ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Дыхнула слова цёплай ласкай
Пад бацькоўскім дахам

Рыхтуецца да друку кніга рукапісаў Барадуліна

Рыхтуецца да друку кніга рукапісаў Барадуліна
Іншыя Навіны

Плануецца, што ў новым выданні не будзе ніводнай друкаванай літары, а ўвесь матэрыял збяруць са шматлікіх нататнікаў пісьменніка.


Новая кніга аб’яднае як ужо вядомыя, так і зусім новыя вершы. Да таго ж, сюды патрапіць і сапраўдны эксклюзіў: выпадковыя занатоўкі з размоў, малюнкі дачкі і ўнучкі, эпіграмы на вядомых асоб і зацемкі пра любімых катоў Мірона і Рысіка.

Ідэя кніжкі ўзнікла ў журналіста і блогера Глеба Лабадзенкі пасля таго, як дзядзька Рыгор убачыў ягоную кніжку “Дзіцячая ЗаМова”:
– Такое хуліганства (грубая кардонная вокладка, шэрая папера, металічная спружына) яму спадабалася. Больш за тое, ён сам выказаўся за тое, каб выдаваць кніжкі “нясумна”. Тады і прыйшла думка, што цікава было б выдаць у такой форме менавіта рукапісы Барадуліна. Бо почырк дзядзькі Рыгора – гэта ўжо графічны брэнд. У інтэрнэце цяпер можна знайсці шмат вершаў, напісаных ягонай рукой, а практычна ва ўсіх апошніх кніжках, што выходзілі ў дзядзькі Рыгора, ёсць 1–2 вершы ў рукапісным варыянце. Прычым нават у кнігах 20-гадовай даўніны: ужо тады дызайнеры зразумелі гэтую фішку. Да таго ж, па новай кнізе можна будзе прасочваць, як з часам мяняўся почырк паэта. Якімі асадкамі ен пісаў, на якой паперы і ў якіх нататніках.
Самы ранні рукапіс у будучай кнізе – 1952 года. Самы свежы – сёлетні, 2013 года. Атрымліваецца, чытач атрымае падборку вершаў за 61 год!.. Апроч гэтага, у выданні мяркуецца размясціць фотаздымкі, якія чытачы раней яшчэ не бачылі:

– Чамусьці так адбываецца, што з кнігі ў кнігу Барадуліна качуюць адны і тыя ж фотаздымкі. Некаторыя з іх проста прыеліся, бо друкаваліся дзясяткі разоў. Тым часам, дома ў паэта знаходзіцца вялікі чамадан з фотаздымкамі. І мяркуючы па ўсім, у яго даўно ніхто не зазіраў. Там можна знайсці сапраўдныя перліны для будучай кнігі!

– Добрая звычка пісьменніка перапісваць усе вершы на чыставік цяпер вельмі дапамагла ў падрыхтоўцы кнігі: з-за гэтага дзясяткі вершаў падрыхтаваць да друку можна даволі хутка. Сапраўдную атмасферу нататніка паэта перададуць і выпадковыя занатоўкі на старонках.

Да прыкладу, можна сустрэць цытаты Васіля Быкава. Вось паразмаўлялі сябры па тэлефоне, і дзядзька Рыгор занатаваў сабе нейкі выраз Быкава. Ёсць і малюнкі. Спачатку ягонай дачкі Ілоны, калі тая была маленькая – у нататніках 1970-х. Потым у 90-х – ягонай унучкі Дамінікі, якая, відаць, проста падыходзіла да стала дзеда і казала: “Давай, я табе чаго намалюю”. Смешныя дзіцячыя выслоўі, нейкія эпіграмы на вядомых асоб... Сустракаюцца і зацемкі пра катоў, якіх ён, вядома, вельмі любіць. Шмат год у яго кватэры жыў кот Мірон, цяпер вось Рысік – якога дзядзька Рыгор узяў у 2003 годзе ў сваіх родных Вушачах. Спадзяюся, дзякуючы ўсяму гэтаму ўдасца перадаць такі творчы балаган у нататніках паэта.

Цяпер Глеб Лабадзенка, журналіст і малодшы сябра паэта, збірае і апрацоўвае матэрыял для новай кнігі разам з былой рэдактаркай выдавецтва “Мастацкая літаратура” Наталляй Давыдзенка. Выдаваць зборнік мяркуецца талакой – уласных сродкаў на яго выданне няма, таму колькасць накладу будзе складацца з папярэдніх замоў на кнігу праз ўласны сайт журналіста. – Спадзяюся, тыя, хто захоча набыць кнігу, парупяцца пра гэта загаддзя. У выніку гэта стане сваеасаблівай акцыяй падтрымкі Рыгора Барадуліна, прыбытак ад кнігі будзе перададзены яму. Не таму што ён адчувае нейкую патрэбу, а таму што лічу гэта нармалёвым, калі сам аўтар, а не нехта іншы, заробіць на кнізе. Нагадаю, што некалі гадоў таму дзядзьку Рыгора намінавалі на Нобелеўскую прэмію. Тады мы з ім рабілі інтэрв’ю, я яшчэ спытаўся: што будзе, калі раптам ён пераможа? На што ён патраціць мільён даляраў? Паэт проста адказаў: маўляў, набуду сабе цукерак! Гэта яшчэ адно сведчанне таго, што сам ён вельмі сціплы чалавек, і ніколі не думае, а тым больш не гаворыць пра нейкую там матэрыяльную выгаду.

Хутчэй за ўсе, назвай для кнігі стане надпіс з першай старонкі самага новага нататніка Рыгора Барадуліна. Гэта слова “Лепей”:
– Яшчэ не пытаўся падрабязней у шаноўнага дзядзькі Рыгора, што гэта значыць. І ўвогуле, напэўна, глупа пытацца ў паэта, што ён меў на ўвазе. Але гэта такая ёмістая назва, што яна сапраўды пасуе не толькі да нататніка, але і як назва для кнігі вершаў.

Аўтар артыкула: Ксенія Ельяшэвіч.

Чытайце таксама:

Навіны

У бібліятэцы абмеркавалі міжнародныя стандарты і выбарчы працэс

20 Вер 2024

19–20 верасня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Міжнародныя стандарты і выбарчы працэс: вопыт і перспектывы развіцця”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

“«Песняры»: малітва галасоў і сэрцаў”: бібліятэка стварае новы віртуальны праект

20 Вер 2024

У гэтым годзе адзначаецца 55-годдзе з часу заснавання Беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры” – легендарнага гурта, любімага мільёнамі слухачоў у розных краінах свету.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

“На ўсходзе сонца”: заключны фільм кінатрылогіі “Доўгія вёрсты вайны”

19 Вер 2024

18 верасня зала дакументаў па мастацтве (пам. 306) у чарговы раз стала месцам прыцягнення прыхільнікаў творчасці Васіля Быкава і экранізацый яго глыбокіх твораў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Кніга – лепшы падарунак

19 Вер 2024

Напярэдадні святкавання Дня бібліятэк у рамках дабрачыннай акцыі “Год якасці: фарміруем фонды разам”, якая праводзіцца з мэтай дакамплектавання фондаў бібліятэк краіны, супрацоўнікі аддзела камплектавання фондаў на працягу ўсяго святочнага тыдня наведвалі бібліятэкі Рэспублікі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

У Сафіі адзначылі Дзень народнага адзінства

18 Вер 2024

17 верасня да Дня народнага адзінства ў Рускім Доме ў Сафіі адкрылася фотавыстава “Беларусь: прыгожыя імгненні”, падрыхтаваная Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі сумесна з тэлеканалам “Беларусь 24”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам