ГалоўнаяНавіныПраект "Імёны Герояў бессмяротныя"
У бібліятэцы можна ўбачыць жывыя камяні Антарктыды
15–21 красавіка 1944 года. 20 тыдняў да Вызвалення

Яны сталі першымі беларусамі, якія былі ўдастоены звання Герояў Савецкага Саюза

Яны сталі першымі беларусамі, якія былі ўдастоены звання Герояў Савецкага Саюза
Іншыя навіны

Званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна камандзіру танкавага ўзвода, лейтэнанту Мікалаю Аляксандравічу Сяліцкаму (1907–1936) і камандзіру танка Паўлу Емяльянавічу Купрыянаву (1908–1936) прысвоена Пастановай Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта Саюза ССР ад 31 снежня 1936 года “за ўзорнае выкананне спецыяльных і цяжкіх заданняў Урада па ўмацаванні абароннай моцы Савецкага Саюза і праяўлены ў гэтай справе гераізм” (пасмяротна).

Свае подзвігі нашы землякі здзейснілі на далёкай іспанскай зямлі за пяць гадоў да Вялікай Айчыннай вайны, калі ў Іспаніі летам 1936 года пачалася кровапралітная грамадзянская вайна. Мяцеж на чале з генералам Ф. Франка супраць рэспубліканскага ўрада падтрымалі фашысцкія Германія, Італія і Партугалія.

Сур’ёзную дапамогу і падтрымку рэспубліканскаму ўраду Іспаніі аказаў СССР, які даў ваенную тэхніку і каля трох тысяч ваенных саветнікаў і добраахвотнікаў. Удзельнікамі вайны на баку рэспубліканцаў сталі таксама добраахвотнікі з розных дзяржаў. Грамадзянская вайна 1936–1939 гг. у Іспаніі стала першым сутыкненнем з нацысцкай ідэалогіяй і фашысцкімі арміямі.

У верасні 1936 года ў Маскве было прынята рашэнне накіраваць у Іспанію групу савецкіх інструктараў-танкістаў і 50 лёгкіх танкаў Т-26 для навучання войскаў Народнага фронту. Аснову гэтай групы склалі кадравыя вайскоўцы 4-й асобнай механізаванай брыгады Беларускай ваеннай акругі, якая дыслацыравалася пад Бабруйскам. У той час яна лічылася самай баяздольнай часткай у аўтабранятанкавых войсках СССР.

5 кастрычніка з порта Феадосіі ў іспанскую Картахену адправіўся цеплаход “Камсамол” з ваеннымі спецыялістамі і ўзбраеннем на борце. Першую групу савецкіх танкістаў узначаліў палкоўнік С.М. Крывашэін. Сярод лепшых танкістаў былі і беларусы, у тым ліку будучыя Героі – Мікалай Сяліцкі і Павел Купрыянаў.

Вучэбны цэнтр для падрыхтоўкі баяздольных танкавых экіпажаў з іспанцаў быў арганізаваны ў курортным гарадку Арчэна за 75 км ад Картахены. Заняткі пачаліся 17 кастрычніка. За месяц навучанне павінны былі прайсці каля 100 іспанскіх вайскоўцаў, якіх падзялілі на тры групы: камандзіры танка, механікі-вадзіцелі і стралкі-наводчыкі. Аднак няўдачы рэспубліканскіх войск на фронце і пагроза Мадрыду прымусілі рэспубліканскі ўрад і савецкую групу змяніць намечаныя планы.

У канцы кастрычніка заняткі былі спынены. Франкісты рваліся да Мадрыда і для выратавання іспанскай сталіцы з савецкіх ваенных саветнікаў спешна была сфарміравана ўдарная рота з 15 танкаў Т-26 пад камандаваннем капітана Поля Армана (псеўданім латышскага камуніста Паўля Тылтыньша). У склад экіпажаў танкаў былі адабраны 34 савецкія інструктары і вадзіцелі і 11 лепшых стралкоў з ліку іспанскіх курсантаў. Перад новым фарміраваннем была пастаўлена задача спыніць прасоўванне сіл франкістаў да іспанскай сталіцы.

Першы бой рота П. Армана прыняла 29 кастрычніка 1936 года каля мястэчка Сесенья за 30 км ад Мадрыда. Гэта была першая ў гісторыі танкавая бітва. На жаль, для некаторых бабруйскіх танкістаў гэты бой аказаўся апошнім у жыцці. Сярод іх быў і 29-гадовы камандзір узвода Мікалай Сяліцкі.

Sialicki_M.jpg
Герой Савецкага Саюза, танкіст М.А. Сяліцкі. Фота з адкрытых крыніц

Мікалай Аляксандравіч Сяліцкі нарадзіўся ў 1907 годзе ў Мінску. У 1931 годзе прызваны ў Чырвоную армію. Скончыў Арлоўскую бранятанкавую школу. Праходзіў службу ў 4-й механізаванай брыгадзе ў Бабруйску. У Іспанію прыбыў у складзе групы Крывашэіна ў кастрычніку 1936 года. У лейтэнанта Сяліцкага, як і ў многіх яго таварышаў, багатай біяграфіі не было, усё ў жыцці толькі пачыналася.

29 кастрычніка ў выключна цяжкіх умовах баявой абстаноўкі ўзвод пад яго камандаваннем двойчы атакаваў артылерыйскія пазіцыі праціўніка, знішчыўшы батарэю горных гармат. Прарваўшыся ў тыл, атакаваў рэзервы праціўніка, знішчыў некалькі транспартных машын з боепрыпасамі і салдатамі. Вось як перадаў напружанне бою вядомы савецкі журналіст Міхась Кальцоў у “Испанском дневнике” (Москва, 1957. С.195):

…Танки катятся на толпу, рвут ее в клочья орудийным и пулеметным огнем, топчут и давят гусеницами. Слышны дикие вопли марокканцев, их пули звонко стучатся в броню танка. Колонна катится вперед, через площадь, по продолжению улицы. Здесь застрял и не может развернуться марокканский эскадрон кавалерии. Кони становятся на дыбы, сбрасывая умирающих всадников и падая сами друг на друга. В несколько десятков секунд образуется сплошная груда лошадиных и человеческих тел, красных фесок, белых кисейных арабских шарфов. Танки не могут стрелять друг другу в затылок, командирская машина выпускает в это месиво несколько снарядов и пулеметных очередей, затем вскарабкивается на живую кучу и идет, давя, колыхаясь на ухабах; за ней остальные машины. Три орудия стоят брошенными в панике на улице. Танки идут по ним, с треском и лязгом, крушат, ломают их…

У гэтай сутычцы з мараканцамі экіпаж Сяліцкага загінуў. Калі падбіты танк загарэўся, М. Сяліцкі выскачыў з яго і адстрэльваўся з пісталета да апошняга патрона. Апынуўшыся бяззбройным, ён быў па-зверску забіты раз’юшанымі мараканцамі. Целы экіпажа нашы танкісты адбілі і пахавалі на гарадскіх могілках у Мадрыдзе. У цяжкім баі 29 кастрычніка бабруйскія танкісты страцілі сем чалавек: іспанская пяхота, якая павінна была дапамагаць роце Армана, з’явілася на поле бітвы вельмі позна.

Savieckija_tankisty.jpg
Група савецкіх танкістаў у Іспаніі. Фота з адкрытых крыніц

Баявая біяграфія танкавай роты Поля Армана доўжылася менш за месяц: да 17 лістапада 1936 года. З 15 танкаў уцалелі ўсяго пяць. Мадрыд войскамі Франка так і не быў узяты.

За адзнаку ў баях на подступах да іспанскай сталіцы званне Героя Савецкага Саюза пасмяротна атрымаў яшчэ адзін беларус – камандзір танка Павел Емяльянавіч Купрыянаў.

Kupryjanau_P.jpg
Герой Савецкага Саюза, танкіст П.Е. Купрыянаў. Фота з адкрытых крыніц

Павел Емяльянавіч Купрыянаў нарадзіўся 29 чэрвеня 1908 года ў сям’і селяніна ў вёсцы Старынцы Полацкага раёна Віцебскай вобласці. У 1929 годзе быў прызваны ў Чырвоную армію, дзе потым застаўся на звыштэрміновую службу. У 1936 годзе скончыў школу малодшых камандзіраў і быў накіраваны ў 4-ю асобную механізаваную брыгаду ў Бабруйск. І калі летам 1936 года ў Іспаніі ўспыхнуў фашысцкі мяцеж, Павел, выхаваны на прынцыпах інтэрнацыяналізму, падаў рапарт і добраахвотнікам адправіўся ў Іспанію абараняць маладую рэспубліку.

29 кастрычніка Павел Купрыянаў у складзе роты П. Армана ўдзельнічаў у танкавай бітве каля населенага пункта Сесенья, які стаў трагічным для М. Сяліцкага. У наступныя дні Купрыянаў неаднаразова ўдзельнічаў у танкавых атаках па кірунку Сесенья – Эсківіяс – Тарэён дэ Веласка – Вальдэмора. Экіпаж яго Т-26 за некалькі дзён знішчыў 2 танкі, 8 гармат, каля 200 салдат і афіцэраў праціўніка. 9 лістапада ў баі каля парка Каса-дэль-Кампа ў выніку прамога пападання супрацьтанкавага снарада танк Купрыянава быў падбіты. Увесь экіпаж загінуў.

Павел Купрыянаў разам з іншымі загінулымі савецкімі добраахвотнікамі пахаваны на муніцыпальных могілках Фуэнкараль у прыгарадзе Мадрыда, дзе ўсталяваны мемарыял вайскоўцам, якія аддалі сваё жыццё за рэспубліканскую Іспанію. Імёны першых беларусаў – Герояў Савецкага Саюза Мікалая Сяліцкага і Паўла Купрыянава, а таксама 180 загінулых савецкіх добраахвотнікаў увекавечаны на помніку, які быў адкрыты 9 мая 1989 года.

Pomnik_sav_voinam-inter-tam_Madryd.jpg
Помнік савецкім воінам-інтэрнацыяналістам у прыгарадзе Мадрыда. Фота з адкрытых крыніц

У Беларусі памяць аб героях-інтэрнацыяналістах ушанавана ў назвах вуліц у Мінску і Полацку. На Алеі Герояў у Ваеннай акадэміі Беларусі ўстаноўлены памятны знак Паўлу Купрыянаву. Ён навечна залічаны ў спісы танкавага ўзвода агульнавайсковага факультэта акадэміі.

Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Навіны

Разведвальная аперацыя “Бібліятэка”

23 Кра 2024

18 красавіка адбылося 10 бібліяграфічных урокаў па патрыятычным выхаванні для вучняў 7–11-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 53, 62. 114. 153 і гімназіі № 11 г. Мінска з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Лекцыя-канцэрт “Анталогія нацыянальнай харавой спадчыны”

26 Кра 2024

25 красавіка ў галерэі “Лабірынт” адбылася заключная ў сезоне 2023–2024 гг. інтэрактыўная лекцыя-канцэрт з цыкла “Музычная спадчына Беларусі ў прасторы сучаснай культуры”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Даніна памяці жыццёваму подзвігу Героя Савецкага Саюза Івана Самбука

27 Кра 2024

24 красавіка на базе ДУА “Сярэдняя школа № 51 г. Мінска” прайшлі тэматычныя прэзентацыі ў рамках цыкла мерапрыемстваў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Небывалы аншлаг васьмікласнікаў СШ № 62 г. Мінска ў зоне каталогаў і картатэк

26 Кра 2024

23 красавіка для навучэнцаў 8 класа СШ № 62 адбыўся бібліяграфічны ўрок "Брэсцкая крэпасць-герой" з цыкла заняткаў "Пастараемся ж і мы быць дастойнымі іх Вялікай Перамогі", якія рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык”, якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам