27 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася відэаканферэнцыя з рэгіянальнымі бібліятэкамі па пытаннях алічбоўкі бібліятэчных фондаў.
У відэаканферэнцыі ўзялі ўдзел кіраўнікі і спецыялісты Нацыянальнай і абласных бібліятэк у анлайн-рэжыме.
Удзельнікаў павітаў намеснік генеральнага дырэктара – дырэктар па інфармацыйных рэсурсах і абслугоўванні карыстальнікаў Віктар Пшыбытка.
Спецыялісты Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі падзяліліся вопытам алічбоўкі бібліятэчных фондаў.
Загадчык аддзела фармавання электроннай бібліятэкі Сяргей Штых выступіў з аглядам праграмнага забеспячэння для постапрацоўкі адсканаванага матэрыялу, азнаёміў удзельнікаў семінара з асноўнымі крытэрыямі пры выбары праграмнага забеспячэння, звярнуў увагу на яго функцыянал, а таксама вартасці і недахопы. Тэма фізічнай захаванасці арыгінала пры вырабе копій была разгледжана Дзіянай Муратавай, загадчыцай аддзела рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў. Загадчык аддзела алічбоўкі дакументаў Яўген Жук асвятліў вопыт Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, звязаны з выбарам тэхнічных параметраў пры алічбоўцы друкаваных дакументаў і рукапісаў на папяровых носьбітах.
Падчас дыялогу спецыялісты бібліятэк абмеркавалі пытанні фарміравання рэгіянальных цэнтраў па алічбоўцы дакументаў.
Матэрыял пададзены цэнтрам алічбоўкі і забеспячэння захаванасці бібліятэчных дакументаў.