ГалоўнаяНавіныПартрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах
Песні для ўсіх сэрцаў
Вядомаму беларускаму асяціну, мастаку-партызану Мікалаю Гуціеву – 110 год

Да 110-годдзя з дня нараджэння Зоі Уладзіміраўны Дзьяканавай

Да 110-годдзя з дня нараджэння Зоі Уладзіміраўны Дзьяканавай
Іншыя навіны

Зоя Уладзіміраўна нарадзілася ў Смаленску ў сям’і святара. У 1930 годзе яна скончыла 2-ю Смаленскую дзевяцігодку з палітыка-асветніцкім ухілам і была прынята на пасаду загадчыцы хаты-чытальні Ромненскага сельскага савета Новасакольніцкага раёна Заходняй вобласці (цяпер – Смаленская вобласць). Праз паўгода дзяўчына была “мабілізавана на працу ў школу” ў вёску Жукава, дзе выкладчыцкую дзейнасць сумяшчала з пасадай старшага піянерважатага.

У пачатку 1932 года дваццацігадовая Зоя пераехала ў Мінск і да самага пачатку Вялікай Айчыннай вайны ўзначальвала працу бібліятэкі сталічнай сярэдняй школы № 25, а таксама выкладала рускую мову ў пятых класах. Пазней у сваёй аўтабіяграфіі Зоя Уладзіміраўна напіша: “Бібліятэка 25-й школы была лепшай школьнай бібліятэкай гор. Мінска, пра што неаднаразова згадвалася ў друку (у «Советской Белоруссии», «Учительской газете», «Сталинской молодёжи» і інш.)”. Несумненна, высокі статус установа мела дзякуючы ў тым ліку і карпатлівай працы, і добраму кіраўніцтву З.У. Дзьяканавай.

У 1937 годзе яна скончыла двухгадовыя вышэйшыя бібліятэчныя курсы пры Дзяржаўнай бібліятэцы БССР імя У.І. Леніна (цяпер – Нацыянальная бібліятэка Беларусі), а праз год паступіла на вячэрняе аддзяленне Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута (цяпер – Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка), які скончыла ў 1941 годзе па спецыяльнасці “настаўнік беларускай мовы і літаратуры”.

У перыяд навучання ў інстытуце Зоя Уладзіміраўна паспяхова сумяшчала загадванне школьнай бібліятэкай з працай метадыстам па масавай працы з дзіцячым чытачом і кнігай у Дзяржаўнай бібліятэцы БССР імя У.І. Леніна.

Але раптам у мірны ход жыцця Зоі Уладзіміраўны і ўсяго савецкага народа страшэннай віхурай уварвалася бязлітасная вайна, падрыхтаваўшы жорсткія і жудасныя выпрабаванні. У самым пачатку баявых дзеянняў жанчына страціла мужа: лейтэнант Чырвонай арміі загінуў на фронце. У 1946 годзе яна так успамінала пра той цяжкі час: “Вайна 1941 г. заспела мяне з 7-месячным грудным дзіцем. Першымі бамбёжкамі была знішчана кватэра і маёмасць. Падчас эвакуацыі трапіць на цягнік я з грудным дзіцем не магла, з прычыны моцнай цісканіны. Эвакуіравалася з горада па Магілёўскай шашы пешшу. Дайшла да Бабруйска, далей ісці не змагла. Там мяне заспела нямецкая акупацыя. Я вярнулася ў Мінск”.

Dzjakanava-2.jpgНе маючы кватэры ў сталіцы, а таксама магчымасці пакінуць дзіця, каб выйсці на працу, яна была вымушана з’ехаць у вёску Рылаўшчына Сеннінскага сельскага савета Мінскага раёна, дзе ёй удалося ўладкавацца настаўнікам у школу. Але развіццё ваенных дзеянняў праз год прывяло да закрыцця навучальнай установы. Да самага вызвалення БССР Зоя Уладзіміраўна жыла ў гэтай вёсцы і толькі ў 1944 годзе працягнула навучанне школьнікаў.

У 1946 годзе З.У. Дзьяканава вярнулася ў Мінск і аднавілася ў штаце Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У.І. Леніна на пасаду бібліятэкара. У гэты час поўным ходам ішлі аднаўленчыя работы разбуранай нацыянальнай скарбніцы. У неацяпляемым будынку, прыкладаючы ўсе намаганні для аднаўлення працы, не лічачыся з часам, не грэбуючы ніякай работай, самааддана працавалі ацалелыя ва ўмовах акупацыі супрацоўнікі бібліятэкі. У гэту працу актыўна ўключылася і Зоя Уладзіміраўна.

З 1948 года яна працавала на пасадзе метадыста па дзіцячай літаратуры метадычнага кабінета бібліятэказнаўства, дзейнасць якога заўсёды яе прыцягвала і была вельмі блізкая. Яна займалася падрыхтоўкай штогадовых аглядаў працы дзіцячых бібліятэк БССР, у якіх адлюстроўваліся статыстычныя даныя іх дзейнасці, асноўныя формы і метады па абслугоўванні дзіцячага чытача.

Прафесійныя кампетэнцыі З.У. Дзьяканавай дазвалялі на высокім прафесійным узроўні аказваць метадычную дапамогу бібліятэчным спецыялістам рэспублікі, выступаць з лекцыямі і дакладамі перад калегамі са школьных і дзіцячых бібліятэк на рэгіянальных і рэспубліканскіх семінарах.

У ліпені 1961 года была зацверджана новая структура і штатны расклад бібліятэкі, у выніку чаго метадычны кабінет быў ператвораны ў навукова-метадычны аддзел бібліятэказнаўства. Праз чатыры гады Зоя Уладзіміраўна ўзначаліла створаны пры аддзеле сектар па працы з дзецьмі.

Dzjakanava-3.png
Нарада-семінар дырэктараў дзіцячых бібліятэк у Маскве, студзень 1965 г.
Зоя Уладзіміраўна другая злева

У Дзяржаўнай бібліятэцы БССР Зоя Уладзіміраўна сустрэла свайго другога мужа. Гэтую незвычайную гісторыю ў сваіх успамінах расказаў Ігар Валянцінавіч Жолудзеў: “Выдзелілі неяк бібліятэцы пакой. Пакой быў вялікі, і кіраўніцтва вырашыла пасяліць у ім двух чалавек. Далі гэты пакой Сакольчыку, загадчыку беларускага аддзела, і Дзьяканавай. Сакольчык усё хадзіў у дырэкцыю і прасіў дошкі, каб пакой перагарадзіць. Ну, нязручна жыць у адным пакоі ўдваіх без перагародкі. А дошак не было. І вось неяк выклікаюць яго ў дырэкцыю і кажуць: «Ёсць дошкі!» На што Сакольчык адказвае: «Так ужо не трэба». І нарадзілася потым у Сакольчыка і Дзьяканавай дзяўчынка Наташа. Такі вось быў бібліятэчны раман з добрым канцом”.

Dzjakanava-4.jpg
Зоя Уладзіміраўна трэцяя злева ў другім шэрагу. 1972 г.

Зоя Уладзіміраўна працавала ў бібліятэчнай галіне больш за трыццаць гадоў, падрыхтавала мноства метадычных і бібліяграфічных дапаможнікаў для дзіцячых і школьных бібліятэк.

Dzjakanava-5-7.jpg

Прафесійныя заслугі З.У. Дзьяканавай не раз былі адзначаны рознага роду ўзнагародамі: ганаровымі граматамі Міністэрства культуры БССР і БРК прафсаюза работнікаў культуры, ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, значком Міністэрства культуры СССР “За выдатную працу” і медалём “За доблесную працу”.

Працай сектара яна кіравала да самага выхаду на заслужаны адпачынак у 1972 годзе.

У верасні 1996 года Зоя Уладзіміраўна скончыла свой жыццёвы шлях.

Матэрыял падрыхтаваны супрацоўнікамі навукова-даследчага аддзела бібліятэказнаўства Ірынай Кукета і Георгіем Вінакуравым.

Пра ветэранаў і супрацоўнікаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі чытайце ў рубрыцы "Партрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах".

Навіны

Разведвальная аперацыя “Бібліятэка”

23 Кра 2024

18 красавіка адбылося 10 бібліяграфічных урокаў па патрыятычным выхаванні для вучняў 7–11-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 53, 62. 114. 153 і гімназіі № 11 г. Мінска з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Лекцыя-канцэрт “Анталогія нацыянальнай харавой спадчыны”

26 Кра 2024

25 красавіка ў галерэі “Лабірынт” адбылася заключная ў сезоне 2023–2024 гг. інтэрактыўная лекцыя-канцэрт з цыкла “Музычная спадчына Беларусі ў прасторы сучаснай культуры”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Даніна памяці жыццёваму подзвігу Героя Савецкага Саюза Івана Самбука

27 Кра 2024

24 красавіка на базе ДУА “Сярэдняя школа № 51 г. Мінска” прайшлі тэматычныя прэзентацыі ў рамках цыкла мерапрыемстваў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Небывалы аншлаг васьмікласнікаў СШ № 62 г. Мінска ў зоне каталогаў і картатэк

26 Кра 2024

23 красавіка для навучэнцаў 8 класа СШ № 62 адбыўся бібліяграфічны ўрок "Брэсцкая крэпасць-герой" з цыкла заняткаў "Пастараемся ж і мы быць дастойнымі іх Вялікай Перамогі", якія рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык”, якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам