ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
500-гадовы юбілей Астафія Валовіча, дзяржаўнага і грамадскага дзеяча ВКЛ, правазнаўца, мецэната-асветніка
Да 100-годдзя з дня нараджэння беларускага пісьменніка Аляксея Карпюка створаны інфармацыйны рэсурс пра яго жыццё і творчасць

Міхась Міцкевіч і яго ўменне не патануць у адчаі

Міхась Міцкевіч і яго ўменне не патануць у адчаі
Іншыя Навіны

Шляхетны, сонечны, артыстычны, вясёлы – з Міхасём Міцкевічам было заўсёды цікава, і любая, нават самая простая з ім гутарка набывала неабходную глыбіню, паведамляе Белсат.

Азартны паляўнічы, выдатны навуковец, цудоўны майстар эпіграмы, чалавек, які натхняў сваім жыццялюбствам – спадар Міхась нагадваў усёй сваёй паставай легендарнага шляхціца Завальню. Ягоныя тэатралізаваныя ўспаміны пра бацьку можна было слухаць бясконца. Кожны такі маналог нагадваў унікальны монаспектакль.

Якуб Колас быў чалавек невясёлы, нават суровы, часта жаліўся на несправядлівасць рэчаіснасці, але, тым не меней, ува многіх сваіх празаічных і вершаваных творах стараўся даказаць, што надзея ёсць, і смутнаглядства не павінна нас перамагчы. Яго малодшы сын Міхась рашуча не прымаў бацькаў сум, а ўзяў ад яго менавіта гэтае імкненне да радасці, бо разумеў: якое б жыццё вакол цябе ні разгортвалася, заўсёды старайся кожнае імгненне свайго існавання ператвараць у свята.

Спадар Міхась, у адрозненне ад старэйшага брата Данілы, не заглыбляўся з літаратуразнаўчай уседлівасцю ў бацькаву творчасць. Яму дзеля добрага настрою дастаткова было час ад часу перачытаць асобныя раздзелы з «Новай зямлі», «Сымона-музыкі», прагартаць палескія аповесці – творы, дзе светлае ўспрыманне рэчаіснасці дамінавала над іншымі фарбамі.

Гэтаксама спадар Міхась як агню баяўся неапраўданага пафасу, і калі распавядаў пра тату, пра ягоныя стасункі з Янкам Маўрам ці Янкам Купалам, то апавяданні гэтыя набывалі такую ж лёгкую, сатырычную, вясёлую афарбоўку, як і класічныя апавяданні Якуба Коласа «Курская анамалія» альбо «Хаім Рыбс».

Міхась Міцкевіч услед за Ларысай Геніюш лічыў, што беларусы ажно празмерна стогнуць і жаляцца на свой нешчаслівы лёс. Магчыма, таму паэзія таго ж Янкі Купалы была для Міхася Міцкевіча не вельмі блізкай, бо, як вядома, аўтар «Кургана» быў вядомым песняром адчаю, смутку, балючай жалобы.

На характар Міхася Міцкевіча, акрамя бацькі, вельмі моцна паўплываў сярэдні сын Коласа Юрка, які трагічна загінуў падчас Другой сусветнай вайны, – заўсёды вясёлы, упэўнены ў сабе, кампанейскі хлопец і, акрамя таго, шыкоўны паляўнічы.

Міхась вучыўся ў брата такому небеларускаму майстэрству камунікабельнасці, а таксама ўслед за ім палюбіў паляванне. А калі Міхасю нешта падабалася, то аддаваўся ён гэтай жарсці на поўную сілу. Таму, напрыклад, не проста стаў неблагім стралком і паляўнічым, а зрабіўся майстрам спорту, быў прызёрам першай спартакіяды народаў СССР (1956) у спаборніцтвах па стэндавай стральбе.
   
У навуковай дзейнасці Міхась Міцкевіч гэтаксама не лічыўся шарагоўцам.

За працы ў галіне тэхналогіі ды абсталявання для электраэразійнага апрацоўвання металаў уганараваны Дзяржаўнаю прэміяй БССР (1980). На рахунку спадара Міхася – больш за 150 навуковых працаў, ён аўтар звыш 20 вынаходстваў.

Як і бацька, спадар Міхась ніколі не хаваў сваёй грамадзянскай пазіцыі.

Вядома, што ў 1930-я гады Якуб Колас актыўна выказваўся ў сценах Акадэміі навук БССР пра той жахлівы стан, у якім апынулася беларускай мова. А ягоны апошні прыжыццёвы ліст, які ён аднёс у ЦК, гэтаксама быў крыкам душы, дзе выказваўся боль з прычыны жахлівай русіфікацыі ў нашым краі.

Міхась Міцкевіч неаднаразова ў інтэрв’ю гэтаксама гаварыў пра ганебнае двухмоўе, пры якім на вачах гіне
Гэтаму чалавеку можна было зайздросціць… белай зайздрасцю.

Ён цалкам зрэалізаваўся як навуковец, пакінуў унікальныя ў сваёй літаратурна-гістарычнай значнасці ўспаміны, не забываў пра ўласныя радасці (паляванне), стварыў выдатную сям’ю, да апошняга моманту захаваў ясную памяць і цвярозасць думкі.

Гэты дзівосны чалавек, ягонае ўменне жыць і працаваць – прыклад для нас, як можна пры любых умовах, захаваўшы артыстызм і шляхетнасць, дамагчыся многага, і пры гэтым не расчаравацца, не стаміцца, сысці ў лепшы свет са светлай усмешкай, без ценю стомы ці незадаволенасці.

Вечная Вам памяць, Міхась Канстанцінавіч, нам Вас будзе вельмі не хапаць!

Крыніца: Новы час

Чытайце таксама: Міхась Міцкевіч: Хай нашы дзеці вырастуць свядомымі
Навіны

Зала дакументаў па мастацтве прапануе: рубрыка “Паштоўкі і плакаты з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі”

22 Вер 2024

Кожны дзень, праходзячы па калідорах бібліятэкі, мы і нашы чытачы любуемся творамі беларускіх жывапісцаў, скульптараў, майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Зала дакументаў па мастацтве прапануе...

У бібліятэцы абмеркавалі міжнародныя стандарты і выбарчы працэс

20 Вер 2024

19–20 верасня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Міжнародныя стандарты і выбарчы працэс: вопыт і перспектывы развіцця”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

“«Песняры»: малітва галасоў і сэрцаў”: бібліятэка стварае новы віртуальны праект

20 Вер 2024

У гэтым годзе адзначаецца 55-годдзе з часу заснавання Беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры” – легендарнага гурта, любімага мільёнамі слухачоў у розных краінах свету.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

“На ўсходзе сонца”: заключны фільм кінатрылогіі “Доўгія вёрсты вайны”

19 Вер 2024

18 верасня зала дакументаў па мастацтве (пам. 306) у чарговы раз стала месцам прыцягнення прыхільнікаў творчасці Васіля Быкава і экранізацый яго глыбокіх твораў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Кніга – лепшы падарунак

19 Вер 2024

Напярэдадні святкавання Дня бібліятэк у рамках дабрачыннай акцыі “Год якасці: фарміруем фонды разам”, якая праводзіцца з мэтай дакамплектавання фондаў бібліятэк краіны, супрацоўнікі аддзела камплектавання фондаў на працягу ўсяго святочнага тыдня наведвалі бібліятэкі Рэспублікі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам