ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
У Нацыянальнай бібліятэцы прайшла лекцыя аб амерыканскай вулічнай фатаграфіі
Рэсурсы віртуальнай чытальнай залы па мастацтве

Як “Дзеці Аліндаркі” загаварылі па-французску

Як “Дзеці Аліндаркі” загаварылі па-французску
Іншыя Навіны

У Францыі ў незалежным выдавецтве Le Ver à soie выйшаў у перакладзе на французскую мову раман Альгерда Бахарэвіча “Дзеці Аліндаркі”. Гэта першы ў гісторыі раман, перакладзены на французскую непасрэдна з беларускай мовы. Мы пагаварылі з заснавальніцай выдавецтва Віржыні Шыманец пра ўспрыманне Беларусі ў Францыі, пра выдавецкую сітуацыю ў краіне, пра пераклады з “неістотных” моў.

– Што ў Францыі ведаюць пра беларускую літаратуру?

– Шырокая публіка ў цэлым не ведае пра беларускую літаратуру нічога. Толькі славісты і некалькі спецыялістаў у беларускіх пытаннях, якія сфармаваліся ў 1990-х гадах па-за строгімі рамкамі славістыкі, усё ж яшчэ нешта ведаюць або прынамсі чулі пра некаторых аўтараў.

Але пасля 2015 году літаратурныя інстытуцыі і выдавецкі свет нібыта заўважылі, што адзін нобелеўскі лаўрэат у галіне літаратуры цяпер паходзіць і з Беларусі. Гэта вельмі важна, бо бачна выразная розніца – як было да гэтай падзеі, і як пасля. Раней лічылася марным шукаць для перакладаў таленавітых аўтараў па-за Масквой. Пасля 2015-га шмат якія дзверы, якія дагэтуль здаваліся шчыльна зачыненымі, урэшце расчыніліся, у тым ліку для беларускамоўнай літаратуры.

– Што было перакладзена на французскую мову? Паспрабую адказаць сам: Святлана Алексіевіч... І ўсё?

s2.jpg– Так, Алексіевіч, але яшчэ і Шамякін, Быкаў і Клінаў з прозы – праз рускую мову. Янка Купала і Якуб Колас з паэзіі м іх таксама перакладалі праз пасрэдніцтва рускай. Янка Купала быў першым, каго пераклалі з беларускай у рамках праектаў перакладу драматургіі, арганізаваным Домам Еўропы і Усходу ў Парыжы, да якіх я непасрэдна прычынілася.

Аднак аж да гэтага году ніколі ніводзін беларускамоўны раман не быў перакладзены непасрэдна з беларускай на французскую. Каб быць перакладзеным на французскую, Быкаў перакладаў сам сябе на рускую, а перакладчыкі з рускай перакладалі яго на французскую з усім тым багажом забабонаў наконт беларускай культуры, які яны набралі за гады вывучэння рускай мовы і культуры.

Калі мне не здраджвае памяць, яшчэ дваццаць гадоў таму проста немагчыма было сабе ўявіць пераклад твору непасрэдна з беларускай на французскую, бо яшчэ была паўсюдна пашыраная дыскрымінацыйная ідэя, нібыта нельга перакладаць з “ніжэйшай” мовы на “вышэйшую”. І дзеля таго, што лічылася цалкам прымальным перакладаць з мовы “роўнай” або “натуральна адпаведнай”, існавала тэндэнцыя перакладаць з рускай на французскую, а ўжо з нейкай там беларускай або ўкраінскай – хіба што на так званыя рэгіянальныя мовы.

Адзін з найярчэйшых прыкладаў такога падыходу – перадача на аксітанскай мове ўкраінскіх фрагментаў “Дзён Турбіных” М. Булгакава ў выданні 1970 году, тым часам як руская мова твору перакладалася па-французску. Я не раз мела нагоду адчуць, што менавіта з такіх чыста ідэалагічных прычын доўгі час лічылася беспатрэбным рыхтаваць спецыялістаў, каб перакладаць з беларускай мовы на французскую. Перакладаць тут значыць не толькі валодаць беларускай і французскай мовай. Пераклад тут прадбачае валоданне дыскурсам абедзвюх моў.

Сёння ідэя таго, што для доступу да беларускамоўнай літаратуры нібыта дастаткова рускай мовы, усё яшчэ жывая, але яе ўсё часцей і часцей крытыкуюць за яе каланіяльнасць. Вядома ж, гэта датычыць не толькі беларускамоўнай літаратуры. Тое, пра што я тут кажу, доўгі час датычыла ўсіх нерускіх літаратур былога СССР. Тады руская мова лёгка выкарыстоўвалася для таго, каб апрыёры дыскрэдытаваць літаратурную якасць тэкстаў, калі прапаноўвалі літаральныя, неапрацаваныя пераклады з рускай і казалі: “Бачыце, як гэта слаба з літаратурнага гледзішча? Гэта сапраўды не вартае перакладу”. Вядома ж, слабым з літаратурнага гледзішча быў не арыгінал, а прамежкавы рускі пераклад.

З другога боку, гэтыя пытанні дыскутуюцца ў Францыі ўжо больш за дваццаць гадоў. У сярэдзіне 2000-х гадоў Дом Еўропы і Усходу стварыў 35 лінгвістычных камісій, сярод іх камісію перакладаў беларускамоўнай і рускамоўнай драматургіі Беларусі. Камісія абмяркоўвала ўсе гэтыя тэмы. Дыскусіі былі жывыя, кіпелі жарсці. Дзеля таго, што мы мелі справу і з тэатраламі, перакладаныя тэксты чыталіся ўголас, або іх чыталі акцёры. Менавіта так мы напрыклад пераклалі Купалавых “Тутэйшых”. Граючы іх. І гэта пачынала гучаць па-французску. І менавіта ў такіх умовах мы змаглі выпрабаваць адзіна магчымы спосаб вырашэння праблемы: ствараючы перакладчыцкія пары. Адукаваны перакладчык з роднай мовай французскай працуе з адукаваным перакладчыкам, у якога родная – беларуская або руская. І кожны раз, калі завязвалася такое супрацоўніцтва, вынікам была публікацыя.

s3.jpg

– Чым тлумачыцца няўвага Францыі да Беларусі? Здавалася б, вось Германія – зусім побач, але там пра Беларусь і беларусаў ведаюць непараўнана лепш, і беларуская літаратура пачынае памалу даходзіць да нямецкага чытача, каб падлічыць перакладчыкаў з беларускай на нямецкую, адной рукі ўжо можа і не хапіць... У чым розніца?

– Гледзячы што тут разумець пад “Францыяй”. Дзяржаву? Людзей? Тых, каго рускія або русісты навучылі гаварыць па-руску і даследаваць Расію выключна з маскоўскага гледзішча? Французскіх грамадзян, выхаваных у беларускамоўных сем’ях, дасканала французскамоўных, якія разбіваюць сабе лоб кожны раз, калі спрабуюць нешта рабіць з беларусамі? Беларусаў, якія прыехалі, атрымалі французскае грамадзянства, але могуць у любы момант вярнуцца ў Беларусь? Тых, хто перажыў вымушаны пераезд пад ціскам жыццёвых абставін, спаліўшы ўсе масты, страціўшы магчымасць вярнуцца, і мусіў самастойна адбудаваць усё з нуля? Або сярэднестатыстычнага француза, які не мае ніякага абавязку цікавіцца Беларуссю і ўяўляе яе толькі пачуўшы слова “Bérézina”, імя найвялікшай ваеннай паразы ў гісторыі Францыі? Ці можа таго самага сярэднестатыстычнага француза, які і не ўяўляе, дзе знаходзіцца тая Bérézina, або ўяўляе нейкае іншае месца, пра існаванне якога ты не маеш уяўлення і якое цябе таксама не цікавіць? У Францыі па гэтаму пытанню няма ніякай аднадушнасці.

Што да мяне, дык я – не дзяржава. Я не прадстаўляю Францыю. Я ніколі не мела магчымасці сустрэцца з усімі французамі, і трэба канстатаваць, што пра сваю краіну я ведаю далёка не ўсё. Я таксама не знаёмая з абсалютна ўсімі беларусамі і не прэтэндую на тое, каб ведаць усё пра Беларусь.

Але адно бясспрэчна: калі нейкі французскі пасол кажа, што Беларусь мусіць зноў зрабіцца правінцыяй Расіі, гэта мае амаль гэткае самае катастрафічнае ўздзеянне на супрацоўніцтва паміж людзьмі, як і калі дыпламат з беларускага пасольства заяўляе публічна ў Францыі, што ён не зусім добра сабе ўяўляе, які інтарэс можа мець сучасная беларуская літаратура і чаму ён мусіць падтрымліваць літаратуру сваёй краіны.

Якім бы ні быў праект, які мы хочам распачаць, мы застаёмся заціснутыя паміж гэтымі дзвюма пазіцыямі, якія інтэлектуальна і фінансава абмяжоўваюць усе нашы сродкі супрацоўніцтва.

– Яшчэ не так даўно я чуў нараканні ўкраінскіх пісьменнікаў – ім было надзвычай цяжка прабіцца на французскі літаратурны рынак, але, здаецца, сітуацыя пачынае мяняцца. Можа, следам за Украінай у Францыі зацікавяцца і Беларуссю?

– Для любога аўтара, у тым ліку і французскага, вельмі цяжка прабіцца на французскі літаратурны рынак.

Пра што тут гаворка? Французскі літаратурны рынак – гэта дзесяць вялікіх выдавецкіх груп, якія займаюць 87 % глабальнага абароту ў сектары, і 5000 незалежных выдаўцоў, афіцыйна зарэгістраваных Нацыянальным выдавецкім сіндыкатам, на долю якіх прыпадаюць астатнія 13 %.

Каб заняць 87 % абароту нейкага сектару эканомікі, трэба, што называецца, стварыць сістэму. У Францыі яна называецца “буйныя гандлёвыя сеткі”. Каб гэтая сістэма працавала – гэта значыць, каб прыносіла грошы – трэба засяродзіцца на колькасці, а не на якасці. У рамках гэтай сістэмы ў 2016 годзе выйшла 560 раманаў, у 2017 – 581. Перавытворчасць навінак такая вялікая, што гэтая лічба з кожным годам павялічваецца. Каб забяспечыць прадукцыяй больш за 3000 кнігарняў, трэба максімальна напаўняць запасы, трэба вырабляць кнігі з найменшымі затратамі, ужываючы працоўную сілу на прасторы паміж Кітаем і Чэхіяй, завозячы кнігі кантэйнерамі.

Патрэбная максімальная “цякучасць” на рынку навінак, і каб людзі іх куплялі, трэба развіць механізм камунікацыі, які працаваў бы як ваенная машына. Зрэшты, усе гэтыя вялікія групы цалкам звязаны з ваенна-прамысловым комплексам. Яны па сутнасці прадстаўляюць яго культуру. Па чым яна пазнаецца? Усе кнігі падобныя адна на адну, у іх аднолькавы фармат, вокладкі адфаташопленыя тым самым спосабам, іх змест сартуецца роўна гэтаксама, як сартуюцца яблыкі ці агуркі ў супермаркеце, усё “атыпічнае” адсейваецца. І так ва ўсіх іншых галінах. Ці гаворка пра выдавецкую справу, універсітэт, навуковыя даследаванні або сельгаспрадукцыю – усё мусіць быць раскладзена па правільных палічках. Дык чаму раптам сістэму мусяць хваляваць твае ўкраінскія знаёмыя?

Тут гавораць не пра літаратурныя творы, а пра “абарот тэкстаў”, напісаных “аднаразовымі” аўтарамі, якім даецца тры месяцы на тое, каб прабіцца. Калі праз тры месяцы тваю кнігу ў супермаркеце не прадалі, усё непрададзенае вяртаецца выдаўцу, які яго знішчае, бо ў гэтай сістэме яму задорага захоўваць іх на складзе, не лічачы галавакружных наступстваў не толькі палітычнага і эканамічнага характару, але, вядома ж, і экалагічнага.

Гэта такая безгаспадарнасць, што незалежныя выдаўцы вынайшлі тэрмін “бібліяразнастайнасць”, які нагадвае пра неабходнасць абароны незалежных выдаўцоў – гэтаксама як “біяразнастайнасць” мае на ўвазе абарону ад знікнення біялагічных відаў. У Францыі яны адзіныя ствараюць трывалыя каталагізаваныя фонды, працуюць над якасцю, арыгінальнасцю, крэатыўнасцю. Калі Артура Клінава выдалі па-французску, то гэта было незалежнае выдавецтва Signes et Balises. Альгерда Бахарэвіча выдала таксама незалежнае выдавецтва – Le Ver à soie. Іншымі словамі – партызаны, якія фактычна кожны дзень вымушаныя змагацца нібы Давід супраць Галіяфа.

– Тваё выдавецтва існуе ўжо сем гадоў. Калі ты яго засноўвала – ці думала ты (марыла, спадзявалася, планавала), што будзеш выдаваць і творы беларускай літаратуры?

– Так, але першая кніга выйшла толькі 5 гадоў таму. Каб выдаць яе, спатрэбілася два гады. На момант, калі я заснавала сваё выдавецтва, я правяла 15 гадоў у бясплённых пошуках працы ў галіне вышэйшай адукацыі і гуманітарных даследаванняў, гэта значыць – жыла выпадковымі працамі, “дзяўбла мерзлату”, бо займалася Беларуссю ў Францыі.

Калі памерла мая маці, тых грошай, што яна пакінула, было замала на аўтамабіль, але зашмат на пральную машыну. І вось з гэтымі грашмі я вырашыла парваць з усім, што я рабіла да таго, і заснаваць свайго “Шаўкоўнічнага чарвяка” – выдавецтва Le Ver à soie. Мая бабуля з боку маці была з Ардэшу, што ў паўднёвай Францыі, і гадавала шаўкоўнічных чарвякоў у тыя часы, калі сяляне былі перакананыя, што гэта прынясе ім багацце. У назве “Шаўкоўнічны чарвяк” таксама закладзена ідэя, што каб стаць нечым іншым, трэба спачатку ўмець памерці ў самым сабе. Так што Беларусь як такая, уласна кажучы, ніколі не была часткай маёй рэдакцыйнай палітыкі. Я належу да тых жанчын у маім родзе, пра якіх ніколі не гавораць, і іх памяці я б хацела аддаць пашану.

s4.jpg

– Да першай беларускай кнігі твайго выдавецтва мы яшчэ вернемся, а пакуль што раскажы яшчэ пра само выдавецтва – што ты выдаеш? Арыгіналы, пераклады? Ці ёсць нейкая спецыялізацыя? Нейкія прэферэнцыі?

– Мая рэдакцыйная палітыка перш за ўсё засяроджваецца вакол паняцця руху (падарожжа з пошукамі – паводле ўласнага выбару; эміграцыя, пачуццё эмігранта, уцёкі, блуканне, бадзяжніцтва або выключэнне з грамадства і выгнанне – з прымусу).

Як дапамагае ствараць досвед эміграцыі або выгнанне? Як сучасная літаратура абыходзіцца з гэтымі пытаннямі? Адзін мой калега нядаўна сказаў мне, што я працую з пагарджанымі. Гэта праўда. Пагарджаныя, пераможаныя, “пракляццем катаваныя” – у цэнтры маёй рэдакцыйнай палітыкі. Вядома, гэта спосаб трансфармаваць увесь той негатыў, што я перажыла, у нейкі пазітыў.

Займаючыся Беларуссю, я адчула на сабе, што значыць – быць выключанай, ізаляванай і нават не мець магчымасці атрымаць працу ў маёй уласнай краіне. Быў час, калі мае калегі гаварылі пра мой досвед як пра ўнутраную эміграцыю, і гэта напэўна лепш за ўсё тлумачыць, чаму тэма трываласці да выпрабаванняў – бясспрэчна цэнтральная ў маім каталогу.

Вядома, я ўважліва сачу за тым, што адбываецца ў Беларусі, але найлепшай службай, якую я магла б саслужыць маім патэнцыйным беларускім аўтарам, я лічу стварэнне такога каталогу, дзе б іх творчасць можна было параўнаць з тэкстамі бельгійца Люка Фівэ, французаў Жофруа Ляршэ і Трыстана Салера, лаўрэатак еўрапейскіх літаратурных прэмій Яны Банавай і Святланы Зухавай са Славакіі або Караліны Шуці з Аўстрыі, расіянкі Марыі Рыбаковай, якая жыве ў мексіканскім памежжы, былога ўсходняга немца Айнара Шлефа, румынскай вугоркі Ангі Матэ або албанца Рыдвана Дыбры, а ў будучыні і іншых аўтараў, магчыма, з іншых кантынентаў.

Гэта значыць – даць ім, беларускім аўтарам, сваё месца ў свеце сярод іншых. Тое, што так мала людзей зрабілі для мяне – даць месца сярод іншых. У гэтым сэнсе перакладаць і спрыяць перакладам я лічу сваім абавязкам.

– Як ты выбіраеш кнігі для выдання?

– Спачатку я проста думала, што дастаткова, каб тэкст адпавядаў маёй рэдакцыйнай палітыцы. Але дзеля таго, што я кірую ўсім выдавецкім працэсам ад А да Я і што пасля яшчэ сама развожу кнігі па салонах, рынках, кірмашах і выставах; пад дажджом, снегам і ветрам, я таксама арганізую імпрэзы, удзельнічаю ў сустрэчах, ствараю вакол кнігі падзею, надаю ёй значэнне, падтрымліваю і вынаходжу ўсё, што можна стварыць вакол кнігі – урэшце я некалі адчула, што варта яшчэ, каб тэксты мяне краналі.

Пасля 5 гадоў выдавецкай дзейнасці я заўважыла, што ў цэнтры публікацый – не гісторыі, а асобы і што варта, каб гэта былі асобы, з якімі я знаходжу паразуменне і магу прафесійна працаваць. Проста сёння ёсць людзі, з якімі мне не хочацца працаваць, і з гадамі я ўсё больш бачу, хто яны, у тым, што яны пішуць. Выбар тэкстаў для публікацыі робіцца сэрцам, а не розумам.

– Дык як было з той першай беларускай кнігай? З чаго ўсё пачалося? Хто ўдзельнічаў у праекце?

– Алена Лапатнёва, беларуская перакладчыца, якая жыве ў Францыі, запрапанавала мне паўдзельнічаць у стварэнні дыскусійна-рэфлексійнай групы “Туды і назад” на тэму Беларусі, і дзеля таго што не было як дыскутаваць пра літаратуру і мастацтва Беларусі без беларусаў, мы разам з Аляксеем Андрэевым з часопіса “Монолог” пачалі думаць, што б такога супольнага мы маглі арганізаваць. Пачалося з арганізацыі выстаўкі і сустрэчы ў Парыжы ў сувязі з фатаграфічнай і мастацкай творчасцю Аляксея Андрэева і Ганны Балаш. Пасля, паступова рухаючыся наперад, мы змаглі таксама запрасіць Дзмітрыя Строцава, а пасля і Адама Глобуса.

У 2016 годзе дзякуючы супольным намаганням Французскага інстытуту, парыжскай мэрыі, Міжнароднага цэнтру Рэкале і выдавецтва Le Ver à soie, магчымасцю пісьменніцкай рэзідэнцыі змог скарыстацца Альгерд Бахарэвіч. У рамках гэтай рэзідэнцыі нарадзілася ідэя перакласці на французскую мову “Дзяцей Аліндаркі”, і Алена мела магчымасць папрацаваць з аўтарам над цяжкасцямі перакладу.

– Кніга “Дзеці Аліндаркі” – гэта вялікае выпрабаванне для перакладчыка. Ці не было страшна? З якімі нечаканымі праблемамі сутыкнулася перакладчыца і як яна іх вырашала?

s5.jpg– Не думаю, што страшна. На жаль, рэдка надараюцца праекты, калі пераклад бывае сапраўдным выклікам. Гэта не палохае, а захапляе. Але ў выпадку з “Дзецьмі Аліндаркі” мы маем справу з нечым унікальным, бо мова ва ўсіх яе праявах і моўны дыскурс выступаюць тут як паўнапраўныя персанажы раману, які выглядае абсалютна паліфанічным.

Алена, дарэчы, скарыстала нагоду і ўдзельнічала з гэтым тэкстам у майстэрні “Пераклад паліфаніі”, арганізаванай у верасні 2016 году Цэнтрам літаратурнага перакладу ў Лазанскім унівэрсітэце, дзе пытанні цяжкасцей перакладу “Дзяцей Аліндаркі” абмяркоўваліся з такімі знакамітымі перакладчыкамі, як Аліўе Манані і Крыстафер Мілескі.

Пасля мы вырашылі, што трэба сыходзіць з такога прынцыпу: тое, што можа падавацца відавочным беларускаму чытачу, які вырас у атмасферы дыглосіі або нават білінгвізму і з лёгкасцю адрозніць на пісьме беларускую кірыліцу ад рускай, зусім не будзе такім празрыстым для французскага чытача, які будзе мець пад рукой толькі пераклад з усіх моваў і ўсіх моўных узроўняў тэксту – беларускай, рускай, сумесі абедзвюх або нейкай іншай неўнармаванай моўнай практыкі, беларускай мовы персанажаў, чыя родная мова руская, і наадварот, рускай мовы персанажаў, чыя родная мова беларуская – пераклад усяго гэтага на адну мову ў адной графіцы.

З гэтага гледзішча Аленіна праца была надзвычай важнай і вартай увагі. Думаю, што яна заслужыла за гэта нейкай прэміі, бо гэта яна выявіла ўсе гэтыя “атыпічныя” моўныя элементы, падкрэсліла нюансы, пазіцыі, манеры і ўзроўні мовы. Гэты першы этап перакладчыцкага праекту быў сапраўды тытанічнай працай.

Другім этапам было ўласна рэдагаванне: французскія чытачы выхаваны ў акадэмічнай традыцыі з вельмі строгімі правіламі, гэтым тлумачыцца той факт, што даступная нам літаратура не надта поліфанічная. І гэта сапраўдная праблема, бо каб ісці наперад, нам патрэбная поліфанія і разнастайнасць галасоў. Дык як тады, які б ні быў выкарыстаны ўзровень мовы, даць чытачу адчуць, што перад ім французская мова, якая – хай сабе такой і не існуе, хай сабе і “атыпічная” – застаецца абсалютна чытальнай і праўдападобнай, так што можна пранікнуцца персанажамі і падзеямі, не даючы нагоды для крытыкі ў духу “гэта не французская мова, нічога не разумею, гэта невыносна, такія памылкі недапушчальны”?

На гэтым этапе да справы далучылася я, прычым мне не хацелася пускацца ў абмеркаванне звычайных штампаў наконт адносін паміж мовай агульнай і мовай рэгіянальнай. Я таксама не шукала рашэнняў у выкарыстанні брэтонскай, баскскай ці аксітанскай моў. Я хацела, каб усё заставалася цалкам зразумелым для французскага чытача, які не абавязкова валодае рэгіянальнымі мовамі. Прызнаюся, што я крыху паслухала некаторых ютубераў праз плячо ў майго сына, а таксама і самога сына, чыя мова, калі ён гаворыць з сябрамі, зусім не тая, якой ён гаворыць са сваім настаўнікам французскай у школе...

s6.jpg

– Якія мерапрыемствы плануюцца ў рамках прамоцыі, рэкламы кнігі? Каго ты найбольш хацела б ёй зацікавіць?

– Найперш я спадзяюся, што на гэтую кнігу адрэагуюць славісты, людзі захопленыя мовамі і лінгвістыкай, а таксама перакладчыкі. Але я таксама спадзяюся, што чытанне “Дзяцей” выйдзе за гэтае “прафесійнае” кола. Прадаючы кнігі выдавецтва Le Ver à soie, я прынцыпова звяртаюся да ўсіх – да людзей, якія захапляюцца літаратурай, і да шырэйшага кола.

Па сутнасці, “Дзеці Аліндаркі” маюць столькі ж шанцаў, як і “Малы Бала” албанца Рыдвана Дыбры або “Маму” трансільванкі Ангі Матэ, як і “Кафэ Гіена” і “Сцэны з жыцця М.” славачак Яны Бэнавай і Святланы Зухавай. Ключ да поспеху – у разліку на доўгатэрміновасць.

Я чытала, што “Смерць трагедыі” Ніцшэ за першы год пасля выхаду ў свет прадалася ў колькасці 250 экзэмпляраў. У маім каталогу тры нікому не вядомыя аўтары ўжо маюць вынік лепшы, чым у Ніцшэ. Дык чаму не “Дзеці”? Прынамсі, паспрабуем.

– Вось жа, першая кніга ў перакладзе непасрэдна з беларускай на французскую выйшла. Што далей? Які будзе працяг?

– У нас з Аленай шмат ідэй, але пакуль што я крыху пачакаю з іх ажыццяўленнем, бо на гэты момант мае выдавецкія планы запоўнены да 2020 году.

А цяпер, дзеля таго, што Братыслава будзе ганаровым горадам найбліжэйшага парыжскага Салону кнігі, а таксама таму, што ніводзін славацкі дыпламат не задаецца пытаннем – ці ёсць сэнс падтрымліваць сучасную літаратуру сваёй краіны, я выдаю тры славацкія кнігі з дапамогай славацкай дзяржавы, якая за апошнія два гады абышла ўсе французскія выдавецтвы, каб зацікавіць іх сваёй сучаснай літаратурай, і выдзяляе немалыя сродкі на яе пераклад на іншыя мовы. Вось гэта людзі, якія не лічаць нармальным, што нехта іншы мусіць плаціць за рэалізацыю іх жаданняў.

А тым часам мы будзем прэзентаваць “Дзяцей Аліндаркі” дзе толькі можна, пачаўшы з вылучэння кнігі на розныя прэміі, у тым ліку за пераклад.

Чытайце таксама:

Навіны

Віншуем з юбілеем Наталлю Паўлаўну Алейнікаву!

18 Вер 2024

Наталля Паўлаўна, прыміце ад усяго калектыву Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі віншаванні з цудоўнай юбілейнай датай! Моцнага здароўя на доўгія гады, невычэрпнага жаночага шчасця, багацця, цяпла ў доме і гармоніі ў душы. Няхай усё складаецца ўдала і гарманічна, жыццё будзе напоўнена яркімі фарбамі і толькі добрым настроем! Хай блізкія акружаюць клопатам і любоўю, спраўджваюцца самыя смелыя і грандыёзныя мары.

Партрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах

Уладар дзіцячых мар

17 Вер 2024

Юбілейная кніжная выстаўка “Уладар дзіцячых мар”, прысвечаная 75-годдзю беларускага пісьменніка Аляксея Мікалаевіча Якімовіча, праходзіць з 17 верасня па 20 кастрычніка ў зале беларускай літаратуры (пам. 205).

Кніжныя выстаўкі

Назаўжды разам!

17 Вер 2024

17 верасня 1939 года – найважнейшы дзень у гісторыі беларускага народа. Менавіта тады пачаўся вызваленчы паход Чырвонай арміі, які дапамог працоўным Заходняй Беларусі зліцца з БССР. Ажыццявілася запаветная мара беларускага народа зноў стаць адзіным цэлым.

Выставачныя мультыпраекты

1–14 верасня 1944 года. На шляху да Вялікай Перамогі

16 Вер 2024

Працяг новага праекта Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне” прысвечаны 80-годдзю Перамогі савецкага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў Вялікай Айчыннай вайне. З канца ліпеня 2024-га па май 2025 г. на партале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі публікуюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944 года, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей таго часу.

Праект “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне”

Бібліятэкарам