ГалоўнаяНавіныДа 100-годдзя літаб'яднання "Маладняк"
Экскурсія для Першамайскай раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў
Прэзентацыя кнігі Ігара Марзалюка “Сімвалы беларускай вечнасці: гісторыя сімвалаў беларускай дзяржаўнасці”

Бібліятэка віншуе са 100-годдзем літаратурнага аб’яднання “Маладняк”!

Бібліятэка віншуе са 100-годдзем літаратурнага аб’яднання “Маладняк”!
Іншыя навіны

29 лістапада ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася літаратурная імпрэза “На хвалі «Маладняка»”, прымеркаваная да 100-годдзя ўтварэння Усебеларускага літаратурнага аб’яднання паэтаў і пісьменнікаў “Маладняк” (1923–1928).

Роўна 100 гадоў прайшло з таго сцюдзёнага вечара 28 лістапада 1923 года, калі ў мінскім камсамолькім клубе “КІМ” сабраліся шэсць маладых пісьменнікаў – Міхась Чарот, Анатоль Вольны, Алесь Дудар, Андрэй Александровіч, Адам Бабарэка, Язэп Пушча – і вырашылі стварыць літаратурнае аб’яднанне. З цягам часу суполка перарасла ў абсалютна ўнікальнае згуртаванне, якое зрабіла рэвалюцыю ў беларускай літаратуры. Маладнякоўцы сталелі, праходзілі эпохі, мяняліся пакаленні, з’яўляліся новыя маладыя аўтары… Сёння, з вышыні перажытых часоў, нібы праз павелічальнае шкло, бачная тая вялікая справа, якая была некалі распачата сябрамі літаб’яднання і плён якой мы, сучасныя беларусы, можам ацаніць і зберагчы.

Na_chvaliach_Maladniaka-4.jpg

На мерапрыемстве ў цёплай атмасферы сяброўскай сустрэчы былі падведзены вынікі сумеснага маштабнага праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”. “Праект чатырох” распачалі яшчэ ў 2019 годзе чатыры ўстановы-партнёры: Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва і Выдавецкі дом “Звязда”. У імпрэзе ўзялі ўдзел супрацоўнікі музеяў, архівісты, літаратуразнаўцы, выкладчыкі, прадстаўнікі СМІ.

Na_chvaliach_Maladniaka-2.jpg

З прывітальнымі словамі да прысутных звярнуўся Вадзім Гігін, генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Ён абазначыў ролю літаратурнага аб’яднання “Маладняк” у кантэксце беларускай гісторыі.

Віншаванні з “маладнякоўскім” юбілеем і словы падзякі партнёрам праекта выказаў Сяргей Усік, дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Да 100-гадовага юбілею згуртавання 28 лістапада Музей гісторыі беларускай літаратуры адкрыў літаратурна-мастацкую выстаўку “Бурлівага лёту сляды незмярымы”.

Na_chvali_Maladniaka-6.jpg

Пра асаблівасці экспазіцыі, выкананай у духу супрыматызму, які вельмі адпавядае “бурапеннасці” маладнякоўцаў, распавяла Ірына Князева, куратар экспазіцыі, старшы навуковы супрацоўнік навукова-экспазіцыйнага аддзела музея.

Na_chvali_Maladniaka-3.jpg

Выстаўка стваралася сумесна з фондамі ўстаноў-партнёраў, таму сярод экспанатаў наведвальнікі могуць убачыць прыжыццёвыя выданні маладнякоўцаў і часопісы з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі, супрацоўнікі якой таксама ўзялі ўдзел ў мерапрыемстве, павіншаваўшы партнёраў з адкрыццём цудоўнай экспазіцыі.

Na_chvali_Maladniaka-7.jpg
Фрагменты выстаўкі “Бурлівага лёту сляды незмярымы”.
Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры. 28.11.2023 г.

Цікава, што імпрэза ў Нацыянальнай бібліятэцы праходзіла на фоне выстаўкі інсітнага мастацтва “Адтуліны-адсюліны”, частка твораў якой належыць аўтарству Ірыны Князевай. З творчасцю Ірыны Расціславаўны можна азнаёміцца да 10 снежня на выстаўцы ў галерэі “Лабірынт”.

Вельмі прыемна, што на мерапрыемстве сабраліся людзі, якія, як некалі і маладнякоўцы, захоплены сваёй справай, творчасцю, шмат гадоў зберагаюць, даследуюць і папулярызуюць спадчыну нашых пісьменнікаў. На імпрэзе прагучала выступленне Ганны Запартыка, ганаровага архівіста Беларусі, чалавека, які стаяў ля вытокаў праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”. Ганна Вячаславаўна распавяла пра вядомы “маладнякоўскі” фонд № 225 Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, дзе захоўваюцца дакументы ўдзельнікаў згуртавання.

Na_chvali_Maladniaka-8.jpg

Сёлета Нацыянальная бібліятэка падрыхтавала віртуальны раздзел праекта, прысвечаны 115-годдзю з дня нараджэння паэткі і перакладчыцы Яўгеніі Пфляўмбаўм (1908–1996). На імпрэзе новы рэсурс прэзентавала Юлія Амосава, галоўны бібліёграф інфармацыйна-аналітычнага аддзела.

Na_chvali_Maladniaka-5.jpg

У юбілейны год “Маладняка” была здзейснена важная справа: пабачыла свет трохкніжжа выбраных вершаў беларускіх паэтак-маладняковак Наталлі Вішнеўскай, Зінаіды Бандарынай і Яўгеніі Пфляўмбаўм. Кнігі былі апублікаваны ў межах выдавецкай ініцыятывы “Пфляўмбаўм” і сталі вынікам шматгадовай працы літаратуразнаўцаў. Пра падрыхтоўку кніг распавяла адна з іх укладальніц, шматгадовы партнёр праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця” Аксана Данільчык, паэтка, перакладчыца, кандыдат філалагічных навук. Аксана Аляксееўна таксама паведаміла пра невядомыя вершы Яўгеніі Пфляўмбаўм, якія ёй удалося знайсці ў нашай электроннай калекцыі “Беларуская літаратурная спадчына. Часопісы 1919–1939 гг.”.

Na_chvali_Maladniaka-9.jpg

Грунтоўнае падсумаванне ўсяго літаратурнага працэсу 1920-х гадоў, разважанні пра ролю “Маладняка” і значэнне творчасці маладнякоўцаў прагучалі ў выступленні Ірыны Багдановіч, паэткі, кандыдата філалагічных навук, дацэнта, старшага навуковага супрацоўніка Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі. Ірына Эрнстаўна ўнесла значны ўклад у праект, была сябрам журы літаратурных конкурсаў, стварыла артыкул пра жыццёвы і творчы шлях Уладзіміра Дубоўкі, які адкрывае віртуальны раздзел пра пісьменніка.

Na_chvali_Maladniaka-10.jpg

Па добрай традыцыі імпрэзу аздобілі творчыя выступленні народнага літаратурнага тэатра “Жывое слова” Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка пад кіраўніцтвам Алесі Сівохінай. У выкананні артыстаў душэўна і пранікнёна гучалі вершы Яўгеніі Пфляўмбаўм, Уладзіміра Дубоўкі, Уладзіміра Жылкі, Язэпа Пушчы.

Na_chvali_Maladniaka-11.jpg

Нацыянальная бібліятэка выказвае словы шчырай падзякі кожнаму, хто далучыўся да праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”, – нашым партнёрам, даследчыкам і аўтарам, сябрам журы літаратурных конкурсаў і іх шматлікім удзельнікам, нашым калегам і сябрам! Віншуем з прыгожым “маладнякоўскім” юбілеем!

Na_chvaliach_Maladniaka-1.jpg

Матэрыял пададзены інфармацыйна-аналітычным аддзелам.

Навіны

13–19 мая 1944 года. 16 тыдняў да Вызвалення

14 Май 2024

Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Штотыдзень са студзеня па жнівень 2024 года на партале Нацыянальнай бібліятэкі публікуюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944 года, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей таго часу.

Праект “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

Вакальна-інструментальныя жанры ў творчасці беларускіх кампазітараў

13 Май 2024

8 мая ў зале нотных і аўдыявізуальных дакументаў адбылася завяршальная лекцыя з цыкла “Творы сучасных беларускіх кампазітараў у кантэксце гісторыі еўрапейскай музыкі”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

ХХХ Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні “Духоўная і свецкая адукацыя: гісторыя і перспектывы ўзаемадзеяння”

10 Май 2024

16–17 мая ў Мінску адбудуцца ХХХ Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні “Духоўная і свецкая адукацыя: гісторыя і перспектывы ўзаемадзеяння (да 20-годдзя Інстытута тэалогіі БДУ)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Падведзены вынікі XXXII Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”

8 Май 2024

7 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы ў анлайн-рэжыме адбылося пасяджэнне журы па падвядзенні вынікаў XXXII Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Памятаем і шануем!

8 Май 2024

Напярэдадні 9 Мая і ў год 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, прадстаўнікі бібліятэкі правялі рэстаўрацыю і ўборку пахаванняў супрацоўнікаў, якія работалі ва ўстанове ў даваенны і пасляваенны перыяды.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам