ГалоўнаяІнфармацыйныя рэсурсыЭлектронныя інфармацыйныя рэсурсыРэсурсы Нацыянальнай бібліятэкі БеларусіВіртуальныя праекты, выстаўкі і калекцыіВіртуальныя праекты бібліятэкіКласікі сусветнай літаратуры Янка Купала і Якуб КоласЧытаем Купалу і Коласа разамПеракладчыцкая дзейнасць Янкі Купалы і Якуба КоласаПеракладчыцкая дзейнасць Янкі КупалыПераклад "Інтэрнацыянала"
Пераклад

Пераклад "Інтэрнацыянала"

Пераклад міжнароднага пралетарскага гімна “Інтэрнацыянал” зроблены Я. Купалам на патрэбу дня, на патрэбу першым рэвалюцыйным гадам. Ствараўся ён адначасова з вершаваным перакладам “Слова аб палку Ігаравым” і ўпершыню быў апублікаваны ў газеце “Савецкая Беларусь” (1921, № 157, 20 ліпеня) з наступнай прамовай: “Поўны калектыўны пераклад зроблены з арыгінала ў французскай мове і зацверджаны беларускімі камуністамі”. Перакладчык не быў названы.

Калектыўнасць перакладу была раскрыта ў артыкуле М. Камінскага “Як быў перакладзены «Інтэрнацыянал»”: “Што датычыць «калектыўнасці» перакладу, дык яна заключаецца ў тым, што ў перакладзе былі зацікаўлены многія ўстановы і арганізацыі Беларусі і, каб паскорыць яго, памаглі паэту. Так, напрыклад, члены тэрміналагічнай камісіі Наркамасветы, у якой і сам Купала ў той час працаваў, знаходзілі найбольш дакладныя і адпаведныя словы, памагалі звяраць з французскім тэкстам”.

Наконт таго, як быў перакладзены “Інтэрнацыянал”, існуюць наступныя меркаванні. Так, Я. Семяжон у артыкуле “Купалаўскі пераклад «Інтэрнацыянала» (Вопыт параўнальнага даследавання)” і аўтар артыкула “Інтэрнацыянал” у энцыклапедычным даведніку “Янка Купала” лічыць, што купалаўскі пераклад зроблены з рускага тэксту А. Коца і ахопліваў рэфрэн і тры страфы арыгінала: дзве першыя і апошнюю (поўны пераклад “Інтэрнацыянала” на рускай мове выйшаў у 1937 г.).

М. Дзяшкевіч у артыкуле “Паўстань пракляццем катаваны... ” (ЛіМ, 1971, № 23, 4 чэрвеня) лічыць, што купалаўскі пераклад “Інтэрнацыянала” зроблены з французскага арыгінала, а не з рускага перакладу. Ён спасылаецца на тое, што ў 1902 г. А. Коц зрабіў пераклад толькі трох строф “Інтэрнацыянала” (1-й, 2-й і 6-й), астатнія ж строфы ён пераклаў пазней, у 30-х гадах, а Купала ў 1921 г. пераклаў усе шэсць строф “Інтэрнацыянала”. М. Дзяшкевіч на карысць таго, што пераклад зроблены з французскага арыгінала, прыводзіць таксама наступныя звесткі: акрамя зборніка “Рэвалюцыйныя песні” (1887), усе астатнія французскія выданні “Інтэрнацыянала” апублікавалі радкі “Гэта бой наш астатні” як рэфрэн, што паўтараецца пасля кожнай страфы; Купала ж толькі пачаў і кончыў “Інтэрнацыянал” гэтымі радкамі. Такім чынам, лічыць М. Дзяшкевіч, Янка Купала зрабіў пераклад з прыжыццёвага зборніка Эжэна Пацье “Рэвалюцыйныя песні” (1887). Купалаўскі пераклад “Інтэрнацыянала” быў даволі прыхільна сустрэты тагачаснай беларускай крытыкай.

Крыніцы інфармацыі:

  1. Шамякіна, А.І. Пераклады Янкі Купалы 20-х гадоў / А. І. Шамякіна // Янка Купала і Якуб Колас у кантэксце славянскіх літаратур: матэр. міжнар. навук.-практ. канф. (Мінск, 3–4 кастр. 2002 г.) / Рэдкал.: У. В. Гніламёдаў (гал. рэд.) і інш. – Мінск, 2002. – С. 277–281.
  2. 130 гадоў з дня нараджэння Янкі Купалы // Наша слова. – 2012 – № 27. – С. 1
Бібліятэкарам