ГалоўнаяМерапрыемствыСлава пераможцам!
ЮНЕСКА і Беларусь: 70 гадоў паспяховага супрацоўніцтва
Шлях міласэрнасці

Слава пераможцам!

Слава пераможцам!
Іншыя Мерапрыемствы
7 мая – 19 чэрвеня
Дата правядзення
10.00–20.00
Час правядзення
фае (1-шы паверх)
Месца правядзення

Да Дня Перамогі (9 мая) і да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў працуе выстаўка “Слава пераможцам!”.

У экспазіцыі – запамінальная і яскравая вынаходка выяўленчага мастацтва ХХ ст. – агітацыйныя плакаты з фонду Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Прадстаўленыя работы прысвечаны адной з найгалоўнейшых тэм выяўленчага мастацтва Беларусі мінулага стагоддзя – тэме Вялікай Айчыннай вайны. Экспануюцца плакаты знакамітых савецкіх майстроў, у тым ліку членаў Саюза мастакоў БССР – Рамана Маліноўскага, Ігара Крэйдзіка, Уладзіміра Жука, Георгія Паплаўскага, Яўгена Бусла, Аскольда Чуркіна, лінагравюры Генадзя Грака, Мікалая Селешчука, Віктара Мікіты, Юрыя Герасіменкі і інш.


У гады вайны агітацыйныя плакаты былі бязлітаснай ідэалагічнай зброяй. Створаныя ў пасляваенныя гады, яны сталі сведкамі гісторыі, дакументамі, якія захавалі не толькі факты і звесткі, адлюстравалі перажытыя падзеі, але і ўвасобілі знакавыя вобразы: абарона Радзімы, няскоранасць савецкіх людзей на акупіраванай ворагам тэрыторыі, вызваленчая і яркая пераможная тэма і інш. Плакаты напоўнены гонарам за сваіх суайчыннікаў, смуткам аб тых, хто сышоў, нянавісцю да ворагаў і падзякай пераможцам. Выразныя чатырохрадкоўі, яркія тэзісы, валявыя твары, годныя постаці, маляўнічыя пераможныя колеры плакатаў, створаных у пасляваенныя гады – гады пасля Перамогі – насычаны энергічным імкненнем увекавечыць памяць аб вялікім подзвігу народа.

Агітацыйныя плакаты дэманструюць яркія асаблівасці сацыялістычнага рэалізму ў мастацтве: выкарыстанне антаганістычных колераў – чырвонага і цёмных – для адлюстравання ідэі супрацьстаяння і перамогі правага боку, увасабленне чырвоным дзяржаўнага сцяга Савецкага Саюза, супрацьстаянне “верх” – “ніз”, якое супрацьпастаўляе зрынутага ворага пераможцу. Мастацкія прыёмы і агульны змест пасляваеннага агітацыйнага плаката накіраваны на тое, каб падтрымаць, натхніць грамадзян на аднаўленне краіны пасля жахлівых страт Вялікай Айчыннай вайны, на тое, каб павіншаваць стомленых і змучаных пазбаўленнямі з Перамогай, на тое, каб выклікаць гонар за сябе і ўпэўненасць у сваіх сілах.


Выстаўка “Слава пераможцам!” прадстаўляе галерэю пераможных партрэтаў і сюжэтаў, а таксама ўвасобленыя сілу, магутнасць, волю, Перамогу – вобразы, добра знаёмыя многім пакаленням савецкіх грамадзян. Экспазіцыя аднаўляе настрой памятнага Дня Перамогі 1945 года, памяць аб якім будзе славіцца ў стагоддзях, героі якога вечныя!


Выстаўка працуе з 7 мая па 19 чэрвеня 2024 года ў файе 1-га паверха.

Дата яе заканчэння можа быць зменена.

Час работы выставы адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па 
чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 28 33.

Матэрыял пададзены аддзелам галерэйна-выставачнай дзейнасці.



Бібліятэкарам