1 чэрвеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адкрылася выстаўка “Арт-Мінск Маргарыты Маніс”.
У адкрыцці экспазіцыі прынялі ўдзел намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Віктар Пшыбытка, вядучы спецыяліст па выставачнай дзейнасці Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюза мастакоў (Палаца мастацтва), суарганізатар фестывалю мастацтва “Арт-Мінск 2023”, мастацтвазнаўца Кацярына Янкоўская, аўтар работ выстаўкі, сябра Беларускага саюза мастакоў Маргарыта Маніс.
“Арт-Мінск Маргарыты Маніс” праходзіць у межах фестывалю мастацтва “Арт-Мінск 2023”. Найбуйнейшае штогадовае мастацкае мерапрыемства Беларусі арганізавана на пляцоўцы бібліятэкі ў шосты раз. Маштабнае свята выяўленчага мастацтва зноўку прысвечана адзінай мэце – упрыгожыць культурнае жыццё любімага горада, творча пераасэнсаваць яго надзённасць, падарыць жыхарам і гасцям горада асалоду ад мастацтва.
У экспазіцыі – маляўнічыя гарадскія пейзажы, выкананыя беларускай мастачкай Маргарытай Маніс. Асноўная тэма яе творчасці – горад Мінск. На выстаўцы вы пабачыце цэнтр горада, улюбёнае Траецкае прадмесце, прыцярушаны снегам парк Янкі Купалы і праспект Незалежнасці, “вежы Мінска”, заціснутыя дамамі вулачкі каля плошчы Бангалор, мітуслівы паток машын і бязлюдную начную Кастрычніцкую плошчу. Кожная пейзажная кампазіцыя выканана на свой лад, з увагай да нюансаў, настрою, дэталяў, з захаваннем асобнага, адметнага подыху менавіта гэтай прасторы і моманту.
Мастачка заўсёды імкнецца раскрываць індывідуальнасць горада, перадае яго ўнікальную атмасферу. Горад у прызме ўспрымання Маргарыты знаходзіцца не на дыстанцыі ад гледача, а побач з ім – зрабіўшы крок, можна нібыта апынуцца на маляўнічым праспекце, дакрануцца да балюстрад, ступіць на алею парка. У гэтай асаблівасці – адметнае чараўніцтва работ Маргарыты Маніс: наведвальнік не толькі глядзіць на палатно, ён як бы становіцца яго часткай.
Маргарыту Маніс можна назваць асабістым партрэтыстам сталіцы. Яе натхняюць і цэнтр горада, і яго ўскраіны, і раёны з даўняй гісторыяй, і новабудоўлі. Мастачка радуецца таму, што сталіца будуецца, пашыраецца. Новыя будынкі дадаюць шарму, адметнасці.
Асаблівасці, таямніцы, родныя жыхарам і дарагія гасцям куточкі Мінска чакаюць гледачоў на 22-м паверсе, у галерэі “Панарама”.
Наведванне экспазіцыі ўваходзіць у кошт наведвання агляднай пляцоўкі.
Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы агляднай пляцоўкі.
Выстаўка будзе працаваць да 2 кастрычніка 2023 года.
Дата яе заканчэння можа быць зменена.
Тэлефон для даведак: (8 017) 368 37 37.
Матэрыял пададзены аддзелам сувязей з грамадскасцю.