ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
“Тутэйшыя” вернуцца ў Купалаўскі тэатр увосень. Прэм’ера – 23 верасня
Багаты і бедны. Да 125-годдзя Леапольда Іванавіча Родзевіча (1895–1938)

Уладзімір Караткевіч і ежа

Уладзімір Караткевіч і ежа
Іншыя навіны

Уладзімір Караткевіч любіў гатаваць сам, ведаў шмат страў, пра якія распавядае ў творах. Сярод страў, апісаных Уладзімірам Караткевічам у гістарычных раманах ёсць вельмі незвычайныя і складаныя. Засяродзімся на кулінарыі XX стагоддзя, на тым, што еў Уладзімір Караткевіч сам, паводле ўспамінаў сяброў і знаёмых, а таксама згадаем стравы з раманаў “Нельга забыць” і “Чорны замак Альшанскі”.

Karatkevich.jpg

Уладзімір Караткевіч, фотаздымак з архіва мовазнаўцы Фёдара Янкоўскага

Раман “Нельга забыць” (“Леаніды не вернуцца да Зямлі”), 1962 год

Кава прыгатаваная ў бацькоўскім доме ў Оршы на вуліцы Касманаўтаў 10

Снеданне з моцнай кавай. Кафейнік на агні. Вельмі салодкая вада яшчэ не пачынала кіпець, толькі драбнюткія бурбалкі ўзнікаюць на самых краях паверхні… Кава ў сталовай лыжцы з коптурам… Яна пахне так, што прачнуўся б і мёртвы. Дзве шклянкі вады… Лыжка… Другая… Трэцяя. З таго боку, дзе агонь большы, паверхня пачынае ўздымацца, паўмесяцам наплываць на астатняе. Абы не перакіпела! Хопіць.

“Чорны замак Альшанскі”

Яечня з вяндлінай лома ў галоўнага героя Антона Косміча

Добра, калі трэскаецца аб бок патэльні яйка, і сквірчыць вяндліна, і чарнее кава ў белай-белай філіжанцы!

Я падрыхтаваў сабе вады з варэннем, кінуў туды некалькі кубікаў лёду, узрэзаў свежы пачак цыгарэт, скінуў туфлі і заваліўся на тахту, пакурваючы і прысёрбваючы ваду, бо ў мяне ад гэтых дурацкіх лінгвістычных практыкаванняў глотку нібы наждаком прадзерлі.

ch-z-al.jpg

Пачастунак ксяндза

Галоўны герой Антон Косміч у ксяндза Леанарда Жыховіча: “Мы сядзелі ў адным, цнатліва бялюткім, з мноствам розных статуй на сценах (часцей за ўсё кірмашовых, гіпсавых, як сучасныя кітайскія бажкі, размаляваных у ружовае і блакітнае, але часам і старых, драўляных, пабітых часам, з даўняй патрэбай у рэстаўрацыі). А на стале быў абрус-самакорм (бо не сам жа Жыховіч зрабіў усё гэта і гарачым падаў на стол). Тут табе і карп, запечаны ў цесце, і траўнічак анісавы, і “тапелец”, што кіпеў у масле (усе старыя беларускія стравы, ледзь не з першай нашай кухарскай кнігі, “гаспадыні літоўскай”), і “пакаштуйце гэтае варэнне са сцяблін аеру, самая ніжняя частка”.

Успаміны Рыгора Барадуліна пра Уладзіміра Караткевіча

baradulin.jpgКуранятка “табака” ў рэстаране “Мінск”

Пра любімых нашых сабак (якія жылі ў Каралішчавічах) нават склалі былі вершык: “Сук Дазор і сучка Джэры жралі суп і сок з фужэра”. Ці яшчэ такі, парадыруючы заклічную паэзію: “Гэй, да сонца, гэй, да зор, з намі Джэры і Дазор!”. Каб пачаставаць сабак, пасля працы часцяком ехалі мы з Уладзімірам у “Мінск”, у рэстаран, названы ў гонар сталіцы. Уладзімір заказваў абавязкова куранятка табака, каб костачкі завезці брахлівым любімцам. Здаралася, што швейцары не хацелі пускаць кліента ва ўнтах і ў шыкоўным світары (Уладзімір падкрэсліваў, што вязалі яму світары дамы сэрца). Усё ўладжвала невялікая, па-польску кажучы, лапуўка. Пасля вячэры ў таксі везлі сабакам костачкі.

Салянка з маслінамі

I дома, і ва Уладзівастоку, калі бывалі грошы на рэстаран, стараўся я заказваць салянку, каб абавязкова з маслінамі. Па традыцыі з яшчэ некранутай лыжкай міскі выкладваў я масліны ў міскі Уладзіміру і Генадзю. I пачыналася вясёлая размова. Кожны раз. Уладзімір казаў, што са мной усё зразумела, маслінаў не прызнаю, бо радаводу простага, з сялян ці з рабочых, як пісаць загадвалі савецкія анкеты. Але хто ж усё-ткі быў панавіты ў Кляўковым родзе? Генадзь загадкава змоўчваў, старанна закусваючы. Даваў Уладзіміру палатунак на роздум, на яшчэ адзін напамінак пра сваю шляхетнасць. Мне, праўда, прызнаўся. У магазіне каля студэнцкага інтэрната былі толькі масліны. І давялося прывыкнуць закусваць маслінамі, мучыцца.

Клёцкі з душамі

Маме было прыемна ўспомніць латышскія стравы і пачаставаць Ераніма (Еранім Стулпан), а Валодзечку (так ласкава называла любімца) клёцкамі з душамі.

Вялікоднае меню

Фантазія Караткевіча рэалізавалася рознапраяўна. У побыце, у прыгодах, нават у лістах. Да прыкладу ў такім:

Menu.JPG

Успаміны Сяргея Законнікава

Смарчкі з салам

Аднойчы вясною ў нашым лесе было багата смарчкоў. Мы назбіралі іх цэлы мех. Бацька наверх паклаў ладны кавалак сала і сказаў: “Вязі вось так – у мяху. Павінен жа і я нечым уразіць Караткевіча”. І сапраўды. Калі я пазваніў у кватэру і ўваліўся туды з мехам грыбоў, то захапленню не было мяжы. Уладзімір Сымонавіч доўга дзіваваўся, а потым сказаў: “Распранайся. Зараз жа будзем варыць, смажыць і есці”. Так і зрабілі. Прамылі грыбы, адварылі, зноў прамылі і паклалі на патэльню. Але загавырыліся і забыліся пра накрыўку. Чую нейкі трэск і кажу: “Трэба глянуць”. А Уладзімір Сымонавіч адказвае: “А ні бяды. Хай сабе трашчаць, яны смажацца”. А потым запахла паленым. Тут ужо і ён падняўся. Заходзім у кухню і бачым: гарыць сала на патэльні, а нашы ўсе смарчкі ляжаць веерам на падлозе. Пераглянуліся і зарагаталі, а потым Караткевіч гаворыць: “Ну і кухары! У смарчках жа паветра, яны скачуць, як мячыкі. Давай, браце, зоймемся імі ўсур’ёз. А то і не пакаштуем грыбоў”.

Успаміны Алеся Асіпенкі

Смажаныя страчкі і смарчкі

Утрох мы нарэзалі два паўнюсенькія кошыкі маладых смарчкоў і страчкоў. Караткевіч сам узяўся гатаваць іх па адным яму вядомым рэцэпце, адкапаным ім ці то ў бібліятэцы Радзівілаў, ці то ў архіве Сапегі. А каб, часам, тайна рэцэпта не стала вядома мілітарыстам з НАТА, ён прыняў усе меры засцярогі, гэта значыць, выгнаў усіх з кухні, пакінуўшы сабе ў памочнікі кухара Таццяну. З нас жа – Шмырова і мяне – узяў урачыстае слова ні пры якіх абставінах не гаварыць гасцям пра грыбы – патрэбна для эфекту нечаканасць.

Гадзіны праз паўтары са сталовай пацягнулася ў жылы корпус працэсія на чале з Караткевічам. Ён нёс каструлю са смажанымі грыбамі, за ім кухар і афіцыянтка неслі талеркі, відэльцы, чаркі і яшчэ сёе-тое для падмацавання.

– Не праглыніце языкі, бо чуеце, як смачна пахне. Аж няма слоў і таленту, каб перадаць усю непаўторнасць паху вясновых смажаных грыбоў, – папярэдзіў ён нас і пайшоў клікаць гасцей.

Тыя, аднак, захаплення не падзялілі, а нават жахнуліся, што іх паклікалі на грыбы. А важкі, на думку Караткевіча, аргумент, што грыбы гатаваў ён сам, толькі павялічыў страх перад такой нечуванай для вясны стравай.

Спасылаючыся на розныя хваробы і парады ўрачоў, госці далікатна, але і настойліва адмовіліся пакаштаваць смажаныя грыбы, аддаўшы перавагу смажанаму мясу.

Смажаныя грыбы былі сапраўды надзіва смачныя. Бачачы, што з намі нічога дрэннага не здарылася, абодва сцэнарысты неўзабаве адважыліся пакаштаваць і былі вельмі здзіўлены, што грыбы такія смачныя. А Валодзя Караткевіч праслыў сярод масквічоў яшчэ і вялікім гурманам і непераўзыдзеным кухарам.

Пасля гэтага пачаліся яго варыяцыі на кулінарныя тэмы. Можна было падзівіцца, якіх толькі страў не ведаў Караткевіч. І з дзічыны, і з птушак, і з рыб. Часам мне здавалася, што некаторыя стравы Уладзімір Караткевіч выдумвае непасрэдна тут, за сталом: вельмі ўжо выглядалі яны фантастычна. Але ён расказваў пра іх так ярка і праўдзіва, што сумнявацца можна было толькі моўчкі.

Успаміны Амельчанкі Мікалая

Царскі стол

Я прынёс са склепа дзве пляшкі “Аксаміта Украіны”, выняў з халадзільніка вараныя языкі, бужаніну, смажаных куранят, і наш начны пір пачаўся. – Ну што ж, – кожны раз, напаўняючы чаркі або фужэры, весела прамаўляў Валодзя, – бачыш, як мы цяпер жывём, царскі стол.

Успаміны Адама Мальдзіса (“Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча”)

Maldzis.jpgКава ў турцы ў кватэры на Чарнышэўскага

Валодзя не раз казаў, што нідзе яму не пісалася так хораша, як на Чарнышэўскага. Ды яшчэ ў Оршы. У той вечар, аднак, мы не спыніліся ў пакоі, а пайшлі на кухню, “самае ўтульнае і зручнае месцейка”, дзе Валодзя запарыў у “турцы” каву (гэта ён умеў рабіць як ніхто), выцягнуў з “затыркі” бутэльку сухога віна. І прасядзелі мы разам аж да трох гадзін ночы.

Крупнік

У Вільні цётка Жукоўская цярпліва вучыла нас, як з мёду, спірту і спецый варыць стары беларуска-літоўскі крупнік.

Дзень народзінаў

Як сапраўднае свята заўсёды ўспрымаўся дзень нараджэння самога Караткевіча – 26 лістапада. Імяніннік апранаў белую кашулю. Рыхтаваліся рэдкія стравы (з дзічыны, з грыбоў) і настойкі (“беларуска-літоўскі крупнік”). Гасцям раздаваліся “буські”, чыталіся новыя вершы. На тых днях нараджэння апрача Надзеі Васільеўны нязменна прысутнічалі Барадуліны, Грынчыкі (Люба Грынчык прыходзіла з гітарай), Адамчыкі, Прашковіч. Часам прыязджалі сваякі з Оршы – пляменніца Ляля з мужам Юркам (“сапраўдным казаком”). Набіраўся цэлы стус парадыйна-гумарыстычных віншаванняў. Зачытвалася “газетка”, згорнутая ў выглядзе папіруса.

Шампіньёны з бульбай (“каб лыжка стаяла”), 1971 год: дзень народзінаў Уладзіміра Караткевіча ў Кракаве

Мы зайшлі ў прыватную краму на вуліцы Кроводэрскай (“якая назва, дзед, напэўна ж, тут калісьці здзіралі скуры з кароў”), купілі шампіньёнаў і бульбы. Чакаючы гаспадара кватэры, Караткевіч спёк бульбу з шалупіннем у духоўцы, засмажыў паводле свайго рэцэпта (“каб лыжка стаяла!”) грыбы, накрыў стол.

Грыбная прыправа, Кракаў

Роўна ў дзве гадзіны, пад гукі гейнала з Мар’яцкай вежы, сустракаліся мы ля “Сукеніц” і ішлі абедаць. Кожны дзень выбіралі іншую кухню: горскую (“гуральскую”), венгерскую, французскую. Па патрабаванні Караткевіча плацілі строга па чарзе. Ён жа заўсёды сачыў, каб на стале былі вострыя прыправы. Асабліва Валодзю спадабалася “магі” – падліва з сушаных грыбоў. І ў кожнай рэстарацыі ён гучна патрабаваў:

– І ешчэ попрошэн о пшыправэн з гжыбув!

Боршч і варэннікі (Кіеў, 1979)

Мы разам пасяліліся ў гасцініцы “Славуціч” з вокнамі на Днепр, разам хадзілі на ўрачысты канцэрт, прысвечаны 325-годдзю з’яднання Украіны з Расіяй, і заключны банкет. Разам двойчы вячэралі ў “Куранях”, дзе падавалі дужа смачны боршч і варэнікі.

Аўтар публікацыі: Паліна Качаткова (Сцепаненка).
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Чытайце таксама:

Навіны

Разведвальная аперацыя “Бібліятэка”

23 Кра 2024

18 красавіка адбылося 10 бібліяграфічных урокаў па патрыятычным выхаванні для вучняў 7–11-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 53, 62. 114. 153 і гімназіі № 11 г. Мінска з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Беларус Сяргей Грыцавец – першы ў СССР двойчы Герой Савецкага Саюза

30 Кра 2024

Званне Героя Савецкага Саюза выдатнаму лётчыку-асу Сяргею Іванавічу Грыцаўцу (1909–1939) было прысвоена двойчы: Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 лютага 1939 года “за выкананне спецыяльнага задання ўрада і інтэрнацыянальнага доўгу” і Указам ад 29 жніўня 1939 года “за ўзорнае выкананне баявых заданняў і выбітны гераізм, праяўлены пры выкананні баявых заданняў”.

Праект "Імёны Герояў бессмяротныя"

29–30 красавіка – 1–5 мая 1944 года. 18 тыдняў да Вызвалення

30 Кра 2024

Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Штотыдзень са студзеня па жнівень 2024 года на партале Нацыянальнай бібліятэкі публікуюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944 года, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей таго часу.

Праект “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

Лекцыя-канцэрт “Анталогія нацыянальнай харавой спадчыны”

26 Кра 2024

25 красавіка ў галерэі “Лабірынт” адбылася заключная ў сезоне 2023–2024 гг. інтэрактыўная лекцыя-канцэрт з цыкла “Музычная спадчына Беларусі ў прасторы сучаснай культуры”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Даніна памяці жыццёваму подзвігу Героя Савецкага Саюза Івана Самбука

27 Кра 2024

24 красавіка на базе ДУА “Сярэдняя школа № 51 г. Мінска” прайшлі тэматычныя прэзентацыі ў рамках цыкла мерапрыемстваў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Небывалы аншлаг васьмікласнікаў СШ № 62 г. Мінска ў зоне каталогаў і картатэк

26 Кра 2024

23 красавіка для навучэнцаў 8 класа СШ № 62 адбыўся бібліяграфічны ўрок "Брэсцкая крэпасць-герой" з цыкла заняткаў "Пастараемся ж і мы быць дастойнымі іх Вялікай Перамогі", якія рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам