ГалоўнаяІнфармацыйныя рэсурсыЭлектронныя інфармацыйныя рэсурсыРэсурсы Нацыянальнай бібліятэкі БеларусіВіртуальныя праекты, выстаўкі і калекцыіВіртуальныя праекты бібліятэкіБеларусь у Першай сусветнайПершая сусветная вайна ў літаратурыПершая cусветная вайна ў беларускай літаратурыМаксім Гарэцкі
Максім Гарэцкі

Максім Гарэцкі

Падзеі Першай сусветнай вайны сталі сюжэтам прозы беларускага пісьменніка, непасрэднага ўдзельніка ваенных дзеянняў Максіма Гарэцкага (“На імперыялістычнай вайне”, “Літоўскі хутарок”, “Рускі”, “Генерал”, “На этапе” “Ціхая плынь”.). Гэтыя мастацкія творы насычаны дакументалізмам, праўдаю ваеннага жыцця: цяжкія кровапралітныя баі, разбурэнне і апусташэнне, бежанцы і бясконцыя ахвяры.

Кніга “На імперыялістычнай вайне” (“Запіскі салдата 2-й N-скай артылерыйскай брыгады Лявона Задумы”, 1915–1919) – заключная частка трылогіі пра блуканні па пакутах беларускай інтэлігенцыі ў асобе сялянскага сына Лявона Задумы. Гэта і новы этап станаўлення героя як асобы, грамадзяніна, абаронцы гуманізму і духоўных асноў жыцця. Нездарма пісьменнік даручыў маладому каморніку весці ваенны дзённік, зрабіў яго летапісцам гісторыі народа ў адзін з трагічных перыядаў жыцця. Наватарскае значэнне кнігі ў тым, што яна стаіць ля вытокаў жанру беларускай мастацкай дакументалістыкі. У аснову кампазіцыі твора пакладзены прынцып свабоднага чаргавання аб’ектывізаваных малюнкаў ваеннай паўсядзённасці, акопнага побыту і роздумаў, разважанняў героя. Цэментуючым пачаткам, які аб’яднаў разрозненыя апісанні ў арганічнае адзінства, выступае абагульняючая думка мастака, яго пункт гледжання, маральная пазіцыя. Стрыжнёвая лінія “Запісак…” – адлюстраванне вайны ў яе рэальным абліччы. Асобным выданнем “Запіскі…” выйшлі ў 1926 г. і былі прыхільна сустрэты крытыкай, якая адзначыла іх глыбокую праўдзівасць і жанравае наватарства (форма дзённіка).
Падрабязней

У апавяданні “Літоўскі хутарок” (1915) М. Гарэцкага жахлівыя малюнкі вайны перадаюцца праз успрыманне асобамі старэйшага і маладога ўзросту. Спачатку ўся сям’я літоўцаў балюча і востра рэагуе на тыя падзеі, якія адбываюцца вакол хутара. На вачах гаспадара Яна Шымкунаса за кароткі час рушыцца ўсё ранейшае жыццё: разбураюцца пабудовы, нішчыцца гаспадарка і, бадай, самае страшнае – здзекі і гвалт прусаў, роспач дачок.
Падрабязней

У апавяданні “Рускі” (1915) М. Гарэцкі стварае яскравы малюнак вайны, дзе чалавек жыве і дзейнічае ў пастаяннай небяспецы. У такіх умовах асабліва абвастраецца асэнсаванне пытанняў жыцця і смерці. Упершыню ў беларускай літаратуры пісьменнік даследуе наступствы разбуральнага ўздзеяння ваенных падзей на псіхіку чалавека, выкарыстоўваючы натуралізм у апісаннях, псіхааналіз і плынь свядомасці.
Падрабязней

Раскрыццё капрызаў смерці М. Гарэцкі працягвае ў апавяданні “Генерал” (1916). Кульмінацыяй твора становіцца момант, калі эгаістычна-авантурысцкае жаданне старога генерала прадэманстраваць афіцэрскую годнасць і ўзняць настрой салдат, стомленых бессэнсоўнасцю, нудой і жорсткасцю пазіцыйнай вайны, кідае на бруствер маладога прапаршчыка. Апошні, нягледзячы на ваенны чын, не прызнае самакаштоўнасці вайны. Смерць абірае яго і дае магчымасць генералу сказаць некалькі пранікнёных слоў пра “славу загінуўшых сыноў бацькаўшчыны”, тэатральна-прыгожа схіліцца над забітым і пазбаўляе яго, прафесійнага арыстакрата-воіна, неабходнасці весці справу з “вучыцялішкам … з тых, што ядуць з нажа”, нічога не разумеюць у “творчым” настроі вайны.
Падрабязней

У апавяданні “На этапе” (1916) чытач знаёміцца з поўным Георгіеўскім кавалерам-палешуком. Ён з годнасцю перажыў вайну на фронце, атрымаў сур’ёзнае калецтва, якое, здаецца, не змагло зламіць натуру персанажа. Штуршком да абвастрэння псіхалагічнай траўмы было вяртанне да мірнага жыцця. І калі абыякавасць да яго грамадства, што ацаніла чатыры ўзнагароды, рану і страту працаздольнасці ў пенсію другога разраду, вымушала яго жаліцца ўсім навокал, то “здрада” жонкі атручвае яго жыццё. Тое, што адбылося на самой справе паміж імі, застаецца невядомым, хаця можна зразумець, што маладая прыгажуня вымушае мужа “мучыцца за нейкія яе памылкі за час, калі ён быў на фронце, а ў хаце ў іх начавалі… пераходныя салдаты”. І хаця паляшук на вайне страціў веру ў Бога, маральны стан сучаснай сям’і ён вызначае праз біблейскі вобраз апакаліпсісу, якому папярэднічаюць распуста і містычныя здані ў небе.
Падрабязней

У аповесці “Ціхая плынь” (1917–1930) грунтоўна раскрываецца тэма ўплыву Першай сусветнай вайны на розныя сферы жыцця беларускага этнасу. Кожная нацыянальная літаратура спалучае агульначалавечае з нацыянальным, непаўторнасць светаўспрымання асобнага народа паказваецца вачыма яго прадстаўнікоў. У аповесці М. Гарэцкага “Ціхая плынь” узнята адна з самых актуальных агульначалавечых праблем – праблема існавання чалавека на зямлі. Праз жыццё і развіццё галоўнага героя твора – хлопчыка Хомку – выяўлена праблема выжывання цэлага народа.
Падрабязней

Бібліятэкарам