На хвалі часу, у плыні жыцця:

да 100-годдзя ўтварэння Усебеларускага літаратурнага аб’яднання паэтаў і пісьменнікаў “Маладняк”

(1923–1928)

Віртуальны праект “На хвалі часу, у плыні жыцця” прымеркаваны да 100-годдзя літаратурнага аб’яднання “Маладняк” і разлічаны на доўгі перыяд – з 2019 па 2023 год.

Датай стварэння згуртавання лічыцца 28 лістапада 1923 г., калі ў мінскім камсамольскім клубе “КІМ” сабраліся шэсць маладых пісьменнікаў – Міхась Чарот, Анатоль Вольны, Алесь Дудар, Андрэй Александровіч, Адам Бабарэка, Язэп Пушча – і вырашылі стварыць літаратурнае аб’яднанне.

Літаратурная арганізацыя “Маладняк” адыграла вялікую ролю ў развіцці беларускай савецкай літаратуры. Хваля беларусізацыі 1920-х станоўча паўплывала на развіццё беларускай літаратуры, што ў сваю чаргу патрабавала арганізацыйных форм літаратурнага працэсу. “Маладняк” узнікае як адказ на патрэбы часу.

З дзейнасці ў гэтай арганізацыі пачынаўся творчы шлях многіх таленавітых пісьменнікаў БССР, яна будавалася як партыйная ячэйка са сходамі, пратаколамі, ствараліся акруговыя філіі. Такім чынам, назіраўся масавы прыход у аб’яднанне таленавітай моладзі з асяродку рабочых і сялян.

Распачынаецца віртуальны праект з агульнай інфармацыі пра згуртаванне “Маладняк”, гісторыю яго стварэння і дзейнасці, спіса выданняў і паўнатэкставых дакументаў арганізацыі, часопісаў, якія выходзілі ў час яе існавання, бібліяграфічнага спіса выданняў пра арганізацыю. Унікальныя фодаздымкі, якія складаюць фотагалерэі “маладнякоўцаў”, падабраны з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва.

Я. Пушча, А. Дудар, А. Александровіч

Стваральнікі літаратурнага аб’яднання “Маладняк”:
Я. Пушча, А. Дудар, А. Александровіч

На працягу адзначанага перыяду запланавана прадставіць на партале інфармацыю пра выбітных асоб літаратурнай арганізацыі “Маладняк”, якія былі актыўнымі дзеячамі, арганізатарамі асобных філій літаб’яднання – пісьменнікам, якія выйшлі з гэтага аб’яднання. Кожны год будзе далучацца інфармацыя пра аўтараў-юбіляраў: Валерыя Маракова (1909–1937), Адама Бабарэку (1899–1938), Уладзіміра Хадыку (1905–1940), Уладзіміра Дубоўку (1900–1976), Кузьму Чорнага (1900–1944), Янку Скрыгана (1905–1992), Андрэя Александровіча (1906–1963), Змітрака Бядулю (1886–1941), Міхася Зарэцкага (1901–1937), Алеся Гурло (1892–1938), Рыгора Мурашку (1902–1944), Язэпа Пушчу (1902–1964), Анатоля Вольнага (1902–1937), Алеся Дудара (1904–1937) і іншых.

Раздзелы пра “маладнякоўцаў” будуць уключаць бібліяграфічныя звесткі пра аўтараў, алічбаваныя кнігі (у поўным аб’ёме кнігі да 1938 г., бо большасць членаў “Маладняка” былі рэпрэсаваны і загінулі ў гэтыя гады), бібліяграфічны спіс выданняў-даследаванняў пра творчасць пісьменнікаў, фотагалерэі.


Усебеларускае літаратурнае аб’яднанне паэтаў і пісьменнікаў “Маладняк” (1923–1928):
гісторыя стварэння і дзейнасці

О, выходзь, маладняцкая раць,
На прасторах маёўкі спраўляць!
Наша сонца сягоння гарыць
Цветам яркай румянай зары.
На прасторах зялёных палёў
Усё цвіце – расцвітае, жыве,
Усюды радасць і звон галасоў,
Усіх прыволле сягоння заве.

В. Маракоў


Літаратурная арганізацыя “Маладняк” адыграла вялікую ролю ў развіцці беларускай савецкай літаратуры. З дзейнасці ў гэтай арганізацыі пачыналі творчы шлях многія буйнейшыя пісьменнікі БССР. З яе выйшлі такія знакамітыя асобы, як Пятрусь Броўка (1905–1980), Міхаcь Лынькоў (1899–1975), Уладзімір Дубоўка (1900–1976), Янка Скрыган (1905–1992), Пятро Глебка (1905–1969) і іншыя.

Аб’яднанне ўзнікла як гурток маладых паэтаў пры часопісе “Маладняк”. Датай стварэння лічыцца 28 лістапада 1923 г., калі ў мінскім камсамольскім клубе “КІМ” сабраліся шэсць маладых пісьменнікаў: Міхась Чарот (1896–1937), Анатоль Вольны (1902–1937), Алесь Дудар (1904–1937), Андрэй Александровіч (1906–1963), Адам Бабарэка (1899–1938), Язэп Пушча (1902–1964) – і вырашылі стварыць літаратурнае аб’яднанне. Кіравальным органам стаў прэзідыум, а потым, з лютага 1925 г., – цэнтральнае бюро. ЦБ у розныя гады ўзначальвалі М. Чарот, А. Вольны, У. Дубоўка, П. Галавач. Арганізуюцца філіялы аб’яднання ў Маскве, Віцебску, Полацку, Магілёве, а потым афармляецца Усебеларускае аб’яднанне паэтаў і пісьменнікаў “Маладняк”.

“Маладнякоўцы” паверылі ў сваю значнасць і культуралагічную выключнасць, у тое, што яны з’яўляюцца стваральнікамі сапраўднай новай пралетарскай беларускай нацыянальнай літаратуры. Нягледзячы на тое, што спачатку арганізацыя не мела ні належнага фінансавання, ні ўласнага будынка, яе папулярнасць сярод моладзі расла надзвычай імкліва, і ўжо ў 1925–1926 гг. колькасць сяброў дасягала 500 чалавек. На працягу першага года членамі “Маладняка” былі 200 чалавек, існавала 12 філіялаў у гарадах і мястэчках. Аб’яднанне праводзіла вялікую выхаваўчую працу сярод моладзі, садзейнічала выяўленню талентаў, наладжвала сувязі з літаратурнымі арганізацыямі саюзных ССР (Украінскай, Расійскай, Грузінскай), кнігаабмен з іншымі краінамі.

Сябрамі аб’яднання ў розны час былі К. Чорны, З. Бядуля, К. Крапіва, У. Дубоўка, У. Галубок, Я. Журба, А. Гурло, М. Лынькоў, П. Трус, П. Броўка, П. Глебка, М. Зарэцкі, Н. Чарнушэвіч, А. Якімовіч, М. Аляхновіч, Р. Мурашка, І. Барашка, В. Каваль, В. Сташэўскі, Я. Скрыган, А. Звонак, С. Шушкевіч, К. Губарэвіч, У. Жылка, М. Нікановіч, Т. Кляшторны, У. Хадыка, З. Бандарына, Ю. Гаўрук, В. Гарбацэвіч, В. Маракоў, Л. Родзевіч, С. У. Фамін і інш.

Дэкларацыя арганізацыі: “«Маладняк» – гэта ўсебеларускае аб’яднанне паэтаў і пісьменнікаў, якія згуртаваліся дзеля таго, каб ідэі матэрыялізму, марксізму і ленінізму ажыццявіць ў беларускай мастацкай творчасці... Асноваю нашай мастацкай формы, у якой мы ажыццяўляем нашы ідэі, з’яўляецца мастацка-праўдзівы вобраз, аб’ектыўна адпавядаючы рэальнасці. На розныя сучасныя мастацка-фармальныя напрамкі мы глядзім, як на тэхніку мастацкай творчасці. Наш асноўны прынцып: форма павінна адпавядаць зместу, выкладанне – тэме” (1924, 20 снежня).

А. Звонак згадваў, што характэрнай асаблівасцю “Маладняка” была яго масавасць, адсутнасць замкнутасці, чым пазней характарызаваліся такія літаратурныя аб’яднанні, як “Полымя” і “Узвышша”, яго не толькі літаратурная, але і шырокая асветніцкая, папулярызатарская дзейнасць. Маладнякоўцы ўсталёўваліся ў тагачасных акруговых цэнтрах на сталую працу, узначальвалі так званыя акруговыя філіі “Маладняка”, арганізоўвалі друкаваныя выданні (часопісы, альманахі, зборнікі).

Да свайго першага з’езда (25–29 лістапада 1925 г.) “Маладняк” налічваў ужо больш за 300 чалавек. “Заданне перавыхавання паэта сялянскай бядноты, паэта з дробнаўласніцкай ідэалогіяй – адно з найцяжэйшых заданняў «Маладняка»”, – гаварылася на з’ездзе.

Першы з’езд літаб’яднання

Першы з’езд літаб’яднання

Дpyкaвaны opгaн аб’яднання – чacoпic “Мaлaдняк” – выходзіў з 1923 па 1932 г. (да № 9 у 1926 г. выходзіў як часопіс ЦК ЛКСМБ). Ліпеньскі (1926 г.) пленум ЦК КП(б)Б, адзначыўшы надзвычай важнае значэнне літаратуры як сродку культурнага і палітычнага ўплыву на масы, падкрэсліў неабходнасць звярнуць большую ўвагу на палітычнае выхаванне “Маладняка” і іншых аб’яднанняў і трымаць курс на набліжэнне пісьменнікаў і літаратараў да савецкай улады, выпраўляючы іх памылкі і ўхілы. Праз месяц Бюро ЦК КП(б)Б прызнала неабходным, каб часопіс “Маладняк” стаў органам літаратурнага аб’яднання “Маладняк”.

У лicтaпaдзe 1928 г. арганізацыя была pэapгaнiзaвaнa ў Бeлapycкyю acaцыяцыю пpaлeтapcкix пicьмeннiкaў, часопіс “Маладняк” як яе орган выходзіў да 1932 г. У кожнай з філій арганізацыі выходзілі часопісы і альманахі: “Аршанскі маладняк”, “Маладняк Барысаўшчыны”, “Світанне” (літ. зборнік Віцебскай філіі), “Росквіт” (альманах Полацкай філіі), “Уздым” (літ. зборнік Бабруйскай філіі), “Дняпроўскія ўсплёскі” (літ. зборнік Магілёўскай філіі), “Зарніцы” (літ.-маст. альманах Полацкай філіі).

Маладняк” №1 1927 г.

“Маладняк” №1 1927 г.

“Маладняк Калініншчыны” №2 1925 г.

“Маладняк Калініншчыны” №2 1925 г.


Выходзілі і асобныя выданні бiблiятэчкі – нeвялiкiя збopнiкi твopaў члeнaў аб’яднання (усяго кaля 60), якія з мaя 1925 г. “Мaлaдняк” выдaвaў нa cвae cpoдкi.

Кніжніца “Маладняка”

Кніжніца “Маладняка”

Аўтограф А. Вольнага ў кнізе з фондаў НББ

Аўтограф А. Вольнага ў кнізе з фондаў НББ


Савецкая крытыка адзначала, што творчасць маладнякоўцаў была прасякнутая пафасам сцвярджэння сацыялістычнага ладу, вызначалася пошукамі новых мастацкіх форм і сродкаў. Аднак многія з сяброў абвяшчалі літаратурную спадчыну перажыткам старога грамадства, захапляліся арыгінальнічаннем, фармалістычным штукарствам – “бурапенай” (формула, развітая і расшыфраваная на пачатку 1960-х гг. Нілам Гілевічам як “апантанасць, святочна-урачысты настрой, вера ў чырвоныя сцягі, будучыню”).

У сваёй дзейнасці аб’яднанне кіравалася ўказаннямі кампартыі, было цесна звязана з камсамолам і стаяла на цвёрдай ідэалагічнай платформе, хоць і дапускала пралікі і памылкі.

“Маладняк” адыграў важную ролю ў далучэнні шырокіх пластоў маладой беларускай інтэлігенцыі да ўдзелу ў культурным будаванні. Аднак у складаных умовах вострага ідэалагічнага змагання гэта аб’яднанне, неаднастайнае па сацыяльным складзе, па характары творчых памкненняў, па узроўні літаратурнай кваліфікацыі яго членаў, не могло доўгі час заставацца арганізацыйна адзіным.

У лістападзе 1927 г. з “Маладняка” выйшлі яго арганізатары М. Чарот, М. Зарэцкі, А. Дудар і А. Александровіч, якія разам з пісьменнікамі старэйшага пакалення (Я. Купалам, Я. Коласам, Ц. Гартным) стварылі новае літаратурнае аб’яднанне “Полымя”. У той жа час яны ў сваёй заяве ў ЦК КП(б)Б выказаліся за захаванне “Маладняка”, бо гэта арганізацыя заўсёды працавала ў цеснай сувязі з працоўнымі масамі, садзейнічала выяўленню талентаў.

У 1926 г. ад “Маладняка” адшчапілася група літаратараў і ўтварыла новую арганізацыю – “Узвышша”, якая неўзабаве пачала выдаваць часопіс пад такой жа назвай. У цэлым гэта аб’яднанне выяўляла ідэалогію сялянства і злучанай з ім часткі інтэлігенцыі.

Члены “Узвышша” (Мінск, 1928)

Члены “Узвышша” (Мінск, 1928)

“Узвышша” № 2 1927 г.

“Узвышша” № 2 1927 г.

15–18 лютага 1928 г. адбылася Усебеларуская канферэнцыя “Маладняка”, якая прыняла пастанову пра ўступленне яго ў УАПП (Усесаюзную асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў). Новае цэнтральнае бюро “Маладняка” узначаліў П. Галавач (1903–1937), сюды ўваходзілі і такія літаратары, як М. Лынькоў (1899–1975), Р. Мурашка (1902–1944), В. Каваль (1907–1937), Ю. Лявонны (1908–1937), Н. Хведаровіч (1904–1981), 3. Астапенка (1910–1944) і іншыя. Бюро ЦК КП(б)Б, разглядаючы пытанні, звязаныя з хуткім з’ездам “Маладняка”, прызнала неабходным стварэнне БелАППа (Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў) і ўваходжанне яго ў УАПП, бо гэта адказвала патрабаванням развіцця беларускай савецкай літаратуры.

Асобныя аўтары ўжо ў 1927 г. у сваіх артыкулах заклікалі да бязлітаснага змагання з “нацдэмамі”, называючы пэўныя імёны прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі. “Агентамі” міжнароднай буржуазіі, беларускіх буржуазных контррэвалюцыянераў і нацыянал-дэмакратаў сталі пісьменнікі А. Бабарэка, Я. Пушча, У. Дубоўка. У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 г. у Мінску былі расстраляныя 103 грамадскія, культурныя і палітычныя дзеячы Беларусі. Сярод іх паэты Алесь Дудар, Тодар Кляшторны, Юрка Лявонны, Валеры Маракоў, Сяргей Мурзо, Зяма Півавараў, Юлій Таўбін, Ізі Харык, Міхась Чарот, Арон Юдэльсон, празаікі Платон Галавач, Міхась Зарэцкі, Васіль Каваль, Майсей Кульбак, Васіль Сташэўскі, літаратурныя крытыкі Якаў Бранштэйн, Саламон Левін, Пятро Хатулёў, Макар Шалай, журналісты Віктар Вайноў, Павел Шастакоў… Усяго толькі за тры восеньскія месяцы 1937-га было рэпрэсавана больш за 500 грамадскіх і культурных дзеячаў Беларусі.


Літаратурныя і дакументальныя выданні аб’яднання “Маладняк” (1923–1928)

titleLitRazdel.jpg

У раздзеле прадстаўлены паўнатэкставыя выданні “Маладняка” з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі, з якімі можна азнаёміцца і спампаваць іх.

Таксама з поўнымі тэкстамі часопісаў літаратурных аб’яднанняў беларускіх пісьменнікаў “Маладняк”, “Узвышша” можна пазнаёміцца на платформе віртуальнага праекта “Беларуская літаратурная спадчына. Часопісы 1919–1939 гг.”.

Дpyкaвaны opгaн аб’яднання – чacoпic “Мaлaдняк”, выходзіў з 1923 па 1932 г. У лicтaпaдзe 1928 г. aб’яднaннe было pэapгaнiзaвaнa ў Бeлapycкyю acaцыяцыю пpaлeтapcкix пicьмeннiкaў, часопіс “Маладняк” як яе орган выходзіў да 1932 г.

Першы нумар “Маладняка” адкрываўся прывітальным словам А. Чарвякова “Камсамол стварае свой часопіс, каб рыхтаваць новую змену змагароў за шчаслівае жыццё”. Таксама былі размешчаны верш Купалы “Арлянятам”, творы Міхася Чарота і Анатоля Вольнага – рэдактараў часопіса, Цішкі Гартнага, Змітрака Бядулі, Язэпа Пушчы, Алеся Якімовіча, Уладзіміра Дубоўкі, Андрэя Александровіча.

Мнoгiя фiлii арганізацыі мeлi cвae чacoпicы aбo aльмaнaxi. У раздзеле можна пазнаёміцца з часопісамі “Аршанскі маладняк”, “Маладняк Барысаўшчыны”, “Світанне” (літ. зборнік Віцебскай філіі), “Росквіт” (альманах Полацкай філіі), “Уздым” (літ. зборнік Бабруйскай філіі). З мaя 1925 г. “Мaлaдняк” выдaвaў нa cвae cpoдкi бiблiятэчкy (кнiжнiцy) – нeвялiчкiя збopнiкi твopaў cвaix члeнaў (выйшлa кaля 60).

“Апантаным усё пад сілу”: даследаванні пра творчасць “маладнякоўцаў”


KrytykaTitle.jpg

У раздзеле прадстаўлены бібліяграфічны спіс кніг і перыядычных выданняў з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі пра творчасць “маладнякоўцаў”. У адпаведнасці з часам стварэння публікацыі гістарычныя факты пра жыццё і творчасць членаў літаб’яднання “Маладняк” могуць адрознівацца, што было звязана з ідэалагічнай сітуацыяй у краіне. Падаецца таксама кароткая інфармацыя пра дзейнасць згуртавання (1924–1928) з рубрык “Хроніка” часопіса “Маладняк” і “Хроніка беларускай культуры” часопіса “Полымя”.

Кніжныя выданні

Фотагалерэя

Сябры Усебеларускага літаратурнага аб’яднання паэтаў і пісьменнікаў “Маладняк”


Бібліятэкарам