Дата правядзення
Час правядзення
Месца правядзення
1 чэрвеня ў галерэі “Панарама” (22-гі паверх) адкрылася выстаўка “Арт-Мінск Маргарыты Маніс”.
Выстаўка арганізавана ў межах фестывалю мастацтва “Арт-Мінск 2023”. Найбуйнейшае штогадовае мастацкае мерапрыемства Беларусі праходзіць на пляцоўцы бібліятэкі ў шосты раз. Маштабнае свята выяўленчага мастацтва зноўку прысвечана адзінай мэце – упрыгожыць культурнае жыццё любімага горада, творча пераасэнсаваць яго штодзённасць, падарыць жыхарам і гасцям сталіцы асалоду ад мастацтва.
У экспазіцыі – маляўнічыя гарадскія пейзажы, выкананыя беларускай мастачкай Маргарытай Маніс. Асноўная тэма яе творчасці – горад Мінск.
Праект “Арт-Мінск Маргарыты Маніс” прадстаўляе праспекты і вуліцы, славутасці, незабыўны архітэктурны каларыт роднага горада. На выстаўцы вы пабачыце яго цэнтр, улюбёнае Траецкае прадмесце, прыцярушаны снегам парк Янкі Купалы і праспект Незалежнасці, “вежы Мінска”, заціснутыя дамамі вулачкі каля плошчы Бангалор, мітуслівы паток машын і бязлюдную начную Кастрычніцкую плошчу. Кожная пейзажная кампазіцыя выканана на свой лад, з увагай да нюансаў, настрою, дэталяў, з захаваннем асобнага, адметнага подыху менавіта гэтай прасторы і моманту.
Наведванне экспазіцыі ўваходзіць у кошт наведвання агляднай пляцоўкі.
Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы агляднай пляцоўкі.
Выстаўка будзе працаваць да 2 кастрычніка 2023 года.
Дата яе заканчэння можа быць зменена.
Тэлефон для даведак: (8 017) 368 37 37.
Матэрыял пададзены аддзелам сувязей з грамадскасцю.