9 красавіка ў музеі кнігі прайшлі творчыя заняткі “Дзівосны свет раслін на старонках старых кніг”.
Творчая сустрэча адбылася на выставе “Шэсць стагоддзяў гісторыі медыцыны і фармацыі ў рарытэтах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі”.
Вучні 2 “А” класа сярэдняй школы № 190 г. Мінска пазнаёміліся з унікальнымі гербарыямі з фонду Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
На занятках дзеці разглядалі каштоўныя экзэмпляры старадрукаў, знаёміліся з назвамі лекавых раслін і чыталі легенду-казку “Сальвінія плывучая” з кнігі Раісы Баравіковай “Казкі з гербарыя”.
У якасці творчага задання ўдзельнікі сустрэчы расфарбоўвалі малюнкі раслін, капіраваных з “Траўніка” XVII ст.
Матэрыял пададзены навукова-даследчым аддзелам кнігазнаўства.