ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
(Не) страшныя казкі Уладзіміра Караткевіча
Запрашаем да ўдзелу ў ХVІ Міжнародных кнігазнаўчых чытаннях

Доўгі шлях у навуцы пачынаўся з працы ў бібліятэцы

Доўгі шлях у навуцы пачынаўся з працы ў бібліятэцы
Іншыя навіны

Даследчык кірылічнага кнігадрукавання Беларусі, вучоны-скарыназнавец, вядучы медыявіст, доктар гістарычных навук Георгій Якаўлевіч Галенчанка, навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН, пачынаў свой працоўны шлях у аддзеле рэдкай кнігі.

Працу студэнту чацвёртага курса гістфака БДУ прапанаваў дырэктар Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У.І. Леніна Іосіф Бенцыянавіч Сіманоўскі. Дакрананне да старадрукаў на ўсё жыццё абудзіла ў ім прагу да вывучэння беларускіх кніжных здабыткаў.

Мы звярнуліся да вядомага гісторыка, які з 82 гадоў жыцця 60 прысвяціў навуцы, з просьбай успомніць пачатак яго працоўнай біяграфіі.

– Георгій Якаўлевіч, нагадайце, калі ласка, як гэта адбылося?

– Ад самага пачатку я вывучаў кірылічныя і лацінамоўныя кнігі вельмі сур’ёзна. Прыходзіў у бібліятэку, заказваў літаратуру, ставіў дзве планкі, на іх – фотаапарат ФЭД даваеннай вытворчасці, наводзіў на рэзкасць і здымаў. Дома друкаваў і ствараў адпаведныя картатэкі. Іосіф Бенцыянавіч быў выдатным, сімпатычным чалавекам, добра ведаў замежныя мовы. Ён, убачыўшы маю цікавасць, не зрабіў заўвагу, што робяцца здымкі без дазволу дырэктара, але распытаў, чым я займаюся, і запрасіў прыйсці на працу пасля заканчэння ўніверсітэта. Так я паступіў у аддзел беларускай літаратуры, дзе сустрэў вопытнага бібліёграфа, даследчыцу і літаратуразнаўцу Ніну Барысаўну Ватацы. Мы абмяркоўвалі з ёй розныя пытанні. Потым вызвалілася месца ў аддзеле рэдкай кнігі, я перайшоў туды супрацоўнікам і быў прызначаны загадчыкам аддзела. Так я працаваў у Ленінскай бібліятэцы на працягу 1960–1962 гадоў і займаўся апісаннем кніг.

– Ад дыплома, прысвечанага кірылічнаму кнігадрукаванню, да доктарскай дысертацыі “Францыск Скарына – беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар”, абароненай у 1999 годзе. Якім быў гэты шлях?

Galenchanka-1.jpg– Шлях гэты быў доўгім. У 1962 годзе, атрымаўшы мэтавае накіраванне ў аспірантуру Маскоўскага гісторыка-архіўнага інстытута, я працягваў вывучаць кірылічныя выданні, надрукаваныя на беларускіх землях.

У Маскве меў магчымасць карыстацца бібліятэчнымі фондамі і сустракацца з такімі дасведчанымі навукоўцамі, як Антаніна Зёрнава, Яўген Неміроўскі. Спадарыня Антаніна паказвала мне многія кнігі. Я пазнаёміўся з кнігамі, датычнымі Расіі, Украіны, Польшчы, дзе захавалася кірылічная літаратура, падрыхтаваў працу ў трох тамах.

Дарэчы, працаваў на друкарскай машынцы, выпушчанай яшчэ да Першай сусветнай вайны, і ў Маскве набыў новую.

У 1965 годзе пад кіраўніцтвам члена-карэспандэнта АН СССР доктара мастацтвазнаўства, прафесара А.А. Сідарава абараніў кандыдацкую дысертацыю “История белорусского книгопечатания ХVI–ХVIII веков”.

Па заканчэнні аспірантуры і вяртанні ў Мінск мне прапанавалі выкладаць навуковы камунізм, бо быў попыт на яго. На кафедры ў БДУ працавалі вельмі інтэлігентныя і адукаваныя асобы, але яны былі вымушаны ўкладвацца ў адпаведныя рамкі.

У той час я ажаніўся з Людмілай Івановай. Зараз яна працуе ў Нацыянальным дзяржаўным архіве. Пасля трох гадоў выкладання навуковага камунізму я перайшоў у Інстытут гісторыі АН БССР, дзе працягнуў займацца кнігазнаўчай тэматыкай.

– Ваш бацька Якаў Пракопавіч, кандыдат філасофскіх навук, быў выкладчыкам Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута, пазней працаваў у БДУ. Яго педагагічны і навуковы досвед дапамагаў вам?

– Так. Бацькі мае, перш за ўсё, былі людзі чалавечныя і гуманныя, сям’я была кніжнай. Бацька паходзіў з украінамоўнага бранскага казацтва. У Маскве ён заканчваў Інстытут чырвонай прафесуры. У 1931 годзе быў накіраваны на працу ў петразаводскі Карэла-Фінскі ўніверсітэт, дзе выкладаў дыялектычны матэрыялізм. Я нарадзіўся ў Петразаводску ў 1937 годзе.

У 1939 годзе студэнты курса, дзе бацька выкладаў, добраахвотнікамі пайшлі на савецка-фінскую вайну. Сам бацька, хаця і меў бронь, мог пазбегнуць удзелу ў ваенных дзеяннях, але таксама ў 1940 годзе добраахвотнікам пайшоў на фронт. Маці атрымала паведамленне, што ён загінуў. Яго часць трапіла ў акружэнне, але ён здолеў выратавацца. Перад наступленнем фінаў, мы з маці і дзвюма сёстрамі перабраліся з Петразаводска на баржы ў Сыктыўкар, дзе і пражылі да канца вайны. Суседнія баржы побач з намі былі затопленыя ворагам.

Пасля вайны ў Мінску выдзялялі кватэры, і бацька аддаў адзін наш пакой сям’і афіцэра. Калі мы прыехалі з Сыктыўкара ў Мінск, я паступіў вучыцца ў 8-ю школу. На першых занятках мы пісалі тэксты на беларускай мове. Я атрымаў двойку, бо прыехаў з поўначы і выхоўваўся на рускай мове і культуры. З таго часу я сур’ёзна пачаў займацца беларускай мовай і выдатнікам закончыў сярэднюю школу № 42. Мой дыпломны праект на Усесаюзным аглядзе-конкурсе студэнцкіх прац атрымаў залаты медаль.

Маці Бэці Генрыхаўна была эканамістам і ў 50-я гады выкладала ў тэхналагічным універсітэце імя Сталіна гісторыю эканомікі. У часы сталінскіх рэпрэсій бацькі не ўсведамлялі маштабаў усяго, што адбывалася ў краіне. Пры дзецях яны пазбягалі размоў пра гэта.

– Ваша кніга “Францыск Скарына”, напісаная ў суаўтарстве з В. Чамярыцкім і В. Шматавым, атрымала прэмію ЮНЕСКА ў канцы 70-х гадоў.

– Яна была перакладзена і выдадзена для замежнікаў на англійскай і французскай мовах. Кніжка была невялікай, сапраўды, добра чыталася, распаўсюджвалася па арганізацыях, якія цікавіліся старажытнай пісьменнасцю, і атрымала прэмію. Гэтыя, выдадзеныя на замежных мовах кнігі, дазволілі значна пашырыць вядомасць Беларусі ў свеце і паказаць самабытнасць і высокую ступень культурнага развіцця беларускіх зямель на розных этапах гісторыі.

– У 1990-м, калі святкавалася 500-годдзе з дня нараджэння Францішка Скарыны, вы былі ініцыятарам, навуковым кансультантам і аўтарам археаграфічнага каментару да трохтомніка факсімільнага выдання скарынаўскай Бібліі.

– Каб выдаць Біблію Скарыны, спатрэбілася знайсці найлепшы захаваны экзэмпляр, і дапоўніць яго аркушамі з розных выданняў. Для гэтага прыйшлося аб’ездзіць бібліятэкі розных краін. У падарожжах мяне суправаджаў фатограф Мінскай фабрыкі каляровага друку, які здымаў выяўленыя асобнікі ці аркушы. Я апісаў, у якіх краінах і бібліятэках захоўваюцца кнігі.

Galenchanka-2.jpg

– Аб’яднаўшы даследаванні ХVIII–ХХ стагоддзяў, працы савецкага перыяду, замежныя публікацыі, агляды скарыніяны ў сваёй дысертацыі, абароненай у 1999 годзе, вы падрабязна апісалі розныя бакі кнігавыдавецкай і асветніцкай дзейнасці Скарыны.

– Я выкарыстоўваў гісторыка-рэтраспектыўную бібліяграфію, апісанні кніжных фондаў, непасрэдная эўрыстыка ў айчынных і замежных архівах, бібліятэках, музеях і прыватных зборах, прымяняліся метады структурна-аналітычнага, апісальнага і гісторыка-параўнальнага даследавання.

Важным напрамкам скарыназнаўства 60–90-х гадоў былі даследаванні філасофскіх, грамадска-палітычных, этычных, эстэтычных поглядаў Скарыны, рэнесансна-гуманістычных тэндэнцый у яго творчасці. Акрамя мяне асаблівасці выдавецкай і літаратурнай дзейнасці Скарыны вывучалі У.М. Конан, Ю.А. Лабынцаў, В.А. Чамярыцкі, М.М. Грынчык і іншыя. Відавочны прарыў у беларускай скарыніяне, узняцце яе на новы ўзровень у канцы 80–90-х гадах было звязана з дзейнасцю дзяржаўных і навуковых устаноў Беларусі. У 1991 годзе пад кіраўніцтвам А. Мальдзіса ўтварыўся Навукова-асветніцкі цэнтр імя Скарыны, дзе былі сканцэнтраваныя скарынаўскія даследаванні.

У той перыяд вялікі абагульняючы матэрыял быў сістэматызаваны ў фундаментальным юбілейным выданні “Францыск Скарына і яго час: энцыклапедычны даведнік”. Поспехі былі дасягнуты ў бібліяграфічных, кнігазнаўчых, крыніцазнаўчых і мовазнаўчых даследаваннях. Апісана была большасць экзэмпляраў кніг Скарыны, выяўлены і ўведзены ў навуковы ўжытак амаль усе актавыя дакументы, якія датычаць Скарыны.

– Нацыянальная бібліятэка, калі ініцыявала навукова-даследчую праграму да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, змагла абаперціся на вашы даследаванні і ажыццявіць поўнае ўзнаўленне скарынаўскай спадчыны ў 20-ці тамах.

– Гэта, безумоўна, прыносіць вялікае задавальнне! Скарынаўская спадчына застанецца бясцэнным скарбам для нашчадкаў.

Зараз я працую над спадчынай Радзівілаў, кнігазборамі, якія захаваліся ў канцы ХVIII стагоддзя. Поўнасцю апісваюцца тамы, якія засталіся. Бібліятэка Радзівілаў патрапіла спачатку ў Дом урада, потым – у акадэмічную бібліятэку.

У Празе ў юбілейным 2017 годзе я набыў прыладу для лепшай працы над тэкстамі і рукапісамі – павелічальнае шкло з падсветкай. Хочацца яшчэ папрацаваць і апублікаваць добрае і істотнае.

Гутарыла Эла Дзвінская спецыяльна для інтэрнэт-партала Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Фота з архіва Г.Я. Галенчанкі.

Навіны

Разведвальная аперацыя “Бібліятэка”

23 Кра 2024

18 красавіка адбылося 10 бібліяграфічных урокаў па патрыятычным выхаванні для вучняў 7–11-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 53, 62. 114. 153 і гімназіі № 11 г. Мінска з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Лекцыя-канцэрт “Анталогія нацыянальнай харавой спадчыны”

26 Кра 2024

25 красавіка ў галерэі “Лабірынт” адбылася заключная ў сезоне 2023–2024 гг. інтэрактыўная лекцыя-канцэрт з цыкла “Музычная спадчына Беларусі ў прасторы сучаснай культуры”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Даніна памяці жыццёваму подзвігу Героя Савецкага Саюза Івана Самбука

27 Кра 2024

24 красавіка на базе ДУА “Сярэдняя школа № 51 г. Мінска” прайшлі тэматычныя прэзентацыі ў рамках цыкла мерапрыемстваў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Небывалы аншлаг васьмікласнікаў СШ № 62 г. Мінска ў зоне каталогаў і картатэк

26 Кра 2024

23 красавіка для навучэнцаў 8 класа СШ № 62 адбыўся бібліяграфічны ўрок "Брэсцкая крэпасць-герой" з цыкла заняткаў "Пастараемся ж і мы быць дастойнымі іх Вялікай Перамогі", якія рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык”, якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам