ГалоўнаяПра бiблiятэкуГiсторыя бiблiятэкiНацыянальная бібліятэка Беларусі (1992–2006 гг.)

Нацыянальная бібліятэка Беларусі ў 1992–2006 гг.

Пасля набыцця ў 1991 г. Рэспублікай Беларусь суверэнітэту і дзяржаўнай незалежнасці бібліятэка стала цэнтральным звяном бібліятэчнай сістэмы краіны. Перад ёй адкрыліся новыя перспектывы, паўсталі новыя задачы. Змена статусу бібліятэкі, павышэнне яе значэння ў культурным і сацыяльным развіцці не толькі дзяржавы, але і нацыі знайшлі адлюстраванне ў тым, што ў маі 1992 г. Дзяржаўная бібліятэка БССР імя У.І. Леніна была перайменавана ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі.

Чытачы працуюць з электронным каталогам

Нацыянальная бібліятэка заняла значнае месца ў інфармацыйнай інфраструктуры рэспублікі. У Законе Рэспублікі Беларусь "Аб бібліятэчнай справе ў Рэспубліцы Беларусь" Нацыянальная бібліятэка была зацверджана ў якасці ўнікальнага шматфункцыянальнага бібліятэчнага цэнтра рэспублікі, яна абвяшчалася "галоўнай універсальнай навуковай бібліятэкай, носьбітам агульначалавечых духоўных каштоўнасцей, скарбніцай культурных дасягненняў народа, яго нацыянальнай памяці". У гэты перыяд бібліятэка настойліва шукала шляхі для таго, каб адказваць новым умовам: новым поглядам на нацыянальную бібліятэку і патрабаванням да яе, новым формам узаемадзеяння як з бібліятэкамі, так і з іншымі арганізацыямі і ўстановамі. Бібліятэка жыла не толькі ва ўмовах дзяржаўнай перабудовы, у новай эканамічнай сітуацыі, але і ў эпоху глабальных тэхналагічных пераўтварэнняў.

Стварэнне інфармацыйнага грамадства, засваенне сучасных тэхналогій адкрыла новыя магчымасці развіцця НББ. У гэты перыяд інфарматызацыя бібліятэкі з’яўлялася адной з прыярытэтных задач. Ужо ў 1989 г. яна разгарнула работу па стварэнні і ўкараненні Рэспубліканскай аўтаматызаванай інфармацыйнай бібліятэчнай сістэмы (АБІС). Былі аўтаматызаваны практычна ўсё кірункі дзейнасці бібліятэкі, усе працэсы (камплектаванне, каталагізацыя, абслугоўванне і інш.). А з 1993 г. бібліятэка прыступіла да генерацыі ўласных электронных інфармацыйных рэсурсаў, быў пакладзены пачатак стварэнню электроннага каталога і шэрагу бібліяграфічных, фактаграфічных, графічных і паўнатэкставых баз даных. У ліку апошніх можна назваць БД "Гісторыя Беларусі", "Культура і мастацтва Беларусі", "Чарнобыль", "Беларусь у асобах і падзеях", "Кнігазнаўства".

Работа з каталогамі

Але для рэалізацыі гэтых задач неабходна было ўвесці ў эксплуатацыю новы будынак. НББ, як і шматлікія найбуйнейшыя бібліятэкі свету, мела пастаянныя праблемы з працоўнымі памяшканнямі. Комплекс будынкаў, пабудаваны ў трыццатыя гады і пашыраны ў шасцідзясятыя, а таксама пераабсталяваныя ў канцы васьмідзесятых – пачатку дзевяностых гадоў пад запатрабаванні бібліятэкі памяшканні былі не ў стане задаволіць запатрабаванні грамадства ў галіне бібліятэчна-інфармацыйнага абслугоўвання. На працягу дзевяностых гадоў работа бібліятэкі вялася на фоне абмежаваных магчымасцей старых будынкаў для захоўвання фондаў, абслугоўвання чытачоў, службовых памяшканняў. Ва ўмовах, калі бібліятэка была размешчана ў шматлікіх будынках, раскіданых па ўсім горадзе, стала відавочнай немагчымасць выканання ўсяго аб’ёму разнапланавых задач, што стаялі перад галоўнай бібліятэкай краіны. Прыходзілася ісці на такія непапулярныя меры, як, напрыклад, абмежаванне абслугоўвання студэнтаў I–II курсаў вышэйшых навучальных устаноў. Бібліятэцы тэрмінова патрабавалася дзяржаўная дапамога.

Агульная чытальная зала

Прагучалі шматлікія выступленні ў Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь, у друку, па радыё і тэлебачанні, якія дапамаглі прыцягнуць увагу грамадства і кіраўніцтва краіны да праблем НББ. Урадам былі прыняты рашэнні аб працягу праектавання новага будынка бібліятэкі, аб капітальным рамонце старога будынка, аб рэканструкцыі аддзела рэдкай кнігі і іншых аддзелаў. А пачатак ХХI стагоддзя адзначаны ўзвядзеннем новага ўнікальнага будынка Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Яно было ініцыявана Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 сакавіка 2002 г. "Аб будаўніцтве будынка дзяржаўнай установы «Нацыянальная бібліятэка Беларусі»". Беларускі народ павінен быў атрымаць не толькі ўнікальны будынак, які ўпрыгожыць сталіцу, але і сучасную бібліятэку, якая стане нацыянальным інфармацыйным парталам і з дапамогай найноўшых тэхналогій забяспечыць доступ усіх грамадзян рэспублікі да нацыянальных і сусветных інфармацыйных рэсурсаў, а таксама доступ замежных карыстальнікаў да інфармацыі пра Беларусь.

Улетку 2004 г. урадам Рэспублікі Беларусь прынята рашэнне аб стварэнні на базе Нацыянальнай бібліятэкі рэспубліканскага інфармацыйнага цэнтра. З улікам гэтага была распрацаваная і ў маі 2005 г. зацверджана "Канцэпцыя стварэння рэспубліканскага інфармацыйнага і сацыякультурнага цэнтра на базе будынка дзяржаўнай установы «Нацыянальная бібліятэка Беларусі»". Паводле Канцэпцыі галоўнымі задачамі бібліятэкі становяцца інтэграцыя краіны ў агульнасусветныя інфармацыйныя, інавацыйныя і культурныя працэсы, садзейнічанне інфарматызацыі грамадства, фарміраванне яго светапогляду, забеспячэнне інфармацыйнай бяспекі дзяржавы

Урачыстая цырымонія адкрыцця новага будынка бібліятэкі (2006 г.)

Узвядзенне новага будынка Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі стала знамянальнай падзеяй культурнага і грамадскага жыцця краіны і адкрыла новы этап развіцця найбуйнейшай бібліятэкі Беларусі, а таксама абумовіла асаблівы статус і павышаную ўвагу грамадства і дзяржавы да бібліятэкі як найважнейшага элемента інфармацыйнай інфраструктуры краіны. Па словах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Г. Лукашэнкі, што былі сказаны на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця будынка 16 чэрвеня 2006 г., бібліятэка стане "нацыянальным знакам нашай маладой незалежнай краіны, нашай візітнай карткай, увасабленнем найважнейшых рыс характару беларускага народа". Дзяржавай былі забяспечаны неабходныя ўмовы для рэалізацыі бібліятэкай сваёй асноўнай задачы – захавання нацыянальнай памяці.

111