоблена выстаўкай фотаздымкаў з выявамі прыгожых краявідаў Цімкавічаў, куточкаў, якія яшчэ памятаюць Кузьму Чорнага. Работы былі створаны ў рамках сумеснага з фотаклубам “Мінск” фотапленэру “Родныя мае мясціны”.

Cimkavichy-5.jpg

Прэзентавала фотавыстаўку загадчыца Літаратурнага музея Кузьмы Чорнага Людміла Ніжэвіч. Людміла Іосіфаўна – даўні сябар і партнёр праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”, з яе дапамогай у 2020 годзе быў створаны віртуальны раздзел пра пісьменніка. Нагадаем, што ў праекце даступны поўныя тэксты артыкулаў Людмілы Ніжэвіч.

Cimkavichy-6.jpg

Цудоўным аздабленнем мерапрыемства сталі выступленні настаўнікаў Цімкавіцкай дзіцячай школы мастацтваў – акардэаніста Аляксандра Карповіча і цымбалісткі Веранікі Зянько, якія выканалі беларускія найгрышы. Напрыканцы імпрэзы слухачы натхніліся выканальніцкім майстэрствам загадчыцы Руднянскага сельскага дома культуры Ксеніі Валошынай, якая душэўна праспявала знакаміты “Мой родны кут” Ігара Лучанка.

Cimkavichy-7.jpg

Пазнавальным дапаўненнем да мерапрыемства стала наведванне Капыльскай раённай цэнтральнай бібліятэкі імя А. Астрэйкі, а таксама Алеі пісьменнікаў у Капылі, дзе сярод іншых аўтараў ушанавана памяць маладнякоўцаў, ураджэнцаў Капыльшчыны – Кузьмы Чорнага, Алеся ГурлоЯна Скрыгана і Адама Бабарэкі.

Бібліятэка дзякуе арганізатарам мерапрыемства, цудоўнай цімкавіцкай публіцы, а таксама партнёру праекта – Літаратурнаму музею Кузьмы Чорнага за плённае супрацоўніцтва і каштоўныя матэрыялы з фондаў музея, якія кожны год папаўняюць праект.

Матэрыял пададзены Юліяй Амосавай, галоўным бібліёграфам інфармацыйна-аналітычнага аддзела.
Фота капыльскай раённай газеты “Слава працы” і Літаратурнага музея Кузьмы Чорнага.

Навіны

13–19 мая 1944 года. 16 тыдняў да Вызвалення

14 Май 2024

Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Штотыдзень са студзеня па жнівень 2024 года на партале Нацыянальнай бібліятэкі публікуюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944 года, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей таго часу.

Праект “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

Вакальна-інструментальныя жанры ў творчасці беларускіх кампазітараў

13 Май 2024

8 мая ў зале нотных і аўдыявізуальных дакументаў адбылася завяршальная лекцыя з цыкла “Творы сучасных беларускіх кампазітараў у кантэксце гісторыі еўрапейскай музыкі”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

ХХХ Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні “Духоўная і свецкая адукацыя: гісторыя і перспектывы ўзаемадзеяння”

10 Май 2024

16–17 мая ў Мінску адбудуцца ХХХ Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні “Духоўная і свецкая адукацыя: гісторыя і перспектывы ўзаемадзеяння (да 20-годдзя Інстытута тэалогіі БДУ)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Падведзены вынікі XXXII Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”

8 Май 2024

7 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы ў анлайн-рэжыме адбылося пасяджэнне журы па падвядзенні вынікаў XXXII Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Памятаем і шануем!

8 Май 2024

Напярэдадні 9 Мая і ў год 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, прадстаўнікі бібліятэкі правялі рэстаўрацыю і ўборку пахаванняў супрацоўнікаў, якія работалі ва ўстанове ў даваенны і пасляваенны перыяды.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам