І ні вясной, і ні зімой
Упрочкі песня не збяжыць.
Душа мая і голас мой
У вершах застануцца жыць.

Язэп Пушча


Язэп Пушча

Язэп Пушча.
1929 г.
З фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (БДАМЛМ)

У гісторыі беларускай літаратуры Язэп Пушча пакінуў яскравы і адметны след, запамінальныя вобразы, арыгінальныя вершы і паэмы. Яго ўнікальны стыль, нечаканыя метафары, эксперыменты з рытмікай, блізкасць да народных песень і музычнасць мовы прыцягваюць увагу сучасных чытачоў, літаратуразнаўцаў, кампазітараў, а спадчына паэта складае мастацкую каштоўнасць нашай літаратуры.

Язэп Пушча (сапраўднае імя – Іосіф Паўлавіч Плашчынскі) нарадзіўся 20 мая ў 1902 года ў вёсцы Каралішчавічы пад Мінскам у сялянскай сям’і. Яго бацькі, Павел Вікенцьевіч і Міхаліна Вікенцьеўна, былі непісьменнымі, працавалі на гаспадарцы і выхоўвалі шасцёра дзяцей – чатырох сыноў і дзвюх дачок. Іосіф, ці па-вясковаму Язэп, быў пятым дзіцём, адным з малодшых у гэтай вялікай сям’і. Жыццё Плашчынскіх напаўнялі тыповыя для сялян працоўныя будні, дзе ў кожнага з дзяцей з малых гадоў былі свае абавязкі. Па ўспамінах жонкі Язэпа Пушчы, Станіславы: “гэта была дружная, працавітая сям’я. Улетку ўставалі амаль у чатыры – пяць гадзін раніцы. Клаліся ў 11–12 гадзін вечара <…> Бацькі былі клапатлівыя разумныя людзі. За вячэрай абмяркоўваліся ўсе пытанні. Хто, дзе будзе выконваць заўтра якую работу”.

Пасведчанне аб нараджэнні Іосіфа Плашчынскага

Пасведчанне аб нараджэнні Іосіфа Плашчынскага (Язэпа Пушчы).
З фондаў БДАМЛМ

Маці і бацька Язэпа Пушчы

Міхаліна Вікенцьеўна і Павел Вікенцьевіч, маці і бацька Язэпа Пушчы.
1924 г.
З фондаў БДАМЛМ

Гаспадарка ў Плашчынскіх была добрая: мелі тры каровы, авечак, свіней, коней. Хлапчуком Язэп уставаў з узыходам сонца і ішоў на выган пасвіць кароў, “слухаў у полі і чуў, як раніца рыкае”. Невыпадкова гэты вобраз вясковай раніцы ўвайшоў у вершы будучага паэта. Былі ў хлопца і іншыя абавязкі: праца на зямлі, жніво, касьба… Уражанні пра гэты час пакінуў сам Язэп Пушча ў сваёй аўтабіяграфіі, якая захоўваецца ў фондах Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва: “Я рана навучыўся араць і касіць, і ў дванаццаць гадоў у касьбе амаль не адставаў ад дарослых, хоць фізічна і не быў моцным хлапчуком, але да касьбы здатным”. Менавіта з дзяцінства Язэпа захапілі мелодыі цудоўных жніўных песень, якія паўплывалі на яго раннюю творчасць, прыўнеслі ў вершы асаблівую пявучасць і мілагучнасць. Пазней, у 1924 годзе, паэт сам добра вызначыў сваю паэтычную радаслоўную і назваў сябе карэнным песняром вёскі:

“Зразаў я лазінкі на прывязь, –
А зоры мне сыпалі срэбра.
У хаце сялянскай я вырас,
Апрануты латаным зрэб’ем”.

Сядзіба Прушынскіх каля 1909 г.

Сядзіба Прушынскіх каля 1909 г.
З кнігі R. Aftanazy “Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej”.
З фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Вёска Каралішчавічы

Вёска Каралішчавічы. Сучасны выгляд.
Фота з інтэрнэт-крыніц

Бацькі хлапчука не мелі магчымасці вучыцца самі, але дзецям імкнуліся даць адукацыю і вывесці іх у людзі. У восем гадоў Язэп пайшоў вучыцца ў Каралішчаўскае народнае вучылішча, якое нядаўна адчынілася ў вёсцы. Характэрна, што ў пачатку ХХ стагоддзя Каралішчавічы былі вялікім населеным пунктам, бо тут пражывала больш за тысячу жыхароў. Вёска, вядомая яшчэ з ХVI стагоддзя і названая ў гонар аднаго з прадстаўнікоў шляхецкага роду Прушынскіх, што мелі тут сядзібу, была заможнай і прыцягвала культурную эліту краю. Напрыклад, вядома, што ў мясцовым касцёле Апекі Маці Божай, некаторы час служыў арганістам Станіслаў Манюшка.

Касцёл Апекі Маці Божай у Каралішчавічах

Касцёл Апекі Маці Божай у Каралішчавічах.
Пачатак ХХ ст.
З кнігі “Каталіцкія святыні: Мінска-Магілёўская архідыяцэзія”.
З фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Неўзабаве, у жніўні 1914 года, вучобу перапыніла Першая сусветная вайна і юны Язэп “пачынаў адчуваць душой народнае гора”, якое неслі гэтыя драматычныя падзеі. Толькі праз год ён узнавіў адукацыю і паступіў у другі клас Мінскага вышэйшага пачатковага вучылішча, але першыя заняткі адбыліся толькі ў канцы 1915 года. Тут у Язэпа пачалося зусім іншае, самастойнае жыццё. Як сведчыць Мікола Хведаровіч у сваёй кнізе нарысаў “Незабыўнае”, “за нейкія дзесяць вёрст малому хлопцу даводзілася хадзіць дадому па харчы кожны тыдзень”, бо жыў Язэп на прыватнай кватэры ў раёне цяперашняй Серабранкі. Нягледзячы на бытавыя цяжкасці, вучоба ў Мінску раскрыла перад здольным, дапытлівым вучнем новыя магчымасці, дала новыя знаёмствы. Менавіта тут ён прачытаў сваю першую беларускую кніжку, якой стаў зборнік “Шляхам жыцця” Янкі Купалы, дзякуючы якому “купалаўскае слова абудзіла ў яго нацыянальную свядомасць”. З гэтага часу хлопец назаўжды палюбіў цудоўнае беларускае слова. З 1918 па 1921 год Язэп працягваў адукацыю ў Мінскім рэальным вучылішчы. У гэты ж перыяд у Каралішчавічах ён пазнаёміўся з паэтам Міхасём Чаротам і пасябраваў з ім на доўгія гады.

Пасля заканчэння вучылішча Плашчынскі вярнуўся ў родныя Каралішчавічы, дзе пачаў працаваць настаўнікам у мясцовай школе. Школа была невялікая, а вучняў – 80 чалавек, таму заняткі праходзілі ў дзве змены, бо Іосіф Паўлавіч быў адзіным педагогам. Характэрна, што ніякіх планаў і праграм навучання ў маленькай, нядаўна створанай школе не было, з аддзела народнай асветы ўстанову ніхто не наведваў, працу настаўніка не правяралі і на ўроках не прысутнічалі. Скарыстаўшыся такой свабодай, малады педагог пачаў выкладаць на беларускай мове, “ды яшчэ ўвёў нямецкую і французскую мовы, бо толькі што скончыўшы рэальнае вучылішча, больш-менш ведаў іх”. З гэтага часу настаўніцкая справа стала асноўным відам дзейнасці і прайшла праз усё жыццё Язэпа Пушчы з маладых да сталых гадоў.

У жніўні 1921 года па ўласным жаданні Іосіф Плашчынскі быў накіраваны ў Мінск на курсы беларусазнаўства пры Наркамасветы БССР. Цікавыя лекцыі па літаратуры, сустрэчы з пісьменнікамі, сярод якіх былі Янка Купала, Якуб Колас, Змітрок Бядуля, што самі чыталі свае вершы, натхнілі маладога педагога, абудзілі ў ім новае пачуццё, імкненне да паэтычнага слова. Упершыню Іосіф Плашчынскі спрабуе пісаць вершы.

Скончыўшы курсы, настаўнік атрымаў званне лектара і пачаў працаваць у Мазырскім, а пасля - Мінскім аддзеле народнай асветы, дзе выкладаў беларускую мову і літаратуру на агульнаадукацыйных курсах, курыраваў школьную адукацыю.

Язэп Пушча ў 1922–1923 гг.

Язэп Пушча ў 1922–1923 гг.
З фондаў БДАМЛМ

У 1922 годзе ў друку з’яўляюцца першыя вершы Пушчы пад псеўданімам Лясун. У розныя гады, асабліва ў ранні перыяд творчасці, ён карыстаўся цэлым шэрагам псеўданімаў і крыптонімаў: П. Радзецкі, Чытач, З. Ж., Я. Кудзер, Л. Трыер, выкарыстоўваў і сваё сапраўднае прозвішча. Псеўданім “Язэп Пушча” з’явіўся прыкладна ў 1923 годзе, калі пісьменнік-пачатковец ужо стаў сябрам “Маладняка” і друкаваўся ў аднайменным часопісе. Паэт, які ўсім сэрцам любіў родную прыроду, яе маляўнічасць, вобразы зялёнага гаю, залатога бору, бязмежных лясных абшараў, нездарма ўзяў такі псеўданім, бо вельмі любіў лес. “Нешта піша, дык прозвішча новае прыдбаў… Усе ў нас Плашчынскія, а ён Пушча”, – па-вясковаму проста і шчыра тлумачыў Вінцэнты, старэйшы брат пісьменніка.

У 1923 годзе малады аўтар пазнаёміўся з іншымі беларускімі паэтамі, сваімі аднадумцамі – Анатолем Вольным, Андрэем Александровічам, Алесем Дударом, Адамам Бабарэкам і іншымі. У гэты час адбылася памятная ў гісторыі беларускай літаратуры падзея: адным з лістападаўскіх вечароў у клубе “КІМ” сябры-пісьменнікі, сярод якіх быў і Язэп Пушча, вырашылі арганізаваць літаратурнае аб’яднанне “Маладняк”. Аўтар-пачатковец стаў не толькі адным з заснавальнікаў згуртавання, але і яго літсакратаром, займаўся рэдагаваннем твораў маладых пісьменнікаў, выступаў на літаратурных вечарынах у розных беларускіх гарадах, шмат пісаў сам. Пачаліся шчаслівыя гады, калі паэт знаходзіўся на хвалі творчасці.

