ГалоўнаяПаслугiСацыякультурныя паслугіМузей кнігіАрхіў выставакВыстаўкі 2014 г.Полацкае Евангелле

Полацкае Евангелле

Полацкае Евангелле канца XII – пачатку XIII ст. – адзін з найбольш старажытных помнікаў кніжнай культуры Беларусі. Евангелле, якое на працягу многіх стагоддзяў знаходзілася ў Полацку, – сведчанне шматвяковых традыцый айчыннай культуры, пацвярджэнне цеснай сувязі не толькі з іншымі славянскімі культурамі, але і ўсім хрысціянскім светам.

Па форме манускрыпт ўяўляе сабою кодэкс, які складаецца са 172 аркушаў пергаменту. Арыгінальны пераплёт не захаваўся, а сучасны быў зроблены ў ХІХ ст. і таксама мае значныя пашкоджанні. Па змесце рукапіс з’яўляецца поўным Евангеллем-апракас, або Богаслужэбным Евангеллем. Тэкст у ім арганізаваны каляндарна, згодна з тыднёвымі царкоўнымі чытаннямі. Полацкае Евангелле напісана на царкоўнаславянскай мове прыгожым статутам (даўняй формай кірыліцы) карычневымі чарніламі ў два слупкі на кожнай старонцы. У тэксце прысутнічаюць некаторыя элементы беларускага моўнага каларыту. Для мастацкага аздаблення выкарыстаны строгія і ўрачыстыя застаўкі, арнаментаваныя ініцыялы і мастацкія загалоўкі.

У першай палове ХІХ ст. помнік быў вывезены з Беларусі ў Расію. Сёння асноўная частка Полацкага Евангелля захоўваецца ў зборы Расійскай нацыянальнай бібліятэкі ў Санкт-Пецярбургу, а два аркушы знаходзяцца ў фондах Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі ў Маскве.

У выніку шматгадовай плённай працы прадстаўнікоў нацыянальных бібліятэк Беларусі і Расіі, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Выдавецтва Беларускага экзархата нядаўна быў рэалізаваны ўнікальны праект факсімільнага ўзнаўлення Полацкага Евангелля. Сумеснымі намаганнямі спецыялістаў праведзена рэстаўрацыя арыгінала, створана яго высакаякасная лічбавая копія, падрыхтавана навуковае даследаванне асаблівасцей рукапісу і ўласна факсімільная копія з максімальна аўтэнтычным ўзнаўленнем знешняга выгляду і арыгінальнай структуры ўнікальнага кніжнага помніка.

Дзякуючы факсімільнаму ўзнаўленню Полацкага Евангелля стала магчымым аб’яднаць часткі помніка ў адзінае цэлае і вярнуць нацыянальную першакнігу ў культурную прастору нашай краіны. Выданне дэманструе багацце і старажытнасць духоўнай культуры Беларусі, дазваляе пазнаёміцца з гэтым шэдэўрам самым шырокім колам грамадства.

Наведвальнікі музея кнігі змогуць не толькі ўбачыць, але і пагартаць старонкі ўнікальнага выдання Полацкага Евангелля.

Кантактны тэлефон: (8 017) 293 25 85.

Бібліятэкарам