ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
“Музей не павінен быць шафай”
Левіяфан унутры, альбо На руінах самасці

Валерый Маракоў – улюбёны паэт Купалы, застрэлены ў мінскай турме НКВД

Валерый Маракоў – улюбёны паэт Купалы, застрэлены ў мінскай турме НКВД
Іншыя навіны

27 сакавіка 1909 года нарадзіўся паэт Валерый Маракоў. Ён праславіўся як творца яшчэ непаўналетнім. Яго эмацыйныя, лірычныя, выразныя вершы вучылі на памяць школьнікі і студэнты, радкамі Маракова прызнаваліся ў каханні.

Калі ў 30-я яго прымушалі быць як усе, ён як быццам пачаў складаць дрындушкі пра ўдарнікаў і сацыялістычныя дасягненні. Але колькі ў іх было прыхаванай іроніі!

Калі ў 1936 годзе Валерыя Маракова арыштавалі, то следчыя здзіўляліся яго нязломнасці. Ён не прызнаў сябе вінаватым і нікога не выдаў.

1. Лічыў, што беларускіх паэтаў ХІХ ст. не трэба вывучаць у школах

m_1.jpg“Звычайна ў нашых школах – у сямігодках, тэхнікумах, інстытутах – пачынаюць вывучэнне беларускай літаратуры з Рыпінскага, Чачота, Баршчэўскага і канчаюць Александровічам. Можа, гэта з гістарычнага і акадэмічнага пунктаў погляду і правільна, але дазвольце на гэты раз не згадзіцца. Баршчэўскі, Неслухоўскі, Марцінкевіч! – Ды, па сутнасці кажучы, якія гэта паэты? Што ў іх агульнага з паэзіяй?! Можа, толькі тое, што яны пісалі рыфмованай прозай /.../

Апроч настаўленьня «дурным мужыкам» не піць гарэлкі і слухацца «бацькі-пана», мы нічога тут не знаходзім. Калі ж браць фармальны бок творчасьці «старыкоў», то трэба сказаць, што вучні звычайнай сярэдняй сямігодкі пакінулі іх на сёньняшні дзень далёка па-за сабой. /.../ Першае слова беларускай паэзіі сказалі Янка Купала і Якуб Колас. Вось вытокі беларускай паэзіі”.

2. Любіў вітацца, цытуючы Максіма Багдановіча альбо Аляксандра Пушкіна

“Пры сустрэчы ў яго з вуснаў зрывалася не абвыклае «здароў» ці «дабрыдзень», а які-небудзь вершаваны радок. Часцей гэта было пушкінскае «Мою любовь, широкую, как море» ці Багдановічава «Ёсць на свеце такія бадзягі». /.../ З гэтага чырванашчокага юнака, здавалася, так і тачылася паэзія: са светлага позірку, размашыстых рухаў, з красамоўнага маўчання”.

3. Засмучаўся, што беларускія пісьменнікі слаба знаёмыя з амерыканскай пралетарскай паэзіяй

m_2.jpg“Гэтыя паэты не так даўно яшчэ нарадзіліся, але ім належыць будучыня. Цяжкім шляхам прыходзіцца ісці да яе, некаторыя з іх, як Джозэф Гілстрэм і Ральф Чаплін, сталі ахвяраю праследванняў амерыканскай буржуазіі /.../

...Пралетарская паэзія ў Амерыцы нараджаецца і будзе расці. /.../ Добра было б, каб нашыя чытачы мелі магчымасць знаёміцца і сачыць за развіццём пралетарскай паэзіі Амерыкі не эпізадычна, /.../ а сістэматычна. /.../ Трэба нашым выдавецтвам /.../ звярнуць сур’ёзную ўвагу на... гэтую літаратуру”.

4. Іранічна ставіўся да эпічных паэм

“Калісці даўно ў сівой мінуўшчыне складаліся доўгія падрабязныя паэмы пра жыццё і славу адысеяў. На многіх старонках гэтых цягучых паэм апавядалася пра тое, як людзі елі, пілі, кахаліся і ваявалі. Гэта і зразумела: куды было спяшацца? Над галавой ззяла празрыстае элінскае неба, вялікія багі лагодна ўсміхаліся людской мудрасці /.../ У наш дваццаты век – век электрычнасці, век радыё, век вялікіх класавых боек – нельга апавядаць на дваццаці старонках пра тое, як чалавек з’еў міску заціркі або выпіў куфаль піва. (Успаміны Гамера!)"

5. Паблажліва ставіўся да Байрана, бо лічыў, што яго мэтавая аўдыторыя – сытая, гультаяватая моладзь

m_3.jpg

“І ўсё ж зусім зразумела тое, што Байран быў уладаром дум свайго веку. Сытыя, узгадаваныя на жабрацтве мільёнаў, маладыя гультаі з багатых і славутых сем’яў не ведалі, куды кінуцца ад нуды. Працаваць яны не хацелі і не маглі, і адно, што ім заставалася – распуста, віно, прыгоды. Паэзія ж Байрана, дзякуючы суроваму і мяцежнаму генію яе творцы, была сугучна гэтым людзям. Бунт Байрана – бунт сытага чалавека”.

6. У сваёй паэзіі інтрыгаваў чытача вобразамі экзатычных красуняў

m_4.jpg

У вершы “Маўрытанка” чытаем:

“Ах, якая ты!.. якая дарагая,
І на сцэне сонца прадаеш,
Бо сама, як радасць, маладая,
Бо сама, як сонца, цвіцеш...
Маўрытанка, песня ты, ці казка,
Ці прыгожай радасці прыбой,
Бо ў тваіх вачах зусім няцяжка
Піць чужую песенную боль?!”

1927

7. Бянтэжыў юную Эдзі Агняцвет прызнаннямі ў каханні

m_5.jpg“Я была рэдактарам курсавой насценгазеты. /.../...Да мяне падбег Маракоў. Сіні дагледжаны гарнітур, блакітны гальштук вельмі пасавалі да яго вачэй і залацістай галавы. І вось дастаў ён з верхняй кішэні пінжака некалькі спісаных лісточкаў:

– Прачытай і падумай, Каму гэты верш адрасаваны?

Загаловак быў такі: „Мая каханая – рэдактар газеты“. /.../ Чытаю радкі гарачыя...: На тысячы вёрст / Маё каханне. / Рэйкі аорт / Узнімаюць гарачую кроў..." /.../

Валеры кажа:

– Гэта табе!
– Не мані! Прычым тут я?
– А хто рэдактар газеты? А ў каго тонкія бровы, як два кавалкі іспанскіх мячэй?”

8. За некалькі гадоў да першай хвалі рэпрэсій любіў складаць любоўныя вершы, дзе галоўнымі героямі былі прадстаўнікі ідэалагічна варожых класаў

m_6.jpg“Ён адчыніў вакно
І доўга ў сад глядзеў.
Ў душу ўліваўся непакой язьміну.
І так хацелася
Да маладых грудзей
Зноў прыгарнуць каханую дзяўчыну.
Прайшла Наташа задрамаўшым садам
І абудзіла сум
Ў яго грудзёх,
І гэты сум
Узварухнуўся гадам,
Каб атруціць юнацкае жыццё.
Ў сваім прыгожым дарагім убранні
Пад ружай дзіўнага заката
Яна прайшла
Якойсці тайнай зданню,
І ён шаптаў,
Як сімвал шчасця:
– Ната... / /...
І ўспомніў ён былыя захапленні. /
І свой фальварак,
Згублены ў палёх,
Сваіх надзей
Святло і цені,
І ўспамін на сэрца болем лёг...”

1928

9. Кіевам захапляўся больш, чым родным Мінскам

“Кіеў на нас робіць іншае ўражанне, чым родны Мінск. Дамы высокія, прыгожыя. Вуліцы прасторныя і чыстыя. А вакол дамоў сады і сады. /.../...Які прастор! Як прыгожа!."

m_7.jpg

10. Яго раздражняла тагачаснае дакументальна-хранікальнае беларускае кіно перадусім за тое, што яно не так, як трэба, асвятляла юбілей Сталіна

“Перш за ўсё, што з’яўляецца недахопам, гэта тое, што юбілей т. Сталіна адзначаецца са спазненнем на месяц. Апрача ўсяго гэтага, зазняты партрэт Сталіна, якога вітае аўдыторыя, – жывога Сталіна няма. Такі малюнак у кіно з’яўляецца проста непісменнасцю. /.../ Дзве наступныя старонкі кіначасопіса падносяць гледачу не больш не менш як «мудрую» галаваломку. Два палітычна-важныя актуальныя моманты зманціраваны так, што ў гледача зусім блытаецца разуменне. Раптоўны пераскок прысуду па справе забойства Варавы да чысткі партыі і надпіс «...ён сапраўдны член партыі» ствараюць уражанне, што гэтым членам партыі з’яўляецца забойца Варавы”.

m_8.jpg

11. Не разумеў рэлігійнага мастацтва

“Мне былі далёкімі і незразумелымі тыя мастацкія рэчы, якія былі звязаны з жыццём і смерцю Хрыста. Я самы маладзейшы з маіх падарожнікаў, вучыўся толькі ў савецкай школе і ніякіх «боскіх запаветаў» не вывучаў...”

12. З пачаткам рэпрэсій не хаваў свайго страху, разгубленасці і вялікага непакою, што адлюстраваў у вершах і паэмах

У паэме “Муляр” чытаем:

“Надрыўны боль. Так ціха ў полі.
І з болю месяц акалеў.
І не стрымаць нам злога болю,
І не пусціць яго на лес.
Цяпер няма нідзе прыпынку...
Дзе ж родны дом маёй душы?
За хлеба чэрствую скарынку
Няўжо я мучыўся і жыў?”

“Мая паэма” пачынаецца з такіх балючых радкоў:

“Вецер.
Вецер!
Як сэрца забіла трывогу!
Гэта свой,
Ці мо гэта чужы?
Ты скажы мне,
Скажы,
Хто блукае ўначы па дарогах,
Хто фарбуе
Крывавай зарою на сэрцах нажы,
Ты скажы?”

13. Не любіў выступаць з дакладамі, а калі даводзілася, то імправізаваў

m_9.jpg“Валеры Маракоў нідзе ніколі не выступаў ні з якімі дакладамі. Не любіў ён наперад рыхтавацца да выступленняў на розных пісьменніцкіх форумах, як гэта было ўласціва іншым яго сябрам па пяру.

Ён калі і адважваўся гаварыць, дык гаварыў, як кажуць, з ходу. А больш за ўсё свае думкі ён выказваў у прыватных гутарках”.

14. Сярод тагачасных студэнтаў-літаратараў быў адным з самых дасведчаных

“У студэнцкія гады дасведчаны, начытаны, эрудзіраваны Валеры Маракоў быў для сяброў аўтарытэтным кансультантам, а для акадэміка Замоціна, прафесараў Барычэўскага і Бузука – любімым студэнтам”.

15. Быў незаменным памочнікам Міхася Чарота і фактычна кіраваў адным з самых папулярных часопісаў Беларусі пачатку 30-х гг.

m_10.jpg

“Зазваніў тэлефон. Маракоў падняў трубку, сказаў: «Я!» – і даволі доўга слухаў. Потым прамовіў: «Лячу!» – і падышоў да мяне.
– Рэдактар кліча, не магу адкруціцца.
Рэдактар – Міхась Чарот, Маракоў – ягоны сакратар у часопісе «Чырвоная Беларусь», а, сказаць дакладней, адзіная штатная адзінка ў рэдакцыі. Ён падшукваў і заказваў нарысы і артыкулы, падбіраў фота, дамаўляўся з мастакамі. Не было цесна ў часопісе і паэзіі. Чарот ... быў задаволены сваім памочнікам, а Валеры нават крыху задаваўся гэтакім даверам і самастойнасцю”.

16. Калі пісаў пра смерць Леніна (верш “Леніну”), то быў першым беларускім паэтам, хто негатыўна выказаўся пра маўзалей

Маўзалей, паводле Валерыя Маракова, – гэта своеасаблівая турма, якая не выпускае цела правадыра рэвалюцыі са сваіх лапаў:

“І вось халодны Маўзалей
Зацяў каменнымі рукамі
Таго, хто сонца быў святлей,
Таго, хто заўжды жыў між намі”.

17. Паслаў адыёзнага крытыка Алеся Кучара, калі той сватаў яму буфетчыцу Фаіну

“Аднойчы, седзячы на канапе Дому пісьменніка, ён [Валеры Маракоў. – В. Дэ Эм] гаварыў нам:

– А ведаеце, хлопцы, што Кучар хацеў мяне ажаніць з буфетчыцай Фаняй?
– Ну і што? – пытаемся мы. – Пэўна, абрадаваўся ты?
– Вельмі абрадаваўся. Паслаў яго падалей і ўсё”.

18. Калі Янка Купала зрабіў у 1930 годзе харакіры, маральна падтрымаў яго вершам

m_11.jpg“Праз сон на кургане,
Ад спаленых гнёздаў
Вы клікалі к зорам,
На вольны прасцяг,
Вы сэрца,
Вы кроў сваю,
Розум, –
Ўсё кінулі
Ў буры жыцця...
За песьні і думы
Мы любім паэтаў,
За кожнае слова,
За кожны радок,
Што нашым агнём
І трывогай сагрэты...
Купала,
Вам гэты вянок!”

19. Называў ХХ стагоддзе “векам крыві”

“ХХ век /.../ больш за ўсё можна назваць «векам крыві», калі пад маскай /.../ прагрэсу «барбарства пануе ўсюды ў нашы дні» /.../ якое дзікае зверства хаваецца пад вэлюмам «геройскага патрыятызму» /.../”

20. Маракова вельмі любіў Янка Купала і прарочыў яму вялікую будучыню

m_12.jpg“Янка Купала вельмі любіў Маракова. Ён заўсёды называў яго ласкава: «Валерык», «Валік». Неаднойчы запрашаў яго дахаты, каб «за шклянкай гарбаты» паслухаць ягоныя новыя вершы і прачытаць свае яму.

Купала часта запрашаў Валерыя і на сумесныя літаратурныя выступы. Ён гаварыў, што Маракоў – гэта будучыня нашай беларускай паэзіі.

На вялікі жаль, прарочыя словы народнага паэта не збыліся: перашкодзілі цёмныя сілы. Яны адабралі ў Валерыя самае каштоўнае – жыццё”.

Крыніцы

  1. Эдзі Агняцвет. Нязгасная зорка яго паэзіі. / Валеры Маракоў. Рабінавая ноч. 2003
  2. В. Армак (В. Маракоў і А. Мардвілка). Анры Барбюс. Розныя факты. // Полымя, № 3, 1930
  3. Сяргей Грахоўскі. Растаптаныя пялёсткі. // “Голас Радзімы”, 7 мая, 1998
  4. Калектыўны зборнік “Жыве між намі геній”. 1969
  5. Максім Лужанін. Дзень з Валерыем Мараковым. / Валерый Маракоў. Рабінавая ноч. 2003
  6. Валеры Маракоў. Пра паэзію. // ЛіМ, 26 чэрвеня, 1933
  7. Валеры Маракоў. Рабінавая ноч. 2003
  8. В. Маракоў, Ч. Барысевіч. Хроніка Белдзяржкіно кульгае. // Савецкая Беларусь, 17 студзеня, 1930
  9. Валеры Маракоў. 12 дзён. З падарожжа маладнякоўцаў па Украіне. // Звязда, 25 ліпеня, 1928
  10. Валеры Маракоў. І.Ю. Кулік. “Анталогія амерыканскай паэзіі”. 1855–1925 гг. // Маладняк, № 8, 1928
  11. Пруднікаў П. “Паэт эмоцый”. // “Маладосць”. 1998, № 12

Аўтар: Васіль Дэ Эм.

Крыніца: Радыё Cвабода

Да 110-годдзя Валерыя Маракова Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі створаны раздзел віртуальнага праекта "На хвалі часу, у плыні жыцця".

Навіны

Разведвальная аперацыя “Бібліятэка”

23 Кра 2024

18 красавіка адбылося 10 бібліяграфічных урокаў па патрыятычным выхаванні для вучняў 7–11-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 53, 62. 114. 153 і гімназіі № 11 г. Мінска з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Лекцыя-канцэрт “Анталогія нацыянальнай харавой спадчыны”

26 Кра 2024

25 красавіка ў галерэі “Лабірынт” адбылася заключная ў сезоне 2023–2024 гг. інтэрактыўная лекцыя-канцэрт з цыкла “Музычная спадчына Беларусі ў прасторы сучаснай культуры”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Даніна памяці жыццёваму подзвігу Героя Савецкага Саюза Івана Самбука

27 Кра 2024

24 красавіка на базе ДУА “Сярэдняя школа № 51 г. Мінска” прайшлі тэматычныя прэзентацыі ў рамках цыкла мерапрыемстваў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Небывалы аншлаг васьмікласнікаў СШ № 62 г. Мінска ў зоне каталогаў і картатэк

26 Кра 2024

23 красавіка для навучэнцаў 8 класа СШ № 62 адбыўся бібліяграфічны ўрок "Брэсцкая крэпасць-герой" з цыкла заняткаў "Пастараемся ж і мы быць дастойнымі іх Вялікай Перамогі", якія рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык”, якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам