ГалоўнаяІнфармацыйныя рэсурсыЭлектронныя інфармацыйныя рэсурсыРэсурсы Нацыянальнай бібліятэкі БеларусіВіртуальныя праекты, выстаўкі і калекцыіВіртуальныя праекты бібліятэкіБеларусь у Першай сусветнайПершая сусветная вайна ў літаратурыПершая cусветная вайна ў беларускай літаратурыМаксім ГарэцкіАпавяданне "Рускі"
Апавяданне

Апавяданне "Рускі"

Апавяданне “Рускі” датуецца, паводле аўтарскага запісу, 1915-м годам; упершыню апублікаванае ў № 1 часопіса “Полымя” за 1925 г., яно, як мяркуюць даследчыкі, па першапачатковай задуме павінна было ўвайсці ў мастацка-дакументальную кнігу “На імперыялістычнай вайне” (1926), аднак засталося самастойным творам.

Першая сусветная вайна была знакавым момантам у гісторыі чалавецтва. Яна падпарадкавала сваім інтарэсам усе структуры і рэсурсы краін-удзельніц, у тым ліку і людскія. Гвалтоўна ўцягнуўшы ў крывавую бойку дзясяткі мільёнаў людзей, вайна істотна змяніла грамадскую псіхалогію, мараль, каштоўнасці. Вайна садзейнічала станаўленню і развіццю мадэрнізму як у сусветнай, так і ў беларускай літаратуры. Для мадэрнізму характэрна расчараванне ў ранейшых ідэалах, узмацненне цікавасці для суб’ектыўных перажыванняў героя. Некаторыя рысы паэтыкі мадэрнізму вылучаюць і апавяданне “Рускі”, якое з’яўляецца шэдэўрам антываеннай прозы і сведчыць пра цесную сувязь фактаў рэальнага жыцця і творчасці М. Гарэцкага.

Пісьменнік стварае яскравы малюнак вайны, дзе чалавек жыве і дзейнічае ў пастаяннай небяспецы. У такіх умовах асабліва абвастраецца асэнсаванне пытанняў жыцця і смерці. Упершыню ў беларускай літаратуры пісьменнік даследуе наступствы разбуральнага ўздзеяння ваенных падзей на псіхіку чалавека, выкарыстоўваючы натуралізм у апісаннях, псіхааналіз і плынь свядомасці.

Апавяданне прысвечана апісанню незвычайнага пацыента, з якім давялося сутыкнуцца ў шпіталі аўтабіяграфічнаму герою М. Гарэцкага. Ён лічыцца хворым на грудзі, але, як заўважае аўтар, яму лепш ляжаць у бальніцы для псіхічна хворых. Няшчасны чалавек церпіць не фізічны боль, ад якога лечаць дактары, а маральны. На выгляд здаровы, шыракаплечы земляроб Магілёўскай губерні пакутуе ад нервовага захворвання, сімптомы якога падрабязна пералічвае пісьменнік: “І толькі ў вачах гаротніка ё штось такое, што выдае і цяжкую хваробу, і муку, і безнадзейнасць. Вочы ў яго праваліліся, зрабіліся маленькімі. Галоўнае ж, яны страшэнна змарнаваныя, нейкія змятыя, сцёртыя. Трэба прыгледзіцца да іх, і тады відаць у іх боль”.

Селянін, чыё прызначэнне – падтрыманне жыцця, вымушаны быў пайсці ў салдаты і забіваць людзей. Просты чалавек заўсёды жыў па традыцыйных нормах маралі, прытрымліваўся хрысціянскіх запаветаў. Нават салдацкая вопратка змяніла яго толькі знешне, у зацішку малаважнага фронту ён меў магчымасць вярнуцца да свайго будзённага занятку – сялянскай працы на бульбянішчы. Гэтая праца – несвядомы пратэст героя супраць падзей вайны. Яны апрабуюць змены маральных арыенціраў, прыстасавання да новай мадэлі свету, дзе чалавек са стрэльбай сам вырашае свой лёс і лёс іншых людзей, згубіўшы надзею на Бога. Асноўныя законы гэтага свету – жорсткасць і бесчалавечнасць, і Рускі павінен прыстасавацца да іх, знішчыць або быць знішчаным. І вось нарэшце лёс ставіць яго перад няпростым маральным выбарам – жыцця і смерці. Ён трапляе на сваё поле бою, бітву старой і новай маралі, вынікам якой з’яўляецца забойства ворага. І гэтае забойства ўспрымаецца селянінам як катастрофа, подласць, бо аўстрыйскі салдат такі ж, як сам герой, селянін. Ён ваюе па прымусу, п’е гарэлку з Рускім на нейтральнай паласе і хоча мірна разысціся, каб выжыць і вярнуцца да сваёй сям’і. Рускі ж падпарадкоўваецца новай маралі, ідзе на забойства. Але яго свядомасць пратэстуе супраць новых законаў светабудовы, ён цяжка перажывае смерць ворага.

У заключным раздзеле твора расказваецца, як герой шукае паратунку ў зямлі, але і яна не можа супакоіць яго душэўныя пакуты: “Толькі чалавек з гэтага часу перамяніўся. Быў дужа маркотны, кінуў брадзіць па дварах і бульбоўніках, упадабаў ляжаць на зямлі з раскінутымі рукамі і нагамі… Урэшце зазябіў сабе грудзі, і яго адправілі з пазіцый і прывезлі спярша ў нейкі паўднёвы горад, а потым у наш шпіталь, глыбей у тыл”. Здаровы чалавек ператвараецца ў знявечанага, трапляе ў шпіталь, дзе дактары лічаць яго сімулянтам, не зважаючы на нервовую хваробу, якая прымушае яго плакаць па начах.

Тэма вайны, якую ўздымае аўтар у апавяданні, дапамагае яму акрэсліць новую праблему, якой прысвечаны і іншыя яго творы, – крызіс грамадства, глабальнае пераўтварэнне свету, у якім чалавек адмаўляе традыцыйную хрысціянскую мараль і гіне ад бездухоўнасці. У апавяданні паказваецца антыгуманны, антыхрысціянскі ўплыў вайны на свядомасць простага чалавека. Вораг (чужы) павінен быць знішчаны, таму і называе аўтар свайго героя Рускім, рэфрэнам гучыць фраза хворага: “Я рускі, я рускі”. Яна павінна апраўдаць жорсткі ўчынак салдата, бо дзейнічаў ён як частка адзінага цэлага – рускай арміі.

Адным з першых у беларускай літаратуры М. Гарэцкі паглыбляецца ў свядомасць свайго героя, выкарыстоўвае прыём плыні свядомасці для апісання псіхічнага стану чалавека, які адважыўся на забойства: “Ён хапаўся ўцяміць, ці ўсё добра ён рабіў. І раптам бліснула яму ў галаве, і ён, каб не спазніцца і каб пасля не шкадаваць, што быў варонаю, ён, ужо ступіўшы разоў дзесяць, сказаў сам сабе: «Э, што ж я за ваяка». І не сказаў, толькі бліснула яму так у галаве”.

Крок за крокам адлюстроўвае пісьменнік пачуцці і перажыванні забойцы. Яшчэ больш жахлівае ўражанне пакідае натуралістычная сцэна рабавання забітага: “Рускі перахрысціўся над мёртвым і палез у яго кішэню ў штанах. Выцягнуў адтуль пакамечаны ад доўгага часу і замаслены ліст у канверце. Болей нічога не было, і ён расчаравана і незадаволена падраў яго на колькі частак. Абдумаўшыся, падняў іх з зямлі, каб пасля скурыць. І зноў кінуў. Аж рукі трохі дрыжэлі, і было брыдка, што так блазнуе, быццам не ворага забіў, а якога свайго”.

Наватарствам М. Гарэцкага з’яўляецца праўдзівае адлюстраванне падзей вайны і іх уплыву на псіхіку простага чалавека. Празаік аналізуе падсвядомыя глыбіні душы героя, уздымае праблему дэгуманізацыі грамадства, крызісу традыцыйных маральных каштоўнасцей.

Узноўленая М. Гарэцкім трагічная калізія нясе ў сабе, акрамя ўсяго, гістарычную згадку, на чым ніхто з даследчыкаў чамусьці ні акцэнтаваў увагу. Салдат варожай арміі, аўстрыяк – свой брат-славянін, пэўна ж, таксама земляроб, толькі падданы не расійскага цара, а прускага (ці аўстра-венгерскага) караля, што сталася вынікам падзелу Рэчы Паспалітай у канцы XVIII ст. паміж мацнейшымі дзяржавамі-суседкамі. Гэтая акалічнасць не можа не разбураць ва ўяўленні героя створаны вайной вобраз ворага і ўзмацняе яго душэўныя перажыванні. Думка пра тое, што ўсе людзі – нібы адзін чалавек і кожны чалавек – нібы ўсё чалавецтва, ускосна гучыць і ў самім апавяданні, прычым, што важна, думка гэтая з’яўляецца ў галаве менавіта забойцы: “Аж рукі трохі дрыжэлі, і было брыдка, што так блазнуе, быццам не ворага забіў, а якога свайго”.

Бібліятэкарам