Жыццё, як шаша за сінечаю лесу,
Надмерная далеч да ўсцешнай мяжы,
Імгненне між сённім і заўтрашнім стрэсам,
Якое ты з годнасцю мусіш пражыць.

І дрэвы твае у лістах адцвітання,
І вецер зрывае часцей галаву,
Але падымае цябе на світанні
Той боль, што чамусьці любоўю завуць.

“Жыццё, як шаша за сінечаю лесу”.
Яўгенія Пфляўмбаўм


Яўгенія Пфляўмбаўм у 1920-я гг.

Яўгенія Пфляўмбаўм у 1920-я гг. З фондаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі

Думкі і разважанні аб жыцці і смерці чалавека, шчырая споведзь душы, магутная паэтычная энергія, колеравая разнастайнасць, камернасць паэтычнага свету, эмацыянальная стрыманасць і высакароднасць… Усё гэта злучана ў вершах беларускай паэткі Яўгеніі Пфляўмбаўм. Таленавітая, інтэлігентная, тонкая і далікатная, яна з годнасцю прайшла па няпростай жыццёвай дарозе і па яшчэ больш звілістай творчай сцежцы. Гэта быў яе асабісты, унікальны шлях поўнага забыцця і яскравага, нібы сонечная ўспышка, вяртання, творчага ўздыму, які напаткаў яе на закаце жыцця.

Яўгенія Эргардаўна Пфляўмбаўм нарадзілася 1 лістапада 1908 года ў Мінску, але мела нямецкае паходжанне па бацькоўскай лініі, якое заўсёды падкрэслівала яе “матыльковападобнае”, незвычайнае для беларусаў прозвішча. Немцы былі адной з самых старажытных меншасцей на тэрыторыі Беларусі, хвалі іх міграцый назіраліся на працягу некалькіх стагоддзяў, пачынаючы з часоў Полацкага княства. З другой паловы ХIХ стагоддзя і да Першай сусветнай вайны ў беларускай сталіцы дзейнічалі цэлыя нямецкія калоніі, пра існаванне якіх сведчаць сучасныя вуліцы Карла Лібкнехта і Розы Люксембург, дзе некалі размяшчалася Лютэранскае прадмесце (Пляшчанка) — гістарычны раён Мінска.

Бацька Яўгеніі, Эргард Карлавіч Пфляўмбаўм, чыгуначнік, быў з ліку запрошаных у Мінск немцаў, якія працавалі ў мінскім дэпо на Беларуска-літоўскай чыгунцы. Маці будучай паэткі, Алена Кандратаўна Лагун, была родам з Сенніцы пад Мінскам і займалася хатняй гаспадаркай. Будучы сіратой, яна гадавалася ў дзядзькі, саромелася сваёй непісьменнасці, авалодаць граматай так і не здолела, але, па ўспамінах дачкі, “наўздзіў хутка навучылася нямецкай мове”. Захаваліся звесткі, што Алена Кандратаўна была цудоўнай спявачкай народных песень, пра што сведчыць верш дачкі “Матчын спеў”, дзе яна захапляецца выканальніцкім майстэрствам маці.

Эргард Карлавіч не быў прыкладам добрага сем’яніна, любіў выпіць. Не вытрымаўшы, Алена Кандратаўна забрала дзяцей, Яўгенію і яе старэйшага брата Аляксея, і сышла з дому. Прыходзілася цяжка, не хапала грошай. Маці здымала кватэру, асобныя пакоі якой здавала адзінокім людзям. Пазней Алена Кандратаўна выйшла замуж за свайго кватаранта Уладзіміра Рафаілавіча Сакалоўскага, выкладчыка фізікі, дырэктара сярэдняй школы № 1 г. Мінска. Ён стаў сапраўдным бацькам дзецям, займаўся іх выхаваннем і адукацыяй. Успамінаючы яго, Яўгенія Пфляўмбаўм адзначала, што “ён не толькі выкладаў, але, валодаючы літаратурнымі здольнасцямі, перакладаў на беларускую мову падручнікі для школы, вёў грамадскую работу”. Менавіта айчым паспрыяў цікавасці юнай Жэні да літаратуры і роднага слова, заахвочваў яе першыя паэтычныя эксперыменты: “Пад яго ўплывам я пачала спачатку чытаць, а потым і пісаць па-беларуску”, — адзначала яна.

Складаць вершы Яўгенія пачала рана: ужо ў пачатку 1920-х гадоў на старонках перыядычнага друку чытачам упершыню адкрылася невымоўнае прозвішча Пфляўмбаўм, за якім стаяла зусім юная шаснаццацігадовая дзяўчына. Як устанавіла вядомы бібліёграф Ніна Ватацы, літаратурны дэбют Жэні адбыўся ў 1925 годзе, калі ў газеце “Савецкая Беларусь” выйшаў яе верш “Пялёсткі восені”, аднак некаторыя творы пачынаючай паэткі датаваны яшчэ 1924 годам.

Захапленне літаратурай вызначыла і выбар прафесіі: у 1923 годзе пасля заканчэння сталічнай сярэдняй чыгуначнай школы Яўгенія паступіла ў Мінскі беларускі педагагічны тэхнікум. Гэта навучальная ўстанова была сапраўды ўнікальнай і адыграла значную роль у нацыянальным адраджэнні, у 1920—1930-ыя гады яна займала вядучыя пазіцыі ў краіне па падрыхтоўцы педагагічых кадраў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, а яе выпускнікі былі запатрабаваны ва ўсёй рэспубліцы.

Будынак былога рэальнага вучылішча, дзе размяшчаўся Мінскі беларускі педагагічны тэхнікум на вуліцы Захар’еўскай(з 1922 г. — вуліца Савецкая, цяпер — праспект Незалежнасці). Фота з інтэрнэт-крыніц

Будынак былога рэальнага вучылішча, дзе размяшчаўся
Мінскі беларускі педагагічны тэхнікум на вуліцы Захар’еўскай
(з 1922 г. – вуліца Савецкая, цяпер – праспект Незалежнасці).
Фота з інтэрнэт-крыніц

У тэхнікуме выкладалі Якуб Колас, Язэп Лёсік, літаратуразнавец і фалькларыст Міхаіл Піятуховіч і іншыя. Ва ўстанове ў розныя гады вучыліся вядомыя беларускія пісьменнікі, у тым ліку маладнякоўцы: Пятро Глебка, Валерый Маракоў, Зінаіда Бандарына, Рыгор Крушына, Андрэй Александровіч, Станіслаў Шушкевіч, Сяргей Дарожны і іншыя. На адным курсе з Яўгеніяй Пфляўмбаўм вучыўся паэт Паўлюк Трус.

У 1924 годзе пры тэхнікуме быў заснаваны культурна-асветніцкі клуб, у якім праходзілі творчыя сустрэчы, ставіліся спектаклі, спяваў студэнцкі хор, арганізоўваліся літаратурныя вечарыны, дзе маладыя аўтары з ліку студэнтаў чыталі свае творы. Вельмі значным і хвалюючым для навучэнцаў было тое, што сустрэчы наведвалі вядомыя пісьменнікі — Змітрок Бядуля, Міхась Чарот і нават сам Янка Купала, які любіў бавіць час сярод творчай моладзі і падтрымліваць аўтараў-пачаткоўцаў.

У нешматлікіх інтэрв’ю Яўгенія Пфляўмбаўм ахвотна ўспамінала свае шчаслівыя маладыя гады, вучэбныя будні: “Вучыцца ў тэхнікуме было цікава. Мы часта выступалі з вершамі перад рабочай і вайсковай аўдыторыямі. Мне гэта давалася нялёгка, не хапала смеласці. З захапленнем слухала лекцыі Якуба Коласа, нават правялі «Суд над Лабановічам», у якім я атрымала ролю абаронцы. Канстанцін Міхайлавіч слухаў гэтае «шоу» і з усмешкаю, і не без гаркоты”.

Хутка літаратурныя здольнасці Жэні Пфляўмбаўм заўважылі, і прафесар Міхаіл Піятуховіч прапанаваў ёй уступіць у літаб’яднанне “Маладняк”, абмінуўшы членства ў студыі згуртавання, якое лічылася абавязковым.

Анкета дэлегата першага Усебеларускага з’езда “Маладняка”

Анкета дэлегата першага Усебеларускага з’езда “Маладняка”
Яўгеніі Пфляўмбаўм. 1925 г.
З фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва

Валерый Маракоў, Янка Бобрык і Яўгенія Пфляўмбаўм гартаюць кніжкі бібліятэчкі “Маладняка”. Мінск, 1925 г. З фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва

Валерый Маракоў, Янка Бобрык і Яўгенія Пфляўмбаўм гартаюць
кніжкі бібліятэчкі “Маладняка”. Мінск, 1925 г.
З фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і
мастацтва

У “Маладняку” інтэлігентную дзяўчыну з своеасаблівай паэтычнай манерай, у якой ужо тады праглядаў літаратурны талент, вылучылі сярод іншых і выбралі ў склад бюро Мінскай філіі літаратурнага аб’яднання. З гэтага часу пачалася актыўная творчая дзейнасць Яўгеніі Пфляўмбаўм, яе вершы ўсё часцей друкаваліся ў газетах “Звязда”, “Савецкая Беларусь”, “Чырвоная змена”, часопісах “Маладняк”, “Полымя”, куды творы маладога аўтара “ахвотна прымаў Цішка Гартны”.

Беларуская інтэлігенцыя. Злева направа: Паўлюк Трус, Яўгенія Пфляўмбаўм, Андрэй Александровіч, Кузьма Чорны. 1924 г. З фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская інтэлігенцыя. Злева направа: Паўлюк Трус, Яўгенія
Пфляўмбаўм, Андрэй Александровіч, Кузьма Чорны. 1924 г.
З фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры

У 1926 годзе ў творчым жыцці васямнаццацігадовай паэткі адбылася важная падзея — выйшаў першы зборнік яе твораў, які ўяўляў сумеснае выданне з сяброўкамі-маладнякоўкамі Зінаідай Бандарынай (1909—1959) і Наталляй Вішнеўскай (1907—1989). Кніга выйшла пад сціплай назвай “Вершы” тыражом 2 000 асобнікаў у серыі “Кніжніца «Маладняка»”. Рэдактарам зборніка выступіў Уладзімір Дубоўка.

Рукописи

З фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Характэрна, што кожная з аўтарак амаль адначасова пачала сваю літаратурную дзейнасць у складзе літаб’яднання “Маладняк”. Дзяўчаты ў згуртаванні рэдкасцю не былі: акрамя Наталлі, Яўгеніі і Зінаіды ў суполку ўваходзілі і іншыя пачынаючыя паэткі — Іда Чырвань, Наля Маркава. Аднак найбольш актыўная і яскравая троіца Бандарына-Вішнеўская-Пфляўмбаўм вылучалася сярод іншых, а творчыя пуцявіны сябровак аб’яднаў унікальны для жаночай маладнякоўскай паэзіі сумесны зборнік вершаў. Нягледзячы на агульную дзейнасць, мэты і захапленне паэзіяй, дзяўчаты вельмі адрозніваліся па характарах, рысах натуры. Каштоўныя ўспаміны пра першую сустрэчу з імі на агульным сходзе “маладнякоўцаў” пакінуў Алесь Звонак: “Былі на тым пасяджэнні, ці сходзе, «Маладняка» і нашы мілыя дзяўчаты-паэтэсы: высокая, прыгожая, з жывымі і крыху іранічнымі вачыма Жэня Пфляўмбаўм; невялічкая, бялявая, гаваркая, жыццярадасная і зусім маладзенькая Зіна Бандарына; задумённая, з блакітнымі вачыма і залатымі косамі, скручанымі ззаду ў вузел, паўнаватая і рослая, спакойная і разважлівая Наташа Вішнеўская, якая праз некалькі гадоў маладнякоўскай дружбы стала маёй добраю сяброўкаю і жонкаю…”.

Кніга маладых паэтак атрымала даволі добрыя, абнадзейлівыя водгукі крытыкаў, якія выказвалі прыязнасць да творчасці “маладняковак” і давалі гарантыі іх поспехаў у будучым. Напрыклад, Антон Луцкевіч напісаў наступнае: “…адзначым адну вельмі прыемную праяву, якой з’яўляецца зборнічак вершаў трох маладых пяснярак: З. Бандарынай, Н. Вішнеўскай і Я. Пфляўмбаўм. Наша паэзія мае надта мала жаноцкіх найменняў. Апрача Цёткі ды Буйлянкі — бадай нікога больш з жанок не бачылі мы на нашым адраджэнскім Парнасе. Дык тым прыемней адзначыць уваход на Парнас беларускі гэтых трох паэтак”.

Паралельна з творчасцю Яўгенія працягвала і сваю адукацыю: скончыўшы тэхнікум, яна “адважылася на конкурс” і паступіла на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта ўніверсітэта, які скончыла ў 1929 годзе. Пасля расфарміравання “Маладняка”, якое адбылося ў 1928 годзе, Пфляўмбаўм уваходзіла ў Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў (БелАПП), у тым ліку ў яе кіраўніцтва.

Канферэнцыя “Маладняка”, люты 1928 г. У другім радзе пятая справа Яўгенія Пфляўмбаўм. З фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва

Канферэнцыя “Маладняка”, люты 1928 г.
У другім радзе пятая справа Яўгенія Пфляўмбаўм.
З фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і
мастацтва

Максім Лужанін у 1928 г.
З фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і
мастацтва

Да гэтага перыяду адносіцца лёсавызначальная сустрэча Яўгеніі з Максімам Лужаніным (сапраўднае імя — Алесь Каратай, 1909—2001), маладым, перспектыўным паэтам, які таксама ўваходзіў у згуртаванне “Маладняк”. Яны пазнаёміліся яшчэ ў 1925 годзе, доўга прыглядаліся адзін да аднаго, а ў жніўні 1931-га пабраліся шлюбам:

“Я маладая… мяне кахаюць…
Мне спеў квітнее на шчырых вуснах.
Ў вачох не знойдзеш журбы спакуснай,
Я маладая… мяне кахаюць.

Я маладая… кахаю шчыра
Бліскучы погляд яго вачэй;
І плынню срэбнай мой смех цячэ,
І шчасцем светлым пачуцці шырыць”.

“Я маладая…” (1926)

Яўгенія Пфляўмбаўм.

Яўгенія Пфляўмбаўм, без даты.
З фондаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі

Сустрэча паэтаў, злучэнне іх лёсаў стала новай кропкай адліку ў жыцці і творчасці Яўгеніі Пфляўмбаўм і паўплывала на ўвесь яе далейшы шлях, які яна прайшла рука аб руку з мужам. Да 1930-х гадоў яе жыццё было яскравым і шчаслівым, натхняльным і шматабяцальным, зразумелым і гарманічным. Ранні літаратурны дэбют у 16 гадоў, першы зборнік у 18, прызнанне крытыкаў і ўваход у буйны літаратурны свет, знаёмствы і сустрэчы з вядомымі пісьменнікамі, кіраўнічыя пасады ў вядучых літаб’яднаннях і давер старэйшых таварышаў, шчырае, сапраўднае каханне…

Здавалася, што яе чакае цудоўная будучыня, паспяховы літаратурны шлях, асабістае шчасце… Па словах Яўгеніі, “былі ва ўсіх нас вялікія планы і спадзяванні, не было краю і межаў нашай маладой энергіі…”. Але жыццё пайшло па іншым сцэнарыі, які ў 1930-я гады стаў агульным для многіх сучаснікаў Яўгеніі Пфляўмбаўм.

Неўзабаве пачаўся перыяд рэпрэсій, арышты… Не ўратаваўся і Максім Лужанін: у верасні 1933 года ён быў адпраўлены па этапе ў сібірскі горад Марыінск Томскі Кемераўскай вобласці, куды яго саслалі на два гады. Яўгенія засталася адна. Яе звольнілі з работы ў газеце “Звязда”, з Кніжнай палаты пры Дзяржаўнай бібліятэцы БССР (сучаснай Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі), дзе яна працавала бібліёграфам, рэдагавала “Летапіс беларускага друку”. Нягледзячы на забароны, жанчына прымае цвёрдае рашэнне ехаць услед за мужам і збіраецца ў доўгі шлях, як некалі самаахвярныя жонкі дзекабрыстаў.

Каб дастаць грошы і набыць білет на цягнік, Яўгенія была вымушана прадаць уласную бібліятэку з унікальнымі выданнямі, якія збірала разам з мужам некалькі гадоў. Кнігі ў яе купіла Акадэмія навук БССР.

Да нашага часу ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі захавалася перапіска Яўгеніі Пфляўмбаўм і Максіма Лужаніна 1930-х — сярэдзіны 1940-х гадоў, якая ўпершыню была апублікавана ў часопісе “Нёман” у 2011 годзе. На старонках ажывае гісторыя іх кахання, сустрэчы і раставанні, мары і надзеі, адчай і вера, цеплыня і пяшчота. Усплываюць падзеі, узгадваюцца імёны, адчуваецца трывога эпохі, цяжкія абставіны, якія толькі ўзмацнялі пачуццё родных людзей і іх імкненне штодня чуць адзін аднаго. Так, у лісце Максіма Лужаніна ад 15 кастрычніка 1933 года чытаем наступнае: “Прости мне письмо это. Глупое оно, без нужного слова тебе, но через рассуждения про нашу жизненную прозу услышишь ты тревогу мою о тебе — жизни — ты все, чем живу, о чем мои мысли и каждое движение.

Разве эта разлука, это расстояние могут что-то значить. Они бессильны, им не добраться до нас, до тебя, яркого, южного цветка, который <…>, светит в морозной дали, ведет, держит меня”.

У лісце ад 26 кастрычніка 1933 года Яўгенія адказвае: “Так хочется знать, что ты ближе хоть на сотню километров. Разлуки для нас нет. Ты же это понимаешь. Мы сделались такими близкими, как никогда, нигде, даже в мечтах”.

У чужым сібірскім горадзе Марыінск Томскі, куды Яўгенія Пфляўмбаўм прыехала ў студзені 1934 года, прыходзілася няпроста. Кавалак хлеба і дах над галавой ужо здаваліся ўдачай. Вершаў Яўгенія не пісала: працягваць творчасць не дазвалялі абставіны, не было і маральных сіл, не было натхнення. Ужо значна пазней, калі прайшлі гады і суцішыўся боль, у зборніку “Сувой жыцця” (1989) былі апублікаваны радкі 1930-х гадоў, якія захавалі адчуванні паэткі ў тыя часы:

“Халодны свет. Чужой рукой
Я адчыняю браму ў дом свой:
Марыінск Томскі, — новы дом,
І сцюжу гэтага знаёмства
Мне цяжка выславіць радком.
………………………………...
Куток без крэсла, без стала,
І ты, як птушка без крыла.
Халодны горад, школьны дом.
І толькі сіні снег суздром”.

“Марыінск Томскі” (1930-я гг.)

Яўгеніі пашчасціла ўладкавацца на працу ў мясцовую сярэднюю школу, дзе яна выкладала рускую мову і літаратуру і паралельна вяла заняткі ў чыгуначнай школе. У навучальных установах было няпростае становішча: не хапала падручнікаў, даводзілася чытаць уголас ці па чарзе. Дзецям падабалася настаўніца з невымоўным нямецкім прозвішчам, палюбілі Яўгенію і калегі, маці вучняў, якія прыносілі ў школу пірагі з чаромхі, частавалі яе, не ведаючы, што настаўніца “заўсёды галодная, бо зарплата адкладалася на зваротную дарогу”.

Сібір засталася ў памяці Яўгеніі Эргардаўны як цяжкае выпрабаванне, “навука бітвы з ветрам”, дзе яна адчувала сябе “птушкай без крыла”, “чужой у тым кутку”. Аднак з другога боку былі і “шырока расплюшчаныя ад прыплыву новых ведаў і цікавых вестак вочы вучняў, невялікае кола новых знаёмых, калег па працы, якія не цураліся і не асцярожнічалі, запрашалі на цудоўнага смаку пельмені і проста на добрую гаворку…”.

Пасля заканчэння тэрміну высылкі мужа ў 1935 годзе, Яўгенія, якая доўгі час марыла пра зваротную дарогу, адкладаючы кожную капейку, нарэшце стала збірацца назад. На глухой станцыі “Марыінск Томскі” перагружаныя цягнікі спыняліся рэдка, пасажыраў амаль не бралі. І тут зноў дапамаглі добрыя людзі: Змітро Віталін, таксама з ліку сасланых, упрасіў правадніка, каб Яўгенію пасадзілі ў вагон. За цягніком засталіся калегі, вучні, якія прыйшлі праводзіць сваю настаўніцу, засталася галодная і халодная Сібір, яе завеі і ўзлескі, “засталася снежная палоса тайгі…”.

Рукописи

Варыянт верша “Марыінск Томскі”. 1930-я гг. Рукапіс.
З фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і
мастацтва

Нарэшце пачаўся новы этап жыцця, таксама няпросты і трывожны. Яўгенія Пфляўмбаўм і Максім Лужанін прыехалі ў Маскву, дзе ўзніклі новыя цяжкасці: адсутнасць свайго жылля, частыя пераезды, беспаспяховыя пошукі работы. Пасля непрацяглай працы карэктарам у выдавецтве сельскай гаспадаркі, у рэдакцыі газеты “Социалистическое земледелие” нарэшце паэтку прынялі рэдактарам у Абароннае дзяржаўнае выдавецтва (“Оборонгиз”), дзе яна працавала з 1935 па 1945 год. “Работы там было многа, — успамінала Яўгенія Эргардаўна, — і яшчэ ў дадатак мы былі абавязаны вучыць англійскую мову, якая была патрэбна ў прадмовах. Узніклі тут і іншыя праблемы, як кажуць зараз. Мяне кожны дзень клікалі да галоўнага, і я мусіла даводзіць, што ўмею рэдагаваць”. Тым не менш, у выдавецтве яе паважалі не толькі як кваліфікаванага спецыяліста, але і як прамога і адкрытага чалавека, які можа пастаяць за сябе.

Паступова жыццё пачало наладжвацца, сямейнай пары выдзелілі пакойчык у доме для навукоўцаў, у кожнага была стабільная праца, але ў творчым плане Яўгенія па-ранейшаму маўчала… Не магла крывіць душой, не магла падладжвацца пад абставіны і добраахвотна адмовілася ад ушанаванняў, адышла ў цень мужа, пішучы ў стол:

“Тваё пісанне не тавар,
Не ў пару творыкам няздар,
Яно, як кажуць, для душы:
Не можаш не пісаць — пішы,
Вось толькі фальшам не грашы”.

“Як? Жыць з пяра — пісаць на друк?..” (1970-я гг.)

А далей “разгарнула свае чорныя крылы” вайна, якая прынесла новыя выпрабаванні. Зноў напаткала расставанне з мужам: Максім Лужанін ваяваў у Чырвонай арміі пад Сталінградам, а Яўгенія, застаўшыся ў Маскве, здавала кроў для раненых, удзельнічала ў супрацьпаветранай абароне, атрымала званне байца “Охраны порядка НКАП”. У той жа час яна працягвала працу ў рэдакцыі, выязджала ў камандзіроўкі для падрыхтоўкі тэрміновых матэрыялаў.

Адначасова з ваеннымі падзеямі Яўгенію напаткала яшчэ адно гора — памерла маці... “Пасля развітання <…> не было сіл рэдагаваць, працаваць з аўтарамі. Кожны дзень ехала на Ваганькавы могілкі. Расла туга па Беларусі. Мае начальнікі ўрэшце зразумелі, што мяне трэба адпусціць на радзіму”.

Нарэшце ў 1945 годзе Яўгенія Пфляўмбаўм і Максім Лужанін вярнуліся ў зруйнаваны Мінск. Кар’ера Лужаніна хутка пайшла ў гару: ён быў асабістым сакратаром Якуба Коласа, галоўным рэдактарам кінастудыі “Беларусьфільм”, дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР... Адна за другой выдаваліся яго кнігі, уручаліся ўзнагароды і прэміі.

Яўгенія Пфляўмбаўм і Якуб Колас на панадворку яго дома. 1948 г. З фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва

Яўгенія Пфляўмбаўм і Якуб Колас на панадворку яго дома. 1948 г.
З фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і
мастацтва

У той жа час Яўгенія Пфляўмбаўм па-ранейшаму заставалася проста паэтавай жонкай, яго падтрымкай і апорай. Але не пісаць яна ўжо не магла, радкі нібы самі вырываліся з-пад пяра, толькі вершам паэтка давярала нявыказаныя думкі, неагучаныя словы. Пры гэтым яна па-ранейшаму не друкавалася, бо заўсёды памятала матчын запавет: не выносіць вершы на людзі.

“Мае радкі не ўбачаць свету,
Не прагучаць на слых спагадны.
Не буду звацца я паэткай
З сваёю музай непанаднай”.

“Мае радкі не ўбачаць свету…” (1980-я гг.)

Сёння цяжка сказаць, чаму таленавітая паэтка на працягу больш за 60 гадоў, нават у перыяд адлігі, не друкавалася, хавала свае вершы, не паказваючы ні мужу, ні сябрам. Пра гэта існуе шмат супярэчлівых меркаванняў і думак: адны сведчаць, што па характары яна была неамбіцыйнай, раўнадушнай да славы і ўшанаванняў, іншыя лічаць, быццам дзеля мужа ахвяравала сабой. Як адзначае даследчыца маладнякоўскай жаночай паэзіі Аксана Данільчык, “для Яўгеніі Пфляўмбаўм вяртанне магло б адбыцца значна раней, прынамсі, у той самы перыяд, у канцы 1950-х — пачатку 1960-х, для гэтага пачалі ўжо складацца дастаткова спрыяльныя ўмовы. Чаму гэта не адбылося — па прычыне свядомага адыходу ў цень мужа ці з якой іншай прычыны — застаецца тэмай для шматлікіх разважанняў”.

Характэрна, што літаратуразнавец Васіль Дранько-Майсюк лічыць учынак Пфляўмбаўм своеасаблівай творчасцю, называе паэзіяй маўчання і адным з яе, магчыма, самых балючых твораў.

Вядома, што былі спробы апублікаваць вершы Яўгеніі Эргардаўны і раней. Так, аднойчы на лецішчы Лужаніных паэт Аркадзь Куляшоў, з якім сябравала сямейная пара, заўважыў, як гаспадыня несла да вогнішча стос папер, на якіх былі яе вершы. Нечакана выхапіўшы з рук разгубленай Жэні паперы, паабяцаў дапамагчы ёй з публікацыяй зборніка, ужо рыхтаваў уступны артыкул да выдання, але кніга так і не пабачыла свет, бо Аркадзь Аляксандравіч заўчасна пайшоў з жыцця. І зноў вершы Яўгеніі Пфляўмбаўм засталіся на пэўны час “паэзіяй без голасу”, аднак гэты эпізод стаў паваротным момантам у яе творчым жыцці, бо творы час ад часу сталі з’яўляцца ў перыядычным друку.

Канчатковае вяртанне ў літаратурны свет паэткі з нямецкім прозвішчам адбылося толькі ў канцы 1980-х гадоў, калі пад рэдакцыяй сябра сям’і Лужаніных паэта Анатоля Вярцінскага выйшла кніга “Сувой жыцця” (1989), якая змяшчала вершы з 1930-х па 1980-я гады, усё тое, што Яўгенія Эргардаўна дзесяцігоддзямі пісала для сябе, не чакаючы, што калі-небудзь будзе інакш:

“Не вымагаю я ў жыцця —
Пад сонечнай каронаю —
Ані драбіны пачуцця,
Ні яблыка чырвонага.

Не вымагаю ні хвальбы,
Ні віншавальных клічнікаў —
Яны як познія грыбы
Дажджыстага кастрычніка”.

“Не вымагаю я ў жыцця…” (1980-я гг.)

Пазней выйшаў яшчэ адзін зборнік “На захадзе сонца” (1992), які прасякнуты шчырасцю пачуццяў, глыбінёй думак, уласным светаадчуваннем, асабістым шчасцем і пакутамі, разважаннямі пра свой лёс. У асобных вершах адчуваецца акварэльная лёгкасць і святло, у іншых — адзінота, пошукі радасці, расчараванне і крыўда:

“Не, мусіць, не, дараваць не магу я
Тое, чым знішчана доля мая”.

“Ліст арабінавы” (з кнігі “На захадзе сонца”, 1992)

Кнігі Яўгеніі Пфляўмбаўм з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Зборнік “На захахадзе сонца” з аўтографам аўтара ад 19.07.1992 г.

Кнігі Яўгеніі Пфляўмбаўм з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Зборнік “На захадзе сонца” з аўтографам аўтара пісьменніку Барысу Сачанку ад 19.07.1992 г.

Нарэшце разгарнуўся “сувой жыцця”, імя паэтэсы загучала, у 1989 годзе яна стала сябрам Саюза пісьменнікаў СССР. Крытыкі адзначалі, што доўгае маўчанне не пайшло на карысць творчасці, але не маглі не пагадзіцца з тым, што перад імі — сапраўдны талент. Калі адбыўся яе зорны час, Яўгеніі Пфляўмбаўм было ўжо за 80 гадоў, не хапала здароўя. Яна радавалася свайму запозненаму поспеху “на захадзе сонца”, але гэта была ўжо іншая, стрыманая радасць, не такая яскравая і сонечная, не тая, ад якой кружыць галаву:

Яўгенія Пфляўмбаўм у сталыя гады

Яўгенія Пфляўмбаўм у сталыя гады. Фота з інтэрнэт-крыніц

“Навучы мяне радасці, птушка малая,
Зіхатлівы праменьчык за шэрым акном,
Што глядзіць безудзельна, як я паміраю
Па няўмольным законе жыцця і кіно.

Навучы мяне радасці крокаў апошніх,
Пуцявіны лясной, што бяжыць да ракі,
Каб пацеплела ў сэрцы без крыўднае ношкі,
Калі лёсу насустрач пайду нацянькі”.

“Навучы мяне радасці, птушка малая…”(1992)

У 1995 годзе, напрыканцы жыцця, на пытанне пісьменніцы і журналісткі Людмілы Рублеўскай, ці шчаслівы яна чалавек, Яўгенія Пфляўмбаўм адказала так: “Хутчэй за ўсё — шчаслівы. Таму што многа бачыла <…> Праўду кажучы, паэзію ствараюць нешчаслівыя. Ці шмат таго шчасця бачылі на дарозе Шаўчэнка, Пушкін, Купала? Не так багата было яго ў мяне, але ці трэба больш: я шчаслівая, што пісала, маю кніжкі, пакрысе складаю новую…”.

Яўгенія Пфляўмбаўм пайшла з жыцця 13 студзеня 1996 года і была пахавана на могілках вёскі Паперня ў Мінскім раёне.

Месца пахавання Яўгеніі Пфляўмбаўм і Максіма Лужаніна (в. Паперня, Мінскі раён).
Фота з сайта Папярнянскай сярэдняй школы.

Пасля яе смерці Максім Лужанін пражыў яшчэ пяць гадоў, якія цалкам прысвяціў ушанаванню памяці свайго любага “Жэніка”. Ён шмат рабіў, каб яе імя яшчэ мацней загучала ў літаратуры, вяртаў з небыцця яе неапублікаваныя вершы, выкрэсліваў сваё прозвішча з перакладаў жонкі, якія гадамі, дзеля атрымання большага заробку, выходзілі пад яго аўтарствам як вядомага пісьменніка з добрай рэпутацыяй. Па ўспамінах Людмілы Рублеўскай, якая асабіста ведала сямейную пару і бывала ў гасцях у Лужаніных: “Стол загромождали блокноты, тетрадки, обрывки бумаги, испещренные мелким почерком. Многое не расчитывалось, «наследие» состояло в основном из черновых набросков, неоконченного, недоработанного. Александр Амвросьевич спешил, зная, что и его дни сочтены. Но долг жене, хотя бы частично, отдал…”

Максім Лужанін у сталым узросце.З фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва

Максім Лужанін у сталым узросце.
З фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і
мастацтва

На жаль, не пабачыла свет кніга “Зімовае сонца”, якую рыхтавала яшчэ сама Яўгенія, а Максім Лужанін рэдагаваў і здаў у выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Не дайшла да чытача і кніга “Пасмяротнае”, у якую, апроч іншай літаратурнай спадчыны, павінны былі ўвайсці і вершы на рускай мове. Аднак невядомая паэтка, чыя творчасць чакала свайго часу доўгія 70 гадоў, усё ж паспела раскрыць багацце, якое азарыла нашу літаратуру і асвятліла ў ёй імя — Яўгенія Пфляўмбаўм:

“Не будзе ўжо кволай жанчыны нідзе —
Ушчулі надмерныя даты, —
Астатняй зазнала яна кагадзе
Упартае пэўнасці страту.

Калі ж нават гэтае перасігне,
Глытаючы кроў сваю з вуснаў,
Зазнае вялікую з’яркласць агней
Сціплейшая з беларусак”.

“Ці нехта павінен крывёю ж сплаціць…” (1936)




Чарнавікі душы: творчая спадчына Яўгеніі Пфляўмбаўм


Верш ляцеў такой парою
З воблачкам паразмаўляць,
Паміж небам і гарою
Птахам белым пралунаць.
У высокай небаплыні
Узгараліся радкі
І плылі па гэтай сіні,
Як між кветак светлячкі.

“Колькі вас пачата, вершаў…”.
Яўгенія Пфляўмбаўм


Творчасць Яўгеніі Пфляўмбаўм у 1920-я гады займала важнае месца ў беларускай літаратуры. Маладой паэтцы прадказвалі шматабяцальную і яскравую творчую будучыню, аднак у сувязі з гістарычнымі і асабістымі абставінамі яе лёс склаўся інакш. У канцы 1980-х, пасля доўгага маўчання, імя забытай аўтаркі зноў заззяла на літаратурным небасхіле. У наш час вершы таленавітай паэткі зноў гучаць і знаходзяць прыхільнікаў. Паэзія Яўгеніі Пфляўмбаўм не можа не закранаць: радкі адгукаюцца ў сэрцы, ашаламляюць і пранізваюць да глыбіні душы, чапляюць сваёй шчырасцю і тонкасцю, падштурхоўваюць да роздуму і шматлікіх разважанняў, зачароўваюць рытмамі і мелодыямі, супакойваюць і ўзрушваюць, даюць адказы на пытанні і адначасова ставяць новыя пытальнікі і шматкроп’і.

Па меркаванні Аксаны Данільчык, даследчыцы творчасці Яўгеніі Пфляўмбаўм, у яе жыцці і паэзіі можна ўмоўна выдзеліць тры перыяды. Першы (1924—1931) – пачатак актыўнага творчага жыцця; другі (1932 — канец 1980-х) — замужжа, рэпрэсіі, доўгае маўчанне; трэці (1987—1996) — вяртанне паэткі да актыўнай літаратурнай прысутнасці.

Першы перыяд пачаўся рана. Так, некаторыя дэбютныя вершы пачынаючай паэткі, напрыклад, “Айчына” датаваны 1924 годам, аднак прозвішча “Пфляўмбаўм” адкрылася чытачам пасля апублікавання ў “Савецкай Беларусі” верша “Пялёсткі восені”, які Жэня напісала ў 16 гадоў. Яе лірыка адразу зацікавіла аўдыторыю сваёй непасрэднасцю і шчырасцю.

Далей творчае жыццё Яўгеніі Пфляўмбаўм пачало набіраць абароты і імкліва развівацца:

Я не буду казаць пра гора,
Я не буду казаць пра смех.
У шырокім жыццёвым прасторы
Разагнаўся думак разбег…

Гэтыя радкі — з верша “Досвіткам”, які быў напісаны 19 кастрычніка 1925 года і пазней увайшоў у зборнік “Вершы” (1926). Выданне падрыхтавалі паэткі-маладнякоўкі Зінаіда Бандарына, Наталля Вішнеўская і Яўгенія Пфляўмбаўм. Кніга складалася з трох частак, кожная з якіх прадстаўляла па сем вершаў маладых паэтак. Зборнік выклікаў прыемныя ўражанні крытыкаў, якія абяцалі творчыя поспехі маладым аўтаркам у будучым, хоць і адзначалі некаторыя недахопы ў пабудове рыфмаў. Пра паэзію Яўгеніі Эргардаўны пісалі наступнае: “У вершах Пфляўмбаўм, даволі гладкіх з тэхнічнага боку, пераліваюцца і індывідуальныя перажыванні, як каханне, і больш глыбокія думкі”. Цікава прасачыць, што пішуць наконт ранняй творчасці паэтак сучасныя крытыкі. Так, на думку Аксаны Данільчык, “у паэзіі жанчын амаль не назіраецца «бурапеннасці», уласцівай мужчынам, у той жа час пэўная ўвага надаецца жаночай праблематыцы і многія вершы адлюстроўваюць працэсы сацыялізацыі жанчын, якія адбываліся ў тагачасным грамадстве, прыцягненне жанчын да актыўнага ўдзелу ў сацыялістычным будаўніцтве”. Аднак, у адрозненні ад З. Бандарынай, у лірычнай гераіні, створанай Я. Пфляўмбаўм, адсутнічае судакрананне з камсамолам, прыкметы рэвалюцыйнай эпохі прадстаўлены няяўна, а асноўную ўвагу аўтар надае ўнутранаму свету гераіні, аддае перавагу суб’ектывізацыі, асэнсаванню сябе як паэткі.

Пасля паспяховага дэбютнага сумеснага зборніка, творы маладой аўтаркі адзін за адным з’яўляюцца на старонках часопісаў “Маладняк”, “Полымя”, газет “Савецкая Беларусь”, “Звязда”, “Беларуская работніца і сялянка”. Неўзабаве ў канцы 1920-х — пачатку 1930-х гадоў у хроніках часопіса “Маладняк” выходзяць звесткі пра тое, што Яўгенія Пфляўмбаўм рыхтуе новы зборнік лірычных вершаў “Мелодыі”. Агучвалася, што кніга здаецца ў друк, аднак, у выніку, яна так і не пабачыла свет. Сёння з гэтымі цудоўнымі вершамі, якія не ўвайшлі і ў асобныя выданні і былі напісаны яшчэ ў далёкія 1920-я — 1930-я гады, мы маем магчымасць пазнаёміцца ў зборніку выбранай паэзіі Яўгеніі Пфляўмбаўм “Сонца” (2023), які выйшаў пад укладаннем Аксаны Данільчык. Сярод іх — “Я маладая”, “З лістоў да брата”, “У Полацку”, “Радасць…”, “Жыццю дванаццаць год” і іншыя. Частка твораў прысвечана тагачасным падзеям: дзясятым угодкам БССР, калектывізацыі. Аднак здзіўляе разнастайнасць і шматграннасць тэм, поглядаў, уяўленняў маладой аўтаркі. Напрыклад, вылучаюцца нехарактэрныя для беларускай літаратуры ўсходнія матывы і башкірская тэматыка, што ўвасобіліся ў вершах “Турксіб”, “Сон у стэпе”, “Башкірка-дзяўчынка”, “Інэй”. У некаторых вершах крытыкі адзначаюць прысутнасць стрыманай эратычнасці, цялеснасці, рэдкай тэмы для літаратуры таго часу.

Як вядома, у творчасці маладнякоўцаў 1920-х — 1930-х гадоў навідавоку ўплыў паэзіі С. Ясеніна, наяўнасць фальклорных элементаў, імкненне “разбурыць” старое і выбудаваць новае, супрацьпаставіць горад і вёску, аднак у спадчыне Я. Пфляўмбаўм гэтыя матывы амаль не прасочваюцца.

У вершах паэткі ранняга перыяду вылучаецца тонкая імпрэсіяністычнасць, якая праяўляецца ў зліцці знешняга і ўнутранага, колеравай разнастайнасці (“срэбны каскад”, “у бронзавых акордах”, “у пурпуры лістоў”, “пунсавейны ўсход”, ), увазе да адценняў (“зіхаценне святлеючых зор”, “снежна-халодная свежая светласць”), дакладнасці ў перадачы дэталяў, напрыклад, кветак (“пахучая гваздзіка”, “паўднёвая мімоза”), няпэўнасці, зыбкасці і недасказанасці.

Умоўна з 1932-га да канца 1980-х гадоў доўжыцца другі перыяд творчасці, маўчанне Яўгеніі Пфляўмбаўм у літаратуры. На гэта паўплывала шмат падзей яе пакручастага лёсу: шлюб з Максімам Лужаніным, высылка мужа ў Сібір і два гады, праведзеныя побач з ім у чужым горадзе, складаныя жыццёвыя, грамадска-палітычныя абставіны, унутраны боль, які не спрыяў стварэнню вершаў. Прычыны працяглай творчай паўзы лепш за саму аўтарку не патлумачыць ніхто: “Што тычыць майго маўчання, дык гэта ніякі не прынцып, яно ўяўнае. Мне даволі было выказацца перад сабою, даверыцца алоўку і шматку паперы <…> пасля думалася: чаго табе вытыкацца з вершамі ў людзі, гэта твой клопат, твой боль, які нікому не будзе цікавы”.

У канцы 1980-х у літаратуру зноў вяртаецца імя Яўгеніі Пфляўмбаўм. У 1989 годзе выйшла ў свет кніга “Сувой жыцця”, а за ёй у 1992-м — “На захадзе сонца”. У выданні ўвайшлі вершы, якія паэтка гадамі пісала ў стол, хаваючы нават ад мужа. Храналагічныя рамкі зборнікаў вельмі шырокія: з 1930-х па 1990-я гады, што сведчыць пра шматграннасць тэм і думак: філасофія яе жыцця, асабістых перажыванняў і перажытых пакут, туга па Беларусі, засяроджанасць на ўласным светаадчуванні, вяртанне да сябе маладой, да імпрэсіяністычнасці і тонкасці, успаміны дзяцінства, лёс творчай жанчыны, разважанні аб шчасці, адзіноце, вынікі творчасці, жыцця…:

Я сустракаю дзень мой хмарны
Без папытання: — Што прынёс?
Хай нават зоркаю палярнай
Мігне у мой дзівачы лёс.

Скідаючы трывог атрускі,
Іду спакойна на рубеж,
На мой гасцінец беларускі
Што ўвесь сусвет са мной прабег.
                                               “Маім сябрам”(1990-я гг.)

У апошнія гады жыцця паэтка рыхтавала зборнік “Зімовае сонца”, аднак выданне, нягледзячы на клопаты Максіма Лужаніна, так і не дайшло да чытача. Таксама не пабачыла свет кніга “Пасмяротнае”, у якую павінны былі ўвайсці і вершы на рускай мове. Сёння лірыка з гэтых меркаваных зборнікаў нарэшце апублікавана ў кнізе выбранай паэзіі Яўгеніі Пфляўмбаўм “Сонца”, што выйшла ў 2023 годзе і ўзгадвалася вышэй. Частка вершаў упершыню прадстаўлена чытачу, бо раней існавала толькі ў рукапісах, захаваных ў фондах Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Творчасць Яўгеніі Пфляўмбаўм і да нашага часу пакідае рэха нечага неразгаданага і загадкавага. У інтэрв’ю Людміле Рублеўскай, дадзеным у пачатку 1990-х, Яўгенія Эргардаўна падзялілася думкамі наконт таго, што для яе паэзія: “Усё: і душэўная асалода, лёс, і калі хочаце, крыж <…> Думаю, у мяне пераважае неабходнасць паспавядацца, вызваліцца ад перапаўнення істоты пачуццём, уцешным ці горкім. Падзяліцца з некім, пажадана, чулым, здольным разумець, перакласці сваю ношку яшчэ на чые плечы”.

  • Прыжыццёвыя публікацыі Яўгеніі Пфляўмбаўм у перыядычных выданнях з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

    1926

    “Я маладая…” : [верш] / Я. Пфляўмбаўм // Маладняк. – 1926. – № 2. – С. 36. – (Шыфр НББ: 3ОК6382).

    З лістоў да брата : [верш] / Я. Пфляўмбаўм // Маладняк. – 1926. – № 10. – C. 32. – (Шыфр НББ: 3ОК6382).

    Айчына: [верш] / Я. Пфляўмбаўм // Чырвоная змена. – 1926. – 2 снеж. – С. 3. – (Шыфр НББ: 4Н//738).

    1927

    “Агнявым самацветам…” : [верш] / Я. Пфляўмбаўм // Полымя. – 1927. – № 5. – С. 81. – (Шыфр НББ: 3ОК1714).

    “Вецер у стэпу такі малады…” : [верш] / Я. Пфляўмбаўм // Полымя. – 1927. – № 6. –
    С. 81. – (Шыфр НББ: 3ОК1714).

    Гімн : [верш] / Я. Пфляўмбаўм // Полымя. – 1927. – № 4. – С. 100. – (Шыфр НББ: 3ОК1714).

    Іней : [верш] / Я. Пфляўмбаўм // Маладняк. – 1927. – № 9. – С. 54. – (Шыфр НББ: 3ОК6382).

    Легенда : [верш] / Я. Пфляўмбаўм // Маладняк. – 1927. – № 5. – С. 49. – (Шыфр НББ: 3ОК6382).

    У Полацку : [верш] / Я. Пфляўмбаўм // Полымя. – 1927. – № 3. – С. 122. – (Шыфр НББ: 3ОК1714).

    Сон у стэпу : [верш] / Я. Пфляўмбаўм // Полымя. – 1927. – № 8. – С. 72. – (Шыфр НББ: 3ОК1714).

    Плывуць гады : [верш] / Я. Пфляўмбаўм // Савец. Беларусь. – 1927. – 6 сак. – С. 7. – (Шыфр НББ: 4Н//4403).

    1928

    Адзінаццаць : [ верш] / Я. Пфляўмбаўм //. – 1928. – 7 лістап. – С. 5. – (Шыфр НББ: 4Н//4403).

    Башкірка-дзяўчына : [верш] / Я. Пфляўмбаўм // Полымя. – 1928. – № 6. – С. 90. – (Шыфр НББ: 3ОК1714).

    Да дзесятых угодкаў БССР : [верш] / Я. Пфляўмбаўм // Маладняк. – 1928. – № 12. –
    С. 79–81. – (Шыфр НББ: 3ОК6382).

    Мелодыя : [верш] / Я. Пфляўмбаўм // Маладняк. – 1928. – № 9. – С. 36–37. – (Шыфр НББ: 3ОК6382).

    Музей рэвалюцыі : [верш] / Я. Пфляўмбаўм // Маладняк. – 1928. – № 3. – С. 38–39. – (Шыфр НББ: 3ОК6382).

    Паэце : [верш] / Я. Пфляўмбаўм // Полымя. – 1928. – № 2. – С. 98–99. – (Шыфр НББ: 3ОК1714).

    Песня радзімы; Радасць : [вершы] / Я. Пфляўмбаўм // Полымя. – 1928. – № 1. –
    С. 95–96. – (Шыфр НББ: 3ОК1714).

    Светласць : [верш] / Я. Пфляўмбаўм // Маладняк. – 1928. – № 5. – С. 44. – (Шыфр НББ: 3ОК6382).

    1929

    Дзень калектывізацыі : [верш] / Я. Пфляўмбаўм // Беларус. Работніца і сялянка. – 1929. – № 22. – С. 16. – (Шыфр НББ: 3ОК1844).

    Джан-хот : [верш] / Я. Пфляўмбаўм // Полымя. – 1929. – № 10. – С. 102–103. – (Шыфр НББ: 3ОК1714).

    1-га Мая (“Свята сонечных майскіх ідылій…”) : [верш] / Я. Пфляўмбаўм // Звязда. – 1929. – 1 мая. – С. 3. – (Шыфр НББ: 4Н//245).

    Камунарам : [верш] / Я. Пфляўмбаўм // Звязда. – 1929. – 17 сак. – С. 1. – (Шыфр НББ: 4Н//245).

    “Кастрычнік…” : [урывак з паэмы] / Я. Пфляўмбаўм // Савец. Беларусь. – 1929. – 1 снеж. –
    С. 3. – (Шыфр НББ: 4Н//4403).

    Музыка збройнага звону : [верш] / Я. Пфляўмбаўм // Звязда. – 1929. – 1 кастр. – С. 1. – (Шыфр НББ: 4Н//245).

    1930

    Турксіб : [верш] / Я. Пфляўмбаўм // Маладняк. – 1930. – № 1. – С. 64–65. – (Шыфр НББ: 3ОК6382).

    1931

    Айчына; Навальніца; Закрынічыла сэрца…; Я адна на далёкай чужыне : [вершы] /
    Я. Пфляўмбаўм // Жаноцкая справа. – 1931. – № 4. – 7 лістап. – С. 2–4. – (Шыфр НББ: 19ИН2223).

    Вясновы старт : [верш] / Я. Пфляўмбаўм // Маладняк. – 1931. – № 5. – С. 54–56. – (Шыфр НББ: 3ОК6382).

    “Ільсніцца сонцам бляск лазы…” : [верш] / Я. Пфляўмбаўм // Маладняк. – 1931. – № 1. – С. 28–30. – (Шыфр НББ: 3ОК6382).

    1987

    Майму радку; Малітва; “Як? Жыць з пяра – пісаць на друк?..”; Марыінск Томскі; Кавалкі лёсу; Галіна гайдае дразда; Мадэрн; Вясна; Снягі; Без назвы; “Ад імені народа”; Падлеткі; У гасцях : [вершы] / Я. Пфляўмбаўм // ЛіМ. – 1987. – 27 лістап. – С. 8–9. – (Шыфр НББ:4Н//334).

    1988

    Чаму?!; Шчасце; Верталёт; “Дый шлях за брамкаю відзён…”; Як развінеш сувой…; Ты не сніся, не сніся нам…; “Калі спагада не звялася…”; Снегіры; “Як ні марудзіць вясна…”; Пакуль праменьчык не пагас : [вершы] / Я. Пфляўмбаўм // Полымя. – 1988. – № 5. –
    С. 52–55. – (Шыфр НББ: 3ОК1714).

    1989

    Змора; “У чысціні халодных слоў…”; “Яшчэ ты не знаеш, бялюткі лісток…”; Вера; Чаромха; Рэшта лёсу; Друг; Мова; “Не можа віхар абабіць…” : [вершы] / Я. Пфляўмбаўм // ЛіМ. – 1989. – 15 верас. – С. 8–9. – (Шыфр НББ:4Н//334).

    1990

    Ліст з вечнай кроны : Спакой працягвае руку; І мара наша апантаная…; Зарок; Мой лёс…; Раніца; Пад прыцэлам…; Жанчына; Навучы мяне радасці, птушка малая…; Мара; Кандрату Крапіве; Летні ранак; Ціха стукае сініца…; Вечар; Ліст арабінавы; Любоў; Гэта радзіма мая; Купалавы сунічкі; Сястра; Брату; Літасць; Мы прагнем долі…; Што нашы душы бунтавалі… : [вершы] / Я. Пфляўмбаўм // ЛіМ. – 1990. – 22 чэрв. – С. 8–9. – (Шыфр НББ:4Н//334).

    1992

    У лістападавых вятрах : з вершаў апошніх гадоў : Змані; “Колькі вас пачата, вершаў…”; “Якая смешная істота…”; “Сонца гасне за адхонам…” : [вершы] /
    Я. Пфляўмбаўм // Звязда. – 1992. – 31 кастр. – С. 3. – (Шыфр НББ: 4Н//245).

    “Ценяў карункі з жыццёвых прысадаў…”; “Ёсць людзі людскія…”; “Дзень мінаецца, як заўжды…”; “Зноў надзея зелянее…”; “Нязмушана пісаць і затужыць з прыгадкі…”; “– Я неабудна, доўга піў…”; Вымаганні да верша; “Ну, што ж, падумаем яшчэ…”; “Мне чамусьці часта сніцца”; “У кожнага сваё абранне”; “А дзе яно, шчасце? Было і няма…”; “Чаму вы не вярнуліся ў Маскву?..”; “Я знаю больш, чым трэба знаць…”; “Гаворыць сэрца: – Мне з табой…”; “Не трэба пісаць пра сябе…” : [вершы] / Я. Пфляўмбаўм // ЛіМ. – 1992. – 6 лістап. – С. 8–9. – (Шыфр НББ:4Н//334).

    1993

    “Даволі! Злазь ужо з калёс…”; “Ладны сівер гайдае лясы…”; “Сысці мне трэба так далёка…”; “Палыскуюць два кілішкі…”; Каляды; “Даўно не плакала…”; “Пад заслону навалы?..”; “Паспі, радок, сасні вясёнку…”; “Пішы, душа, не дакарай…” : [вершы] /
    Я. Пфляўмбаўм // Беларусь. – 1993. – № 12. – С. 8. – (Шыфр НББ: 3ОК242).

    Мімаходзь…; Без адказу; Мы пішам; Дождж пад таполяю; Як жывецца?.. “І мне тая туга…”; “Vita! – жвавей, без упыну…”; “Вакол тайга…”; “Дзіця”; “Загон задзірванелай праўды…”; “Дзе ты, бура мая, начавала сягодня…”; “Сама сабе надакучаю…”; “Гартаю дні ў той летавай красе…”; “Думка прыходзіць сама…”; “Я не хачу ўваскрашаць…”; Перад навальніцай; Дзе ж ты, братачка радок : [вершы] / Я. Пфляўмбаўм // ЛіМ. – 1993. – 29 крас. – С. 8. – (Шыфр НББ:4Н//334).

    Стразы; “Як заўжды, дзень пачаўся святальным акном…”; Ад злых нябёс не барані; “Халодна, дужа, на мяжы…”; “З атрутных труначкаў трывогі…”; “Як можа так азглець відно…”; “Дык як жа будзем рахавацца…”; Іncrudo; “Дзе толькі не пішуцца вершы!..”; “Цягнік падкідае на рэйках…”; “Напаўдушы – па абавязку!..”; “Забабоннае сэрца, ці шмат табе трэба?..”; “Я ўсё аддаю вам…”; “Пытаюся ў неба і ў далечы сіньшай…”; “Чым далей на поўнач…”: [вершы] / Я. Пфляўмбаўм // Полымя. – 1993. – № 3. – С. 94–98. – (Шыфр НББ: 3ОК1714).

    1995

    Ня сьпіцца ўночы…; Давай перагорнем старонку…; Не аддавай душу маркоце…; “Зноў сёння гэты вецер шквальны…”; “Клавір юнацтва адгучаў…”; Апошняя сустрэча з Іванам Дамінікавічам…; Мадэрн; Рамесніцтва; “Ці гэта толькі графаманія…”; Рыфма; Сон у сне; “Няма й няма”; “Радок зацяты, як іслам…”; “Адходзь ад сумятні…”; Чарнавікі душы; “Так, акіян жыцця малога…”; Падробкі; Лістапад; “Дзень увесь перастаўляла кветкі на акне”; Цяпер я знаю…; “Не вымагаю я ў жыцця…”; “Ужо ж астатняя бяда…” : [вершы] /
    Я. Пфляўмбаўм // Крыніца. – 1995. – № 8. – С. 3–14. – (Шыфр НББ: 3ОК1713).

    1996

    З кнігі “Зімовае сонца” : “Не буду зноў смуціць радок…”; Суседу на вышэйшым паверсе; “Фальшывая патэтыка…”; Калі жоўкне ў лесе гліца…; Старасць; Я гатова; Перад новым годам; Цягнік Ленінград – Мінск; “Падбіўся вецер у дарозе…”; Перад адыходам : [вершы] / Я. Пфляўмбаўм ; публ. М. Лужаніна // ЛіМ. – 1996. – 4 кастр. – С. 12. – (Шыфр НББ:4Н//334).

    Наверх
  • Публікацыі Яўгеніі Пфляўмбаўм у перыядычных выданнях з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (1997–2006)

    1987

    Майму радку; Малітва; “Як? Жыць з пяра – пісаць на друк?...”Марыінск Томскі; Кавалкі лёсу; Галіна гайдае дразда; Мадэрн; Вясна; Снягі; Без назвы; “Ад імені народа”; Падлеткі, У гасцях : [вершы] / Я. Пфляўмбаўм // ЛіМ. – 1987. – 30 кастр. – С. 8–9. – (Шыфр НББ: 4Н//334).

    1997

    Пачынаецца Нарач; Урок мовазнаўства; “Жыву над Свіслаччу прыветнай…”; “Я пачынаю дзень яшчэ ў палоне слоў…”; “Вось і ўсё. З жыццём мы падурэлі…” : [вершы] / Я. Пфляўмбаўм ; публ. М. Лужаніна ; уступн. слова А. Вярцінскага // Звязда. – 1997. – 29 студз. – С. 3. – (Шыфр НББ: 4Н//245).

    Я разумею; Галубы; Друг : [вершы] / Я. Пфляўмбаўм // Алеся. – 1997. – № 9. – С. 9–10. – (Шыфр НББ: 3ОК1844).

    1998

    “Дзе песню складае каханне…” : [вершы] / Я. Пфляўмбаўм // Роднае слова. – 1998. –
    № 5. – С. 37–40. – (Шыфр НББ: 3ОК2069).
    Са зместу: Давай перагорнем старонку…; Сады зацвілі ў Беларусі; Паэту; “Я не з анёльскіх вітражоў…”; Вершы; “Не вымагаю я ў жыцця…”.

    Дома : [верш] / Я. Пфляўмбаўм // Белавежская пушча. – 1998. – Крас. (№ 2). – С. 2. – (Шыфр НББ: 4Н//52).

    Жанчына, ты ўсяму прычына : [верш] / Я. Пфляўмбаўм // ЛіМ. – 1998. – 30 кастр. –
    С. 12. – (Шыфр НББ: 4Н//334).

    Няспраўджаны дзень; “Маё змаганне, барацьба….”; Вага тугі; Жыццё слова : [вершы] / Я. Пфляўмбаўм // Культура. – 1998. – 24–30 кастр. – С. 14. – (Шыфр НББ: 4Н//323).

    1999

    Мы пішам…: [верш] / Я. Пфляўмбаўм ; прадм. М. Скоблы // Звязда. – 1999. – 24 лістап. – С. 8. – (Шыфр НББ: 4Н//245).

    “Ціхі вецер сьцярушвае сьнежны пылок…” : [верш] / Я. Пфляўмбаўм // Наша ніва. – 1999. – 27 снеж. – С. 1. – (Шыфр НББ: 4Н//431).

    Як сэрцу прагнецца дамоў… : [вершы] / Я. Пфляўмбаўм // Першацвет. – 1999. – № 4–5. – С. 53. – (Шыфр НББ: 3ОК5318).
    Са зместу: “Я не люблю чужых прыстанкаў…”; Мае радкі не ўбачаць свету…; Як сэрцу прагнецца дамоў…

    2000

    “Прырода па даўнейшаму – натура…” : [верш] / Я. Пфляўмбаўм // Белавежская пушча. – 2000. – 31 снеж. – С. 17. – (Шыфр НББ: 4Н//52).

    2006

    Паэзія; Мова; “Пагавары са мною, мама…”; “Мая краіна – дзе ты ёсьць…”; “Не засынаецца ніяк…”; “Рука ў руцэ… Адно імгненьне…”; “Дык як жа будзем рахавацца…”; “І напаўзаюць туманы…”; “Дык хто вашы продкі, патомныя цёткі…”; “Гэты сшытак мітусьлівы…”; “Штоноч бягу я наўздагон…”; “Табе я дзякую за ўсё…”; “Паважаю старога касіра…”; “Адна, як крыж на небасхіле…” : [вершы] / Я. Пфляўмбаўм // Дзеяслоў. – 2006. – № 6. – С. 261–266. – (Шыфр НББ: 3ОК10411).

    Наверх
  • Творы Яўгеніі Пфляўмбаўм у перакладах і вершаваных зборніках з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

    Творы Яўгеніі Пфляўмбаўм у перакладах

    1. Мы все, как дети, жаждем доли… : [стихи] / Е. Пфляумбаум ; пер. с бел. Т. Лейко // Нёман. – 1993. – № 11. – С. 3–15. – (Шифр НББ: 3ОК1467).
    Содержание: «Суеверное сердце, чего тебе надо?..»; Не защищай от злых небес; «Так чем же будем заниматься…»; Любовь; Не молкни, слово; «А счастье шло своей дорогой…».


    Творы Яўгеніі Пфляўмбаўм у вершаваных зборніках

    1. БА118511 * 1Н//217520(039) * БА118840
    Пфляўмбаўм, Я. Турксіб : [верш] / Я. Пфляўмбаўм // Універсітэт паэтычны : зб. вершаў / склад., прадм.: А. А. Лойка ; рэдкал.: А. А. Волк і інш.]. – Мінск, 1971. – C. 31–32.

    2. 1БА142753 * 1БА142754 * 1БА149622 * 1БА149623 * 1БА149624
    Пфляумбаум, Я. Над возерам / Я. Пфляумбаум // Браслаўшчына азёрная мая : Паэзія прыроды / [уклад. І. Бутовіч]. – Мінск, 1998. – С. 43.

    3. 1Н//611147(039) * 1Н//611146(039)
    Пфляўмбаўм, Я. Я маладая…; З лістоў да брата; Гімн; Вецер у стэпу такі малады; Легенда; Сон у стэпу; Песня радзіме; Радасць; Паэту; Башкірка-дзяўчынка; Мелодыя; Гейша; Сон; Джан-хот; Турксіб : [вершы] // Бліскавіцы : анталогія беларускай жаночай паэзіі міжваеннага перыяду / [уклад., камент.: А. Данільчык, В. Жыбуль]. – Мінск, 2017. –
    С. 117–130.

    Наверх

Яўгенія Пфляўмбаўм – перакладчыца

Бадлер, Верлен – чужыя краскі
На кветніку юначых год.
Мы з перакладчыцкае ласкі
Іх пазнавалі без турбот.

“Што нашы душы бунтавалі…”.
Яўгенія Пфляўмбаўм


Яўгенія Пфляўмбаўм валодала шматлікімі мовамі і актыўна займалася перакладчыцкай дзейнасцю. З рускай мовы на беларускую яна пераклала прозу і драматургію А. Чэхава, М. Горкага, А. Астроўскага, з англійскай — творы Дж. Байрана і Дж. Лондана, з польскай — вершы У. Сыракомлі, творы С. Мрожака, з украінскай — паэзію М. Рыльскага, з грузінскай — вершы Т. Табідзэ.

Пры жыцці паэткі яе пераклады выходзілі пад прозвішчам мужа, Максіма Лужаніна, бо імя сапраўднай аўтаркі было забыта ў паэтычным коле. Лужаніна, наадварот, добра ведалі як надзейнага літаратара і без пытанняў прымалі яго рукапісы да друку, выплочваючы, па яго сведчанні, больш высокія ганарары. Аднак, як успамінаў пісьменнік, “все прозаические и драматические произведения от «Клима Самгина» до «Молодой гвардии», «Вишневого сада» и Байрона перевела жена”.

Толькі пасля смерці Яўгеніі Эргардаўны справядлівасць была адноўлена, дзякуючы зноў жа Максіму Лужаніну, які апошнія гады свайго жыцця прысвяціў вяртанню да чытача паэтычнага імя жонкі і яе багатай літаратурнай спадчыны. Сёння Яўгенію Пфляўмбаўм ведаюць не толькі як паэтку, але і як таленавітую перакладчыцу.

Раздзел змяшчае кнігі з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі з асобнымі перакладамі пісьменніцы. Сярод іх — аповесць “Белы Ікол” Дж. Лондана, аповесць “Крушэнне” рускага пісьменніка А. Ісбаха, апавяданне “Піліпка” заснавальніка ўкраінскай савецкай прозы А. Галаўко, сатырычная кніга “Бай Ганю” балгарскага празаіка і паэта А. Канстанцінава, вучэбнае выданне “Методыка прыродазнаўства ў працоўнай школе” аўтарства У. Ульянінскага і іншыя.

Арыстакратка беларускай паэзіі. Літаратура пра Яўгенію Пфляўмбаўм


Яўгенія Пфляўмбаўм… Гэта імя стала, з аднаго боку, сімвалам самаадмаўлення, з другога – сімвалам вернасці пакліканню, якое ўрэшце перамагло ўсе жыццёвыя нягоды.

Аксана Данільчык


У раздзеле размешчаны бібліяграфічны спіс выданняў з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, які дапаможа чытачам і даследчыкам глыбей пазнаёміцца з творчасцю паэткі і перакладчыцы Яўгеніі Пфляўмбаўм. У наш час яе спадчыну найбольш грунтоўна даследуе літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук, паэтка Аксана Данільчык.

Каштоўныя ўспаміны пра пісьменніцу пакінуў муж Яўгеніі Эргардаўны, паэт Максім Лужанін, а сама яна напрыканцы жыцця дала інтэрв’ю літаратурнаму крытыку, пісьменніцы і журналістцы Людміле Рублеўскай. Гэты матэрыял быў надрукаваны ў часопісе “Крыніца” ў жніўні 1995 года.

Яўгенія Пфляўмбаўм пражыла 88 гадоў, яе не стала ў 1996 годзе. Многім пашчасціла сустракацца і гутарыць з ёй. Цікавыя факты пра паэтку пакінулі Анатоль Вярцінскі, Алесь Марціновіч, Людміла Рублеўская, Марына Ліс.

У раздзеле прадстаўлены таксама спіс артыкулаў з часопісаў і газет. З дазволу аўтараў некаторыя сучасныя публікацыі алічбаваны і даступны чытачам у поўным аб’ёме, у прыватнасці, артыкулы Аксаны Данільчык і Людкі Сільновай (псеўданім паэткі Людмілы Сільновай).

Фотагалерэя Яўгеніі Пфляўмбаўм


Раздзел адлюстроўвае жыццё і творчы шлях Яўгеніі Пфляўмбаўм. Фотагалерэю складаюць лічбавыя копіі здымкаў паэтэсы і яе родных, групавых фатаграфій з пісьменнікамі, лістоў, шматлікіх віншавальных паштовак, тэлеграм, запрашэнняў, дароўных надпісаў у кнігах з асабістай бібліятэкі Яўгеніі Пфляўмбаўм і яе мужа Максіма Лужаніна. Асаблівую каштоўнасць прадстаўляюць рукапісы і запісныя кніжкі паэтэсы, яе “чарнавікі душы”, дзе можна ўбачыць варыянты вершаў і перакладаў з аўтарскімі выпраўленнямі.

Падчас працы над раздзелам удалося наладзіць сувязь з Таццянай Камашыла, унучкай паэта Тодара Кляшторнага і спадкаемцай Яўгеніі Пфляўмбаўм. Таццяна Генадзьеўна дала дазвол на карыстанне архіўнымі матэрыяламі паэткі, іх сканаванне і размяшчэнне ў праекце.

Усе прадстаўленыя дакументы захоўваюцца ў фондах Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (фонд № 140, вопіс 2) і аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (фонд № 17, вопіс 1).

Даследчыкам даецца магчымасць спампоўваць іх з мэтай далейшага выкарыстання са спасылкай на захавальнікаў фондаў.

Больш падрабязна з усімі матэрыяламі можна пазнаёміцца, звярнуўшыся непасрэдна ў названыя арганізацыі.

Ушанаванне памяці Яўгеніі Пфляўмбаўм


…навошта намагацца разгадваць неардынарную асобу, шукаць ёй нейкія агульныя вызначэнні? Проста трэба перачытаць яшчэ раз вершы Яўгеніі Пфляўмбаўм – пра жыццё і смерць, пра каханне і мастацтва… Бо паэзія заўсёды – і загадка, і разгадка.

Людміла Рублеўская


Яўгенія Пфляўмбаўм — неверагодная асоба, жыццё і творчасць якой заслугоўваюць асобнага даследавання.

Ушанаванне памяці Яўгеніі Пфляўмбаўм пачалося адразу пасля яе смерці: вяртанню імя паэткі апошнія пяць гадоў свайго жыцця прысвяціў яе муж — Максім Лужанін. Ён рыхтаваў да друку яе вершаваны зборнік “Зімовае сонца”, рэдагаваў напісанае, разбіраў чарнавыя накіды. 14 верасня 1995 года, яшчэ пры жыцці паэткі, ён перадаў у Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва дакументы жонкі, яе лісты, каштоўныя фотаздымкі, рукапісы вершаў і перакладаў, напісаныя ў розныя гады, частка з якіх не друкавалася. У выніку, гэтыя матэрыялы склалі сямейны фонд (№ 140, вопіс 2). Частку дакументаў Яўгеніі Пфляўмбаўм Максім Лужанін перадаў у аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (фонд № 17).

У наш час імя Яўгеніі Пфляўмбаўм усё часцей можна пачуць на літаратурных імпрэзах, пабачыць у кнігарнях, сустрэць на старонках газет і часопісаў. У гонар паэткі названа жаночая выдавецкая ініцыятыва “Пфляўмбаўм”, супрацоўнікі якой займаюцца выданнем кніг беларускіх пісьменніц мінулага і сучаснасці.

Лагатып выдавецкай ініцыятывы “Пфляўмбаўм”

Лагатып выдавецкай ініцыятывы “Пфляўмбаўм”

Творчасць паэткі папулярызуецца на пляцоўках літаратурных музеяў і бібліятэк Беларусі. Так, у кастрычніку 2014 года ў Чэрвенскай цэнтральнай раённай бібліятэцы (г. Чэрвень, Мінская вобл.) адбылося пасяджэнне літаратурна-паэтычнага клуба “Ветразь”, у межах якога прайшла вечарына-партрэт “Яўгенія Пфляўмбаўм і Максім Лужанін — творчы дуэт”. Пра жыццё і творчасць дзвюх творчых асоб распавялі бібліятэкары, а старшыня клуба Уладзімір Дарагуж прадэманстраваў зборнік паэзіі Яўгеніі Пфляўмбаўм “Сувой жыцця” з асабістай бібліятэкі. У выкананні сяброў клуба прагучалі вершы Яўгеніі Пфляўмбаўм і Максіма Лужаніна: “Пярсцёнак”, “Я не з анёльскіх вітражоў”, “Вярнуся ветрам”, “Я вас кахаў…” і іншыя.

Ірына Князева, куратар выстаўкі “…І зноў на хвалі часу. Нязгасныя знічкі «Полымя»” знаёміць з экспазіцыяй. 08.12.2022. Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры. Фота Святланы Зайко

У снежні 2022 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адкрылася літаратурна-дакументальная экспазіцыя “…І зноў на хвалі часу. Нязгасныя знічкі «Полымя»”, прымеркаваная да 100-годдзя найстарэйшага беларускага часопіса. Выстаўка была падрыхтавана ў межах сумеснага праекта па ўшанаванні памяці літаратараў міжваеннага пакалення “На хвалі часу, у плыні жыцця”. Удзел у падрыхтоўцы экспазіцыі прымала шмат устаноў, у тым ліку і Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Сярод шэрагу дакументаў на выстаўцы экспанаваліся матэрыялы пра паэтак-маладняковак (Я. Пфляўмбаўм, З. Бандарыну, Н. Вішнеўскую), іх сумесная кніга “Вершы” (1926) з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі, фотаздымкі, асабістыя дакументы, а таксама касцюмы і галаўныя ўборы ў стылі моды пачатку ХХ стагоддзя.

Асоба і творчасць Яўгеніі Пфляўмбаўм папулярызуецца ў віртуальнай прасторы. Напрыклад, у анлайн-энцыклапедыі “Беларусь у асобах і падзеях”, якая размешчана на інтэрнэт-партале Нацыянальнай бібліятэкі, прадстаўлены спіс крыніц пра паэтку.

Старонка пра Яўгенію Пфляўмбаўм у анлайн-энцыклапедыі “Беларусь
у асобах і падзеях” на інтэрнэт-партале Нацыянальнай бібліятэкі

З поўным тэкстам зборніка вершаў Яўгеніі Пфляўмбаўм “Сувой жыцця” (1989) можна пазнаёміцца на старонках вядомай электроннай бібліятэкі “Беларуская палічка”.

Творчасць Яўгеніі Пфляўмбаўм прыцягвае ўвагу беларускіх мастакоў, кніжных графікаў. Так, кнігу “Сувой жыцця” праілюстраваў Вячаслаў Тарасаў, які прадставіў вершы кожнага дзесяцігоддзя ў розных вобразах.

Яўгеніі Пфляўмбаўм неаднаразова прысвячалі вершы. Напрыклад Уладзімір Дубоўка ў 1958 годзе напісаў верш “Чалавек” з прысвячэннем Жэні Лужанінай.

Уладзімір Дубоўка. Верш “Чалавек” з прысвячэннем Жэні Лужанінай (Я. Пфляўмбаўм).
Машынапіс з аўтографам аўтара. 01.11.1958.
З фондаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі

У 2008 годзе паэт Віктар Шніп напісаў “Баладу Яўгеніі Пфляўмбаўм (1.11.1908 — 13.01.1996)”

Значны ўнёсак у працэс вяртання ў літаратуру імя Пфляўмбаўм робіць Аксана Данільчык, паэтка, літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук, якая займаецца даследаваннем жаночай паэзіі “Маладняка” — творчасці Зінаіды Бандарынай, Наталлі Вішнеўскай і Яўгеніі Пфляўмбаўм. Яна адзначае, што “сёння гэтыя тры яркія паэткі па-новаму раскрываюцца і асэнсоўваюцца з улікам новых звестак, даследаванняў і публікацый, а самае галоўнае, сваіх твораў, якія, маем надзею, паступова вернуцца ў шырокі літаратурны ўжытак”.

Фота з сайта sb.by

Фота з сайта sb.by

У 2017 годзе ў выдавецтве “Кнігазбор” выйшла кніга “Бліскавіцы: анталогія беларускай жаночай паэзіі міжваеннага перыяду”, укладальнікамі якой і аўтарамі каментароў выступілі Аксана Данільчык і яе калега — паэт, літаратуразнавец, архівіст Віктар Жыбуль. Упершыню пад адной вокладкай удалося сабраць літаратурную спадчыну паэтак міжваеннага перыяду, з 1918 па 1941 год. У кнізе прадстаўлена інфармацыя пра Пфляўмбаўм і яе раннія вершы.

8 сакавіка 2023 года быў прадстаўлены вынік шматгадовай працы даследчыкаў і выдаўцоў: пабачылі свет тры кнігі вершаў беларускіх паэтак — Наталлі Вішнеўскай, Зінаіды Бандарынай і Яўгеніі Пфляўмбаўм. Выданні выйшлі ў межах выдавецкай ініцыятывы “Пфляўмбаўм”. Зборнік “Сонца” прадстаўляе выбраную паэзію Яўгеніі Эргардаўны, у тым ліку творы 1920—1930-х гадоў, якія аўтар не ўключала ў свае выданні. У кнізе апублікаваны і вершы, якія доўгі час заставаліся ў рукапісах і былі напісаны ў канцы жыцця. Укладальніцай выдання выступіла Аксана Данільчык, яго рэдактарам — Віктар Жыбуль, ілюстрацыі і дызайн вокладкі з партрэтам паэткі падрыхтаваў мастак Сяргей Шабохін.

Аксана Данільчык падчас выступлення на семінары “Шляхамі маладнякоўцаў”. 27.01.2021.
Нацыянальная бібліятэка Беларусі

Імя Яўгеніі Пфляўмбаўм і яе сябровак па пяры Аксана Данільчык папулярызуе на навуковых канферэнцыях, публікуе літаратуразнаўчыя матэрыялы пра паэтак, значную частку якіх прысвячае Яўгеніі Эргардаўне. Штогод даследчыца прымае ўдзел у мерапрыемствах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і іншых устаноў, дзе знаёміць прысутных з творчасцю і лёсам маладняковак. Напрыклад, 27 студзеня 2021 года ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў межах праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця” адбыўся навукова-практычны семінар “Шляхамі маладнякоўцаў”, на якім Аксана Данільчык пазнаёміла з матэрыялам “Тры паэткі, тры лёсы: Зінаіда Бандарына, Наталля Вішнеўская, Яўгенія Пфляўмбаўм у кантэксце гісторыі беларускай літаратуры ХХ ст.”, апублікаваным затым у электронным зборніку матэрыялаў семінара.

25 мая 2023 года ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва прайшлі ХХІІІ Узвышаўскія чытанні, прымеркаваныя да 100-годдзя аб’яднання беларускіх пісьменнікаў “Маладняк”. Падчас мерапрыемства прагучала паведамленне Аксаны Данільчык “Актуалізацыя творчай спадчыны Яўгеніі Пфляўмбаўм: спроба комплекснага падыходу”. У мерапрыемстве ўдзельнічала і Нацыянальная бібліятэка Беларусі, якая прадставіла паэтку і яе жыццё праз архіўныя дакументы.

ХІІІ Узвышаўскія чытанні. 25.05.2023.
Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва

Яўгенія Пфляўмбаўм і Максім Лужанін пахаваны на могілках вёскі Паперня Мінскага раёна. Месца іх пахавання даглядаецца вучнямі і настаўнікамі Папярнянскай сярэдняй школы.

На магіле Яўгеніі Пфляўмбаўм і Максіма Лужаніна ў вёсцы Паперня.
Фота з сайта Папярнянскай сярэдняй школы

Імя Яўгеніі Пфляўмбаўм вярнулася ў літаратуру ў канцы 1980-х гадоў, аднак дзякуючы намаганням даследчыкаў, землякоў, неабыякавых да сваёй спадчыны беларусаў, вершы некалі невядомай паэткі працягваюць гучаць і ў наш час:

Гучы, крычы, не ціхні, слова,
Як толькі ўсочыш думкі след,
Гучы прамовай і замовай,
Святая матчыная мова,
Зіхлівых гукаў самацвет!

“Не ціхні, слова…”

Бібліятэкарам