ГалоўнаяПаслугiСацыякультурныя паслугіМузей кнігіАрхіў выставакВыстаўкі 2014 г.Беларускі медзярыт

Беларускі медзярыт

Медзярыт (афорт) – старажытная назва гравюры на медзі, якая вядома на землях Беларусі з канца XVI – пачатку XVII ст.

Найбольш раннія прыклады медзярыту звязаны з творамі картаграфіі і станковага графічнага мастацтва, якія выконваліся за мяжой. На выставе дэманструецца рэдкае перавыданне 1575 г. медзярыту з выявай прыёму каралём Жыгімонтам Аўгустам паслоў у Гродне, выкананае нюрнбергскім гравёрам Цюндтам, а таксама копія знакамітай Радзівілаўскай карты XVII ст., адным з мастакоў-выканаўцаў якой стаў нясвіжскі майстар Томаш Макоўскі.

На пачатку ХVІІ ст. медзярыт трапляе ў беларускую кнігу, друкаваную лацінскім шрыфтам, і становіцца асноўнай тэхнікай ілюстравання. У экспазіцыі прадстаўлены сапраўдны шэдэўр кніжнай графікі ХVІІ ст. – выданне “Rosarium et Officium Beatae Mariae Virginis...” (“Разарыум…”, 1678) з двума ўнікальнымі цыкламі гравюр выдатнага беларускага мастака Аляксандра Тарасевіча.

Паступова медзярыт з’яўляецца і ў кірылічных выданнях. Яскравы прыклад – творы Лявонція Тарасевіча да “Литургикон си ест Служебник” (“Літургікон або Служэбнік”, 1692–1695), змешчаныя ў экспазіцыі.

Дэманструюцца афорты майстроў Нясвіжскай друкарні ХVІІІ ст. Сярод іх – партрэты Г. Ляйбовіча да альбома “Icones Familiae Ducalis Radivilianae…” (“Выявы роду князёў Радзівілаў”, 1875), а таксама гравюры М. Жукоўскага да кнігі п’ес Уршулі Радзівіл “Komedye y tragedye” (“Камедыі і трагедыі”, 1754).

Прасачыць уплыў заходнееўрапейскага мастацтва кніжнай гравюры на беларускае дазваляюць гравюры да твора П. Рыко “Манархія Турэцкая”, выкананыя французскімі майстрамі С. Леклеркам і Н. Кашэнам (“Histoire de l’Etat present de l’empire Ottoman…”, 1670) і знакамітым беларускім друкаром і гравёрам Максімам Вашчанкам (“Monarchia Turecka…”, 1678).

У экспазіцыі таксам прадстаўлены металагравюры рускіх майстроў у маскоўскіх зборніках пропаведзяў Сімяона Полацкага, выкананыя па малюнках аўтара.

Кантактны тэлефон: (8 017) 293 25 85.

   

111