ГалоўнаяНавіныДа 100-годдзя літаб'яднання "Маладняк"
У бібліятэцы абмеркавалі патрыятычнае выхаванне беларусаў
Канферэнцыя “Віцебскі край”, прысвечаная Году гістарычнай памяці

У Цімкавічах ушанавалі памяць Кузьмы Чорнага

У Цімкавічах ушанавалі памяць Кузьмы Чорнага
Іншыя навіны

22 лістапада ўдзельнікі віртуальнага праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця” наведалі літаратурна-музычную імпрэзу “Пісьменнік вялікай душы”, прымеркаваную да дня ўшанавання памяці класіка беларускай прозы Кузьмы Чорнага (1900–1944).

Мерапрыемства традыцыйна праводзілася ў аграгарадку Цімкавічы Капыльскага раёна, на радзіме пісьменніка. Менавіта ў гэтых мясцінах вучыўся і гадаваўся будучы празаік. Імпрэза “Пісьменнік вялікай душы” была арганізавана Літаратурным музеем Кузьмы Чорнага і Цімкавіцкай сельскай бібліятэкай у межах сумеснага выхаваўчага праекта “Каб любіць свой край, трэба перш за ўсё яго ведаць”. Сустрэча адбылася ў Цімкавіцкай сярэдняй школе імя Кузьмы Чорнага, таму асноўнай аўдыторыяй сталі вучні старэйшых класаў, настаўнікі, таксама былі запрошаны прадстаўнікі Капыльскай раённай газеты “Слава працы”.

З прывітальным словам да гледачоў звярнуўся дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Сяргей Усік, які адзначыў важнасць і неабходнасць мерапрыемстваў такога кшталту для выхавання моладзі.

1-Kuzma-Chorny.jpg

Галоўны бібліёграф Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (НББ) Юлія Амосава пазнаёміла вучняў з віртуальнай экспазіцыяй, прысвечанай Кузьме Чорнаму ў рамках праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”. У даступнай форме былі прадстаўлены цікавыя факты з жыцця і творчасці пісьменніка, фотаздымкі яго родных і сяброў, фота асабістых рэчаў Кузьмы Чорнага, яго рукапісы і малюнкі. Вучні даведаліся, што праект дае магчымасць, не выходзячы з дома, чытаць алічбаваныя прыжыццёвыя выданні пісьменніка – кнігі з фондаў НББ, якім ужо амаль 100 гадоў. Увазе прысутных быў прадстаўлены каштоўны экспанат праекта – аўдыязапіс голасу празаіка, датаваны 1942 годам, алічбаваны бібліятэкай з магнітнай стужкі, захаванай у фондах Літаратурнага музея Кузьмы Чорнага.

3-Kuzma-Chorny.jpg

Тэму праектнай дзейнасці падтрымала загадчыца аддзела бібліятэказнаўства Мінскай абласной бібліятэкі імя А.С. Пушкіна Таццяна Лаўрык. Яна прэзентавала вучням новы праект “Пісьменнікі – ураджэнцы роднага краю”, які ўстанова рэалізуе сумесна з публічнымі бібліятэкамі Міншчыны і шэрагам партнёраў. Таццяна Анатольеўна запрасіла школьнікаў прыняць удзел у арганізаваным бібліятэкай анлайн-конкурсе чытальнікаў “Пад зоркай Венеры”, прымеркаваным да дня нараджэння Максіма Багдановіча.

4-Kuzma-Chorny.jpg

Уразіла прысутных выступленне загадчыцы Літаратурнага музея Кузьмы Чорнага Людмілы Ніжэвіч. Людміла Іосіфаўна прэзентавала ліст і паштоўку пісьменніка, якія ён адправіў 6 жніўня 1944 года сваёй сястры Марыі ў Цімкавічы. Лісты прасякнуты трывогай Кузьмы Чорнага за жыццё і здароўе родных, напоўнены надзеяй на хуткую сустрэчу. Каштоўныя экспанаты, якія захаваліся дзякуючы сястры пісьменніка, перадаў у дар Літаратурнаму музею Кузьмы Чорнага былы дырэктар Слуцкай гімназіі Мікалай Іванавіч Хілько. Цяпер ліст і паштоўку можна будзе ўбачыць не толькі ў музейнай экспазіцыі, але і ў фотагалерэі віртуальнага раздзела, прысвечанага пісьменніку ў межах праекта НББ “На хвалі часу, у плыні жыцця”. Нагадваем, што ў праекце даступны поўныя тэксты 11 артыкулаў Людмілы Ніжэвіч, алічбаваныя і размешчаныя з дазволу аўтара. З іх кожны можа даведацца пра жыццё музея з 1994 года да нашых дзён.

5-Kuzma-Chorny.jpg

Кузьма Чорны вядомы як празаік, аўтар апавяданняў, аповесцей і раманаў, але ў спадчыне пісьменніка ёсць і адзіны верш “Роднае поле” пра вольную працу на вольнай зямлі, надрукаваны ў 1923 годзе. Падчас імпрэзы гэты верш прагучаў у выкананні вучня 6 класа Цімкавіцкай сярэдняй школы Арсенія Дразда.

6-Kuzma-Chorny.jpg

Мерапрыемства суправаджалася выстаўкай кніг Кузьмы Чорнага з фондаў Цімкавіцкай сельскай бібліятэкі, падрыхтаванай яе загадчыцай Вольгай Радкевіч, вядучай і адной з арганізатараў імпрэзы “Пісьменнік вялікай душы”.

11-Kuzma-Chorny.jpg

Цёплую атмасферу надалі сустрэчы музычныя нумары: у выкананні настаўніцы па класе цымбалаў Цімкавіцкай дзіцячай школы мастацтваў Веранікі Зянько прагучалі “Лірычны напеў” кампазітара Р. Целяпнёва і “Мой родны кут” І. Лучанка.

12-Kuzma-Chorny.jpg

Прыемным дапаўненнем да праграмы візіту на радзіму Кузьмы Чорнага сталі пазнавальныя экскурсіі па мясцовых бібліятэках, арганізаваныя для ўдзельнікаў праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”: госці наведалі Цімкавіцкую сельскую бібліятэку, Капыльскую цэнтральную раённую бібліятэку імя А. Астрэйкі і Капыльскую дзіцячую бібліятэку. Калегі з гэтых устаноў пакінулі ўражанні сапраўдных прафесіяналаў, шчыра адданых сваёй справе.

9-Kuzma-Chorny.jpg
Скульптурны партрэт Кузьмы Чорнага работы Заіра Азгура ў Цімкавіцкай сярэдняй школе

Выказваем падзяку ўсім арганізатарам мерапрыемства “Пісьменнік вялікай душы”, установам культуры Капыля і Цімкавіч і жадаем ім далейшых поспехаў! Ініцыятывы па ўшанаванні памяці землякоў – наш абавязак, тая годная справа, якая робіць нас лепшымі.

Матэрыял падрыхтаваны галоўным бібліёграфам інфармацыйна-аналітычнага аддзела Юліяй Амосавай.
Фотаздымкі Таццяны Лаўрык (на першым – удзельнікі імпрэзы з калегамі з Капыльскай дзіцячай бібліятэкі).

Навіны

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам