ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Валерый Маракоў – улюбёны паэт Купалы, застрэлены ў мінскай турме НКВД
План правядзення XV Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў

Левіяфан унутры, альбо На руінах самасці

Левіяфан унутры, альбо На руінах самасці
Іншыя навіны

Ёсць меркаванне, што пісьменнік піша ўсё жыццё адну і тую ж кнігу. Сюжэты, тэмы, формы, стыль, мастацкія сродкі, погляды і светаўспрыманне могуць змяняцца, эвалюцыянаваць альбо дэградаваць, прычым падчас самым радыкальным чынам, але сарцавіна і агульная эстэтыка тэкстаў будуць сведчыць пра штосьці лінейнае і непарыўнае. Прыпадабняючыся да бязмежнага Сусвету, асоба творцы імкнецца застацца ў вечнасці, беручы свой пачатак ад патаемнага, загадкавага “я” і завяршаючы цыкл у людской памяці і ў культуры, што, як вядома, лепш за любую іншую форму бяссмерцця.

У творчасці некаторых літаратараў гэта бачна асабліва выразна. У першую чаргу – у непераўзыдзеных стылістаў кшталту Пруста або Набокава. І, канечне ж, у міфатворцаў, стваральнікаў уласных вымярэнняў: Бальзака, Кафкі, Фолкнера… Творы гэтых пісьменнікаў немагчыма аналізаваць у адрыве ад ранейшых або наступных, бо сістэма каардынат, закладзеная аўтарамі, амаль заўжды мае жорсткую іерархію і градацыю каштоўнасцяў. Часцяком нават адны і тыя ж персанажы вандруюць, як беспрытульныя пілігрымы, з кнігі ў кнігу, водзячы за сабою чытача па зачараваным коле асацыяцый і сэнсаў, або, наадварот, сцвярждаючы на кожным кроку абсурднасць, а значыць, і ўмоўнасць быцця.

І, канечне, як бы банальна ні гучала, усё бярэ свой пачатак ад Радзімы. Гэта неабавязкова нейкая канкрэтная мясцовасць, хутчэй – сукупнасць сацыяльнага асяродка, выхавання, досведу, найчасцей негатыўнага і балючага. Сапраўды таленавітымі творцамі ён назапашваецца, перапрацоўваецца, трансфармуецца ў літаратурныя вобразы. І тут ужо няма месца шчанячаму захапленню краявідамі, хваласпевам і одам. Прыгадаем знакамітых “Дублінцаў” Джойса, дзе аўтар не шкадуе ірландцаў – сваіх суайчыннікаў, а, наадварот, прамаўляе пра іх жорсткую, непрыхарошаную праўду. Каб па-сапраўднаму палюбіць Радзіму, некаторым трэба спачатку ўзненавідзець яе ўсімі фібрамі душы, упэўніцца ў недасканаласці светабудовы. Такі шлях у айчыннай літаратуры свядома абраны Вінцэсем Мудровым, Юры Станкевічам, Альгердам Бахарэвічам…

Алена Брава – пісьменніца з падобнага шэрагу. Нездарма адным з яе літаратурных настаўнікаў па сутнасці і з’яўляецца аўтар культавага рамана 90-х “Любіць ноч – права пацукоў” – надзвычай змрочна-песімістычны “голдынгаўскі” тып літаратара, які ў сваіх творах жорстка і бескампрамісна не пакідае чалавецтву шанцаў на выратаванне і выкупленне першароднага граху. І нездарма і ў Станкевіча, і ў Брава – агульная малая радзіма, якой яны прысвяцілі ладную частку жыцця. Таму невыпадкова ў творах гэтых пісьменнікаў асноўнае месца дзеяння – умоўны горад вайскоўцаў, пралетарыяў і люмпенаў, які перманентна знаходзіцца ў стане зацятай варажнечы паміж шараговымі грамадзянамі і патомнай алігархічнай групоўкай вышэйстаячых, прычым першыя апрыёры асуджаны на паразу, бо Левіяфан пасяліўся ў падкорцы, аплёў шчупальцамі звіліны, атруціў жыццёва важныя органы.

Але ў адрозненне ад Станкевіча, які акцэнтуе ўвагу на знешняй, відавочнай пагрозе – прыхаднях-пацуках, што карыстаюцца цёмнай парой сутак дзеля заваёвы новых тэрыторый, Алена Брава дэманструе імкненне прааналізаваць вытокі і перадумовы чалавечых драм і катастроф. Простая фіксацыя падзей і канстатацыя фактаў яе не задавальняе, са скрупулёзнасцю псіхатэрапеўта адзін за адным яна ўскрывае гнайнікі ў душах персанажаў, тым самым агаляючы і абсцэсы на целе грамадства.

Глыбока сімвалічная, метафарычная проза Алены Брава праяўляе сябе ўжо ў назвах: пачынаючы ад “Каменданцкага часу для ластавак” і заканчваючы “Садомскай яблыняй”, раманам, які пабачыў свет напрыканцы мінулага года ў выдавецтве “Галіяфы”. Дрэва, на якім выспяваюць прыгожыя і прывабныя, але пустыя ўнутры, непрыдатныя для спажывання плады, выступае алегорыяй рэчаіснасці, у якой стракатая атрыбутыка і знешняя паспяховасць служаць шырмай для прымітыўнага жывёльнага існавання і духоўнага ўбоства: “Мы задушаны самакантролем і развучыліся казаць пра свае жаданні, за нас крычыць адзенне, але ці нашыя гэта жаданні?”.

Няцяжка ўявіць, што гісторыя, адлюстраваная ў апошнім па часе творы, – гэта лагічны гіпатэтычны працяг, альтэрнатыўная варыяцыя жыццяпісу жаночых персанажаў “кубінскай аповесці”, або рамана “Менада і яе сатыры”, нягледзячы на рознасць імёнаў і лёсаў. Сімвалічным падаецца і імя гераіні Інга, якое паходзіць ад Фрэйра – германа-скандынаўскага бога ўрадлівасці і лета, якога яшчэ называюць Інгві. Інакш кажучы, Інга – свайго роду ўвасабленне жыцця і пасіянарнай жаноцкасці, творчага пачатку. А прозвішча яе – Куродым – сімвал чужароднага налёту, метафара цывілізацыі, чорная сажа, якая запляміла і па-вычварэнску зыначыла жаночую сутнасць, ператварыўшы некалі рамантычнае дзяўчо з гітарай у бяздушны манекен на тэлеэкране.

Галоўная гераіня прызнаецца: “Цяпер я – напаўразбураны рэактар, у якім ідзе рэакцыя самараспаду”. “Замураваная ў саркафаг свайго тэлеамплуа”, яна пакутліва шукае выйсця з пасткі. Але рэальнасць жыцця на перыферыі дыктуе іншае: мімікрыруй, рабі так, як робяць усе, каб пражыць адведзеную рэшту часу ў адноснай зоне камфорту. Існаванне паступова ператвараецца ў бясконцы ланцужок кампрамісаў.

Тады Інга па-свойму кідае выклік людской супольнасці, асноўныя рухавікі якой – секс, улада і грошы: робіцца адстароненым сузіральнікам-скептыкам, дзеля выжывання нібыта і гуляе па агульных правілах, але з зусім іншымі мэтамі: яна – летапісец-антраполаг, даследуе папуляцыю і вывучае звычкі “абарыгенаў”, бо толькі так можна калі і не разарваць замкнёнае кола, то прынамсі не захлынуцца ў правінцыйнай багне. Толькі падаецца, што людзі з такім аналітычным і надзвычай крытычным ладам мыслення нідзе не знойдуць супакою, бо нават самы ідэальны Сусвет будзе для іх недасканалы.

Лейтматывам праз увесь твор праходзіць ідэя вечнага дапубертату чалавецтва: “Дзяўчаткі сталеюць зарана; некаторыя хлопчыкі не сталеюць ніколі”. Навідавоку думка, што патрыярхальная цывілізацыя не здольная на паступальнае духоўнае развіццё. Мужчына не гатовы выйсці за рамкі свайго эга, бо жаданне дамінаваць і падпарадкоўваць не дазваляе яму спыніцца і ўспрыняць жанчыну не толькі як сродак задавальнення або захавальніцу сямейнага агменю, носьбітку “ўсяго самага добрага, стваральнага і дэмісезоннага”, але і як роўную сабе асобу, што мае права на самавызначэнне і сваё меркаванне. Але Інга, як сама прызнаецца, не феміністка, яна проста аднойчы “…пачала жыць з уласных глуздоў. І ўбачыла ўсё як ёсць, без ружовых акуляраў”. Нават каханне для яе – гэта ўжо не рамантычнае пачуццё, а “гарманальна абумоўленае ідэалізаванае ўяўленне пра іншага чалавека”, ачышчальная хвароба, інфекцыя, якую трэба перажыць, “генеральная ўборка душы перад апошнім холадам і адзінотай, перад зімой, калі не гандлююць больш салодкай ватай ля кожнай лаўкі”.

У сваім новым рамане Алена Брава паказвае сябе і як дасціпны назіральнік за людскімі норавамі. Інга Куродым – вядучая тэлеперадачы “Жанчыны рэгіёна” на мясцовым тэлеканеле “Аўгур” (адметна, што імёны асабовыя і назвы тут невыпадковыя, як і ў знакамітым сатырычным творы Салтыкова-Шчадрына “Гісторыя аднаго горада”). Мірапольск з яго насельнікамі – тыповы правінцыйны горад. Відаць, у кожным раённым цэнтры знойдуцца свае паэтэса-графаманка Пульхерыя Гнілазубава, эксцэнтрычны празаік Тухляцкі, дырэктарка ўнівермага “Вясна” Мінерва Кувырчык… Пазнавальнасць, універсальнасць – у гэтым Алена Брава дасягае амаль гогалеўскага размаху. Чытаючы “Садомскую яблыню”, часам не ведаеш, ці то смяяцца, ці то чырванець ад сораму, бо бязлітаснае пяро аўтаркі праходжваецца і па табе самому, прымушаючы міжволі зазірнуць углыб душы, прааналізаваць матывы і жаданні.

Героі “Садомскай яблыні” – сучаснае пакаленне саракагадовых, што зруйнавала сваю ментальную самасць і занядбала ўласнае прызначэнне ў шалёнай пагоні за матэрыяльным дабрабытам. Нездарма эпіграфам да рамана ўзяты радкі аўстрыйскага пісьменніка Петэра Хандке: “Руіны заўсёды прыцягвалі мяне больш, чым дамы”. Недзе ў сярэдзіне рамана, падчас размовы з калегам, тэлеаператарам Яраславам, Інга Куродым паўтарае і крыху развівае цытату: “Лепш руіны, чым некаторыя дамы”. І ў гэтым палягае творчы прынцып Брава. Калі пісаць, то пра нязручнае, пра тое, што выводзіць з раўнавагі, прымушае задумацца, абуджае ў душы спектр эмоцый.

Сапраўдная літаратура і не павінна выклікаць усеагульнае захапленне, бо гэта дрэнны знак, прыкмета падробкі. Наадварот, сваёй мэты яна дасягае тады, калі ў чытача нараджаецца нязгода з аўтарам. Відавочна, што чарговы раман Алены Брава – вельмі палемічны твор, дзёрзкі і правакацыйны, асабліва для тых, хто абраў стылем жыцця самазаспакоенасць і знарочыста пазітыўнае стаўленне.

Ці сапраўды “гэты свет не варты таго, каб сталець?” – разважае пісьменніца. Адказ на пытанне – у душы кожнага асобна ўзятага чалавека.

Аўтар публікацыі: Янка Лайкоў.

Крыніца: ЛіМ


Навіны

Сны aб Беларусі у Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя Вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя "На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны"

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб'яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс прыняла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка - фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам