ГалоўнаяПаслугiСацыякультурныя паслугіМузей кнігіАрхіў выставакВыстаўкі 2014 г.Буквіца-ініцыял

Буквіца-ініцыял

Традыцыі ўпрыгожвання тэкстаў маюць глыбокія карані. Мастацкае афармленне кнігі немагчыма ўявіць без буквіц, або ініцыялаў.

Буквіца (ад слав. “буква”), або ініцыял (ад лац. initialis “пачатковы”) – гэта адметна ўпрыгожаная вялікая літара ў пачатку тэксту, адзін з найстаражытнейшых элементаў афармлення кнігі. Іх выкарыстоўвалі, каб прыцягнуць увагу чытача да пачатку тэксту і адлюстраваць яго тэматыку. Майстры імкнуліся адмыслова аздобіць буквіцы фарбамі з прыродных матэрыялаў. Карысталіся рознакаляровымі фарбамі, часам пісалі бяліламі на каляровым фоне, нават твораным золатам. Кожная буквіца з’яўлялася творам мастацтва і ніколі не паўтаралася. Буквіца і ініцыял прайшлі доўгі шлях развіцця і з кожным стагоддзем набывалі новыя рысы.

На выстаўцы экспануюцца рукапісы XVI–XІX стст. кірылічнага і лацінскага пісьма, у тым ліку беларускага паходжання, і старадрукі першай паловы XV ст. (інкунабулы) з фонду Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, якія дэманструюць разнастайныя стылі і спосабы рукапіснага афармлення вялікіх літар і дазваляюць параўнаць іх.

Створаныя на беларускіх землях Евангелле, Апостал, Ірмалой XVI–XVIІІ стст. (кірыліца) і Хімнорыум (Himnorium) XVII ст. (лацінка) аформлены буквіцамі-ініцыяламі кінавар’ю, запоўнены простымі геаметрычнымі або складанымі расліннымі ўзорамі. Шматколерныя літары маюць плеценыя матывы. Часам сустракаюцца стылізаваныя выявы жывёл і чалавека.

З асаблівай раскошай ўпрыгожаны стараверскія пеўчыя зборнікі на крукавых нотах XVII–XIX стст. (Актоіхі, Ірмалоі, Святы). Тут можна ўбачыць вялікія літары з чорным контурам, запоўненыя залатой, цёмна-зялёнай фарбай (паморскі ўзор), або з пышнымі “райскімі” матывамі яркага сіняга, чырвонага, зялёнага, жоўтага і залатога колеру з выявамі парасткаў і птушак (гусліцкі ўзор).

Ініцыялы першых друкаваных еўрапейскіх кніг XV ст. таксама выконваліся ад рукі. На выстаўцы прадстаўлены выданні лепшых друкароў Германіі і Швейцарыі, у якіх змешчаны аднакаляровыя і яркія шматкаляровыя ініцыялы, упрыгожаныя залатой фарбай, складзеныя з разнастайных прадметаў і фігур, заключаныя ў складана дэкараваную рамку.

Экспанаты выстаўкі даюць дакладнае ўяўленне пра гістарычнае развіццё і ўдасканаленне мастацтва афармлення буквіц-ініцыялаў.

Бібліятэкарам