13–14 чэрвеня на базе Аршанскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы адбудзецца Рэспубліканская школа дырэктараў бібліятэк.
Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Аршанскі раённы выканаўчы камітэт, Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Аршанская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма.
У рабоце Школы дырэктараў прымуць удзел прадстаўнікі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Аршанскага райвыканкама, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, а таксама кіраўнікі абласных і цэнтральных бібліятэк рэспублікі.
На ўрачыстым адкрыцці мерапрыемства адбудзецца цырымонія перадачы ў дар Аршанскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэме краязнаўчай літаратуры з усіх рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь. Такая акцыя прымеркавана да Года малой радзімы.
У рамках Школы дырэктараў плануецца абмеркаваць шэраг пытанняў, якія тычацца рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў галіне культуры і бібліятэчнай справы, стварэння адзінай інфармацыйнай прасторы краіны, уліку і захаванасці кніжных помнікаў, выкарыстання віртуальных сэрвісаў, і іншыя важныя праблемы.
Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць, азнаёміўшыся з праграмай мерапрыемства.
Матэрыял прадастаўлены навукова-даследчым аддзелам бібліятэказнаўства.