ГалоўнаяІнфармацыйныя рэсурсыЭлектронныя інфармацыйныя рэсурсыРэсурсы Нацыянальнай бібліятэкі БеларусіВіртуальныя праекты, выстаўкі і калекцыіВіртуальныя праекты бібліятэкіКласікі сусветнай літаратуры Янка Купала і Якуб КоласЧытаем Купалу і Коласа разамПеракладчыцкая дзейнасць Янкі Купалы і Якуба КоласаПеракладчыцкая дзейнасць Янкі Купалы
Перакладчыцкая дзейнасць Янкі Купалы

Перакладчыцкая дзейнасць Янкі Купалы

Янка Купала быў, бадай што, адзіным з класікаў беларускай літаратуры, які скарыстоўваў самыя розныя формы мастацкага перакладу. Ён уступіў у літаратуру ў пару самага пачатку яе станаўлення, калі і да мастацкага перакладу ставіліся па-рознаму. Ёсць у яго спадчыне і творчыя наследаванні, і вольны пераклад, і літаратурны, але традыцыі, якія ўвасабляюцца пасля Купалы ў працы беларускіх перакладчыкаў, звязаны з яго лепшымі ператлумачэннямі (такі сінонім ён ужываў у дачыненні да сваіх перакладаў) – з Шаўчэнкі, Пушкіна, Міцкевіча. Якія ж асаблівасці вызначаюць Купалу-перакладчыка?

Перш за ўсё варта адзначыць, што Купала перакладаў творы тых аўтараў, якія яму падабаліся і ў якіх ён знаходзіў штосьці сугучнае сваім творчым памкненням.

Купала перакладаў з літаратур народаў-суседзяў. Яго пераклады вершаў польскіх, рускіх і ўкраінскіх паэтаў у той час, калі яны з’яўляліся ў друку, сапраўды знаёмілі беларускіх чытачоў з узорамі паэзіі нашых найбліжэйшых суседзяў, бо на тую пару яшчэ не многія былі перакладзены на рускую мову, да таго ж яшчэ "ў масе" беларусы не ведалі так ужо добра рускай мовы.

Купала верыў і спадзяваўся, што ягоныя пераклады будуць чытаць, і ў гэтым не памыляўся. У артыкуле «Вялікі Кабзар украінскага народа» ён пісаў: "Радасна зараз працаваць над перакладамі гэтых цудоўных твораў, ведаючы, што іх не давядзецца хаваць і што іх будуць чытаць сотні тысяч беларускіх рабочых, калгаснікаў, інтэлігентаў".

Янка Купала разумеў ролю перакладаў як сродку ўзаемасувязей літаратур, выступаў за тое, каб праз пераклад адбывалася знаёмства з літаратурамі іншых народаў. Ён патрабавальна ставіўся да сваёй перакладчыцкай працы. Аб гэтым сведчаць перапрацоўка сваіх ранніх перакладаў, адшуканых у архіве Б. Эпімах-Шыпілы. Купала пераклаў на беларускую мову помнік старажытнай рускай літаратуры ("Слова аб палку Ігаравым") – прозай і вершам, міжнародны пралетарскі гімн ("Інтэрнацыянал"), польскі тэкст у п’есах В. Дуніна-Марцінкевіча ("Ідылія" і "Залёты"), лібрэта оперы С. Манюшкі ("Галька"), паэму А. Пушкіна ("Медны коннік"), шэраг вершаў і паэм Т. Шаўчэнкі, асобныя творы М. Някрасава, І. Крылова, А. Кальцова, А. Міцкевіча, У. Сыракомлі, М. Канапніцкай, Ю. Крашэўскага, У. Бранеўскага, Е. Жулаўскага і інш.

Традыцыі, закладзеныя Купалам у яго практычнай перакладчыцкай творчасці, у арганізатарскай дзейнасці па паляпшэнні і пашырэнні справы мастацкага перакладу, былі падхоплены і развіты яшчэ ў тыя часы, калі закладваўся падмурак у арганізацыі выдання перакладной літаратуры.

У 1928 г. Беларускае дзяржаўнае выдавецтва выпусціла ў свет асобнай кніжкай апавяданне П. Панча "Зямля". Праз год тое ж выдавецтва надрукавала зборнік апавяданняў А. Любчанкі "Пастух". І першую, і другую кніжкі пераклаў з украінскай мовы народны паэт Беларусі Янка Купала. У 20-я гг. Купала перакладаў даволі шмат. У першае савецкае дзесяцігоддзе ў беларускім друку былі апублікаваны купалаўскія пераклады вершаў рускіх паэтаў М. Красільнікава "Пралетарская калыханка", П. Шкулёва "Кавалі", Р. Кудрашовай "Ёлачка", вершаваны і празаічны пераклады "Слова аб палку Ігаравым" і інш. Увага песняра да польскай літаратуры пазначылася перакладам паэм А. Міцкевіча ("Конрад Валенрод"), У. Сыракомлі ("Нядзеля"), У. Бранеўскага ("Песня аб вайне грамадзянскай" і "Парыжская камуна"), вершаў М. Канапніцкай, Ю. Крашэўскага і інш. Што да ўкраінскага прыгожага пісьменства, то, апрача твораў Панча і Любчанкі, варта назваць вялікую паэму В. Палішчука ("Ленін"), перакладзеную Купалам у 1923 г. і надрукаваную ў першым нумары часопіса "Полымя" за 1924 г.

Янка Купала быў надзвычай уважлівы да нацыянальнай своеасаблівасці арыгінала, да стылю пісьменніка. Ён заўсёды памятаў, што мастацтва слова, як і любое мастацтва, моцнае сваёй непаўторнасцю, адметнасцю. Нівеліроўка асобных спецыфічных рыс арыгінала, прыгладжванне яго пад грэбень іншай, хай сабе і найвыдатнейшай індывідуальнасці раўназначна смерці мастацкага твора. У той жа час, чытаючы купалаўскія пераклады, мы нярэдка забываем, што перад намі перакладныя творы, настолькі арганічна гучаць яны па-беларуску.

Купала-перакладчык ніколі не заступаў аўтараў, хто б гэта ні быў – масціты літаратар або пачатковец. Не прыніжаў іх сваёй веліччу, не імкнуўся падцягваць да свайго ўзроўню. Заставаўся самім сабой, у вялікім і малым. Гэтую рысу Купалы-перакладчыка, што выявілася і ва ўзнаўленні апавяданняў Панча і Любчанкі, можна назваць альтруістычнай вернасцю духу арыгінала, калі пад «духам» разумець характар увасаблення пэўнага жыццёвага матэрыялу ў канкрэтнай мастацкай форме.

У Купалы можна вучыцца ашчадным адносінам да зместу арыгінала, яго паэтыкі. Каб дакладна перадаць асаблівасці зместу і паэтыкі, пісьменнік актывізаваў лексічныя, фразеалагічныя, сінтаксічныя, фанетычныя мажлівасці беларускага слова, прычым не толькі літаратурнага, але і народна-дыялектнага.

Асоба Купалы-перакладчыка вельмі выразна бачыцца ў арыентаванасці пісьменніка на беларускага чытача – на таго, каму, уласна, і адрасаваліся пераклады.

Перакладзена Янкам Купалам

Крыніцы інфармацыі:

  1. Рагойша, В. Вяршыні: з невядомага і забытага пра Я. Купалу, Я. Коласа, М. Багдановіча / Вячаслаў Рагойша. – Мінск: Універсітэцкае, 1991. – 199 с.
  2. Рагойша, В. П. Структура санетаў Янкі Купалы як перакладазнаўчая праблема / В.П. Рагойша // Янка Купала і Якуб Колас у кантэксце славянскіх літаратур: матэр. міжнар. навук.-практ. канф. (Мінск, 3–4 кастр. 2002 г.) / Рэдкал.: У. В. Гніламёдаў (гал. рэд.) і інш. – Мінск, 2002. – С. 195–200.
  3. 130 гадоў з дня нараджэння Янкі Купалы // Наша слова. – 2012. – № 27. – С. 1.
Бібліятэкарам