ГалоўнаяІнфармацыйныя рэсурсыЭлектронныя інфармацыйныя рэсурсыРэсурсы Нацыянальнай бібліятэкі БеларусіВіртуальныя праекты, выстаўкі і калекцыіВіртуальныя праекты бібліятэкіКласікі сусветнай літаратуры Янка Купала і Якуб КоласЧытаем Купалу і Коласа разамВялікая Айчынная вайна ў творчасці Янкі Купалы і Якуба КоласаВобраз вайны ў творах Якуба Коласа 1941–1945 гг.
Вобраз вайны ў творах Якуба Коласа 1941–1945 гг.

Вобраз вайны ў творах Якуба Коласа 1941–1945 гг.

Творы Якуба Коласа, якія храналагічна прыпадаюць на гады ваеннага ліхалецця, – даволі значная частка літаратурнай спадчыны народнага песняра. На трагічныя падзеі, выкліканыя вайной, на гераічную барацьбу Чырвонай Арміі, на шырокі партызанскі рух беларускага народа супраць акупантаў Якуб Колас адгукаўся мастацкім словам з зайздроснай аператыўнасцю. Гэта было вострае, палымянае публіцыстычнае слова, прасякнутае пачуццём гневу і пагарды да ворага і верай у непазбежнасць перамогі над сіламі зла і цемры.

У самых складаных абставінах ваеннага часу Якуб Колас працаваў з выключнай напружанасцю і самааддачай. І як грамадскі дзеяч, арганізатар навукі, віцэ-прэзідэнт АН БССР, і як паэт, палымяны публіцыст. І яго асаблівая заслуга як пісьменніка-патрыёта перад Бацькаўшчынай, яго ўклад у мастацкае асваенне тэмы вайны таксама істотныя.

Гэты ўклад, улічваючы маштаб таленту народнага песняра і яго тагачасны аўтарытэт у грамадстве, напэўна, мог быць яшчэ больш значным. Але гэтаму не спрыяў шэраг аб’ектыўных фактараў, хоць суб’ектыўны момант таксама прысутнічае. Гаворка ідзе пра псіхалагічны стан паэта, які перажыў змрочныя часы трыццаць сёмага года, гвалтоўнае знішчэнне шматлікай пісьменніцкай кагорты, арышты блізкіх, сваякоў, марныя спробы аказаць ім дапамогу. Усе гэта, разам узятае, не магло не адбіцца на светаўспрыманні Коласа-паэта, на яго паэтычнай думцы, якая і ў змрочныя часы колішняга турэмнага зняволення, і ў 1920-я гг. творча пульсавала, уздымалася на новыя вышыні, несла веру ў адраджэнне роднага краю. У канцы ж 1930-х гг. думка мастака не магла разгарнуцца на ўсю моц, грамадска-палітычныя абставіны зніжалі яе вольны палёт, прыціскалі долу, штурхалі ў рэчышча афіцыйнай трактоўкі падзей і з’яў рэчаіснасці.

Згаданыя фактары, вядома, паўплывалі пэўным чынам на творчасць Якуба Коласа ваеннай пары. Побытавыя ўмовы жыцця і матэрыяльнае становішча сям’і Якуба Коласа, асабліва ў першы перыяд жыцця ў Ташкенце, аказаліся даволі складанымі. Пісьменнік немаладога веку з зайздроснай сялянскай цярплівасцю мужна нёс цяжар побытавай неўладкаванасці, асабістае гора, выкліканае адсутнасцю звестак пра сына Юрку, які знаходзіўся на фронце і лёс якога заставаўся невядомы, адарванасць ад роднага краю, ад сяброўскага асяроддзя. Галоўнай справай для Якуба Коласа заставалася творчая, пісьменніцкая праца.

Пераважная частка паэтычнай спадчыны Якуба Коласа першых гадоў вайны – творы выразна грамадзянскай скіраванасці, палымяная публіцыстыка, адкрытае, пафаснае выказванне гневу, абурэння, пагарды да акупантаў, якія нясуць народам смерць, разбурэнні, пакуты. Ужо 24 чэрвеня 1941 г. у друку на беларускай мове з’явіўся першы ваенны верш Якуба Коласа, апублікаваны ў ’’Правде’’ – ’’Шалёнага пса – на ланцуг!’’. Ён узнік як жывы паэтычны водгук на падзеі першых дзён вайны. Паэт заклікае народ свабоднай краіны да зброі, заклікае перакаваць плуг на меч і адзіным імкненнем абрушыцца на ворага.

Гэта, бясспрэчна, сацыяльны заказ у дакладным значэнні слова, і Якуб Колас аператыўна яго выконваў. Вершы ’’Душою і сэрцам мы з вамі, героі’’, ’’Фашысцкім бандытам’’, ’’На абарону’’, ’’Смерць разбойнікам’’, ’’Абаронцам роднай зямлі’’, ’’Народу-барацьбіту’’, ’’На звера’’, ’’У цяжкую часіну’’ – яскравыя ўзоры публіцыстычнага жанру з яго заклікальнай, лозунгава-прамоўніцкай інтанацыяй, антыфашысцкай скіраванасцю, пафасам веры ў непазбежнасць перамогі, з пачуццём пагарды да здраднікаў.

Аптымістычнае гучанне вершаваных твораў 1941 г., наяўнасць у іх сцвярджэнняў накшталт:

К канцу падыходзіць дарога
Крыві і ярма.
Ад ярасці гневу людскога
Збавення няма.

тым не менш не перашкаджала паэту праўдзіва маляваць вайну, яе жахі, пакуты народа, злавеснае аблічча ненавіснага захопніка:

Як пропасць чорная, ўварваўся ён,
Прайшоў разбойніцкай ступою,
І ўсюды кроў, няволю і палон
Пакінуў за сабою.
Спаліў твае сялібы, гарады,
Твой дом разграбіўшы дарэшты.
Не ведаў ты яшчэ такой бяды
З тых дзён, як тут жывеш ты.

Якуб Колас належаў да той катэгорыі мастакоў, натхненне ў якіх нараджалася пры непасрэдным успрыманні з’яў рэчаіснасці і канкрэтных людзей, іх лёсаў. Колас-пісьменнік павінен быў на ўласныя вочы ўбачыць падзею, якую ён меў на мэце ўзнавіць, адлюстраваць у вобразнай форме, убачыць жывых людзей, якія маглі стаць героямі ягоных твораў, пачуць іх галасы, зафіксаваць у памяці нейкія адметныя жэсты, выразы твару, іх лексіку, інтанацыю, інтуітыўна адчуць, зразумець унутраныя матывы ўчынкаў і паводзін. Вядома, і ўбачыць тую паўсядзённую рэальнасць, атмасферу, побытавае асяроддзе, у якім жылі, працавалі, змагаліся рэальныя людзі, прататыпы яго будучых герояў. Зусім зразумела, што працяглае знаходжанне ў глыбокім тыле ў значнай ступені пазбаўляла пісьменніка такой магчымасці. Ён вымушаны быў задавальняцца газетнымі паведамленнямі пра ваенныя падзеі, франтавыя эпізоды і пра становішча на акупіраванай тэрыторыі, інакш кажучы, карыстаўся адфільтраванымі ваеннай цэнзурай звесткамі, фактамі. Адсюль і прыблізнасць малюнка, у якім мала яскравых, выхапленых з жыцця дэталей, жывых прыкмет, а дзейныя асобы часта нагадваюць плакатных герояў, якія прамаўляюць пафасна, натхнёна, хоць абставіны патрабавалі звычайнай, паўсядзённай мовы.

Адклаўшы працу над празаічнымі творамі на будучае, Якуб Колас цалкам засяродзіўся на вершаванай форме. Жанравая палітра ягоных вершаў даволі разнастайная. Тут мы бачым форму непасрэднага звароту да ’’абаронцаў роднай зямлі’’ (’’Душою і сэрцам мы з вамі, героі’’), да ’’бясстрашных і мужных’’ ’’байцоў-камсамольцаў’’; форму закліку да людзей-волатаў (’’На абарону’’) ’’вышэй, ярчэй’’ узняць молат помсты захопнікам, праявіць мужнасць.

Дык гуртуй жа магутныя сілы –
Вораг люты штурмуе наш дом.
Ты абруш на яго прах магілы.
Разразіся над ім перуном!

Даволі арганічна ўпісалася ў жанравую сістэму вершаў форма плача, рэквіема над магілай ваяра, які загінуў у няроўным баі, але не парушыў воінскай прысягі, застаўся героем у памяці людской (’’Над магілай партызана’’). Асабліва ўпадабаў Якуб Колас форму так званых народных ’’кленічаў’’, праклёнаў-пажаданняў, прадказанняў непазбежнасці адплаты фашыстам за іх злачынствы:

Стой над фрыцавай магілаю,
Халуй!
Прад табой зямля расступіцца
Сама,
І, як з вуша, скура злупіцца
З дзярма...
Будуць, будуць лютым ворагам
Канцы.
Ой, заплаціце вы дорага,
Фрыцы!

Нямала прыкладаў выкарыстання формы вершаванага памфлета (’’На восі Рым – Берлін’’, ’’Калымага ’’Рым – Берлін’’, ’’На міжнародныя тэмы’’ і інш.), а таксама з’едліва-сатырычнай замалёўкі, дзейнымі асобамі якой выступаюць рэальныя персанажы (Гітлер, яго памагатыя), абагульненыя персанажы фашыста, фрыца і г. д. (’’Пахаванне Гейдрыха’’, ’’Дучэ’’, ’’Рыцар Шыкльгрубер’’). Яркай старонкай творчасці Якуба Коласа ў ваенны перыяд сталі фельетоны. Адзін з іх ’’Гітлер і чарадзей’’ ярка спалучае мастацкія і публіцыстычныя элементы, характарызуецца традыцыйным для стылю паэта зліццём думкі з яе вобразным адлюстраваннем.

Многія з гэтых ’’герояў’’ фігуруюць і ў публіцыстычных артыкулах Якуба Коласа (’’Да зброі, беларускі народ!’’, ’’Злачынцы суда не мінуць’’, ’’Здраднікі’’, ’’Набліжаецца час расплаты’’ і інш.). І тут дамінуюць з’едлівая іронія, сарказм, сатырычныя фарбы. Але ў публіцыстычным жанры з’явіліся новыя тэмы і матывы, напрыклад, ідзе гаворка пра лёс людзей, вывезеных на прымусовыя работы ў Германію, пра адказнасць нямецкага народа перад гісторыяй за ўдзел у захопніцкай вайне і ўчыненыя імі злачынствы. Мы не пасягаем на чужыя землі, на свабоду іншых народаў, заяўляе Якуб Колас. Але скажам нямецкаму народу:

"Апамятайся, нямецкі народ! Гітлер і яго шайка вядуць цябе ў бяздонныя пакуты. Яны напісалі на сваім сцягу: ноч і цьма. Яны атруцілі твой розум. Змый жа бруд са свайго цела. А калі ты маўчыш, ідзеш за сваім фюрэрам, то і твае рукі ў крыві, на тваю галаву падзе пракляцце і кара".

Колас-публіцыст рашуча выкрывае дактрыну фашысцкіх ідэолагаў наконт вышэйшасці нямецкай расы і яе права на сусветнае панаванне.

"Яны лічаць сябе народам вышэйшай пароды. Толькі ім панаваць, а ўсе іншыя павінны слугаваць ім, працаваць на іх. Гэта такі “новы парадак” нямецкага крывавага вырадка, людаеда Гітлера".

Як палымяны патрыёт, верны сын народа, Якуб Колас гнеўна выкрываў у сваіх публіцыстычных творах здраднікаў народа – фашысцкіх прыслужнікаў. Асабліва глыбокай агідай і нянавісцю да гэтых людзей, што страцілі чалавечае аблічча і прадалі сваё сумленне, прасякнуты артыкул "Здраднікі":

"Нямецкія грабежнікі, не спадзяючыся на свае сілы, адкопваюць на сметніках людскога бруду падонкі грамады, праступнікаў і здраднікаў і розны белагвардзейскі ўгалоўны фуз, каб абаперціся на іх і паставіць на службу сабе іх блудлівыя вочы, іх сабачыя вушы і іх акрываўленыя ў народнай крыві рукі... "

4 красавіка 1942 г. у Маскве адбыўся Другі ўсеславянскі мітынг. З палкай прамовай ’’Беларусы ніколі не аддадуць нямецкім захопнікам сваёй волі, сваёй зямлі, сваёй незалежнасці’’ выступіў Якуб Колас. Знакаміты артыкул ’’Да помсты, браты славяне!’’ з’яўляецца выступленнем паэта на Трэцім усеславянскім мітынгу ў Маскве 9 мая 1943 г. Шырока асветлена ў публіцыстыцы і тэма дружбы, еднасці, сумеснай барацьбы з фашызмам славянскіх народаў (’’К мести, братья славяне!’’, ’’Славяне борются’’ і інш.). З-пад яго пяра выйшлі артыкулы ’’Сумесная барацьба рускага і беларускага народаў супраць нямецкай агрэсіі’’ і ’’Дружба і ўзаемная павага – залог свабоды і працвітання беларускага і польскага народаў’’. Гэтыя творы нанеслі адчувальны ўдар па фашысцкай прапагандзе беларускіх буржуазных нацыяналістаў. Знаходзячыся ў эвакуацыі ва Узбекістане, Якуб Колас звяртаўся не толькі да беларускага народа, але і да ўзбекскага. Яго вершы і артыкулы неаднаразова змяшчаліся на старонках мясцовага друку і адыгралі вялікую ролю ў справе мабілізацыі на барацьбу з ворагам.

Нарысам ’’Лагер смерці’’ (газ. ’’Известия’’, 19 красавіка 1944 г.) Якуб Колас адным з першых у айчыннай літаратуры распачаў дакументальна-мастацкае даследаванне тэмы ’’беларускіх Хатыняў’’. Вясною 1944 г. паэт наведваў вызваленыя ад гітлераўцаў Гомель і сельскія раёны. Там ён сустрэўся з вязнямі канцэнтрацыйнага лагера, створанага ў мястэчку Азарычы. Артыкул ’’Лагер смерці’’ фактычна стаў састаўной часткай агульнага абвінавачвання злачыннай дзейнасці фашысцкіх драпежнікаў на тэрыторыі Беларусі. Натуральна, што згаданыя матывы паглыблялі пісьменніцкае асвятленне ваеннай тэмы, узбагачалі вобраз вайны новымі гранямі.

У тэкст публіцыстычных артыкулаў (’’Да зброі, беларускі народ!’’, ’’Воинам Красной Армии’’, ’’Злачынцы суда не мінуць’’ і інш.) Якуб Колас уводзіў паасобныя строфы сваіх вершаў, тым самым узмацняючы эмацыйнае гучанне празаічных твораў.

Сярод твораў Якуба Коласа ваеннай пары прыкметна вылучаецца шэраг вершаў, звернутых непасрэдна да беларускай рэчаіснасці, да лёсу акупаванай Бацькаўшчыны: ’’Лёс’’, ’’Развітанне’’, ’’У цяжкую часіну’’, ’’Голас зямлі’’, ’’Вясною’’, ’’Стары гасцінец’’, ’’На Захад’’, ’’Мая зямля’’. Яны пазбаўлены публіцыстычнай завостранасці, у іх больш цеплыні, жывых нацыянальных рэалій, няхай і ўзноўленых па памяці. Паэт дакладна ўлічвае характар светаўспрымання свайго адрасата.

Творы Якуба Коласа ваеннага часу маюць вялікую каштоўнасць. Расказаныя іншы раз аўтарскай, а іншы раз мовай персанажа з захаваннем яго моўных інтанацый, яны раскрываюць перад чытачом цэлую галерэю падзей, звязаных з гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны.

Свой патрыятычны творчы пафас Якуб Колас чэрпаў у незлічоных узорах бяспрыкладнага гераізму простых савецкіх людзей, а праўдзівыя расказы аб гэтых подзвігах у сваю чаргу натхнялі народ на барацьбу, умацоўвалі яго адвагу і стойкасць.

Пісьменнік верыў у перамогу над фашызмам, верыў у творчыя сілы народа, які смела ўступіў у барацьбу з ворагам. Творы Якуба Коласа, прасякнутыя гэтай верай, яго вершы і публіцыстыка, напісаныя ў гады Вялікай Айчыннай вайны, не страцілі свайго эмацыянальнага ўздзеяння, пазнавальнага значэння.

Савецкі ўрад высока ацаніў заслугі Якуба Коласа, узнагародзіўшы яго ордэнам Чырвонага Сцяга, медалямі: ’’Партызану Айчыннай вайны’’, ’’За абарону Масквы’’ і ’’За доблесную працу ў Айчыннай вайне 1941–1945 гадоў’’. За вершы ’’Майскія дні’’, ’’Дарогай славы’’, ’’Салар’’, ’’Родны шлях’’, ’’Майму другу’’, ’’На Захад’’, ’’Голас зямлі’’, напісаныя Якубам Коласам у Ташкенце за час вайны, яму была прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР.

Творы пра вайну:

Зборнікі:

Паэмы:

Вершы:

Крыніцы інфармацыі:

  1. Колас, Я. Збор твораў : у 12 т. / Якуб Колас ; рэдкал. : В. Барысенка [і інш.]. – Мінск : Дзяржвыд БССР, 1961–1964.
  2. Жыгоцкі, М. Сіла праўды: слова пра ваенную публіцыстыку Якуба Коласа / Мікола Жыгоцкі // Беларуская думка. – 2008. – № 5. – С. 78–81.
  3. Жыгоцкі, М. У суровыя гады ваеннага ліхалецця / Мікола Жыгоцкі // Полымя. – 2009. – № 12. – С. 148–163.
  4. Мушынскі, М.І. Вобраз вайны ў творах Якуба Коласа 1941–1945 гг. / М.І. Мушынскі // Вялікая Айчынная вайна ў мастацкай літаратуры : матэрыялы рэсп. навук. канф., Мінск, 27 крас. 2005 г. / [рэдкал.: І. С. Роўда (адк. рэд.) і інш.]. – Мінск, 2007. – С. 9–22.
Бібліятэкарам