ГалоўнаяПра бiблiятэкуГiсторыя бiблiятэкiВайна: страты і ўзнаўленне (1941–1947 гг.)

Вайна: страты і ўзнаўленне ў 1941–1947 гг.

Тры гады акупацыйнага рэжыму і ваенныя дзеянні, што двойчы прайшлі па тэрыторыі Беларусі, фактычна знішчылі бібліятэку. Беззваротна загінулі і былі вывезеныя 83 % яе фондаў: пасля вызвалення Мінска ўдалося знайсці і сабраць толькі 320 тыс. найменш каштоўных і разрозненых экзэмпляраў з двухмільённага збору. Асабліва цяжкай была страта 800-тысячнага фонду нацыянальных дакументаў (захавалася толькі 34 тыс. адзінак), зборы старадрукаваных і рэдкіх выданняў, рукапіснага збору, у складзе якога былі рукапісы Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, А. Пашкевіч (Цёткі), З. Бядулі і інш., фондаў беларускага аддзела, перыядычных выданняў і дарэвалюцыйнай замежнай літаратуры, нотных выданняў. Быў цалкам знішчаны даведачна-бібліяграфічны апарат, створаны гадамі стараннай працы; загінула ўся беларусазнаўчая картатэка (у 1941 г. налічвала звыш 300 тыс. запісаў), алфавітны, сістэматычны, прадметны каталогі. Неабходна было другі раз за чвэрць стагоддзя практычна зноўку ствараць дзяржаўную бібліятэку.

Гараць дамы па Чырвонаармейскай вуліцы

Узнаўленне бібліятэчных фондаў пачалося ўжо ў гады вайны. Пры эвакуіраванай Акадэміі навук БССР спачатку ў Ташкенце, а затым у Маскве была створана рабочая група на чале з І. Сіманоўскім, задачай якой было ўзнаўленне кніжнай базы і арганізацыя работы Дзяржаўнай бібліятэкі БССР. З канца 1942 г. бібліятэка зноў стала атрымліваць абавязковы экзэмпляр выданняў БССР, з сакавіка 1943 г.– абавязковы экзэмпляр выданняў СССР ад Усесаюзнай кніжнай палаты.

Вялікую дапамогу ў даўкамплектаванні фондаў аказалі бібліятэкі саюзных рэспублік: з іх фондаў былі атрыманы каля 900 тыс. кніг і перыядычных выданняў, тэматычна звязаных з Беларуссю, яе гісторыяй і культурай. Былі падпісаны дамовы аб абмене дублетнымі выданнямі з Дзяржаўнай бібліятэкай СССР, Фундаментальнай бібліятэкай Акадэміі навук СССР, Усесаюзнай бібліятэкай замежнай літаратуры, Дзяржаўным выдавецтвам БССР.

Мінск пасля вайны (1944 г.)

І. Сіманоўскі звярнуўся да кіраўніцтва краіны з прапановай кампенсаваць знішчаныя фонды за кошт кніжных збораў Вроцлаўскай, Гданьскай і Кенігсбергскай бібліятэк; на жаль, далей абмеркавання праекта справа не пайшла. Але ўсё ж шмат вывезеных з бібліятэкі кніг былі знойдзены савецкімі войскамі.Часткова кнігі былі знойдзены ў чэшскай Празе, часткова – у прускім Кенігсбергу. Але асноўным месцам знаходжання кніг было невялікае мястэчка і чыгуначная станцыя Радзібож на захадзе Польшчы. Усяго было вернута больш за 600 тыс. кніг, у ліку якіх апынуліся і выданні Ф. Скарыны са збору Л. Камарніцкага, спакаваныя ўжо для дастаўкі ў адну з нямецкіх бібліятэк. Існуе легенда, што кнігі, якія прыходзілі ў эшалонах на чыгуначны вакзал, дастаўляліся ў бібліятэку па "жывым ланцужку" з сотняў людзей, што працягнуўся ад Прывакзальнай плошчы да самой Чырвонаармейскай вуліцы.

Працуючы ў надзвычайных умовах, у разбураным горадзе, супрацоўнікі бібліятэкі здзейснілі сапраўдны подзвіг – у 1947 г. фонд бібліятэкі дасягнуў даваеннага ўзроўню ў 2 млн экзэмпляраў. Аднаўлялася бібліяграфічная работа, з 1947 г. аднавіўся штогадовы выпуск "Летапіс друку БССР", асноўнага бібліяграфічнага выдання рэспублікі. Для наведвальнікаў чытальныя залы бібліятэкі былі адкрыты раней – у лістападзе 1944 г., калі ў Еўропе яшчэ не завяршылася сусветная вайна.

Бібліятэка вярнулася да мірнага жыцця.

111