ГалоўнаяНавіныДа 100-годдзя літаб'яднання "Маладняк"
“Цікава пачытаць”: заняткі па кнізе “Сказочные путешествия с приключениями”
Прэзентаваны першы пераклад на беларускую мову Кодэкса кананічнага права

У святле нязгасных знічак “Полымя”

У святле нязгасных знічак “Полымя”
Іншыя навіны

8 снежня ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адкрылася літаратурна-дакументальная экспазіцыя “…І зноў на хвалі часу. Нязгасныя знічкі «Полымя»”, прымеркаваная да 100-годдзя найстарэйшага беларускага часопіса.

Выстаўка падрыхтавана ў межах сумеснага праекта па ўшанаванні памяці літаратараў міжваеннага пакалення “На хвалі часу, у плыні жыцця”, які ствараецца да 100-годдзя літаб’яднання “Маладняк” Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры, Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва і ўстановай “Выдавецкі дом «Звязда»” (газетай “ЛіМ”).

Часопіс “Полымя” – легендарнае выданне, якое вывела ў свет многія выбітныя імёны беларускай літаратуры. Ля яго вытокаў стаяла літаратурная эліта – Янка Купала, Якуб Колас, Цішка Гартны, чые юбілеі прыпадаюць на 2022 год, пазней – Максім Танк. Рэдкалегія часопіса далучала да працы пачынаючых аўтараў, удзельнікаў літаб’яднання “Маладняк”, і ў выніку, на старонках “Полымя” вырасла не адно пакаленне таленавітых пісьменнікаў. Сярод іх – Змітрок Бядуля, Алесь Гурло, Паўлюк Трус, Яўгенія Пфляўмбаўм, Міхась Зарэцкі, Анатоль Вольны, Андрэй Александровіч, Язэп Пушча, Мікола Нікановіч і іншыя. На старонках часопіса ўпершыню пабачылі свет раманы “Людзі на балоце” Івана Мележа, “Птушкі і гнёзды” Янкі Брыля, “Сэрца на далоні” Івана Шамякіна, “Каласы пад сярпом тваім” Уладзіміра Караткевіча, п’есы Андрэя Макаёнка. Сёння часопіс па-ранейшаму запатрабаваны, а публікацыя ў “Полымі” з’яўляецца пацвярджэннем знака якасці твора.

Экспазіцыя “…І зноў на хвалі часу. Нязгасныя знічкі «Полымя»” дае магчымасць пазнаёміцца з шэрагам каштоўнасцей – кнігамі з дароўнымі надпісамі і аўтографамі, рукапісамі, “маладнякоўскімі” анкетамі, графічнымі аркушамі мастака Анатоля Тычыны з выявамі Мінска, афішамі тагачасных беларускіх фільмаў, створаных па творах пісьменнікаў, фотаздымкамі і асабістымі рэчамі. Сярод экспанатаў пачэснае месца займае галоўны герой мерапрыемства – часопіс “Полымя”, яго юбілейныя нумары і ўзнагароды, а таксама вялікі макет першага нумара выдання з вядомай вокладкай, аформленай мастаком Міхаілам Філіповічам.

Polymia-100h-1-2.jpg

Да стварэння выстаўкі спрычыніўся шэраг устаноў: Музей гісторыі беларускага кіно, Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў, Нацыянальны гістарычны музей Беларусі, выдавецтва “Мастацкая літаратура”, рэдакцыя часопіса “Полымя”, Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм”, а таксама ўстановы – партнёры праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”. Так, сярод экспанатаў прадстаўлены кнігі з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі: зборнікі вершаў 1925 г. з серыі “Кніжніца «Маладняка»” – “Раніца рыкае” Язэпа Пушчы і “Чорнакудрая радасць” Анатоля Вольнага з аўтографам аўтара; зборнік апавяданняў 1925 г.  “Першы паўстанак” Сымона Хурсіка; а таксама кнігі паэтак Зінаіды Бандарынай, Яўгеніі Пфляўмбаўм і іншых аўтараў.

Polymia-100h-3.jpg

Цудоўныя ўражанні засталіся ад незвычайнага адкрыцця выстаўкі. Яе куратар Ірына Князева, старшы навуковы супрацоўнік навукова-экспазіцыйнага аддзела Музея гісторыі беларускай літаратуры, “ажывіла” час і перанесла ўсіх прысутных на 100 гадоў назад. Гэта ўдалося дзякуючы знешняму антуражу экспазіцыі, умела падабраным экспанатам, кадрам унікальнай кінахронікі, створанай беларускай кінастудыяй, уласнаму касцюму Ірыны Расціславаўны, вытрыманаму ў стылі модных дам пачатку ХХ стагоддзя.

Polymia-100h-4.jpg

У мерапрыемстве ўзяў удзел Алесь Карлюкевіч, дырэктар – галоўны рэдактар Выдавецкага дома “Звязда”, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, які нагадаў гісторыю “Полымя”, успомніў асоб, якія мелі дачыненне да выдання, выказаў упэўненасць, што жыццё часопіса будзе працягвацца далей.

Polymia-100h-5.jpg

У выкананні Віктара Шніпа, паэта, галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», прагучаў яго верш “Прайсці праз «Полымя»”, у якім ён пералічыў шэраг твораў, апублікаваных у выданні ў розныя гады, звярнуўшы ўвагу, што ўсе значныя творы нашай літаратуры прайшлі праз “Полымя”.

Polymia-100h-6.jpg

На выстаўцы экспануюцца матэрыялы пра многіх “маладнякоўцаў” і “палыменцаў”: Анатоля Вольнага, Язэпа Пушчу, Алеся Гурло, Міколу Нікановіча, Наталлю Вішнеўскую, Ядвігу Бяганскую… Пра асобы пісьменнікаў, іх рознабаковыя творчыя таленты паразважаў Віктар Жыбуль, паэт, літаратуразнавец, вядучы навуковы супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, партнёр праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”.

Polymia-100h-7.jpg

Аксана Данільчык, паэтка, літаратуразнаўца, вядомая даследчыца жаночай паэзіі 1920-х гадоў, нагадала пра Яўгенію Пфляўмбаўм, 115-годдзе з дня нараджэння якой будзе адзначацца ў лістападзе 2023 года.

Polymia-100h-8.jpg

Пра дасягненні праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця” і мерапрыемствы па яго папулярызацыі распавяла Юлія Амосава, галоўны бібліёграф інфармацыйна-аналітычнага аддзела Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Polymia-100h-9.jpg

Нацыянальная бібліятэка зычыць часопісу “Полымя” няспыннага развіцця і росквіту, шмат новых аўтараў і захавання традыцый беларускай літаратуры!

Наведаць выстаўку “…І зноў на хвалі часу. Нязгасныя знічкі «Полымя»” можна да 25 лютага 2023 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры.
Запрашаем таксама на кніжную выстаўку Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі “Іскрыся іскрамі, палай!”, прымеркаваную да 100-годдзя з часу заснавання часопіса “Полымя”.

Фотаздымкі Святланы Зайко.
Матэрыял пададзены аддзеламі галерэйна-выставачнай дзейнасці і інфармацыйна-аналітычным.

Навіны

Вакальна-інструментальныя жанры ў творчасці беларускіх кампазітараў

13 Май 2024

8 мая ў зале нотных і аўдыявізуальных дакументаў адбылася завяршальная лекцыя з цыкла “Творы сучасных беларускіх кампазітараў у кантэксце гісторыі еўрапейскай музыкі”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

ХХХ Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні “Духоўная і свецкая адукацыя: гісторыя і перспектывы ўзаемадзеяння”

10 Май 2024

16–17 мая ў Мінску адбудуцца ХХХ Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні “Духоўная і свецкая адукацыя: гісторыя і перспектывы ўзаемадзеяння (да 20-годдзя Інстытута тэалогіі БДУ)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Падведзены вынікі XXXII Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”

8 Май 2024

7 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы ў анлайн-рэжыме адбылося пасяджэнне журы па падвядзенні вынікаў XXXII Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Памятаем і шануем!

8 Май 2024

Напярэдадні 9 Мая і ў год 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, прадстаўнікі бібліятэкі правялі рэстаўрацыю і ўборку пахаванняў супрацоўнікаў, якія работалі ва ўстанове ў даваенны і пасляваенны перыяды.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам