ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Гран-пры конкурсу "Мастацтва кнігі" краін СНД у выдання "А хто там ідзе?"
Візіт дзяржсакратара Міністэрства культуры Украіны

Літаратурны пантэон: Янка Купала і Тарас Шаўчэнка

Літаратурны пантэон: Янка Купала і Тарас Шаўчэнка
Іншыя навіны

У кожнай літаратуры на працягу доўгага перыяду фарміруецца кола знакавых імёнаў – так званы літаратурны пантэон. Украінскі дыскурс у сукупнасці сваіх аўтарытэтных пісьменніцкіх імёнаў, безумоўна, уплывае на ідэйна-эстэтычнае, вобразна-тэматычнае поле беларускага прыгожага пісьменства. Шматвекавы досвед добрасуседскіх адносін паміж Беларуссю і Украінай абумовіў трывалую прысутнасць жыццёва-быційных феноменаў суседняй краіны ў айчынным мастацтве слова.

Сярод персаналій, прадстаўленых у беларускім літаратурным пантэоне, вылучаюцца постаці Янкі Купалы і Тараса Шаўчэнкі, знакавыя ў адзінстве знамянальнай, кансалідуючай ролі «бацькоў» нацыі, якую яны адыгралі ў працэсе тварэння нацыянальнай ідэі і сцвярджэнні этнанацыянальнага быцця, нацыянальнай мадэлі свету, духоўна-эстэтычных каштоўнасцей нацыянальнай культуры, яе інтэлектуальнага напаўнення.

Непасрэдны зварот Янкі Купалы да ўкраінскага нацыянальнага генія «Эх! і нам будзь бацькам мілым, Украінча слаўны!» пераўтвараецца ў важны фактар развіцця нацыянальнай свядомасці, уплывовы чыннік фарміравання ўласнай ідэнтычнасці праз абуджэнне духу, любоў да свабоды, роднага краю і мовы. Увогуле, украінскі паэтычны дыскурс («Я казак – не казак», «Бандароўна», «Памяці Т. Шаўчэнкі», «Памяці Шаўчэнкі») выдатна ілюструе характарыстыку акадэмікам У. Гніламёдавым купалаўскага рамантызму: «Купалаўскі рамантызм быў бунтарны, узнёслы і ваяўнічы, для яго ўласціва ўзбуйненне асобы, цікавасць да магчымасцей чалавека, вера ў яго сілы». Для беларускага песняра легендарная вольніца ўкраінскага казацтва, яго змагарнанапружаны жыццёвы тонус і гераічна-бунтарнае самавыяўленне былі сімваламі свабодных і дэмакратычных форм нацыянальнага жыцця.

На прыкладах рэцэпцыі асобы і творчасці Кабзара беларускі паэт зафіксаваў важнасць узаемазвязаных момантаў спасціжэння іншасці, яе зацікаўленага асэнсавання і лагічнага самавыяўлення. У вершы «Памяці Т. Шаўчэнкі» імпануе разняволенасць, маральная чысціня (сумленнасць) і свабодалюбівая памкнёнасць «песні кабзарыстай», у сувязі з чым таксама акцэнтуецца думка аб экспрэсіўна-рэзанансным уздзеянні шаўчэнкаўскай паэзіі менавіта на духоўна-пачуццёвыя сферы чалавечай натуры – душу і сэрца. Янка Купала фарміруе мастацка-вобразную палітру верша ў адпаведнасці з трывалымі, стэрэатыпнымі ўяўленнямі пра кордацэнтрызм украінцаў і адмысловымі магічна-ўплывовымі здольнасцямі паэтычнага ўздзеяння, што адначасова дае магчымасць звярнуць увагу і на сардэчную чуласць, лірычную настроенасць беларускага народа:

На поўдзень, на поўнач, на ўсход, захад сонца,
На кобзах людскіх душ твой грае «Кабзар»,
У хатцы, ў падвале, ў цямніцы, ў карчомцы
Калоціш ты сэрцы, як звонам званар.

У паэме «Тарасова доля» (1939) лёс Кабзара адлюстраваны ў кантэксце супольных сацыяльна-гістарычных і духоўна-культурных варункаў жыцця беларусаў і ўкраінцаў. Паэтычная інтэрпрэтацыя жыццёвага лёсу, успрыманне творчасці ўкраінскага паэта ажыццяўляецца з пазіцый этнацэнтрызму, у цеснай увязцы і асацыяцыях з уласнабеларускім быційным кантэкстам:

Бо йшла доля беларуса
З доляй украінца
Адналькова – ў поце, ў слёзах,
Церневым гасцінцам.

У творы актуалізуецца момант прысутнасці Т. Шаўчэнкі на беларускіх землях падчас яго падарожжа ў Пецярбург, абазначана выпакутаванае, а значыць, пранізліва-глыбокае і небясследнае ўздзеянне на свядомасць будучага паэта асаблівасцей беларускай нацыянальнай прасторы ў адзінстве яе ландшафтных, прыродна-ментальных, духоўна-сацыяльных фактараў. Янка Купала лаканічна і дакладна стварае аўтастэрэатып беларускіх прасторавых рэалій у іх найбольш характэрных, пазнавальных, ключавых топасах: бярозы, гасцінец, бор, крыніцы.

Беларускія бярозы
Абапал гасцінца
Калыхалі думкі шумам
Хлапчуку-ўкраінцу.

Бор шумеў яму над вухам,
Булькалі крыніцы, –
Маладому, дасціпному
Было чым дзівіцца.

Бачыў ўбогія хаціны,
Крытыя саломай,
Людзей бачыў паднявольных,
Што і ў сябе дома.

Геакультурная прастора Беларусі ў традыцыйна-фальклорных вобразах, прасторавых маркёрах «бярозы / гасцінец» амаль праз стагоддзе сталася нацыянальным брэндам у песні «Вы шуміце, шуміце» на словы Н. Гілевіча, музыку Э. Ханка ў выкананні музычнага калектыву «Сябры».

Менавіта Янкам Купалам было запачаткавана ўспрыманне Тараса Шаўчэнкі як «бацькі» нацыі і фарміраванне яго паэтычна-ўзнёслага, рамантычна-патрыятычнага іміджу як «праслаўнага бацькі ўкраінскай свабоды», узмоцненага трапнымі і лаканічнымі стэрэатыпнымі характарыстыкамі ўкраінскай нацыянальнай прасторы, абавязковымі атрыбутамі якой выступаюць «Дняпровыя воды» і «стэпоў цішына».

Праслаўнаму бацьку ўкраінскай свабоды
Паклон б’е разбуджана ўся старана,
Талкуюць аб гэтым дняпровыя воды,
І думае думу стэпоў цішына.

Паэтычныя формулы «бацька», «Дняпровыя воды» і «стэпы» замацавалі сваю стэрэатыпнасць у беларускім мастацкім кантэксце і выступаюць дакладным указальнікам на асобу і арыенцірамі-паказчыкамі мясцовасці, значна эканомячы час і намаганні пры засваенні іншага асяроддзя. Прапанаваную Янкам Купалам стэрэатыпную шкалу трансляцыі ўкраінскіх рэалій прадуктыўна скарысталі іншыя беларускія аўтары. Вершы-звароты беларускіх паэтаў да Украіны, да постаці Шаўчэнкі, як правіла, транслююць кампактныя, але пазнавальныя, тыповыя малюнкі ўкраінскіх ландшафтаў, першаступенная роля сярод якіх належыць Дняпру і стэпам.

«Бацька» ў інтэрпрэтацыі Янкі Купалы, «баян» ва ўспрыманні Якуба Коласа, казак-вязень для Алеся Гаруна, сейбіт-змагар-пясняр ва ўяўленні Максіма Танка, «чарадзей» для Язэпа Пушчы, «геній Украіны» з пункту погляду Ніла Гілевіча – у такім разнастайным мастацка-вобразным афармленні паўстае Тарас Шаўчэнка ў вершах беларускіх паэтаў.

Аўтар публікацыі: Жанна Шаладонава.

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Навіны

Усебеларускі народны сход – гарант палітычнай стабільнасці і суверэнітэту

30 Кра 2024

30 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся Адзіны дзень інфармавання на тэму “Усебеларускі народны сход – гарант палітычнай стабільнасці і суверэнітэту”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Прымайце ўдзел у фотаконкурсе #КВІТНЕЙРОДНАЯБЕЛАРУСЬ

30 Кра 2024

Напярэдадні 80-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне аддзел экскурсійна-метадычнай работы / @excursion_nlb з 9 мая па 3 ліпеня запрашае ўсіх жадаючых узяць удзел у фотаконкурсе #КВІТНЕЙРОДНАЯБЕЛАРУСЬ.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Разведвальная аперацыя “Бібліятэка”

23 Кра 2024

18 красавіка адбылося 10 бібліяграфічных урокаў па патрыятычным выхаванні для вучняў 7–11-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 53, 62. 114. 153 і гімназіі № 11 г. Мінска з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Беларус Сяргей Грыцавец – першы ў СССР двойчы Герой Савецкага Саюза

30 Кра 2024

Званне Героя Савецкага Саюза выдатнаму лётчыку-асу Сяргею Іванавічу Грыцаўцу (1909–1939) было прысвоена двойчы: Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 лютага 1939 года “за выкананне спецыяльнага задання ўрада і інтэрнацыянальнага доўгу” і Указам ад 29 жніўня 1939 года “за ўзорнае выкананне баявых заданняў і выбітны гераізм, праяўлены пры выкананні баявых заданняў”.

Праект "Імёны Герояў бессмяротныя"

29–30 красавіка – 1–5 мая 1944 года. 18 тыдняў да Вызвалення

30 Кра 2024

Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Штотыдзень са студзеня па жнівень 2024 года на партале Нацыянальнай бібліятэкі публікуюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944 года, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей таго часу.

Праект “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

Бібліятэкарам