ГалоўнаяІнфармацыйныя рэсурсыЭлектронныя інфармацыйныя рэсурсыРэсурсы Нацыянальнай бібліятэкі БеларусіВіртуальныя праекты, выстаўкі і калекцыіВіртуальныя праекты бібліятэкіКласікі сусветнай літаратуры Янка Купала і Якуб КоласЧытаем Купалу і Коласа разамВялікая Айчынная вайна ў творчасці Янкі Купалы і Якуба КоласаВобраз вайны ў творах Якуба Коласа 1941–1945 гг.Паэма "Суд у лесе"
Паэма

Паэма "Суд у лесе"

Паэма "Суд у лесе" (1942) (PDF) з’явілася новым і значным крокам у творчай дзейнасці Якуба Коласа перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Асобныя малюнкі барацьбы партызан з гітлераўскімі акупантамі ў паэме разгарнуліся ў шырокую эпічную карціну. Тэма барацьбы з ворагам канкрэтызавана ў сюжэце твора – расповедзе пра лёс сям’і беларускага калгасніка. Героем паэмы з’яўляецца ўвесь беларускі народ, ад старога да малога, увасоблены ў канкрэтныя вобразы Мікіткі, яго бацькі Івана Гурбы, Петрука-хлапчука – сябра Мікіткі і партызан з атрада Івана Гурбы.

Па даносе ворага Кандрата Губіча карнікі спалілі хату і ўсю маёмасць партызана Івана Гурбы, забілі яго жонку, а "Галю на глум павяла немчура". Застаўся толькі адзін падлетак Мікітка. Употайку, каб не бачылі людзі, ён горка плакаў і многа разважаў. Перад яго вачыма стаяў люты немец-кат, эсэсавец фон Зюмель, які застрэліў маці:

Ці ж ён кату падаруе
Здзек і глум?
Помста мозг яму свідруе
Джалам дум.

І вось хлопчык, пакінуўшы роднае папялішча, пайшоў у свет па зямлі, што кроўю росіць травы, кветкі ўскрай дарог. Ён ідзе шукаць сястру, а разам з тым высачыць афіцэра:

Пара ўсё разведаць, як належыць,
Затым – у лес да партызан
Ды на варожы след, на свежы –
Вось у яго які быў план.

Мікітка ажыццяўляе сваю задуму. Ён яшчэ малы, але хоць

...Жыў на свеце мала,
Ды перадумаў шмат чаго
І разважаў разумна, стала –
Прабеглы хлопец, ого-го!

У лесе, куды ён непрыкметна хадзіў, не дарэмна гаварылі пра яго: "О, Мікіта: Ён варт дарослых іншых двух!". І сапраўды, Мікітка спрытны і знаходлівы разведчык. Разам са сваім таварышам па школе – Петруком, кемлівым хлопчыкам, выведалі месцазнаходжанне фон Зюмеля і дапамаглі партызанам знішчыць нямецкі гарнізон, вызваліць Галю і злавіць здрадніка Кандрата Губіча.

Мікітка і Пятрук у апісанні Якуба Коласа жывыя рэалістычныя вобразы, пазбаўленыя рамантычна-прыгодніцкіх рысаў, якімі пісьменнікі звычайна надзяляюць падлеткаў. Яны хоць і малыя, але сталыя мсціўцы, у іх сэрцах палае святая нянавісць да гітлераўскіх акупантаў. Ужо нават гора было даволі, каб ненавідзець ворага і помсціць яму. Аднак вядуць барацьбу не толькі з-за асабістых крыўдаў, якія прычынілі ім немцы, імі рухае больш высокае пачуццё – пачуццё абавязку перад народам.

Гэта галоўнае. Нянавісць да захопнікаў узмацняла прагу помсты ў сэрцах падлеткаў: "І клятвай свой доўг яны крэпяць – падбаць аб народзе".

Вобразы Мікіткі і Петрука рэальныя, жыццёвыя і тыповыя. "Мікітак – мільён", – кажа паэт і не памыляецца. Нямала такіх "мікітак" і "петрукоў" па гарадах і вёсках нашай краіны. Яны разам з бацькамі, старэйшымі братамі і сёстрамі прымалі ўдзел ва ўсенароднай вайне супраць гітлераўскіх акупантаў.

З усіх індывідуалізаваных станоўчых вобразаў у паэме вобразы Мікіткі і Петрука найбольш паўнакроўныя. Іншыя паказаны ў агульных рысах. Аднак усіх іх аб'ядноўвае адно – нянавісць да лютага ворага. У іх адзінае жаданне – помсціць катам:

Прыйшоў, сівізною убраны,
Ваяка з Палесся – Гамыра;
Шарон і Грачанік з саўгасаў,
Сярэдняга веку мужчыны.
Нябрытыя з доўгага часу,
Заросшыя густа шчацінай;
Настаўнік і два аграномы,
Ляснічы, бухгалтар з завода
І добра ў атрадзе вядомы
Гранатчык Ігнат Варывода.
Былі і бязвусыя хлопцы,
У касках, пілотках двурогіх,
Па кожнай дарожцы і тропцы
Насілі іх лёгкія ногі.

Так піша паэт пра знешні выгляд мсціўцаў, не паказваючы іх характараў ці іншых якіх-небудзь індывідуальных рысаў. Аднак за гэтымі агульнымі рысамі чытач бачыць увесь беларускі народ, сваю Беларусь-партызанку. Гора, якое навалілася на нашу краіну, яшчэ больш згуртавала людзей, з'яднала іх думы і пачуцці. Усе яны "адным агнём грэты ў трудных паходах, турботах".

Паэт падрабязна апісвае фон Зюмеля і здрадніка Кандрата Губіча. Намаляваныя паэтам адмоўныя вобразы дапамагалі чытачу лепш пазнаць ворага і выклікаць нянавісць да яго, жаданне адпомсціць за здзекі, гвалт, пакуты і няволю.

У лесе ідзе суд над забойцам Зюмелем. Абвінаваўцаў многа, увесь народ, а абаронцаў няма. Выслухаўшы вынесены гітлераўскаму кату смяротны прысуд, нават здраднік Губіч адмовіўся яго абараняць.

У паэме "Суд у лесе" Якуб Колас намаляваў шырокую карціну барацьбы беларускіх партызан у тыле ворага – паказаў мужнасць народных мсціўцаў, іх маральную перамогу над гітлераўскімі акупантамі, праўдзіва расказаў аб думках, пачуццях і справах партызан, закляйміўшы ганьбаю нямецкі фашызм.

"Суд у лесе"

Крыніцы інфармацыі:

  1. Колас, Я. Збор твораў : у 12 т. / Якуб Колас ; рэдкал. : В. Барысенка [і інш.]. – Мінск : Дзяржвыд БССР, 1961–1964.
  2. Жыгоцкі, М. Сіла праўды: слова пра ваенную публіцыстыку Якуба Коласа / Мікола Жыгоцкі // Беларуская думка. – 2008. – № 5. – С. 78–81.
  3. Жыгоцкі, М. У суровыя гады ваеннага ліхалецця / Мікола Жыгоцкі // Полымя. – 2009. – № 12. – С. 148–163.
  4. Мушынскі, М.І. Вобраз вайны ў творах Якуба Коласа 1941–1945 гг. / М.І. Мушынскі // Вялікая Айчынная вайна ў мастацкай літаратуры : матэрыялы рэсп. навук. канф., Мінск, 27 крас. 2005 г. / [рэдкал.: І. С. Роўда (адк. рэд.) і інш.]. – Мінск, 2007. – С. 9–22.

Бібліятэкарам