Літаратурнае аб’яднанне “Маладняк”

Літаратурнае аб’яднанне “Маладняк” у 1924–1925 гг.
З фондаў БДАМЛМ

У 1925 годзе ў серыі “Кніжніца «Маладняка»” выйшаў першы зборнік вершаў Язэпа Пушчы “Раніца рыкае”. У ім навідавоку захапленне ясенінскімі традыцыямі, маладая задзірыстасць, бадзёрасць і жыццесцвярджальнасць, імкненне да кожнай з’явы прыроды знайсці сваё непаўторнае вобразнае тлумачэнне. Не ўсе станоўча ўспрынялі паэтычныя эксперыменты Пушчы, але некаторыя крытыкі зразумелі, што ў літаратуру прыйшоў няхай яшчэ недасведчаны, але сапраўдны паэт, з моцным прыродным голасам: “…Не загіне беларуская культура, беларускае мастацтва. Першы зборнік маладнякоўца сведчыць аб гэтым, яскрава сведчыць”, – падкрэслівалі яны. Цудоўна перадаў свае ўражанні пра зборнік пісьменнік Сяргей Грахоўскі: “Толькі два словы – раніца рыкае, а ўяўленне ўжо малявала туманнае світанне, тужлівыя гукі пастуховай берасцянкі, ёй адказвалі рыкам каровы, бегучы на стойла з двароў. Жыла ва ўсіх колерах, гуках і пахах вясковая раніца. Вось тады і зразумеў, што побач пастаўленыя дакладныя словы могуць тварыць цуд, што гэта і ёсць паэзія”.

Рукапісы вершаў

Верш “Раніца”. Рукапіс.
Верш “Вясновае”. Рукапіс, чарнавы варыянт.
1923 г.
З фондаў БДАМЛМ

У той жа час пісьменнік працягваў выкладаць беларускую мову і літаратуру на агульнаадукацыйных курсах, клапаціўся аб адукацыі моладзі. Каштоўныя ўспаміны пра гэту дзейнасць Язэпа Пушчы пакінуў яго калега па пяру Алесь Звонак, які ў юнацтве быў слухачом тых курсаў, дзе выкладаў Плашчынскі: “Ён загаварыў. Пачалася лекцыя. Голас у яго быў мяккі, крыху пявучы, мова таксама прыгожая, павольная, лёгкая, як плынь тае рэчкі, што працякае паблізу яго роднага сяла, як лёгкі пошум вясновы ў маладым гаі… Так, прынамсі, нам здавалася. Можа, таму і палюбіліся нам яго лекцыі, яго нетаропкая апавядальная манера выкладання, яго мяккі гумар і поўная адсутнасць уладных інтанацый, гэтага неад’емнага атрыбута настаўніцкай прафесіі…”.

Станіслава Шпакоўская

Станіслава Шпакоўская, жонка Язэпа Пушчы.
1926 г.
З фондаў БДАМЛМ

Гэты шчаслівы час быў напоўнены не толькі плённай настаўніцкай працай, радасцю творчасці, але і каханнем. У верасні 1925 года Язэп Пушча разам з Кузьмой Чорным наведалі Слуцк, дзе прымалі ўдзел у літаратурным дыспуце разам з іншымі маладнякоўцамі слуцкай філіі. У гэтым горадзе малады паэт сустрэў васямнаццацігадовую Станіславу Шпакоўскую, з якой звязаў свой лёс назаўжды. Кранальныя, рамантычныя ўспаміны пра гэту сустрэчу на сяброўскай літаратурнай вечарыне пакінула сама “Стася”:

“Мы былі зачараваны Пушчавымі вершамі. Так мне і стаіць уваччу: мілы, сціплы, сарамлівы, з такой цудоўнай усмешкай… <…> Праз два дні Пушча і Чорны паехалі ў Мінск. Я вельмі сумавала. Не ведала, куды сябе дзець. Напэўна, я пакахала па-сапраўднаму”.

Малады паэт на другі дзень спаткання са слуцкай прыгажуняй прынёс ёй такі верш:

“З табой я спаткаўся ўчора.
Эх, Стася, мілая Стася!
З табой я спаткаўся ўчора.
Каханне разблытала тасьмы –
У гэты вечар асенні”.

Хутка закаханыя пабраліся шлюбам, і з 15 кастрычніка 1925 года пачалося іх сумеснае жыццё, іх “цудоўныя «дні вясны», хоць была ўжо восень”. Станіслава стала сапраўдным сябрам мужа, яго моцнай падтрымкай, заўсёды была побач пры любых жыццёвых абставінах. Плашчынскія стварылі цудоўную сям’ю, выхавалі чатырох дзяцей: Галіну, Валерыю, Лідзію і Анатоля. Паэт прысвяціў жонцы шмат вершаў, поўных цеплыні і пяшчоты, а дзеці натхнілі яго на стварэнне вершаваных казак, кранальных “Лістоў да дачушак”.

Сям’я Пушчы

Сям’я Пушчы.
Верасень 1957 г.

“Ліст да дачушак”

“Ліст да дачушак”. Рукапіс.
1930 г.
З фондаў БДАМЛМ

Канец 1920-х гадоў быў акрэслены творчым плёнам паэта: за першым дэбютным зборнікам адна за адной выходзяць яго наступныя кнігі, сярод якіх “Vita” (1926) і “Дні вясны” (1927). Характэрна, што Язэп Пушча надаваў шмат увагі дакладнасці назваў раздзелаў у сваіх выданнях, шукаў ёмістыя загалоўкі для стварэння “архітэктанічнай стройнасці”. У вершах мяняецца светаўспрыманне паэта і ён нібы прадчувае свой пакутлівы лёс.

Вокладкі

Паступова некаторыя аўтары-аднадумцы пачалі “перарастаць” “Маладняк”, бо імкнуліся да творчага росту, пошукаў індывідуальнага стылю, да іншага разумення прызначэння літаратуры. Адбываецца “раскол” творчай суполкі на “бурапенцаў” і “адраджэнцаў”. 26 мая 1926 года групай пісьменнікаў, якія адшчапіліся ад “Маладняка”, было створана новае літаратурнае аб’яднанне “Узвышша”. Разам з Уладзімірам Дубоўкам і Адамам Бабарэкам Язэп Пушча стаў адным з заснавальнікаў згуртавання. Пісьменнік пачынае працаваць сакратаром літаратурнай камісіі ў Інбелкульце, рыхтуе першае акадэмічнае выданне твораў Максіма Багдановіча, удзельнічае ў канферэнцыі па беларускім правапісе, дзе знаёміцца з латышскім паэтам і драматургам Янам Райнісам, з якім захаваўся вядомы групавы фотаздымак беларускіх пісьменнікаў.

Літаратурнае згуртаванне “Узвышша”

Літаратурнае згуртаванне “Узвышша”.
Мінск, 1928 г.
З архіва Алесі Бабарэка.
З фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры

Беларускія пісьменнікі на сустрэчы з Янам Райнісам

Беларускія пісьменнікі на сустрэчы з Янам Райнісам.
19 лістапада 1926 г.
З фондаў БДАМЛМ

Язэп Пушча працягваў удасканальваць сваю адукацыю: у 1925 годзе паступіў на педагагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, але восенню 1927 года перавёўся ў Ленінградскі ўніверсітэт на аддзяленне мовазнаўства і матэрыяльнай культуры. У фондзе № 26 Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва захоўваецца заліковая кніжка студэнта Іосіфа Плашчынскага.

Жыццё паэта ў Ленінградзе было насычаным: лекцыі ва ўніверсітэце, бібліятэка, дыспуты, цікавыя сустрэчы з Максімам Горкім, Уладзімірам Маякоўскім… Але Язэп Пушча вельмі сумаваў па дому, сваім сябрам, па “Узвышшу”, дзе друкаваліся яго вершы. З жонкай, якая паехала ўслед за мужам у Ленінград з маленькай дачушкай Галяй, паэт бачыўся мала праз сваю занятасць: “Прыходзіў змораны. Павячэраем. Крышку адпачне, пагуляе з дзіцём. І садзіцца за працу, за вершы, пісаў шмат, а мне таксама сумна, часам і паплачу”, – пісала ва ўспамінах Станіслава Плашчынская. Паэт па-ранейшаму прысвячаў любай жонцы кранальныя вершы:

“Нашто свецяцца слёзы ў вачох
І спадаюць расой каляровай?
Палажы мне чало на плячо,
Не сумуюць хай хмурыя бровы”.

У Ленінградзе пісьменнік стварае свае знакавыя творы, якія сталі для яго лёсавызначальнымі і прарочымі: вядомыя “Лісты да сабакі” (1927), паэмы “Песня вайны” (1927–1928) і “Цень Консула” (1928), зборнік “Песні на руінах” (1929). У творах адлюстраваны моцныя ўражанні паэта ад падзей Першай сусветнай, Грамадзянскай, савецка-польскай войнаў, рэвалюцыйных пераўтварэнняў. Перад вачыма юнака праходзіла гісторыя, карэнным чынам мянялася жыццё, і ён з болем творча адгукаўся на ўсё, што бачыў і адчуваў. Ужо самі назвы надзвычай гаваркія, сімвалічныя, і некаторыя ўспрымалі іх як выклік грамадству. Пачалася хваля жорсткай крытыкі…

У 1929 годзе на чацвёртым курсе пісьменнік пакінуў вучобу ў Ленінградзе і вярнуўся ў Мінск, працаваў стыльрэдактарам у Белдзяржвыдавецтве, стварыў паэмы “Крывавы плакат” (1930) і “Сады вятроў” (1930). Паэт пытаўся тлумачыць крытыкам крыніцы свайго суму ў “ленінградскіх” творах тугой па радзіме, адарванасцю ад родных каранёў, адзначаў, што “імкнецца выйсці на светлую дарогу”, “на шырокія прасторы вялікай паэзіі”. Аднак гэта ўсё роўна не ўратавала яго ад далейшых жыццёвых пакут.

Язэп Пушча ў ссылцы

Язэп Пушча ў ссылцы.
Шадрынск.
1931 г.
З фондаў БДАМЛМ

Язэп Пушча быў арыштаваны 24 ліпеня 1930 года. З 1931 па 1958 год асуджаны паэт жыў у выгнанні, спачатку ў горадзе Шадрынску, што на Урале, пасля ў Анапе, а потым у сяле Чаадаева на Мурамшчыне. За гэты час ён паспеў папрацаваць бухгалтарам у Шадрынскім райлесгасе, нарыхтоўчай канторы і нават у аддзеле вінаробства ў саўгасе “Джеметэ”. Сваю творчасць пісьменнік прыпыняе, у аўтабіяграфіі ён піша кароткія, але паказальныя сказы: “працую бухгалтарам і зрэдзь звяртаюся да паэзіі”, “працую бухгалтарам, напісаў некалькі вершаў”


Даведка аб працы І. Плашчынскага бухгалтарам

Даведка аб працы І. Плашчынскага бухгалтарам у Шадрынскім райлесгасе.
21.04.1934.
З фондаў БДАМЛМ

Упершыню Язэп Пушча адчуў сябе свабодным, калі пачаў займацца любімай настаўніцкай справай: выкладаў рускую мову і літаратуру ў Манакоўскай сярэдняй школе з 1937 па 1941 год. Тут ён вярнуўся да годнага чалавечага жыцця, дасягнуў прафесійнага росту, набраўся вопыту кіраўніка. Яго паважалі калегі, а вучні ўспрымалі як надзейнага сябра, якому давяралі. Іосіф Паўлавіч меў сапраўдны педагагічны талент, умеў зацікавіць нават самых абыякавых да вучобы школьнікаў. Захаваліся дакументы, якія сведчаць пра паспяховую працу Іосіфа Паўлавіча ў Манакоўскай школе: даведка аб грашовай прэміі ў 200 рублёў, годная характарыстыка, дзе адзначана, што, дзякуючы яму, паспяховасць у некаторых класах складала 96,6 %.

Сярод вучняў 7 класа Манакоўскай сярэдняй школы

Язэп Пушча сярод вучняў 7 класа Манакоўскай сярэдняй школы.
1941 г.

Фрагмент характарыстыкі на І. Плашчынскага

Фрагмент характарыстыкі на настаўніка І. Плашчынскага, напісанай дырэктарам Манакоўскай сярэдняй школы Мурамскага раёна.
19.07.1938.
З фондаў БДАМЛМ

З 1937 па 1958 год пісьменнік з сям’ёй жыў у сяле Чаадаева Мурамскага раёна, дзе працаваў у мясцовай сярэдняй школе на пасадзе дырэктара. Гэтыя гады сталі самымі паспяховымі ў яго настаўніцкай і кіраўнічай рабоце. Захаваліся ўспаміны паплечнікаў і вучняў Іосіфа Плашчынскага, якія прасякнуты вялікай павагай і цеплынёй да яго. Вось якія словы пакінула пра Пушчу яго калега, настаўніца Яўгенія Рыгораўна Шустава: “Іосіф Паўлавіч валодаў нейкім дзіўным талентам арганізатара. Ён быў не мітуслівы, не шумлівы, заўсёды спакойны, вытрыманы. Часам здавалася, што ён ніякіх асаблівых намаганняў не прыкладае, каб вырашыць нейкае складанае пытанне. Знешне выглядала так, быццам усё рабілася само сабой. Але варта было прыгледзецца ўважліва, і ўбачыш, што Іосіф Паўлавіч заўсёды ў цэнтры ўсіх пачынанняў…”.

На ўчастку кукурузы

Язэп Пушча з вучнямі на ўчастку кукурузы.
1956 г.
З фондаў БДАМЛМ

Іосіф Паўлавіч быў дбайным гаспадаром, сам рамантаваў школьныя парты і дзверы, уразаў замкі, даглядаў прышкольны ўчастак, вельмі любіў кветкі і дрэвы, нават пасадзіў разам з вучнямі вішнёвы сад, які існаваў да нядаўняга часу, а некаторыя вішні захаваліся і сёння. Любіў займацца паэт і сваім уласным агародам, сам даглядаў памідоры. У Плашчынскіх заўсёды жылі кот і сабакі, а ў больш спрыяльных жыццёвых умовах яны абзаводзіліся каровамі, козамі, курамі.

Анатоль Плашчынскі, сын Я. Пушчы

Анатоль Плашчынскі, сын Язэпа Пушчы.
Май 1955 г.
Чаадаева.
З архіва С. Шпакоўскай.
З фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры

У гады вайны пісьменнік быў мабілізаваны і некаторы час знаходзіўся ў Маскве, праходзіў вучобу ў 2-м Маскоўскім пяхотным вучылішчы, але праз стан здароўя вярнуўся да сваіх дырэктарскіх абавязкаў. Чаадаеўская школа працавала і ў ваенны час. Так, у школьным музеі захаваліся ўспаміны вучаніцы Зінаіды Тутавай, якая адзначала арганізацыю добрага харчавання ва ўстанове, клопаты дырэктара І. Плашчынскага пра кожнага вучня, яго хваляванне наконт стану здароўя школьнікаў у час голаду: “Товарищи родители, вы каждый день давайте детям сладкий чай для работы мозга”, – раіў ён.

Чаадаева не замяніла паэту радзіму, але гэты край, любімая школа і калегі назаўжды засталіся ў яго сэрцы і на старонках яго кніг.

Язэп Пушча быў рэабілітаваны 30 студзеня 1956 года, у 1958–м вярнуўся з сям’ёй у Мінск, дзе ім выдзелілі кватэру на вуліцы Чарнышэўскага, аднак толькі 6 гадоў было адведзена паэту пражыць на радзіме. За гэты кароткі перыяд ён шмат паспеў, зноў быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў, удзельнічаў у Дэкадзе літоўскай культуры, меў новыя сустрэчы, пабачыў надрукаванымі свае кнігі. Як успамінае Станіслава Плашчынская: “У гэты час ён вельмі шмат пісаў. Уставаў рана і да снядання любіў паблукаць адзін па лясных сцяжынках. Часам прыходзіў з лесу і тут жа садзіўся за стол і пісаў. Прыходзіў такі свежы, адпачыўшы, усхваляваны”.

У гэты перыяд Язэп Пушча звяртаецца да дзіцячых твораў, што было заканамерным для чалавека, які ўсё жыццё працаваў з дзецьмі і меў сваіх дачок і сына. Адным з такіх твораў стала вершаваная казка “На Бабрыцы”, якая пабачыла свет у двух асобных выданнях – 1960 і 1977 гадоў з ілюстрацыямі Валянціна Ціхановіча.

“На Бабрыцы”

Выданні 1960 і 1977 гг.
З фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Рукапіс (першы варыянт).
Кастрычнік, 1958 г.
З фондаў БДАМЛМ

У апошнія гады жыцця Язэп Пушча цяжка хварэў. Прадчуваючы непазбежнае, ён напісаў:

“Калі агонь жыцця згасаць збярэцца,
Ты жар яго кійком паварушы,
І разгарацца вугалькі ў сэрцы,
Сагрэтыя жывым цяплом душы”.

Месца пахавання Язэпа Пушчы

Месца пахавання Язэпа Пушчы ў Каралішчавічах.
Фота з інтэрнэт-крыніц

Пісьменніка не стала 14 верасня 1964 года. Па яго ўласным жаданні яго пахавалі на вясковых могілках побач з бацькамі ў Каралішчавічах, на яго роднай зямлі.

Імя Язэпа Пушчы застаецца “светлым праменьчыкам” у паэзіі Беларусі, а яго вершы пакідаюць адчуванне цеплыні, прыроднага хараства і лёгкага смутку:

“Клёны з ліпамі схіляцца ніц,
І асвеціцца зорамі дзень.
Мой апошні акорд празвініць, –
Даль прыцісне яго да грудзей”.


Песні сэрца: творчая спадчына Язэпа Пушчы


А муза ў строфах-хвалях рэк
Спявае, быццам маладзіца.
І трэба ж мне было радзіцца
Паэтам у дваццаты век.

Язэп Пушча


Язэп Пушча прайшоў няпростай, але цікавай і насычанай творчай дарогай. 28 гадоў паэт быў вымушаны знаходзіцца далёка ад радзімы і шмат твораў пісаць у стол. Але усё роўна ён захаваў агонь душы і пакінуў багатую літаратурную спадчыну. Язэп Пушча – аўтар цудоўных вершаў і паэм, якія і да нашага часу з’яўляюцца прыкладамі сапраўднага паэтычнага майстэрства. Яго пяру належаць дзіцячыя вершы і вершаваная казка “На Бабрыцы”, шэраг артыкулаў, дзе ён паказаў сябе як здольны і смелы крытык літаратуры 1920-х гадоў.

Упершыню вершы Язэпа Пушчы з’явіліся ў друку пад псеўданімам Лясун у 1922 годзе, а ўжо праз год юнак разам са сваімі сябрамі стаў адным з заснавальнікаў і актыўных удзельнікаў згуртавання “Маладняк”. З гэтага часу літаратура стала яго асноўным заняткам. Аўтар-пачатковец хутка стаў вядомым паэтам: ужо ў 1925 годзе выйшаў яго першы зборнік “Раніца рыкае”. У ранні перыяд творчасці Язэп Пушча паказаў сябе адным з лідараў авангардысцкага напрамку, смелым эксперыментатарам, прыхільнікам эпатажнасці, нязвыклай формы выказвання, нечаканых вобразаў:

“Беланогі, расчухраны месяц
лявоніць у лісці кляновым;
мне чупрыны не хочацца звесіць
ў гэты вечар аўсяна-зялёны”.

Вершы паэта гэтага часу былі сугучнымі авангарднай плыні “імажынізм”, папулярнай у рускай паэзіі 1920-х гадоў, мэтай якой з’яўлялася стварэнне прамых і пераносных метафарычных вобразаў з імкненнем “выклікаць у чытача максімум унутранага напружання”. Да імажынізму адносілася творчасць А. Марыенгофа, В. Шаршаневіча, С. Ясеніна і інш. Пад ухілам гэтай плыні ў творчасці Язэпа Пушчы ўзніклі арыгінальныя вобразы: звычайная вясковая раніца з яе туманам, што “сырадоем абмые”, “златазубым горадам”, “сутулым сялом”, “вясковым аблавухім клёнам”, сонцам, што “выганяе пасвіць дзень” і інш. Невыпадкова паэта лічаць адным з прадстаўнікоў беларускай версіі імажынізму і, па словах даследчыка М. Мішчанчука, у яго “кожны вобраз-дэталь мае самастойнае значэнне і з’яўляецца знаходкай”.

Сонечныя вясковыя раніцы, спевы птушак, бадзёры і ўзнёслы настрой, “шчырая разухабістасць”, уласцівая маладнякоўскай паэзіі, паступова знікае. Ужо ў наступных зборніках Язэпа Пушчы “Vita” (1926), “Дні вясны” (1927), “Песні на руінах” (1929) з’яўляюцца матывы разгубленасці, адзіноты ў чужым горадзе, неўладкаванасці жыцця. У вершах узнікаюць вобразы “заплаканага вечара”, “чорнай дарогі”, “крыклівага ветру”, паэта ўсе больш пранізваюць трывожныя прадчуванні:

“Мне становіцца страшна за лёс, –
з сінь-вачэй маіх смутак імжыць”.

У зборніку “Vita” Язэп Пушча акрэслівае шлях да новага паэтычнага кірунку, які называе вітаізмам (ад слова “vita” – жыццё). Пісьменнік у прадмове да зборніка так вызначыў свой новы шлях у паэзіі: “сінтэз, стройная сугучнасць рамантызму жыцця з яго рэалізмам”. Як адзначыла Г. Дасько, даследчык творчасці Я. Пушчы, паэт нібы паглыбляе, вытанчае сваё разуменне жыцця, спалучае духоўна-ідэальнае з наяўным, што разам складаюць гармонію і суладдзе. Ад верша да верша ўзнікае дваістасць: свет яшчэ радуе аўтара, але ўжо не выклікае ранейшага захаплення, бо на змену раніцы прыходзіць вечар, а вясну ўсё больш змяняе прыглушаны восеньскі колер.

У канцы 1920-х гадоў паэт звяртаецца да буйной жанравай формы: з-пад яго пяра выходзяць паэмы “Песня вайны” (1927–1928), “Цень Консула” (1928), “Крывавы плакат” (варыянт назвы “Крывавы год”, 1930), “Сады вятроў” (1930). Гэтыя творы сталі водгукам пісьменніка на гістарычныя падзеі, што адбываліся ў Беларусі, з’явіліся пратэстам супраць Першай сусветнай і савецка-польскай войнаў.

Акрамя паэтычнай творчасці, у гэты перыяд Язэп Пушча актыўна займаўся крытычнай дзейнасцю, пакінуў шмат літаратуразнаўчых артыкулаў: “Матывы маладняцкай паэзіі”, “За стыль эпохі”, “Аб жніўных песнях і абрадах”, напісаў рэцэнзіі на кнігі А. Александровіча, Кузьмы Чорнага, А. Дудара, П. Глебкі, выступаў з крытычнымі аглядамі часопісаў “Маладняк”, “Полымя”. Яго літаратуразнаўчая спадчына па сённяшні дзень не страціла сваёй надзённасці і арыгінальнасці высноў.

У 1927 годзе, падчас вучобы ў Ленінградзе, Язэп Пушча напісаў “Лісты да сабакі” – адзін з самых вядомых яго твораў, шэдэўр рамантычнай лірыкі, які ў свой час выклікаў шырокую палеміку і жорсткую хвалю крытыкі. У вершы паэт звярнуўся да свайго ўмоўнага двайніка – сабакі Жэка, які жыў у Плашчынскіх. Характэрна выкарыстаная аўтарам форма лістоў, да якой ён неаднаразова звяртаўся ў сваёй творчасці, каб больш жыва і эмацыянальна перадаць свае думкі.

Наступны доўгі перыяд быў звязаны з высылкай, працай па-за межамі Беларусі. Адарваны ад радзімы, паэт пісаў мала. Толькі апошнія 6 гадоў жыцця было адлічана яму пражыць на роднай зямлі, але за гэты кароткі час ён паспеў напісаць шэраг твораў – паэмы “Бор шуміць” (1957) і “Людвіся” (1959), прысвечаныя падзеям Вялікай Айчыннай вайны, вершаваную казку “На Бабрыцы” (1958), выдаў зборнікі “Вершы і паэмы” (1960) і “Пачатак легенды” (1963). У творчасць Язэпа Пушчы зноў вяртаюцца аптымізм і надзея, вершы становяцца нібы гімнамі ў гонар сустрэчы з сябрамі, чытачамі, роднай зямлёй. У шэрагу твораў гэтага перыяду паэт паказвае сваё захапленне прыродай, якой прысвячае санеты, стварае вершы на вытворчую і ўрбаністычную тэматыку.

Пісьменнік цікавіўся перакладамі, у прыватнасці, перакладаў на беларускую мову вершы ўкраінскага паэта Уладзіміра Сасюры, вершы латышскіх паэтаў, сярод якіх Арвідс Грыгуліс, Марта Барбале, Еранім Стулпан, Валія Брутане. З рускай мовы на беларускую ён пераклаў вядомую аповесць Аляксея Талстога “Дзяцінства Мікіты” (1960, ёсць у фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі).

Не ўся спадчына Язэпа Пушчы захавалася да нашага часу. Вядома, што ў 1930-я гады ён падрыхтаваў да выдання кнігу “Мой маніфест”, зборнік лірыкі “Грэшная кніга”, але гэтыя творы так і не былі надрукаваны. Тым не менш пісьменнік шмат “нашчадкам у спадчыну пакінуў”, і сёння цудоўны паэтычны свет Язэпа Пушчы не можа не кранаць сэрцы чытачоў, яго наступнікаў, нашых землякоў. Як адзначаў сам паэт: “Няхай творчасць вырываецца з гарачага нутра, а ня з цяжкай галавы, бо-ж найвялікшай каштоўнасцю ў мастацкім творы ёсць яго эмацыянальнасць, яго лірычная сіла і напружанасць”.


  • Прыжыццёвыя публікацыі Язэпа Пушчы ў перыядычных выданнях з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

    1923

    Летні вечар; КСМ на дэманстрацыі : [вершы] / Я. Пушча // Маладняк. – 1923. – № 1. – С. 50–51. – (Шыфр НББ: 3ОК6382)

    Новы дзень : [верш] / пад прозв. Я. Плашчынскі // Полымя. – 1923. – № 3–4. – С. 59. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    Смелым крокам : [верш] / пад псеўд. Лясун // Полымя. – 1923. – № 5–6. – С. 88. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    1924

    Раніца : [верш] / Я. Пушча // Маладняк. – 1924. – № 2–3. – С. 83. – (Шыфр НББ: 3ОК6382)

    “Васількова-зялёнай ночкай…” : [верш] / Я. Пушча // Маладняк. – 1924. – № 4. – С. 62. – (Шыфр НББ: 3ОК6382)

    “Васількова-зялёнай ночкай…” : [верш] / Я. Пушча // Радавая рунь. – 1924. – № 3–4. – С. 12. – (Лічбавая копія з фонду Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь)

    Мне чупрыны не хочацца звесіць; Усміхаецца раніца : [вершы] / Я. Пушча // Маладняк. – 1923. – № 5. – С. 63–64. – (Шыфр НББ: 3ОК6382)

    К новым далям / Я. Пушча // Полымя. – 1924. – № 1. – С. 77–78. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    “Туляўся выбоямі грэблі…” / Я. Пушча // Полымя. – 1924. – № 3. – С. 63. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    “Ой ды, песні мае, цёмнавірыя…”; “Не ўдалося ў гэта мне лета…” : [вершы] / Я. Пушча // Полымя. – 1924. – № 4. – С. 74–75. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    З песняў “Беларусь” : [вершы] / Я. Пушча // Радавая рунь. – 1924. – № 3–4. – С. 3. – (Лічбавая копія выканана з арыгінала з фонду Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь)

    Вобраз у беларускай паэзіі / пад псеўд. Я. Кудзер // Радавая рунь. – 1924. – № 2. – С. 6–10. – (Лічбавая копія з фонду Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь)

    Вясновае : [верш] / Я. Пушча // Радавая рунь. – 1924. – № 2. – С. 15. – (Лічбавая копія з фонду Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь)

    Маладняцкія ўсходы / Я. Пушча // Маладняк Калініншчыны. – 1924. – 23 лістап. – С. 15–18. – (Шыфр НББ: 3ОК11866)

    1925

    Дажынкавае : [верш] / Я. Пушча // Маладняк. – 1925. – № 6. – С. 74. – (Шыфр НББ: 3ОК6382)

    “Я сын дубровы круглалістай…” : [верш] / Я. Пушча // Маладняк. – 1925. – № 7. – С. 70–71. – (Шыфр НББ: 3ОК6382)

    “Ад радасці…”; “Я для Беларусі…” : [вершы] / Я. Пушча // Маладняк. – 1925. – № 8. – С. 22–24. – (Шыфр НББ: 3ОК6382)

    “Не закілзаць…”; “У загруддзі…” : [вершы] / Я. Пушча // Маладняк. – 1925. – № 9. – С. 42–43. – (Шыфр НББ: 3ОК6382)

    З цыклю "Заходняя Беларусь" : [верш] / Я. Пушча // Савец. Беларусь. – 1925. – 18 кастр. – С. 4. – (Шыфр НББ: 4Н//4403)

    "Зоры мітусяцца, сьвецяць..." : [верш] / Я. Пушча // Савец. Беларусь. – 1925. – 1 ліст. – С. 5. – (Шыфр НББ: 4Н//4403)

    1926

    “Спаткаем мы ўсе долю…”; “Я не знаю, нашто ветру дуцца…”; “Сцюдзёнаю зімой” : [вершы] / Я. Пушча // Маладняк. – 1926. – № 2. – С. 26–28. – (Шыфр НББ: 3ОК6382)

    Светлых дзён хараство; “Высіцца, высіцца арка…”; “Вечна ў вечар…”; “Слязіны буйныя ўпалі” : [вершы] / Я. Пушча // Маладняк. – 1926. – № 3. – С. 20–24. – (Шыфр НББ: 3ОК6382)

    “Ой, ты краса палёў далёкіх…”; “Не шумі, бяроза…” : [вершы] / Я. Пушча // Маладняк. – 1926. – № 5. – С. 44–45. – (Шыфр НББ: 3ОК6382)

    “Вецер – разбэшчаны шэльма…” : [верш] / Я. Пушча // Наш покліч. – 1926. – № 3. – С. 20. – (Шыфр: 19ИН2378)

    Я стаю, пахіліўшы чало : [верш] / Я. Пушча // Полымя. – 1926. – № 4. – С. 66. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    Зазваніце! : [верш] / Я. Пушча // Світанне. – 1926. – № 1. – С. 4. – (Шыфр НББ: 3ОК22361)

    Прысвячаю “прыяцелям-паэтам…” : [верш] / Я. Пушча // Чырвоны сейбіт. – 1926. – № 1. – С. 4. – (Шыфр НББ: 3ОК22361)

    “Любыя, мілыя ліпы…”; “Ой за лугам, лесам развясёлая зара…” : [вершы] / Я. Пушча // Чырвоны сейбіт. – 1926. – № 2. – С. 5. – (Шыфр НББ: 3ОК22361)

    1927

    Я сын дубровы; Я для Беларусі / Я. Пушча // Беларускі каляндар. Вільня. – 1927. – С. 28–29. – (Шыфр: Ба226432)

    Звонка-імпэтныя хвалі; “Маёй песні ніхто не ачэрніць…” : [вершы] / Я. Пушча // Полымя. – 1927. – № 1. – С. 90–91. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    “Браты вы мае!...”; “Узвейся, вецер” : [вершы] / Я. Пушча // Полымя. – 1927. – № 2. – С. 71–72. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    Песня юнацтву : [верш] / Я. Пушча // Узвышша. – 1927. – № 1. – С. 62–67. – (Шыфр НББ: 3ОК12702)

    [Рэц. на кн.: Коляда Д. Futur-Extra. М., 1927] / пад псеўд. Я. Кудзер // Узвышша. – 1927. – № 2. – С. 212. – (Шыфр: 3ОК12702)

    “Еўропа…”; “На ростані…”; “У прасторы зоры…” : [вершы] / Я. Пушча // Узвышша. – 1927. – № 2. – С. 24–25. – (Шыфр: 3ОК12702)

    З паэмы “Песня вайны” : [урывак] / Я. Пушча // Узвышша. – 1927. – № 3. – С. 3–5; № 6. – С. 89–96. – (Шыфр: 3ОК12702)

    Вітрыны; “Як люба тут…”; Палац; Асенняя песня : [вершы] / Я. Пушча // Узвышша. – 1927. – № 4. – С. 4–6. – (Шыфр: 3ОК12702)

    [Рэц. на кн.: Глебка П. Шыпшына. Лірыка. Мн., 1927] / пад псеўд. Язэп Кудзер // Узвышша. – 1927. – № 5. – С. 199–200. – (Шыфр: 3ОК12702)

    Асенняя песня; Лісты да сабакі; Ліст ад сабакі : [вершы] / Я. Пушча // Узвышша. – 1927. – № 5. – С. 90–96. – (Шыфр: 3ОК12702)

    Панская навала / Я. Пушча // Савец. Беларусь. – 1927. – 5 лют. – С. 3. – (Шыфр: 4Н//4403)

    1928

    За бяседным сталом : [урывак] / Я. Пушча // Маладняк. – 1928. – № 10. – С. 66. – (Шыфр НББ: 3ОК6382)

    З паэмы “Песня вайны” : [урывак] / Я. Пушча // Узвышша. – 1928. – № 1. – С. 21–36. – (Шыфр: 3ОК12702)

    Песня акупацыі : [паэма] / Я. Пушча // Узвышша. – 1928. – № 2. – С. 65–79. – (Шыфр: 3ОК12702)

    За бяседным сталом; Не стлеў, не згас!; Забралі людзі : [вершы] / Я. Пушча // Узвышша. – 1928. – № 3. – С. 16–19. – (Шыфр: 3ОК12702)

    Гімн; Грахі мае душы; Новыя лісты : [вершы] / Я. Пушча // Узвышша. – 1928. – № 6. – С. 3, 83–87. – (Шыфр: 3ОК12702)

    1929

    Снежаньская свежасць : [верш] / Я. Пушча // Узвышша. – 1929. – № 1. – С. 21–24. – (Шыфр НББ: 3ОК12702)

    За стыль эпохі / Я. Пушча // Узвышша. – 1929. – № 1. – С. 77–82. – (Шыфр НББ: 3ОК12702)

    Маўклівая радасць мая : [верш] / Я. Пушча // Узвышша. – 1929. – № 2. – С. 3–6. – (Шыфр НББ: 3ОК12702)

    “Ну, каму з нас ахвота памерці” / пад псеўд. Л. Трыер // Узвышша. – 1929. – № 3. – С. 101–102. – Рэц. на кн.: Чарот М. Сонечны паход. Мінск, 1929. – (Шыфр: 3ОК12702)

    “І без болю, і без мукі” ці “тое ўсё, што ў модзе” / пад псеўд. Л. Трыер // Узвышша. – 1929. – № 4. – С. 114–116. – Рэц. на кн.: Хведаровіч М. Настроі. Мінск, 1929. – (Шыфр: 3ОК12702)

    Перад скупым абліччам часу : [вершы] / Я. Пушча // Узвышша. – 1929. – № 5. – С. 47–50. – (Шыфр НББ: 3ОК12702)

    Бязбожны сын; Радасны дзікун; Крэматоры; Усміхацца, ці не? : [вершы] / Я. Пушча // Узвышша. – 1929. – № 6. – С. 20–23. – (Шыфр НББ: 3ОК12702)

    Сады вятроў : [урывак з паэмы] / Я. Пушча // Узвышша. – 1929. – № 9–10. – С. 3–11; 1930. – № 3. – С. 3–14. – (Шыфр НББ: 3ОК12702)

    У барацьбе за пралетарскую літаратуру. Ліст да рэцэнзента “Р. Г.” / Я. Пушча // Савец. Беларусь. – 1929. – 6 кастр. – С. 3. – (Шыфр: 4Н//4403)

    Супраць “надрыўных дысанансаў” / Я. Пушча // Савец. Беларусь. – 1929. – 27 кастр. – С. 3. – (Шыфр: 4Н//4403)

    1930

    Узмахі : [верш] / Я. Пушча // Полымя. – 1930. – № 2. – С. 78. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    Крывавы плакат : [паэма] / Я. Пушча // Узвышша. – 1930. – № 9–10. – С. 3–19. – (Шыфр НББ: 3ОК12702)

    1935

    Мне чупрыны не хочацца звесіць; “…Я сын дубровы круглалістай…”; “Эх, вёска! Саламяная радасць дуброў…”; На ростані; Як люба тут…; Не стлеў, не згас! : [вершы] / Я. Пушча // Калоссе. – 1935. – № 2. – С. 90–94. – (Шыфр НББ: 19ИН2319)

    1939

    Лісты да сабакі : [вершы] / Я. Пушча // Калоссе. – 1939. – № 1. – С. 15–19. – (Шыфр НББ: 19ИН2319

    Новыя лісты : [верш] / Я. Пушча // Калоссе. – 1939. – № 2. – С. 93–95. – (Шыфр НББ: 19ИН2319)

    1956

    Адаму Міцкевічу : [верш] / Я. Пушча // Полымя. – 1956. – № 10. – С. 91. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    1957

    Песня песень; Сяргею Есеніну : [вершы] / Я. Пушча // Полымя. – 1957. – № 7. – С. 73. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    Лета; Фантаны : [вершы] / Я. Пушча // Полымя. – 1957. – № 10. – С. 95. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    Сорак зорак : [верш] / Я. Пушча // Полымя. – 1957. – № 11. – С. 92. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    1958

    На ўсходзе сонца : [верш] / Я. Пушча // Вясёлка. – 1958. – № 9. – С. 92. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    Зорка Саветаў : [верш] / Я. Пушча // Вясёлка. – 1958. – № 12. – С. 5. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    Бяседная : [верш] / Я. Пушча // Маладосць. – 1958. – № 12. – С. 49. – (Шыфр НББ: 3ОК54)

    Свята; “Хвойнік…” : [вершы] / Я. Пушча // Полымя. – 1958. – № 12. – С. 94–95. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    Слаўся, Радзіма! : [верш] / Я. Пушча // ЛіМ. – 1958. – 5 снеж. – С. 1. – (Шыфр: 4Н//334)

    Адаму Міцкевічу : [верш] / Я. Пушча // ЛіМ. – 1958. – 24 снеж. – С. 3. – (Шыфр: 4Н//334)

    Першакласніца : [верш] / Я. Пушча // Піянер Беларусі. – 1958. – 5 верас. – С. 1. – (Шыфр: 4Н//492)

    1959

    Як добра; На возеры; Салавей; Песня лета : [вершы] / Я. Пушча // Маладосць. – 1959. – № 7. – С. 70–71. – (Шыфр НББ: 3ОК54)

    Яну Райнісу : [верш] / Я. Пушча // Полымя. – 1959. – № 8. – С. 94–95. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    Трапяткое сэрца паэта / Я. Пушча // ЛіМ. – 1959. – 7 кастр. – С. 2. – Рэц. на кн.: Пысін А. Сіні ранак. Мінск, 1959 – (Шыфр: 4Н//334)

    1960

    “Дарогаю вясны” / Я. Пушча // Беларусь. – 1960. – № 2. – С. 31. – Рэц. на кн.: Шушкевіч С. Дарогаю вясны. Мінск, 1960. – (Шыфр: 3ОК //242)

    Ленін : [верш] / Я. Пушча // Беларусь. – 1960. – № 4. – С. 7. – (Шыфр: 3ОК //242)

    Вясна : [верш] / Я. Пушча // Беларусь. – 1960. – № 5. – С. 2. – (Шыфр: 3ОК //242)

    1961

    На Радзіме так прыгожа! : [верш] / Я. Пушча // Беларусь. – 1961. – № 5. – С. 1. – (Шыфр: 3ОК //242)

    Жытні колас; Рана сонейка ўстала; Музыка вясны : [вершы] / Я. Пушча // Маладосць. – 1961. – № 6. – С. 19–22. – (Шыфр НББ: 3ОК54)

    Светлы Нёман-чарадзей; Белавежа; Валуны : [вершы] / Я. Пушча // Полымя. – 1961. – № 2. – С. 158–160. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    Збыліся надзеі і мары : [верш] / Я. Пушча // Полымя. – 1961. – № 2. – С. 158–160. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    Штодзень прыгажэе : [верш] / Я. Пушча // Голас Радзімы. – 1961. – № 43 (Чэрв.). – С. 4. – (Шыфр: 4Н//157)

    Тарасу Шаўчэнку : [верш] / Я. Пушча // ЛіМ. – 1961. – 10 сак. – С. 1. – (Шыфр: 4Н//334)

    1962

    Дзень добры, Радзіма! : [верш] / Я. Пушча // Голас Радзімы. – 1962. – № 43 (Май). – С. 4. – (Шыфр: 4Н//157)

    Дарогі юнацтва; Ты – як песня тая; “Сталее песня год ад году…” : [вершы] / Я. Пушча // Полымя. – 1962. – № 5. – С. 91–93. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    Для новае сяўбы : [верш] / Я. Пушча // ЛіМ. – 1962. – 8 мая. – С. 3. – (Шыфр: 4Н//334)

    Курлы, курлы : [верш] / Я. Пушча // Ніва. – 1962. – 6 мая. – С. 1. – (Шыфр: 4Н//4147)

    Расіі : [верш] / Я. Пушча // Чырвоная змена. – 1962. – 30 снеж. – С. 3. – (Шыфр: 4Н//334)

    1963

    Сяўба : [верш] / Я. Пушча // Беларусь. – 1963. – № 5. – С. 4. – (Шыфр: 3ОК //242)

    Навагодняе віно; На хараство не надзівіцца; На дарогах Беларусі; “Па-над вёскамі і сёламі…” : [вершы] / Я. Пушча // Полымя. – 1963. – № 1. – С. 7–9. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    1964

    Тарасу Шаўчэнку : [верш] / Я. Пушча // Ніва – 1964. – 23 лют. – С. 1. – (Шыфр: 4Н//4147)

    Наверх
  • Творы Язэпа Пушчы ў перакладах і ў вершаваных зборніках з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі

    Творы Язэпа Пушчы ў перакладах

    1. БА56084 * БА56139
    Atplaukia Nemunu daina : baltarusių poezijos rinkinys / [sudarė Mikola Chvedarovičius] ; [redagavo Eug. Matuzevičius ir Alb. Žukauskas]. – Vilnius : Valstybinė grožinės literatūros leidykla, 1958. – 430 с. – [На літ. мове].
    Са зместу:
    Pušča, J. Dainu daina / J. Pušča; verte A. Zukauskas. – C. 317–318;
    Pušča, J. Vasara / J. Pušča; verte A. Zukauskas. – C. 319;
    Pušča, J. Sergejui Jeseninui / J. Pušča; verte A. Zukauskas. – C. 320–321.

    2. БА66447
    Baltkrievijas priede : baltkrievu padomju dzejas izlase / [sastādītāji: Anatoļs Vjaļugins, Jūlijs Vanags, Anatols Imermanis]. – Rīgā : Latvijas valsts izdevniecība, 1960. – 335 c.
    Са зместу:
    Pušča, J. Vasara / J. Pušča; Atdz A. Vējāns. – C. 214–215;
    Pušča, J. Lakstigala / J. Pušča; Atdz. J. Ocmanis. – C. 216.

    3. ИН139288 * 1Н//459192(039) * БА120777 * БА134183
    Wiersze białoruskie / wybrał, opracował i przedmową opatrzył Jan Huszcza. – Łódź : Wydawnictwo Łódzkie, 1971. – 275 с.
    Са зместу:
    Puszcza, J. Adamowi Mickiewiczowi / J. Puszcza; J. Huszca. – C. 77;
    Puszcza, J. Kukała zazula / J. Puszcza; J. Huszca. – C. 78.

    4. 1Н//230499(039) * БА164706
    Antologia poezji białoruskiej / wybrał i opracował Jan Huszcza ; wstęp napisał Aleksander Barszczewski. – Wrocław [etc.] : Ossolineum, 1978. – LVIII, 350 с. : іл., партр. – (Biblioteka narodowa. Seria 2 ; № 196).
    Са зместу:
    Puszcza, J. Adamowi Mickiewiczowi; Orkiestry; Fantazi nia u Aziji; Kukała zazula; List do poetow; Nie zagasła; [Ranicu szczebiet] / J. Puszcza. – C. 266–272.

    5. ИН179948
    Puszcza, J. Pamięci Adama Mickiewicza / J. Puszcza // Więzi przyjaźni : antologia tekstów literackich / wstępami opatrzyli Gieorgij Markow, Halina Auderska ; wyboru tekstów pisarzy radzieckich dokonał Florian Nieuważny ; wyboru tekstów pisarzy polskich dokonał Wiktor Nowinski. – Warszawa, 1984. – C. 252.

    6. БА233504 * БА246770 * 1БА75916
    Panasiuk, N. Wybór tekstów z literatury białoruskiej / N. Panasiuk, Z. Skibińska. – Warszawa : Wydawnictwa Uniwersytetu Warszawskiego, 1989. – 133 с.
    Са зместу:
    Вершы. – С. 72–86.

    7. 1Н//395158(039)
    Антологија белоруске поезије / [приредио] И. Чарота ; превод са белоруског Миодраг Сибиновић. – 2-о проширено изд., изд. о 130. годишњици класика белоруске књижевности Јанка Купале и Јакуба Коласа. – Београд : Српска књижевна задруга, 2012. – 231 с.
    Са зместу:
    Пушча, J. Идем, носеħи крст, и падам / J. Пушча. – C. 110.


    Творы Язэпа Пушчы ў вершаваных зборніках

    1. АР150584 * 1Н//55595(039) * БА72022 * БА72438
    Анталогія беларускай паэзіі : у 3 т. / [рэдкал.: П. Броўка і інш. ; прадм.: К. Крапіва, В. Барысенка]. – Мінск : Дзярж. выд-ва БССР, Рэдакцыя маст. літ., 1961. – Т. 2 / [уклад.: Р. Бярозкін, М. Лужанін ; рэд. М. Танк]. – 725 с.
    Са зместу:
    Язэп Пушча. – С. 181–190.

    2. 1Н//150963(039) * БА70479 * БА70833
    Пушча, Я. Песня песень; Сяргею Ясеніну / Я. Пушча // Вянок дружбы = Венок дружбы : вершы аб брат. сувязях рус. і беларус. народаў / [прадм. П. Броўкі]. – Мінск, 1961. – С. 93–96.

    3. БА71623 * БА71781
    Пушча, Я. Слаўся, Радзіма / Я. Пушча // Вершы, аднаактовыя п’есы : зб. для школ. мастац. самадзейнасці / [склад. С. М. Грабчыкаў ; маст. Л. П. Асецкі]. – Мінск, 1961. – С. 11–12; 14.

    4. 1Н//151287(039) * БА73647*БА73945
    Пушча, Я. Зашумі, зялёны! / Я. Пушча // Піянерам Беларусі : [зб. вершаў : для сярэд. узросту / склаў М. Аўрамчык ; маст. А. Лісічнікаў]. – Мінск, 1962. – С. 97–98.

    5. 1Н//158000(039) * БА78716 * БА79031
    Пушча, Я. Салавей; На возеры; Залатая восень; А у бары, бары сасонкі; Шпакі / Я. Пушча // Слова аб роднай прыродзе / склаў С. Грабчыкаў. – Мінск, 1963. – С. 85, 258, 321, 345.

    6. ИН220924 * 1БА114661 * 1БА118421 * 1БА322500
    Пушча, Я. Мне чупрыны не хочацца звесіць / Я. Пушча // Poźniak, T. Antologia poezji białoruskiej XX wieku / T. Poźniak. – Wrocław, 1997. – C. 47–48.

    Наверх

Лірызм узвышанай душы. Літаратура пра Язэпа Пушчу


Я чытаў яго вершы і паэмы, і на мяне ізноў павеяла ветрам далёкага юнацтва, і я зноў адчуў ідылічную радасць і ранішнюю свежасць тых пушчаўскіх песень і мелодый, што “коцяцца і коцяцца з шумам спелых жытніх каласоў у чыстыя блакітныя далі”…

Алесь Звонак


У раздзеле прапануецца бібліяграфічны спіс выданняў з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, які дапаможа даследчыкам больш поўна пазнаёміцца з творчасцю паэта, літаратурнага крытыка, перакладчыка. Спадчыну пісьменніка найбольш грунтоўна даследавалі Ганна Дасько, Мікалай Мішчанчук, Яўген Гарадніцкі, Наталля Заяц, Людміла Мазанік, Валерый Максімовіч, Таццяна Мацюхіна і іншыя.

Каштоўныя ўспаміны пра Язэпа Пушчу пакінулі яго сучаснікі, сябры і калегі: Ян Скрыган, Мікола Хведаровіч, Пятро Глебка, Алесь Звонак, Станіслаў Шушкевіч, Сяргей Грахоўскі. Яскравая панарама жыцця і лёсу паэта ў кантэксце часу, яго будні, клопаты, моманты шчасця, яго асоба і душа, найбольш кранальна і пранікнёна раскрыты ва ўспамінах жонкі, Станіславы Плашчынскай, якая прайшла з мужам рука аб руку ўвесь яго шлях.

У раздзеле прадстаўлены спіс артыкулаў з часопісаў і газет. З дазволу аўтараў некаторыя сучасныя публікацыі алічбаваны і сёння даступны чытачам у поўным аб’ёме, у прыватнасці, артыкулы Юліі Амосавай, Ірыны Багдановіч, Таццяны Барадулі (пад псеўданімам Марыя Ярашэвіч), Міхаіла Бараноўскага, Дзмітрыя Давідоўскага, Віктара Жыбуля, Ганны Запартыка, Таццяны Лаўрык, Зоі Мельнікавай.


Фотагалерэя Язэпа Пушчы

Раздзел адлюстроўвае жыццё і творчы шлях Язэпа Пушчы. Дзякуючы жонцы пісьменніка Станіславе Плашчынскай захавалася шмат каштоўных матэрыялаў.

Фотагалерэю складаюць фатаграфіі паэта і яго родных, групавыя фотаздымкі з пісьменнікамі, калегамі і вучнямі, выявы дакументаў і лістоў, машынапісныя матэрыялы, шматлікія віншавальныя паштоўкі і тэлеграмы, выявы дароўных надпісаў у кнігах і фота яго асабістых рэчаў. Асаблівую каштоўнасць прадстаўляюць запісныя кніжкі Язэпа Пушчы з накідамі вершаў і аўтарскімі выпраўленнямі.

Усе прадстаўленыя дакументы захоўваюцца ў фондах Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (фонд № 26, вопіс 1). Даследчыкам даецца магчымасць спампоўваць іх з мэтай далейшага выкарыстання са спасылкай на захавальнікаў фондаў.

Больш падрабязна з усімі матэрыяламі можна пазнаёміцца, звярнуўшыся непасрэдна ў адзначаныя арганізацыі.


Ушанаванне памяці Язэпа Пушчы

Агонь жыцця Язэпа Пушчы пагас. А цяпло душы засталося ў яго вершах.

Станіслава Плашчынская


Язэп Пушча быў аўтарытэтам сярод пісьменнікаў, калег і сяброў па пяру, якія высока ацэньвалі яго талент, адчувалі “вецер далёкага юнацтва”, чытаючы вершы паэта. Нягледзячы на супярэчлівыя і неадназначныя погляды крытыкаў, абвінавачванні ў “незразумеласці”, “вялікамучаніцкіх” тэндэнцыях і ўпадніцкім настроі, імажынісцкіх “завіхрэннях”, паэзія Пушчы заўсёды знаходзіла прыхільнікаў у асяроддзі паплечнікаў, якія бачылі ў яго творчасці наватарства і смеласць поглядаў, адкрыцці ў галіне формы, новае авангарднае стаўленне да беларускай вёскі. Створаны Пушчам у ранні перыяд творчасці вобраз “рыкаючай” раніцы атрымаў узнёслы водгук Уладзіміра Дубоўкі, які назваў яго “бліскучым сімвалам новых дзён”. Захапляла пісьменнікаў музычнасць вершаў Язэпа Пушчы, якія нібы зачароўвалі слых. Напрыклад, Адам Бабарэка акрэсліваў паэзію сябра як “мастацтва жывапісання музыкаю слоў”, а яго спадчыну ўяўляў “сонечнай краінай тонкіх, мяккіх, цёплых і прыгожых вобразаў”.

Шчырыя водгукі пра Язэпа Пушчу як чалавека, таленавітага кіраўніка, арганізатара, чуйнага педагога пакінулі яго вучні і калегі-настаўнікі: “Быў Іосіф Паўлавіч карэктным, далікатным чалавекам, чалавекам рэдкай душы і вялікага сэрца, вельмі інтэлігентным і выхаваным”, – успамінала Яўгенія Шустава, настаўніца Чаадаеўскай школы, дырэктарам якой на працягу 19 гадоў працаваў Язэп Пушча.

Ушанаванне памяці паэта пачалося яшчэ ў другой палове 1960-х гадоў. У Міханавіцкай васьмігадовай школе Мінскага раёна быў арганізаваны збор матэрыялаў для адкрыцця кутка-музея земляка, пра што паведамлялася ў газеце “ЛіМ” ад 10 студзеня 1967 года.

ЛіМ. 1967. 10 студзеня. С. 4.
З фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

21 мая 1982 года ў Мінску, у Доме літаратара, адбыўся вечар, прысвечаны 80-годдзю з дня нараджэння Язэпа Пушчы, на якім выступалі сябры пісьменніка з уласнымі ўспамінамі, была прадстаўлена літаратурна-музычная кампазіцыя па творах паэта.

Запрашальны білет на вечар, прысвечаны 80-годдзю з дня нараджэння Язэпа Пушчы.
21.05.1982.
З архіва Станіславы Шпакоўскай.
Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

У чэрвені 1987 года Яўгенія Рыгораўна Шустава напісала ўспаміны “Годы прожить, что книгу мудрую читать…”, дзе выказала найлепшыя ўражанні пра свайго калегу Язэпа Пушчу, яго чалавечыя якасці, настаўніцкае прызванне, адносіны вучняў, якія захапляліся ім. Сёння рукапіс успамінаў захоўваецца ў фондах Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.

Найбольш значны ўклад у справу ўшанавання памяці паэта ўнесла яго жонка, Станіслава Плашчынская. Дзякуючы беражліваму захаванню спадчыны мужа, яго дакументаў, лістоў, фотаздымкаў, рукапісаў, якія яна перадала ў беларускія музеі і архівы, да нас дайшла значная колькасць каштоўных матэрыялаў пра паэта.

Асоба Язэпа Пушчы, вобразы яго твораў прыцягвалі ўвагу беларускіх мастакоў. У 1968 годзе Арлен Кашкурэвіч стварыў партрэт пісьменніка да выдання яго выбраных твораў. Захавалася і карыкатура на Пушчу, змешчаная ў адным з часопісаў “Маладняк” за 1930 год.


Партрэт Язэпа Пушчы.

Арлен Кашкурэвіч. Партрэт Язэпа Пушчы. 1968 г.

Карыкатура “Авэ, Марыя!” на Язэпа Пушчу

Карыкатура “Авэ, Марыя!” на Язэпа Пушчу ў часопісе “Маладняк”. 1930. № 2.


З фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Кнігі Язэпа Пушчы ілюстравалі мастакі Алена Лось, Гары Якубені, Юрый Пучынскі, да выданняў вершаванай казкі “На Бабрыцы” ілюстрацыі стварыў Валянцін Ціхановіч.


Ілюстрацыі Валянціна Ціхановіча да вершаванай казкі Язэпа Пушчы “На Бабрыцы”.
1960, 1977 гг.
З фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адзін з вучняў Язэпа Пушчы, Юрый Мудроў, прысвяціў свайму настаўніку верш, на рукапісы якога пазначыў: “Моему любимому учителю, Иосифу Павловичу Плащинскому”.

Верш, прысвечаны Язэпу Пушчы

Верш, прысвечаны Язэпу Пушчы яго вучнем Юрыем Мудровым.
Май, 1953. Рукапіс.
З фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва

Лірыка паэта лёгка клалася на музыку, таму невыпадкова да вершаў Язэпа Пушчы звярталіся беларускія кампазітары, сярод якіх Пётр Падкавыраў, Юрый Семяняка, Ганна Бараноўская.

Пазней творчасць паэта захапіла кампазітара Алега Молчана, які напісаў на яго верш “Каханне, залатое каханне…”, што прысвечаны жонцы Станіславе, вядомую і любімую публікай песню “Стася”. У розныя гады песня гучала ў выкананні салістаў ансамбляў “Песняры” і “Беларускія песняры”: яе спявалі Валерый Дайнека, Андрэй Усанаў, Артур Міхайлаў. Менавіта за выкананне “Стасі” спявак Пётр Ялфімаў атрымаў Гран-пры Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск-2014”, які праходзіў у рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Сёння вобраз “смуглявай Стасі”, цудоўна ўвасоблены ў музыцы, па-ранейшаму радуе слухачоў.

З фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Саліст ансамбля “Песняры” Андрэй Усанаў падчас выканання песні “Стася” (муз. Алега Молчана, словы Язэпа Пушчы)

Памяць пра пісьменніка ўшаноўваецца і ў наш час: у яго гонар ствараюцца віртуальныя старонкі, ладзяцца мерапрыемствы.

Да сённяшняга дня ў Чаадаеўскай сярэдняй школе працуе музей, якім доўгі час загадвала дачка паэта, настаўніца рускай мовы і літаратуры Валерыя Іосіфаўна Драздова (у 2009 годзе яна яшчэ жыла ў Чаадаеве). Вялікі стэнд у музеі прысвечаны Іосіфу Плашчынскаму. Па ўспамінах калег, Язэп Пушча быў вельмі сціплым чалавекам, нікому не казаў, што піша вершы. Толькі ў другой палове 1950-х гадоў дзякуючы паступленню часопісаў з яго творамі ўсе даведаліся, што іх настаўнік і дырэктар – вядомы беларускі паэт.

Чаадаеўская сярэдняя адукацыйная школа (сяло Чаадаева Мурамскага раёна Уладзімірскай вобласці, Расія).
Сучасны выгляд.
Фота з афіцыйнага сайта школы

У красавіку 2012 года ў межах “Фэсту экскурсаводаў” да 110-годдзя з дня нараджэння Язэпа Пушчы прайшла экскурсія па яго родных мясцінах – вёсцы Каралішчавічы Мінскага раёна. На мерапрыемстве прысутнічала ўнучатая пляменніца паэта, а таксама яго аднавяскоўцы, найбольш сталыя з якіх яшчэ ведалі самога Язэпа Пушчу і яго родных. Па іх словах, была задума надаць імя пісьменніка галоўнай вуліцы Каралішчавіч, але ідэя так і не была рэалізавана, бо вуліца так і засталася Цэнтральнай.

Студэнтка Таццяна Гайдук праводзіць экскурсію па роднай вёсцы Язэпа Пушчы Каралішчавічы.
“Фэст экскурсаводаў – 2012”.
Фота з інтэрнэт-крыніц

На вуліцы вёскі Каралішчавічы.

На вуліцы вёскі Каралішчавічы. 2018 г.
Фота з інтэрнэт-крыніц.

Парк у Каралішчавічах.

Парк у Каралішчавічах.
Фота з сайта “Виртуальный школьный историко-краеведческий музей «Возрождение»”


9 лістапада 2017 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры ў межах праекта “ЛіТэАрт” прайшла вечарына “На восеньскай мяжы”, прысвечаная 115-годдзю з дня нараджэння Язэпа Пушчы і 110-годдзю з дня нараджэння Алеся Звонака. На мерапрыемстве адбылася прэзентацыя кнігі дакументальных аповесцей “19 гадоў” Сяргея Грахоўскага, якую прадставіла Таццяна Грахоўская, дачка пісьменніка. Пра постаці творцаў і іх літаратурныя шляхі распавялі Кастусь Цвірка, Віктар Жыбуль і іншыя. На вечары гучала шмат вершаў згаданых паэтаў у выкананні народнага літаратурнага тэатра “Жывое слова”. Да юбілею пісьменнікаў была адкрыта міні-выстаўка “У бурлівым віры”, дзе былі прадстаўлены ўнікальныя матэрыялы з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.

Афіша вечарыны “На восеньскай мяжы”

Афіша вечарыны “На восеньскай мяжы”

Віктар Жыбуль

Віктар Жыбуль, паэт, літаратуразнавец, вядучы навуковы супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, падчас выступлення на вечарыне.


9 лістапада 2017 г.
Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Асоба і творчасць Язэпа Пушчы папулярызуецца ў віртуальнай прасторы. Напрыклад, з поўнымі тэкстамі твораў пісьменніка можна пазнаёміцца на старонках вядомай электроннай бібліятэкі “Беларуская палічка”.

У 2017 годзе ў праграме “Добрай раніцы, Беларусь!” на тэлеканале “Беларусь 1” акцёр Максім Шышко прачытаў верш Язэпа Пушчы “Раніцу шчэбет пільнуе”, якім пачынаецца першы зборнік паэта “Раніца рыкае”.

На сайце “Родныя вобразы”, які ўяўляе кантэкстны тлумачальны слоўнік і інтэрнэт-бібліятэку твораў беларускіх пісьменнікаў, прадстаўлена інфармацыя пра Язэпа Пушчу, яго біяграфія.

Даведацца пра жыццёвы шлях пісьменніка, убачыць яго фотаздымкі, пазнаёміцца са спісам карысных крыніц можна ў анлайн-энцыклапедыі “Беларусь у асобах і падзеях”, якая размешчана на інтэрнэт-партале Нацыянальнай бібліятэкі.

Старонка пра Язэпа Пушчу ў анлайн-энцыклапедыі “Беларусь у асобах і падзеях”
на інтэрнэт-партале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Цікавы і каштоўны рэсурс стварылі настаўнікі і вучні Навадворскай сярэдняй школы Мінскага раёна – праект “Виртуальный школьный историко-краеведческий музей «Возрождение»”, мэтай якога з’яўляецца вывучэнне і даследаванне старонак гісторыі малой радзімы, жыцця яе выбітных дзеячаў. У межах праекта вучні школы пад кіраўніцтвам настаўніцы Таццяны Шалупенка падрыхтавалі даследчую работу “Знакамітыя землякі. Язэп Пушча”, якая размешчана на сайце віртуальнага музея.

У даследаванні вучні прадставілі цікавы матэрыял пра паэта, выкарысталі цытаты і ўспаміны яго сучаснікаў, жонкі, сяброў. Тэкставая інфармацыя суправаджаецца фотаздымкамі з архіва Навадворскай сярэдняй школы, рукапісамі пісьменніка, яго аўтографамі.


З сайта “Виртуальный школьный историко-краеведческий музей «Возрождение»”

З 19 мая па 29 чэрвеня 2022 года ў зале беларускай літаратуры Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі праходзіла кніжная выстаўка “Вольны птах беларускіх нябёсаў”, прысвечаная 120-годдзю з дня нараджэння Язэпа Пушчы. Экспазіцыя прадставіла прыжыццёвыя кнігі пісьменніка, больш познія перавыданні яго твораў, даследавані пра паэта сучасных літаратуразнаўцаў, копіі дакументаў з фондаў БДАМЛМ.

Вольны птах беларускіх нябёсаў
Вольны птах беларускіх нябёсаў

Да юбілею пісьменніка 20 мая 2022 года ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прайшоў круглы стол “Адысея Язэпа Пушчы”, на якім адбылася прэзентацыя віртуальнага раздзела праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”.

Круглы стол

Да святкавання 120-годдзя з дня нараджэння Язэпа Пушчы і ўшанавання яго памяці актыўна далучыліся землякі пісьменніка і супрацоўнікі бібліятэк Мінскага раёна. 20 мая 2022 года бібліятэкары наведалі яго магілу ў Каралішчавічах.

Наведванне магілы Язэпа Пушчы

Наведванне магілы Язэпа Пушчы.
20.05.2022 г.
Фота з інфармацыйна-бібліяграфічнага паказальніка “Язэп Пушча: станаўленне творчай індывідуальнасці”

У 2023 годзе ў межах абласнога праекта “Пісьменнікі – ураджэнцы роднага краю” Мінская раённая цэнтральная бібліятэка падрыхтавала і размясціла на сваім сайце віртуальную экспазіцыю, прысвечаную Язэпу Пушчы. Рэсурс змяшчае матэрыял пра жыццё і творчасць пісьменніка, фотаздымкі, цікавыя факты ў Gif-анімацыі, інтэрактыўныя гульні. У гонар паэта бібліятэка правяла раённы конкурс чытальнікаў “Імёны незабытых: Язэп Пушча”, які быў прымеркаваны да Дня роднай мовы.

Афіша конкурса

Афіша конкурса.
Фота з сайта Мінскай раённай цэнтральнай бібліятэкі

Бібліятэка падрыхтавала таксама і друкаваную прадукцыю: кніжную закладку і інфармацыйна-бібліяграфічны паказальнік “Язэп Пушча: станаўленне творчай індывідуальнасці” (2022), куды ўвашлі біяграфічныя матэрылы, копіі фотаздымкаў і рукапісаў пісьменніка, спісы кніг. Праз год бібліятэкары той жа ўстановы выпусцілі яшчэ адно выданне – рэкамендацыйна-бібліяграфічны паказальнік “Літаратурнымі сцежкамі Язэпа Пушчы” (2023), які дапоўнілі аналітычным разборам яго вершаў і паэм, спісамі крытычных матэрыялаў пра творчасць паэта.

Да юбілею з дня нараджэння Язэпа Пушчы Гатаўская сельская бібліятэка-клуб (аг. Гатава Мінскага раёна) таксама выпусціла інфармацыйную прадукцыю пра свайго земляка: буклет з кароткай біяграфіяй паэта і кішэнны каляндар.

Закладка

Кніжная закладка, падрыхтаваная Мінскай раённай цэнтральнай бібліятэкай

Афіша конкурса

Каляндар на 2023 год, падрыхтаваны Гатаўскай сельскай бібліятэкай-клубам


У студзені 2023 года ў рамках праекта “Па старонках «Краязнаўчай газеты»”, які рэалізуецца сумесна з “Радыё Марыя”, выйшла радыёперадача, створаная на аснове надрукаванага ў выданні артыкула пра Язэпа Пушчу. Агучыў матэрыял галоўны рэдактар “Краязнаўчай газеты” Максім Гальпяровіч.

28 лютага 2023 года Нацыянальная бібліятэка прыняла ўдзел у круглым стале “Захаванне і папулярызацыя гістарычнай памяці. Пісьменнікі-землякі: Язэп Пушча”, які прайшоў у Гатаўскай сельскай бібліятэцы-клубе ў рамках абласнога праекта “Пісьменнікі – ураджэнцы роднага краю”. Удзельнікі круглага стала сабраліся недалёка ад вёскі Каралішчавічы, родных мясцін Язэпа Пушчы. Мерапрыемства было арганізавана Мінскай раённай цэнтральнай бібліятэкай, Мінскай абласной бібліятэкай імя А.С. Пушкіна, Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва і Гатаўскай сельскай бібліятэкай-клубам.

Афіша круглага стала

Афіша круглага стала

Падчас мерапрыемтва ў Гатава

Падчас мерапрыемтва ў Гатава.
28.02.2023 г.

Нацыянальная бібліятэка сумесна з Мінскай раённай цэнтральнай бібліятэкай падрыхтавала інтэрактыўную кніжную выстаўку “Зорка нацыянальнай паэзіі”, прысвечаную пісьменніку. Цікавасць прысутных выклікалі рарытэтныя прыжыццёвыя выданні Язэпа Пушчы 1920-х – 1930-х гадоў з фондаў “алмаза ведаў”. У рамках мерапрыемства былі прадстаўлены матэрыялы віртуальнай экспазіцыі, прысвечанай 120-годдзю з дня нараджэння пісьменніка ў межах праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”.

Рарытэтныя выданні Я. Пушчы з фондаў НББ

Рарытэтныя выданні Язэпа Пушчы з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі


У наш час цікавасць да спадчыны Язэпа Пушчы не згасае: яго вершы і паэмы перавыдаюцца, даследуюцца сучаснымі навукоўцамі, вывучаюцца на ўроках беларускай літаратуры, перачытваюцца і дэкламуюцца новымі пакаленнямі чытачоў. Паэт дасягнуў сапраўднага паэтычнага майстэрства ў сваёй творчасці, якая прапушчана праз “душы пажар”:

“Цяпло душы і радасць сэрца
Радзіме з песнямі прынёс”.


Відэазапісы

Play

Фрагмент экскурсіі ў школьным музеі “Жива народная память”

Фрагмент экскурсіі па творчасці Язэпа Пушчы ў школьным музеі “Жива народная память” Чаадаеўскай сярэдняй адукацыйнай школы Мурамскага раёна Уладзімірскай вобласці (Расія). Кіраўнік літаратурна-краязнаўчай залы музея, настаўнік рускай мовы і літаратуры Наталля Пахомава.

Play

Відэафрагмент сустрэчы з дачкой Язэпа Пушчы Лідзіяй Іосіфаўнай

Відэафрагмент сустрэчы з сярэдняй дачкой Язэпа Пушчы Лідзіяй Іосіфаўнай, які падрыхтавалі вучні і настаўнікі Навадворскай сярэдняй школы Мінскага раёна ў 2008 г. на чале з Таццянай Васілевіч, намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце.



Бібліятэкарам