ГалоўнаяПра бiблiятэкуГiсторыя бiблiятэкiБібліятэка ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга (1947–1992 гг.)

Развіццё бібліятэкі ў 1948–1991 гг.

Першым праграмным дакументам, што вызначыў прыярытэты бібліятэкі ў пасляваенны час, стала пастанова Камітэта па справах культурна-асветніцкіх устаноў пры Савеце Міністраў БССР "Аб становішчы і мерах па паляпшэнні работы Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У.І. Леніна", прынятая 4 верасня 1950 г. Перад бібліятэкай былі пастаўлены задачы арганізацыі дзейнасці ў якасці цэнтра міжбібліятэчнага абанемента, навукова-метадычнай і бібліяграфічнай работы і асноўнай базы бібліятэчнага і бібліяграфічнага абслугоўвання навукова-даследчай работы ў рэспубліцы, а таксама цэнтральнага дзяржаўнага кнігасховішча БССР. Тым самым акцэнтавалася роля бібліятэкі як аднаго з кампанентаў, што закліканы забяспечыць сацыяльнае і культурнае развіццё дзяржавы і грамадства.

Бібліятэка працягвала выконваць свае асноўныя функцыі. З года ў год узрастаў інфармацыйны патэнцыял бібліятэкі, пашыралася кола даследчых задач, узрастала яе роля ў развіцці бібліятэчнай справы краіны. Ад дзейнасці бібліятэкі шмат у чым залежала развіццё сацыяльна-эканамічнага жыцця, навукі і культуры рэспублікі. Галоўнай яе задачай па-ранейшаму заставалася фарміраванне ўніверсальнага фонду дакументаў, у першую чаргу нацыянальнай кніжнай спадчыны, за захаванне якой бібліятэка нясе адказнасць як перад беларускай нацыяй, так і перад сусветнай супольнасцю. За гэтыя гады была праведзена велізарная праца па даўкамплектаванні даваенных нацыянальных фондаў, не спынялася сістэматычнае бягучае камплектаванне. Акрамя самай поўнай на Беларусі калекцыі выданняў саюзных рэспублік, бібліятэка адкрывала чытачам фонд навукова значных замежных дакументаў, а з 1956 г., калі яна была ўключана ў лік дэпазітных бібліятэк Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, – поўны масіў дакументаў гэтай арганізацыі і яе спецыялізаваных структур. Бібліятэка падтрымлівала на вышэйшым узроўні разгорнутую інфармацыйную базу для забеспячэння ўсіх галін нацыянальнай культуры, навукі і вытворчасці.

Галоўны корпус бібліятэкі

Разам з тым бібліятэка заставалася найбуйнейшым бібліяграфічным цэнтрам рэспублікі. Да 1977 г., калі з яе структуры ў самастойную арганізацыю вылучылася Кніжная палата, бібліятэка праводзіла рэгістрацыю нацыянальнага друку і выданняў агляду бягучай нацыянальнай бібліяграфіі "Летапіс друку БССР". Асаблівы акцэнт у гэты час быў зроблены на развіццё рэкамендацыйнай бібліяграфіі. З гэтай мэтай даведачна-бібліяграфічны аддзел быў ператвораны ў навукова-бібліяграфічны з пашырэннем яго функцый як цэнтра рэкамендацыйнай бібліяграфіі. У 1962 г. Рэспубліканская нарада супрацоўнікаў бібліятэк па пытаннях бібліяграфічнай работы і яе каардынацыі ў БССР прыняла палажэнне, у якім бібліятэка вызначалася рэспубліканскім арганізацыйным і метадычным цэнтрам па кнігапісе ў цэлым і галіновым цэнтрам па бібліяграфіі гуманітарных навук. Для аператыўнага задавальнення інфармацыйных запытаў чытачоў бібліятэка арганізавала выданне цэлай сістэмы бягучых бібліяграфічных паказальнікаў: рэкамендацыйнага бюлетэня "Новыя кнігі", паказальнікаў "Грамадскія навукі", "Новая літаратура па гісторыі і гістарычных навуках", "Новая літаратура па культуры і мастацтву", "Аўтаматызаваныя сістэмы кіравання" і інш. Гонарам бібліятэкі з’яўляюцца падрыхтаваныя ёю фундаментальныя навукова-дапаможныя паказальнікі. У іх ліку варта адзначыць зборнік "Кніга Беларусі. 1517–1917. Зводны каталог" (1986 г.), які стаў вынікам шматгадовай працы па вывучэнні фондаў буйных бібліятэк Беларусі, Расіі, Літвы, Украіны. Навуковасць і шырыня прадстаўленага матэрыялу дазваляюць назваць яго мадэллю нацыянальнай бібліяграфіі ад пачатку кнігадрукавання да 1917 г. Айчыннай гісторыі і культуры прысвечаны паказальнікі "Мастацкая літаратура Савецкай Беларусі. 1917–1960" (1962 г.), "Беларуская савецкая драматургія, 1917-1965" (1967 г.), "Кнігапіс па гісторыі Беларусі: феадалізм і капіталізм" (1969 г.), "Дакастрычніцкая кніга на рускай мове аб Беларусі (1768–1917 гг.)" (1976 г.), "Музычная літаратура БССР" (1976, 1977 гг.), "Беларуская ССР у Вялікай Айчыннай вайне Савецкага Саюза (1941–1945 гг.)" (1980, 1990 гг.) і інш.

Старэйшыя супрацоўнікі бібліятэкі (1972 г.)

З 1976 г. бібліятэка стала выконваць функцыі рэспубліканскага цэнтра інфармацыі па культуры і мастацтве, у яе структуры быў вылучаны аддзел навуковай інфармацыі па праблемах культуры і мастацтва, асноўнымі задачамі якога сталі фарміраванне даведачна-інфармацыйнага фонду матэрыялаў і дыферэнцаванае інфармацыйнае абслугоўванне дзяржаўных органаў і ўстаноў у сферы культуры. Абанентамі аддзела сталі Міністэрства культуры БССР, аддзел культуры ЦК КП(б) Беларусі, упраўленне культуры абласных выканаўчых камітэтаў. Дзяржаўная бібліятэка ўзначаліла сістэму галіновых інфармацыйных цэнтраў рэспублікі, арганізаваных у абласных бібліятэках у 1977 г.. Для шырокага і максімальна поўнага інфармацыйнага забеспячэння сферы культуры было арганізавана выданне "Хронікі культурнага жыцця рэспублікі", паўнатэкставы зборнік нарматыўных прававых актаў Міністэрства культуры рэспублікі "Асноўныя службовыя дакументы", інфармацыйна-аналітычны зборнік "Аператыўная інфармацыя па праблемах культуры і мастацтва".

Дзяржаўная бібліятэка працягвала сваю работу і ў якасці галоўнага навукова-метадычнага цэнтра, які ажыццяўляе маніторынг асноўных кірункаў дзейнасці бібліятэк рэспублікі: фарміраванне фондаў, інфармацыйнае і даведачна-бібліяграфічнае абслугоўванне наведвальнікаў, бібліятэчнае абслугоўванне дзяцей. З 1974 г. бібліятэка стала выконваць функцыі каардынацыйнага цэнтра па правядзенні цэнтралізацыі бібліятэк рэспублікі. Каардынаванне дзейнасці бібліятэк рэспублікі, укараненне ў іх працу інавацыйнага вопыту, удасканаленне мадэляў абслугоўвання розных катэгорый чытачоў, распрацоўка методык рэалізацыі новых формаў працы, прафесіяналізацыя бібліятэчных кадраў рэспублікі садзейнічалі развіццю ўсёй бібліятэчнай справы Беларусі. Ажыццяўляючы маніторынг інтарэсаў чытачоў і запатрабаванняў камплектавання, бібліятэка супрацоўнічала з выдавецкімі цэнтрамі і прымала непасрэдны ўдзел у фарміраванні кнігавыдавецкай палітыкі рэспублікі. Вынікам гэтай працы стала тое, што па якасці камплектавання фондаў беларускія бібліятэкі займалі адно з першых месцаў у СССР.

Першы выпуск бібліятэчнага факультэта (1947 г.)

Навуковай базай для ўдасканалення дзейнасці з’яўляліся вынікі навукова-даследчай працы бібліятэкі, для правядзення якой у структуры бібліятэкі ў 1974 г. быў вылучаны навукова-даследчы аддзел бібліятэказнаўства. Бібліятэка ўпэўнена заняла месца галоўнага рэспубліканскага цэнтра навукова-даследчай дзейнасці ў галіне бібліятэказнаўства. У яе задачы ўваходзіла каардынацыя навукова-даследчай работы найбуйнейшых бібліятэк і бібліятэчнага факультэта Мінскага педагагічнага інстытута, складанне зводных перспектыўных планаў НДР і кантроль за іх выкананнем, распрацоўка методыкі правядзення даследаванняў і рэкамендацый па ўкараненні іх у практыку работы бібліятэк.

Ідэя падрыхтоўкі бібліятэчных кадраў пры бібліятэцы з’явілася ўжо ў першыя гады яе работы. У 1923 г. І. Сіманоўскі прадставіў у Народны камісарыят асветы БССР план арганізацыі бібліятэчных курсаў. Але ў пачатку 1920-х гг. праект арганізацыі такіх курсаў не атрымаў падтрымкі. Ідэя развіцця спецыяльнай адукацыі пры Дзяржаўнай бібліятэцы знайшла ўвасабленне ў трыццатыя гады: у 1934–1936 гг. пры бібліятэцы вяліся двухгадовыя вышэйшыя бібліятэчныя курсы, а ў 1934–1937 гг. дзейнічала аспірантура, якая рыхтавала кадры навуковай кваліфікацыі ў галіне бібліятэказнаўства. А адразу пасля заканчэння вайны ў структуры Мінскага педагагічнага інстытута пад кіраўніцтвам І. Сіманоўскага быў арганізаваны бібліятэчны факультэт; пазней па ініцыятыве бібліятэкі адкрылася вячэрняе аддзяленне факультэта.

Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга (1972 г.)
Сведчаннем таго, што Дзяржаўная бібліятэка БССР на высокім узроўні выконвала свае функцыі і займала месца аднаго з найважнейшых сацыяльных інстытутаў грамадства стаў той факт, што ў 1972 г., у год 50-годдзя, бібліятэка была адзначана адной з вышэйшых дзяржаўных узнагарод СССР – ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Варта пры гэтым сказаць, што ў гэтыя гады бібліятэка рэгулярна сутыкалася з непазбежнай праблемай усіх бібліятэк: бесперапынны рост фондаў і павелічэнне колькасці чытачоў прыводзяць да нястачы свабодных плошчаў для захоўвання дакументаў і арганізацыі чытальных залаў. Дэфіцыт памяшканняў асабліва абвастрыўся ў пяцідзясятыя гады. Каб вырашыць гэтую праблему, у 1958–1962 гг. быў пабудаваны другі корпус бібліятэкі па вуліцы Кірава, у якім размяшчалася кнігасховішча, разлічанае на 2 млн экзэмпляраў.

Агульная чытальная зала
Але праз 15 гадоў былі вычарпаны і яго рэсурсы. Бібліятэка вымушана карыстацца для захоўвання фондаў не прыстасаванымі для гэтай мэты памяшканнямі ў розных раёнах Мінска і нават за яго межамі. Сітуацыю можна было вырашыць на самым высокім узроўні. У 1989 г. па рашэнні Савета Міністраў БССР прайшоў закрыты заказны конкурс на лепшае архітэктурнае рашэнне новага будынка бібліятэкі. Першы прыз атрымаў праект аўтарскага калектыву М. Вінаградава і У. Крамарэнкі, якія прапанавалі арыгінальную і функцыянальную архітэктурна-ландшафтную кампазіцыю, якую сёння завуць "беларускім дыяментам". Будаўніцтва было запланавана на пачатак дзевяностых гадоў. Аднак рэалізацыю задумы прыйшлося адкласці на доўгія дзесяць гадоў.

111