ГалоўнаяПра бiблiятэкуГiсторыя бiблiятэкiСтанаўленне бібліятэкі (1921–1926 гг.)

Станаўленне бібліятэкі ў 1921–1926 гг.

Нацыянальная бібліятэка Беларусі пачынае сваю гісторыю з 15 верасня 1922 г. У гэты дзень Савет Народных Камісараў Беларускай ССР прыняў пастанову "Аб установе Беларускай дзяржаўнай бібліятэкі і абавязковай рэгістрацыі ўсіх твораў друку, якія выходзяць у межах ССРБ", якой бібліятэка зацвярджалася ў якасці найважнейшага дзяржаўнага і нацыянальнага інстытута, асноўнага элемента інфармацыйнай інфраструктуры грамадства. Гэтаму папярэднічала складаная і займальная перадгісторыя.

Гістарычныя калізіі прывялі да таго, што на тэрыторыі Беларусі на пачатак XX стагоддзя не было бібліятэкі, якая магла б узяць на сябе функцыі нацыянальнай, стаць цэнтральным кнігасховішчам і бібліяграфічным цэнтрам. У той жа час неабходнасць такой бібліятэкі была відавочнай: 1 студзеня 1919 г. была абвешчана Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусія. Маладая дзяржава прыступіла да стварэння палітычных, сацыяльных, эканамічных і культурных інстытутаў, неабходных для паўнавартаснага функцыянавання органаў улады, стабільнага развіцця грамадства і краіны. Да іх ліку адносілася і галоўная бібліятэка краіны, якую трэба было ствараць з нуля. І нягледзячы на адсутнасць матэрыяльна-тэхнічнай, арганізацыйнай і кадравай базы, ужо ў 1919 г. пачалося фарміраванне кніжнага фонду.

Распрацоўваліся адразу некалькі праектаў арганізацыі цэнтральнай бібліятэкі. Спачатку яе ролю ўзяла на сябе бібліятэка, адкрытая ўвосень 1921 г. пры Беларускім дзяржаўным універсітэце (БДУ). Універсітэцкая традыцыя, якая з XII ст. вызначае сістэму еўрапейскай вышэйшай адукацыі, прадугледжвала стварэнне ўласнай фундаментальнай бібліятэкі, здольнай забяспечыць адукацыйныя праграмы і навуковыя даследаванні па ўсіх галінах ведаў. Адкрыццё бібліятэкі пры БДУ стала важным крокам на шляху фарміравання нацыянальнай бібліятэчнай сістэмы.

Адначасова Народны Камісарыят Асветы БССР распрацоўваў праект стварэння публічнай цэнтральнай дзяржаўнай бібліятэкі, якая павінна была займацца зборам і захоўваннем фонду нацыянальных дакументаў. У лістападзе 1921 г. зацвярджаецца пастанова Акадэмічнага цэнтра Наркамасветы БССР аб арганізацыі Беларускай дзяржаўнай цэнтральнай бібліятэкі.

Аднак складаная геапалітычная сітуацыя, неабходнасць узнаўлення гаспадарчага жыцця, адсутнасць буйных бібліятэк з матэрыяльнай і арганізацыйнай базай, недастатковасць свабоднага кніжнага фонду перашкаджалі стварэнню ў рэспубліцы адначасова дзвюх паўнавартасных бібліятэк; таму было прынята кампраміснае рашэнне аб утварэнні адной бібліятэкі, якая выконвала б функцыі і публічнай, і ўніверсітэцкай. Менавіта ў такой форме Беларуская дзяржаўная і ўніверсітэцкая бібліятэка была зацверджана пастановай СНК БССР ад 15 верасня 1922 г. Арганізацыйна яна ўваходзіла ў структуру Белдзяржуніверсітэта, але вырашала ўвесь комплекс задач, што ўласцівы цэнтральнай дзяржаўнай бібліятэцы. На бібліятэку ўскладаліся функцыі дзяржаўнага кнігасховішча, цэнтра бібліяграфічнай апрацоўкі дакументаў і вядзення зводнага каталога бібліятэк Беларусі, выдання бібліяграфічных матэрыялаў, навукова-даследчай установы ў галіне бібліятэказнаўства, бібліяграфазнаўства і кнігазнаўства, а таксама дзяржаўнага цэнтра рэгістрацыі друку і захавання нацыянальных дакументаў.

Узнаўленне Юбілейнага дома

Для арганізацыі фондаў і абслугоўвання бібліятэцы быў перададзены будынак Юбілейнага дома на Захар’еўскай вуліцы (сёння гэта праспект Незалежнасці), чытальныя залы якога адкрыліся для наведвальнікаў ужо ў лютым 1922 г. Першым дырэктарам бібліятэкі стаў Іосіф Бенцыянавіч Сіманоўскі. Выдатны прафесіянал, які атрымаў адукацыю ў Сарбоне і Бернскім універсітэце, ён кіраваў бібліятэкай чатыры дзесяцігоддзі. Дзякуючы яго запалу, яго адданасці справе і арганізатарскаму таленту Беларуская дзяржаўная бібліятэка дасягнула ўзроўню вядучых нацыянальных бібліятэк свету.

На пачатак 1922 г. кніжны фонд бібліятэкі складаў усяго 60 тыс. экзэмпляраў. Камплектаванне фондаў, стварэнне паўнавартаснай кніжнай базы, якая дазволіла б гаварыць аб значнасці бібліятэкі ў рэспубліканскім маштабе, стала найважнейшай задачай у першыя гады працы. У яе рэалізацыі можна вылучыць некалькі кірункаў. У першую чаргу было арганізавана бягучае камплектаванне: у яго аснову быў пакладзены абавязковы экзэмпляр твораў друку БССР і СССР, які бібліятэка стала атрымліваць ужо ў 1922 г. Акрамя таго, для якаснага інфармацыйнага забеспячэння ўсіх галін народнай гаспадаркі прынцыповае значэнне мела рэтраспектыўнае камплектаванне фондаў дарэвалюцыйнымі выданнямі, звязанымі ў першую чаргу з беларусазнаўчай тэматыкай. Выкарыстоўвалася любая магчымасць для набыцця такіх кніг. Вялікую частку дарэвалюцыйных фондаў склалі прыватныя калекцыі і зборы, набытыя бібліятэкай у тыя гады. У ліку самых каштоўных і цікавых можна назваць бібліятэкі Я. Карскага і М. Янчука па беларусазнаўстве, этнаграфіі і літаратуры, К. Грота па славяназнаўстве, І. Карнілава, З. Сапунова і З. Гольдштэйна па беларускай гісторыі, частка бібліятэкі Я. Купалы, бібліятэкі Полацкай езуіцкай акадэміі, Мінскай духоўнай семінарыі, Маскоўскай харальнай сінагогі і іншыя. Але шматлікія ініцыятывы бібліятэкі, на жаль, так і засталіся нерэалізаваныя. Не знайшла падтрымкі прапанова рэктара БДУ У.І. Пічэты, прымеркаваная да 400-годдзя беларускага кнігадрукавання, аб перадачы Беларусі з кнігасховішчаў СССР дублетных экзэмпляраў старадрукаваных беларускіх кніг, у першую чаргу выданняў Ф. Скарыны. Не атрымаў развіцця і праект перадачы Беларусі бібліятэкі Рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі ў Ленінградзе, у склад якой уваходзілі бібліятэкі Віленскага ўніверсітэта, Віленскай духоўнай акадэміі,

Супрацоўнікі бібліятэкі ў двары Юбілейнага дома
Віленскай галоўнай семінарыі. Важным элементам работы па камплектаванні фондаў стала развіццё міжнароднага кнігаабмену. Работа ў гэтым напрамку таксама была адзначана важкімі поспехамі: да 1928 г. былі наладжаны партнёрскія сувязі з бібліятэкамі больш за 20 краін Еўропы і Амерыкі. Актыўная і плённая праца па камплектаванні дазволіла да 1926 г. павялічыць фонд у пяць разоў, ён дасягнуў 300 тыс. экзэмпляраў.

Адначасова з камплектаваннем фондаў разгарнулася работа па бібліяграфічнай апрацоўцы, бібліятэка стала цэнтрам бібліяграфічнай дзейнасці краіны. Бягучая бібліяграфія вялася арганізаванай пры бібліятэцы Беларускай кніжнай палатай. У дваццатыя гады яе сакратаром быў вядомы беларускі гісторык, этнограф і літаратар М.М. Улашчык. Пад яго кіраўніцтвам арганізацыя працы Кніжнай палаты дасягнула вельмі высокага ўзроўню, яна лічылася адной з лепшых у СССР. Ужо ў 1924 г. супрацоўнікі пачалі выпускаць штогадовае выданне бягучай нацыянальнага бібліяграфіі – "Летапісу беларускага друку". Да 1927 г. адносіцца пачатак вядзення нацыянальнай статыстыкі друку. Стварэннем рэтраспектыўнай бібліяграфіі займаліся супрацоўнікі беларускага аддзела. Вынікам іх працы стала Цэнтральная краязнаўчая картатэка, што з’явілася фактычнай мадэллю рэтраспектыўнай нацыянальнай бібліяграфіі. Картатэка ўключала апісанне дакументаў, выдадзеных на Беларусі, а таксама замежных кніг і артыкулаў пра Беларусь (беларусіка) з навуковых дарэвалюцыйных і савецкіх выданняў.

Беларускі аддзел 1925 г.
З мэтай развіцця бібліятэчнай і бібліяграфічнай справы і каардынацыі работы ў навуковых і асветніцкіх бібліятэках у структуры бібліятэкі вылучалася беларускае бібліяграфічнае бюро (расфарміравана ў 1929 г.). З сярэдзіны 1920-х гг. бібліяграфічная работа вялася па ініцыятыве І. Сіманоўскага ў супрацоўніцтве з Інстытутам беларускай культуры: сумесная Бібліяграфічная камісія займалася стварэннем шматтомнай серыі навукова-дапаможных бібліяграфічных паказальнікаў, аб’яднаных пад агульнай назвай "Матэрыялы да беларускай бібліяграфіі".
Аддзел марксізму і савецкага будаўніцтва 1925 г.

Плённая дзейнасць бібліятэкі знайшла адлюстраванне ў росце чытацкай актыўнасці. Калі ў 1922 г. фондамі бібліятэкі карысталіся 1,1 тыс. чалавек, то ўжо ў 1925 г. іх колькасць перавысіла 5,5 тыс., а колькасць наведванняў дасягала 500–600 на дзень. Павялічылася і колькасць задач, што павінна была вырашаць бібліятэка, пашырыліся яе функцыі. Становішча структурнай адзінкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта стала перашкаджаць далейшаму развіццю бібліятэкі. Неабходна была змена яе арганізацыйнага і юрыдычнага статусу. У сувязі з гэтым Савет Народных Камісараў Беларускай ССР прымае 14 мая 1926 г. пастанову "Аб рэарганізацыі Беларускай дзяржаўнай і ўніверсітэцкай бібліятэкі". Гэтым актам Беларуская дзяржаўная бібліятэка выводзілася са складу БДУ і ператваралася ў самастойную адміністрацыйную адзінку, якая ўзначаліла нацыянальную бібліятэчную сістэму.

Бібліятэкарам