ГалоўнаяІнфармацыйныя рэсурсыЭлектронныя інфармацыйныя рэсурсыРэсурсы Нацыянальнай бібліятэкі БеларусіВіртуальныя праекты, выстаўкі і калекцыіВіртуальныя праекты бібліятэкіКласікі сусветнай літаратуры Янка Купала і Якуб КоласЧытаем Купалу і Коласа разамВялікая Айчынная вайна ў творчасці Янкі Купалы і Якуба КоласаВобраз вайны ў творах Якуба Коласа 1941–1945 гг.Зборнік "Голас зямлі"
Зборнік

Зборнік "Голас зямлі"

Творы, напісаныя Якубам Коласам за першыя два гады вайны, склалі зборнік "Голас зямлі" (PDF). У ім адлюстраваны важнейшыя этапы барацьбы, пройдзеныя нашым народам, пачуцці самога паэта як чалавека вялікай душы, чые думы былі неадлучны ад дум і спадзяванняў народа. Вершы Якуба Коласа – гэта ўсё тое, што перадумана і перажыта народам за два гады вайны. Гэта сапраўдны голас народа, які вёў смяротную барацьбу з фашызмам за будучае шчаслівае жыццё.

Шчырая любоў да беларускай зямлі, патаптанай фашысцкім ботам, пякучы боль за яе раны, за пакуты народа, заклік паэта да барацьбы, праслаўленне баявых спраў партызан у тыле ворага, вера ў непазбежную перамогу над гітлераўскімі акупантамі – вось чым прасякнуты зборнік "Голас зямлі". Гэтыя матывы не знікаюць з твораў народнага паэта да канчатковага вызвалення роднага краю ад фашысцкіх захопнікаў.

З далёкага Узбекістана Якуб Колас звяртаецца да Радзімы:

Зямля мая, краіна непакоры!
Ты голас мой пачуй у шуме гроз:
З табою я дзялю пакуты, гора –
З дзяцінства я з тваім злучыў свой лёс.
("Мая зямля")

Разлучыўшыся з родным краем, паэт ні на хвіліну не парываў з ім у думках. Слёзы роднай зямлі знаходзілі водгук у яго сэрцы, выклікалі ў пісьменніка нянавісць да ворага:

О, каб я меў такія рукі,
Зямля, абняў бы я цябе,
Каб сцішыць гора тваё, мукі
І сілу даць у барацьбе!
("Голас зямлі")

Палымяныя вершы Якуба Коласа перыяду Вялікай Айчыннай вайны носяць не толькі адбітак журбы, смутку і спачування роднай зямлі, якая стагнала пад нагамі гітлераўскіх акупантаў. Малюючы няўдачы пачатку вайны, паэт раскрывае мужнасць народа, яго гераічную барацьбу. Ён піша, што "чужынцы не сагнулі стан беларускай зямлі", яна застаецца такой жа, як і была, – "краінай непакоранай". Прыйдзе жаданы дзень вызвалення, і нашы воіны ачысцяць яе ад ворага:

Зямля мая, мая краіна!
Я чую твой прызыўны звон.
Прымі ж хоць слова твайго сына –
Не доўгі будзе твой палон.
Шумяць гняўліва твае пушчы,
Трасуцца помстаю бары,
І дзень твой хмарны змрок расплюшчыць –
Ёсць у цябе багатыры!
("Голас зямлі")

Якуб Колас любіць сваю Радзіму, свой край, яго маляўнічую прыроду, ганарыцца мужнай барацьбой беларускага народа з прыгнятальнікамі і захопнікамі. Гэта любоў выліваецца ў форму актыўнага служэння народу, роднай краіне. Колас – паэт-воін, паэт-грамадзянін, змагар за вызваленне роднай зямлі. Ён ні на хвіліну не спыняў барацьбы з гітлераўскімі акупантамі – сваімі творамі заклікаў народ да расправы над ворагам..

26 жніўня 1941 года Якуб Колас напісаў знамянальны верш "Запытай ты сябе, чалавеча", адрасаваны ўсім, каму дарагая краіна, наша бацькаўшчына, каб яны набліжалі "час перамогі", кавалі зброю на пагібель фашысцкім забойцам. Гэты верш быў праграмным творам паэта на працягу ўсёй вайны:

Запытай ты сябе, чалавеча:
Што зрабіў для айчыны, ці многа,
І які ўзяў цяжар ты на плечы,
Каб наблізіць наш час перамогі?
-----------------------------------------
Не ганьбуй жа ніякай работай,
Адно толькі ты май на увазе:
Болей хлеба, гармат, кулямётаў
На пагібель фашысцкай заразе.

Высокапатрыятычныя творы Якуба Коласа перыяду вайны, прасякнутыя вялікім аптымізмам, знаходзілі жывы водгук у сэрцах шматмільённага народа, які вёў смяротную барацьбу з цемрай і злом.

Гітлеру-ўдаву, як называе яго паэт, ён прарочыць магілу і асінавы кол. Аб пагібелі фашысцкага звера Якуб Колас яскрава гаворыць і ў вершы "На пагібель Гітлеру", напісаным у ліпені 1941 года, калі вораг рухаўся на Усход:

Дык памятай цвёрда,
Разбойнік з Берліна.
Ты ў попел рассыплешся, у дым.
Апошнім акордам
Застогне асіна
Над прахам паганым тваім.

Значнае месца ў зборніку ''Голас зямлі'' займае тэма партызанскай вайны, якая набыла народны характар. Ужо ў вершы ''Голас ветру'', напісаным 25 ліпеня 1941 года, Якуб Колас кажа, што вольны вецер прынёс яму з родных ніў і палёў шмат навін. Праўда, невясёлыя гэтыя навіны: вораг паліць сёлы, топча нівы, сенажаці, не ведае літасці ні да старых, ні да малых. Аднак разам з гэтым вецер прынёс вестку і пра тое, што беларускі народ не сагнуўся перад ворагам, павёў з ім рашучую барацьбу: "Зброю ў рукі ўзяў і зноў на дарогі баявыя ён павёў сваіх сыноў".

У вершы "Засада", напісаным 8 лістапада 1941 года, паэт падае малюнкі барацьбы партызан з нямецкімі акупантамі і заклікае беларускі народ: "Змагайся, як можаш, з нямецкім ваўком". Паэт славіць адважных патрыётаў-партызан, натхняе іх на новыя подзвігі: "Зложыць нам былін нямала беларускі лес-гусляр".

У вершы "Над магілай партызана", напісаным 8 верасня 1941 года, паэт з глыбокім жалем апісвае пахаванне партызана, які не ведаў страху ніколі: "Быў верны і храбры ў баю, за край, за радзіму, за волю аддаў маладосць ты сваю".

Пахаванне вернага таварыша і брата не выклікала ў сэрцах яго сяброў і ў сэрцы паэта роспачы і адчаю, наадварот, нарадзіла яшчэ большую прагу барацьбы, яшчэ большае жаданне знішчыць фашысцкую сілу, не пусціць назад жывым ворага. Клятва партызан над магілай таварыша і брата, як гром, пракацілася па прасторах Радзімы.

Сваімі баявымі вершамі паэт падтрымлівае і ўзмацняе ў народзе веру ў непазбежную перамогу. Ён цвёрда перакананы, што вораг, прыйшоўшы на нашу зямлю, тым самым падрыхтаваў сабе ганебны канец – магілу.

Ва ўсіх вершах Якуба Коласа, напісаных у першым месяцы вайны, бурліць і клякоча пачуццё помсты, злосці, нянавісці да ворага. Матывы помсты гітлераўскім акупантам, матывы поўнага знішчэння фашысцкіх катаў афармляюцца ў баявыя лозунгі:

Навокал разбойніка-звера
Змыкаецца круг,
І вострыцца помсты сякера,
Куецца ланцуг.
("На звера")

Некаторыя вершы Якуба Коласа, напісаныя за час вайны, носяць характар паэтычнай прамовы ці адозвы. Тыповым у гэтым сэнсе з'яўляецца верш "Што трэба", напісаны 4 жніўня 1942 года:

Сябры мае, не словы трэба тут –
Ад слоў не дрогне вораг.
Распалены жалезны трэба прут,
Гаручая бутэлька, порах.
Патрэбны злосць, зацятасць, сэрца гарт,
Парыў адзін і мэта.
Як сталь, будзь цвёрд, настойліў і упарт,
І помні толькі гэта.

У час вайны ўсе думы, пачуцці, перажыванні паэта, былі сканцэнтраваны на перамозе над "дзікай ардой" фашысцкіх захопнікаў:

Ці ж я спакой сабе знайду,
Калі бяда згрызае грамаду?
Ці ж я скажу сабе – спачынь,
Калі не бачна ясных далячынь?
Калі ж спазнаю я спакой?
Тады, як скончым з дзікаю ардой.

Так пісаў Якуб Колас 26 ліпеня 1942 года. Такімі марамі, пачуццямі і перажываннямі напоўнены ўсе яго вершы, напісаныя ў час вайны. Паэтычны свет твораў Якуба Коласа надзвычай вялікі і багаты, у ім мноства суровых матываў і адценняў. Такія вершы, як "Маскве", "Бацьку Мінаю", "Майму другу", "Мае Мары" ў аснове сваёй маюць адну і тую ж ідэю, і ў той жа час яны адрозніваюцца адзін ад аднаго. І не толькі рытмам, але і характарам думак і пачуццяў, выяўленчымі фарбамі, іх спалучэннем.

Побач з лірычнымі вершамі паэт піша і сатырычныя творы. На той час яны былі актуальнымі, іх вастрыня выкрывала агрэсіўныя памкненні фашыстаў. У палітычным памфлеце "На восі Рым – Берлін" расказваецца, што фюрэр церпіць на ўсходзе крах:

Ён кідае вока на дучэ:
– Беніта, падкінь хоць мільён,
Ідзі на Расію, – там куча
Чакае цябе макарон.
У славе ваяцкага блеску
Ты вернешся грозны у Рым.
Ты прыклад бяры з Антанеску
І прыкладам будзь ты другім.

Тут канкрэтны факт. Паміж фашысцкімі дзяржавамі напярэдадні Другой сусветнай вайны быў заключаны палітычны саюз аб узаемадапамозе. Яго і выкрываў пясняр.

Злабадзённымі з'яўляюцца і сатырычныя вершы "Смерць разбойнікам", "Крумкачы", "Фашысцкім бандытам". Яны прасякнуты верай у перамогу над лютым ворагам.

Вершы зборніка "Голас зямлі" паказалі, што творчыя сілы і магчымасці паэта невычэрпныя.

Зборнік "Голас зямлі"

Крыніцы інфармацыі:

  1. Колас, Я. Збор твораў : у 12 т. / Якуб Колас ; рэдкал. : В. Барысенка [і інш.]. – Мінск : Дзяржвыд БССР, 1961–1964.
  2. Жыгоцкі, М. Сіла праўды: слова пра ваенную публіцыстыку Якуба Коласа / Мікола Жыгоцкі // Беларуская думка. – 2008. – № 5. – С. 78–81.
  3. Жыгоцкі, М. У суровыя гады ваеннага ліхалецця / Мікола Жыгоцкі // Полымя. – 2009. – № 12. – С. 148–163.
  4. Мушынскі, М.І. Вобраз вайны ў творах Якуба Коласа 1941–1945 гг. / М.І. Мушынскі // Вялікая Айчынная вайна ў мастацкай літаратуры : матэрыялы рэсп. навук. канф., Мінск, 27 крас. 2005 г. / [рэдкал.: І. С. Роўда (адк. рэд.) і інш.]. – Мінск, 2007. – С. 9–22.

Бібліятэкарам